Ліст Гамбровічу

эсэістыка, беларуская мова, пераклад

Адказ на эсэ Вітальда Гамбровіча "Супраць паэтаў" http://www.litrazh.org/article/suprac-paetau

Спадар Гамбровіч!

Вы асьмеліліся бесцырымонна напасьці на паэзію і паэтаў. Вы абражаеце пачуцьці тысяч людзей, якія пішуць вершы і з трымценьнем у сэрцы чакаюць адказу з рэдакцыі. Вы падточваеце фундамэнтальную аснову жыцьця тых, хто дзейнічае на культурнай ніве і атрымлівае даход з культу прарокаў. Вы нішчыце і мяне, бо і я часам выказваюся вершаванай мовай. Усё гэта можна было б Вам прабачыць, калі б Вы ня мелі рацыі. Але Вашае цьверджаньне, што "амаль ніхто ня любіць вершаў і што сьвет рыфмаванай паэзіі ёсьць сьветам фіктыўным і сфальшаваным", слушнае. Больш за тое, калі Вас чытаеш, прыходзіш да радаснай высновы, што чалавек нават у неспрыяльных абставінах здольны захаваць здаровыя глузды і павагу да праўды. Калі Вам цікава, магу таксама сказаць, што Вы – адзін зь вельмі нешматлікіх польскіх замежных аўтараў, якіх дагэтуль чытаюць і па-ціхаму цэняць у Польшчы. Як я магу з Вамі не пагадзіцца, калі Вы мудра мысьліце і добра пішаце? Таму я з усім згодны, але з пэўнымі агаворкамі.

Агаворка першая. Тое, што ёсьць абаронай паэзіі ад лухты і фальшу, ня будзе падавацца як атакі на яе. Бо, па сутнасьці, гэтыя атакі насамрэч зьяўляюцца пратэстам Вітальда Гамбровіча супраць прагнілага і азызлага сьвету, у якім няма аніводнай вострай і сьмелай думкі ці пачуцьця, дзе ўсё расьцякаецца ў неакрэсьленых намёках і гульнях, дзе няма пра што гаварыць. "Адзін другога пяшчотна абдымаюць… але акрамя гэтай пяшчоты, сардэчнасьці Размова ў іх загасае або рассыпаецца, бо адзін гаворыць, а другі ў няўважнасьці, у нейкай Адлучанасьці ўжо і Слухаць перастаў, ужо Шкарпэтку сваю разглядае. Ну і кажуць: – "Ці выйшла тая Рэвіста?" – "А мне 50 пэса заплацілі за артыкул". – "Як справы? Як справы? Што новага?" – "Колькі ж гэты Пляц каштаваў?" – "Я сабе шкарпэткі купіў". А потым усе разам ускінулі ўгару рукі і давай за галовы хапацца, голасна лямантаваць: – "Ой, ды што ж гэта мы Гаворым? Ой, ды чаму ж мы гаварыць ня ўмеем? Ой, ды чаму ж гэта саміх сябе не паважаем і не вялічым. Ой, чаму так плоска, так плоска?". І тады адзін да аднаго падбягаюць, адзін другому засьведчваюць сваю Павагу, адзін другому "Maestro, maestro", "Gran Escritor", "qué Obra" і "qué Gloria"*, але тут жа ў іх усё распалася і ў няўважнасьці зноў разглядаюць Шкарпэткі" ("Трансатлянтык"). І напісаныя гэтымі людзьмі вершы, што поўняць старонкі аргентынскіх, францускіх, польскіх ці ангельскіх часопісаў, аднолькава нечытэльныя і не цікавыя ні для каго, акрамя іх аўтараў.

