Пацук

Пераклад: 
проза, беларуская мова, пераклад

Пострахам для цэлай ваколіцы, такой аселай і заможнай, быў разбойнік, гуляка і бандыт, вядомы пад імем Хуліган. Нарадзіўся ён у чыстым полі ды на шырокай раўніне, выхоўваўся ў лясах, гарах, далінах і разлогах; ніколі не спаў у закрытым памяшканні, і гэта дало яму адмысловую маштабнасць і шырыню натуры – размах душы – зменлівую павольнасць настрою. Так, гэта была шырокая натура, якая не прызнавала ніякіх цесных закуткаў і любіла выпіць, а шырокі жэст быў уласна адзіным яго жэстам. Разбойнік Хуліган ненавідзеў ўсё, што цеснае, вузкае, дробязнае, напрыклад, кішэнных злодзеяў, і калі меў выбар – або ўшчыкнуць кагосьці, або ўдарыць – то біў і крочыў па палях цяжка, шырока, спяваючы на ўсе грудзі “Гэй жа га, гэй жа га”.

Яму саступалі дарогу. Калі ж нехта не паспеў саступіць, то разбойнік Хулілулай біў яго ў грудзі, або падымаў угору і біў аб зямлю – або проста мардаваў – пасля чаго адкідаў убок ды ішоў далей. Але ніколі не дазваляў сабе ніводнага скрытага і дробязнага забойства, усе яго забойствы былі гучныя, смелыя, шырока знаныя і розгаласныя, здзейсненыя ў вялікім паходзе са спевамі “Гэй, Марыська, мая, Марыська…” Альбо “Ой, дана! Ой, Марыська”… Бо кахаў тую сваю Марыську больш за ўсё на свеце, кахаў на показ, кідка і з размахам, з танцамі, упрысядкі, з гарэлкай!

Так, натура яго была настолькі шырокая, наколькі тое было магчыма. Ён увогуле не разумеў цішыні – а асабліва сцішанасці – той сцішанасці, якая, можна сказаць, з’яўляецца галоўнай зладзейскай рысай нашых сучаснікаў, і нават спаў гучна з раскрытымі вуснамі, напаўняючы храпам даліны. Цярпець не мог катоў, і калі ўгледзіць ката, то гнаўся за ім дзесяць або дваццаць кіламетраў; жанчын жа звык мацаць усёй лапай і пры тым скуголіць: “Пся маць! Пся маць!” Або прыкрыкваў: “Эх-гэй, о-хо-хо! Го! Гэтта! Во!”. І ўласна гэтак лапаў тую сваю адзіную Марыську! Часам, аднак, яго прыціскала туга, і тады цэлы край напаўняўся яго шумнымі, расплывістымі думкамі, якія панура ільсніліся меланхоліяй, і чуцён быў пры месячным ззянні малітоўны, маладзецкі, казачы, сабачы, або і наш, палявы спеў, скавытанне бандыта: “Гэй, гэй, – спяваў, – Гэй, доля! Гэй, доля! Гэй, Марыся! гэй, Марыська!”. А сабакі, у роспачы, адгукаліся за платамі, выючы глуха і цёмна. Тое выццё заражала ўрэшце і людзей. І цэлая ваколіца выла тужліва, глуха і чорна прама на месяц, што пасвечваў: “Гэй, доля! гэй, доля!”

Усё больш і больш песень множылася і разлівалася вакол разбойніка. Паступова ён станавіўся легендай, то і пра яго таксама пачалі складаць песні – або палявыя, шырокія, або гучныя, разбойніцкія, аднак заўсёды з гэтым манатонным рэфрэнам: “Гэй га! Эх, эх, гэй!”… З кожным разам усё больш было песень, пабояў і забойстваў. Але ў блізкім спарахнелым і вылюднелым двары многія гады жыў адзін стары кавалер, былы суддзя Скарабкоўскі, якога невыказна дратавала разліўное буянне ваколіцы.

Увесь час ён крадком хадзіў да ўладаў са скаргамі – зрэшты, па вялікім сакрэце:

– Не разумею, як можна такое трываць, – шаптаў ён. – Сярод белага дня ўчыняюць забойствы.. Буяняць і буйствуюць… Пагулянкі ў корчмах. І тыя спевы, ах, тыя спевы, тыя рыканні, той адвечны лямант, выццё… І гэтая Марыська, Марыська…

– Чаго ж вы хочаце? – начальнік паліцыі быў укормлены. – Чаго ж вы хочаце, улада бяссільная. Бяссільная, – паўтарыў ён і паглядзеў праз вакно на бязмежныя папары, сярод якіх дзе-нідзе раслі паасобныя дрэвы. – Насельніцтва любіць яго. Спрыяе яму.

– Як жа яно можа спрыяць?! – жахнуўся былы суддзя, з-пад прымружаных павек прайшоўшыся сваім поглядам па раўніне на адлегласць колькінаццаці кіламетраў, аж туды, да пясчаных выдмаў Малой Волі, і адразу ж вярнуўшы яго пад павекі. – Людзі ж баяцца выходзіць з дому! Заб'е…

– Ён забівае, але ж толькі некаторых, – прамармытаў камендант на фоне бяскрайніх раўнін, – а астатнія прыглядаюцца…  Ці ж вы не разумееце? Для іх гэта задавальненне – пабачыць добрае забойства… Ого, – прамармытаў ён і прыкінуўся сляпым, бо з блізкай купы дрэў раптоўна вылецеў угору труп і ўслед за гэтым пачуўся цудоўны рык, быццам тысячы буйвалаў дратавалі пасевы і травы.