Агаворка другая. Што будзе абазначаная розьніца паміж "чыстай паэзіяй" і "рыфмаванай паэзіяй". Ня кожная "рыфмаваная паэзія" ёсьць "чыстай паэзіяй" у тым сэнсе, які "чысьціні" надало дваццатае стагодзьдзе, г.зн. у сэнсе страваў, прыгатаваных выключна з цукру, або хіба што з дадаткам мёду. "Чыстая паэзія" – адно з мысьленчых адхіленьняў. Слушна прамаўляе Вітальд Гамбровіч у "Трансатлянтыку": – "Не люблю, калі Масла залішне Маслянае, Клёцкі залішне Клёцкавыя, Проса залішне Просавае, а Крупы залішне Крупныя". Ані "Пан Тадэвуш", ані "Фаўст", ані п'есы Шэксьпіра не належаць да "чыстай паэзіі", хоць і напісаныя ў рыфму. Цалкам іншая рэч – чысьціня гучаньня, якая падымае звычайныя, нават трывіяльныя падзеі на больш высокі ўзровень, што абумоўлена цікавасьцю іх для аўтара і чытача, а ня толькі самім гучаньнем. То бок сапраўдная "магія" ёсьць толькі тады, калі яна незаўважная, калі чытач адчувае, што аўтар выкарыстоўвае рытм і вобразы для таго, каб нешта сказаць, а не як самамэту. Хацеў бы прывесьці ў якасьці прыкладу які-небудзь кароткі вершаваны твор, які я люблю і які не падпадаў бы пад крытыку Гамбровіча. На думку мне прыходзіць адна стараангельская народная баляда ў перакладзе незабыўнага Эдварда Парэнбовіча. Вось тэкст гэтай баляды – "The bonny hind":

Красуня-лань

Прыйшла адна сюды яна,
дзе ў зелені сады,
і там сустрэўся ёй шляхцюк
увішны й малады.

Прыйшла адна сюды яна,
дзе падуб рос, і там
стаў улягаць за ёй шляхцюк,
як свома шляхцюкам.

«Дай мне, красуня, свой вянок
і венчык заадно,
а не дасі, дык венчык твой
вазьму я ўсё адно».

Узяў за млечную руку,
паклаў у ложак з траў,
а як усталі з ложку – ёй
грабеньчык срэбны даў.

«Мо, бог дзіця дасьць, пане, нам,
а мо й ня дасьць дзяцей,
ды калі сэрцам шчыры вы –
сябе назавяце».

«Не, я ня пан, дзяўчо, – з марскіх
вяртаюся выпраў,
а найшчырэйшы быў, як тут
з табою шчыраваў.

І Джэкам я, і Джонам быў
у дальняй старане,
ды па вяртаньні ў бацькаў дом
Джэк Рэндал зваць мяне».

«Вы хлус, прыгожы панічок,
вы хлус, прызнайцеся!
Я – лорда Рэндала дачка,
адзінае дзіця!»

«Ты хлусіш, гожае дзяўчо,
прызнайся, не адмоў!
Я – лордаў першынец, што быў
за морам шмат гадоў!»

Свой нож з-за поясу яна
ўраз выхапіла тут
і сэрца назаўсёды ўжо
пазбавіла пакут.

А ён узьняў сястру-красу,
стрымаць ня здольны сьлёз,
і пахаваў сястру-красу,
дзе падуб шумны рос.

Цераз шырокі лог-мурог   
прыбег да бацькі сын:
«Аплач са мной красуню-лань,
што ў цені сьпіць лясным!»

«Нашто табе красуня-лань?
Забудзься пра яе.
Тых ланяў там пад сотні дзьве,
і ўсе яны мае.

З тых, у каго як срэбра поўсьць,
трох возьмеш, дый па ўсім».
«О, не – мая красуня-лань
у цені сьпіць лясным!»

«Усё красуня-лань! Лады,
пакінь найгоршых мне,
найлепшых ад душы вазьмі –   
у лесе іх стае».

«Што тыя лані мне, мілорд!
Іх мноства ў лесе тым,
але ж мая красуня-лань
у цені сьпіць лясным!»

«Ня бачыў ты сястры яшчэ
ды ейнае красы!
Забыўся б назаўжды пра лань,
што ў цені сьпіць лясным!»**

Спадзяюся, што Вітальд Гамбровіч згодзіцца з мною, што гэта цудоўны твор. Але што ад яго засталося б, калі прыбраць адтуль рытм, паўторы некаторых слоў у канцы радкоў і сымэтрычнасьць дыялёгаў? Ня больш чым здарэньне зь сярэднявечнай крымінальнай хронікі. І толькі пэўная манэра сьпеву надае гэтаму здарэньню моц, здольную нас узрушыць. Слухачы, якія перадавалі гэтую песьню з вуснаў у вусны, пакуль яе нарэшце не запісалі, не клапаціліся пра "магію", не адасаблялі яе ад здарэньня, якое ўзьдзейнічала на іх так, як на варшаўскага слухача ўзьдзейнічалі здарэньні ў балядзе пра пані Вішнеўскую.

Агаворка трэцяя. Што Вітальд Гамбровіч возьме да ўвагі зьмены, якія адбыліся за апошнія гады ў паэзіі некалькіх народаў, у тым ліку і польскага. Атакі на "чыстую паэзію" адбываліся ў пэўных літаратурных колах у Варшаве падчас вайны, а таксама з посьпехам пасьля яе. Атакі гэтыя былі слушнымі і неабходнымі. Але, накіроўваючы і падтрымліваючы гэтыя тэндэнцыі, людзі бачылі "наступны этап", г.зн. запраганьне паэзіі на службу дзяржаве. Атака Вітальда Гамбровіча крыху адрозьніваецца ад падобных атак у самой краіне, а, як вядома, у падобных справах "крыху" вырашае ўсё.

Выяўленчае мастацтва, паэзія ці музыка могуць служыць дзяржаве і неаднойчы служылі ёй у мінулым, але былі гэта дзяржавы, якія абапіраліся на рэлігію. Старажытныя рэлігіі не супярэчылі цяжка вызначальнай задачы мастацтва, давалі паэту, мастаку ці музыку магчымасьць выхаду ў тую прастору і ў тыя вобразы і паняцьці, якія ўтрымліваліся ў самой рэлігіі. Іншая рэч – сьвецкая рэлігія дыямату, або дыялектычнага матэрыялізму, з адпаведнымі папраўкамі і сурамі. Вядома, узьнікае невырашальная супярэчнасьць паміж дыяматам і сапраўднай мастацкай творчасьцю, і гэтую супярэчнасьць выдатна ўсьведамляюць партыйныя філёзафы, якія, натуральна, нават ня думаюць вінаваціць у ёй дыямат. Калі б, аднак, паэзія была малаважнай забаўкай, нечым накшталт шахмат ці філятэліі, яны не рабілі б столькі высілкаў, каб яе мець і апекаваць. Наадварот, яны лічаць яе адным з наймагутнейшых інструмэнтаў для кіраваньня розумамі, таму з дапамогай фальшывай паэзіі і ўкладаюць пад сэнтымэнтальную абгортку патрэбныя ім сэнсы. ("Бусел у небе ляціць/Расьце васілёк у лузе/Ах, як цудоўна жыць/Нам у Савецкім Саюзе").

Такім чынам, сытуацыя ў Польшчы нічым не нагадвае размоваў ягамосьцяў падчас разгляданьня ўласных шкарпэтак. Публіка на аўтарскіх вечарах пачынае пляскаць не тады, калі на твары сноба, які сядзіць побач, зьявіцца выраз адухоўленасьці і ён складзе рукі для воплескаў. Воплескі чуюцца тады, калі кожны сабе кажа: "ага, зараз", г.зн. калі гучыць чаканая палітычная алюзія або слова, якое выклікае воплескі сілай умоўнага рэфлексу (напрыклад, прозьвішчы правадыроў, актуальныя на сёньня лёзунгі і г.д.). Гэта ўсё – пэрманэнтны юбілей.

Пры ўсім гэтым у паваенныя гады ў Польшчы была праробленая вялізная праца над паэтычным стылем, аднаўленнем аслабленай пабудовы думкі, выкараненьнем празьмернай мэтафарычнасьці й "паэтычнасьці", якія шкодзілі зьместу. Можна казаць пра ўзьнікненьне новай мовы, якая адрозьніваецца ад даваеннай мовы настолькі, нібы прайшло 30 гадоў.  Дзякуючы таму, што абудзілася цікаўнасьць да розных мэтрычных сыстэм, гэтая новая мова – надзвычай прыдатны інструмэнт для паэтычнага перакладу. Варта пра гэта згадаць, бо Гамбровіч, жывучы ў Аргентыне, зьдзейсьніў у "Трансатлянтыку" сапраўдны tour de force*** у мове польскай прозы, з посьпехам аднаўляючы дзёньнікавы і мэмуарны стыль, які так добра ўспрымаецца вухам, звыклым да польскай мовы.

На жаль, у Польшчы дзіця вылілі разам з вадой, то бок гэтая новая мова служыць не "паразуменьню чалавека з чалавекам", а паразуменьню дзяржавы з чалавекам – даволі аднабаковаму паразуменьню. Гамбровіч кажа: "Паводле таго, як Звужэньне рабілася яшчэ Вузейшым, нічым не ўтаймаваная Прыгажосьць рабілася ўсё Прыгажэйшай, Глыбіня – Глыбейшай, Шляхетнасьць – Шляхетнейшай, а Чысьціня – Чысьцейшай". Нешта падобнае – але наадварот – узьнікае ў Польшчы, дзе звужэньне мае палітычную прыроду. Напэўна, немагчыма вынішчыць у паэтах цягу да прыгажосьці й шляхетнасьці, гэта неяк зьвязана з мастацкім пераўвасабленьнем, "ідэалізацыяй" сьвету, але можна пазьбегнуць звужэньня, якое вядзе да ўдушша, да хваробы пад назвай peu de realité****. Таму выступ Вітальда Гамбровіча супраць паэтаў павінен выклікаць пытаньне: якім чынам можна пазьбегнуць агідных рыс "чыстай паэзіі" і дасягнуць вялікага Пашырэньня, не ўпадаючы ў новы гатунак "адчужэньня", навязаны паэтам на Ўсходзе. Пра іх таксама трэба памятаць.

З улікам прыведзеных вышэй агаворак я згодны з Вамі, і ня толькі згодны – я ў захапленьні. Магчыма, мая эмацыйнасьць у нейкай ступені супярэчыць маім звычкам. Гэта вынік або  падставовага бясьсільля нашай "эпохі" (а не заўсёднага і паўсюднага бясьсільля паэтаў), або маіх асабістых недахопаў. У тым ці іншым выпадку, адхіленьні не памяншаюць слушнасьці разваг.

("Культура", № 11, 1951)

Заўвагі

*"Майстар, майстар", "Вялікі Пісьменьнік", "які Твор", "во дзе Слава" (гішп.)
**Баляда падаецца ў перакладзе М. Шчура, зробленым з ангельскага арыгіналу: http://www.sacred-texts.com/neu/eng/child/ch050.htm
***Тут: подзьвіг (фр.)
****брак сапраўднасьці (фр.)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

...мы павінны цалкам парваць з тою занадта простаю думкай, што "мастацтва нас захапляе" і што "мы насалоджваемся мастацтвам". Не, мастацтва захапляе толькі да пэўнай ступені, а асалода, якую яно дае, сумніўная…

Ўітмэн і Ніцшэ ўбачылі пад парэшткамі хрысьціянска-рамантычнага суб’екту нешта іншае. Ніцшэ ўбачыў мінуўшчыну, перадусім антычную, зь яго дахрысьціянскім, экстатычным, дыянісійскім, гераічна-боскім «я», а таксама будучыню — Звышчалавека. Ўітмэн убачыў «усяго толькі» сучаснасьць, але не як (гістарычны) час, а як Вечнасьць, як «сынгулярнасьць», еднасьць усіх часоў і асобаў у момант тут-і-цяпер.

Паэзія альбо пагаджаецца з эпохай, — і тады стаецца мілым штукарствам, забаўкай, размазвае свой досвед па слэмах і клубах. Альбо застаецца сам-насам, застаецца без аніякіх гарантый, у пустаце, правальваецца ў сляпую эмоцыю неразумення, неапазнавання свету...

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

такія выкшталцоныя і далікатныя
анатомію ягонага твару
выдавалі зьлёгку напружаныя
вусны:
каб больш разумна і ветліва казаць
вочы:
каб больш уважліва і далікатна мяне слухаць
о, тааак…
ну як было ня плюнуць яму ў морду