Сонца хілілася на захад. Камендант паліцыі зачыніў акно.

– Калі схапіць яго не хочаце вы, то яго схаплю я, – сказаў ці не сам сабе суддзя. – Ужо ж схаплю яго і павяжу. Павяжу і скручу тую ягоную шырокую натуру. Скручу і трохі прыцісну.

Але камендант толькі ўздыхнуў:
– Цудоўна! Цудоўна…

Скарабкоўскі вярнуўся ў свой апусцелы двор і, снуючы па пустых пакоях у халаце колеру табакі, снаваў планы, як схапіць разбойніка. Нянавісць скнары да валацугі мацнела з кожнай хвілінай. Злавіць, схапіць, зняволіць і нейкім чынам утаймаваць стала нязбыўнай патрэбай яго прыгнечанай псіхікі. Нарэшце ён пастанавіў скарыстацца з пякельнай прамалінейнасці разбойніка, які прывык проста хапаць ахвяр, і – больш за тое – захацеў таксама скарыстацца з яго ўзрастаючага, ужо непамернага зазнайства. Насамрэч, бандыт так зазнаўся, так прызвычаіўся, што ўсе хаваліся ад яго, што выгляд чалавека, які не ўцякае ад яго, а стаіць, успрымаў як асабістую знявагу. Таму Скарабкоўскі загадаў свайму лёкаю Ксаверыю падысці да дрэва на блізкім пагорку, і калі стары слуга выканаў загад свайго гаспадара, той раптоўна забрытаў лёкая ланцугом і прывязаў яго тым ланцугом да пня. Пасля чаго ўласнаручна выкапаў перад слугом вялікую яму, у яму паклаў жалезную пастку і хуценька схаваўся ў доме. Змяркалася. Ксаверы доўга смяяўся з жарцікаў “паніча”, аднак калі ўзышоў месяц і асвяціў усю ваколіцу аж да далёкіх бароў дзесь на даляглядзе, да прыслужніка пачало патроху даходзіць, чаму яго прыкавалі да пня на пагорку, чаму яго неміласэрна аддалі ва ўладу начной прасторы. Завылі сабакі, а з сітніку данёсся тужлівы крык разбойніка, які пачаў аддавацца адной са сваіх стэпавых настальгіяў. І паволі вялікае і страшнае выццё “Гэй, Марыська, Марыська, Марыська…” пакацілася праз ноч, тужлівае і п’янае, расхлістанае, бязмежнае, з дазволу сказаць, бяздумнае. Першым выў разбойнік – сурова, дзіка, без аніякага трымцення і паўстрымання; за ім вылі сабакі на прывязі – і ўжо потым, з хат, пазамыканых на ўсе засаўкі, праз форткі нясмела і трывожна завылі людзі.

“Паніч! – хацеў паклікаць Ксаверы, – Паніч!” Але не мог паклікаць, бо крык прыцягнуў бы ўвагу разбойніка, а яго трывожны шэпт не даходзіў да Скарабкоўскага, які праз фортку пільна адсочваў развіццё падзей. Ксаверы праклінаў тое, што мы не можам знікнуць, што мусім быць выстаўленыя, хаця не хочам, хаця не можам, што хтосьці іншы можа нас выставіць і за нас зрабіць з намі тое, што вышэй за нашыя сілы. Стары слуга праклінаў бачнасць нашага цела, незалежную ад нас! Але разбойнік ўжо падымаўся, ужо вылазіў з логава, і хоцькі-няхоцькі стары павінен быў трапіцца яму на вочы – падражніць яго зрэнку – праз вочны нерв пранікнуць у мозг… і вось ужо Хуліган нясецца вялікімі скачкамі, каб разбіць сківіцу, раструшчыць нос і грудзі, натаўчы шыю, выстаўленую і бачную! Хааа! Аааа! Нечакана ўваліўся ён у яму і трапіў у сетку, расстаўленую Скарабкоўскім, які адразу ж прыбег і за пару гадзін працы здолеў перамясціць масіўнае цела авантурніка ў зацішны падвал старой сядзібы.

Вось жа Хуліган і трапіў яму ў рукі! Бо разбойнік-Хуліганік быў зацягнуты ў падвал, замкнуты ў цесным памяшканні, з кляпам у роце, прыкуты да крука, аддадзены на ягоную міласць ці няміласць! Былы апеляцыйны суддзя ў задавальненні пацёр маленькія ручкі і помсліва пасміхнуўся, пасля чаго ўсю ноч абдумваў, якія б задаць вязню пакуты. Менш за ўсё яму хацелася забіць гуляку – тупы, абмежаваны і фармалістычны, ён захацеў трохі прыгнясці і скруціць ахвяру,  ад яго смерці яму не было ніякай карысці, ён любіў толькі скручваць. Пенсіянер наогул не спяшаўся, але ў першыя дні атрымліваў асалоду ад тае думкі, што мае Хулігана ў сваім падвале – што разбойнік не можа рыкаць і ўсчынаць галас, паколькі мае кляп у роце. І толькі тады, калі добра ўсвядоміў, што шумны разбойнік не ў стане ўскрыкнуць, што ён ціхі – толькі тады суддзя Скарабкоўскі знайшоў у сабе адвагу спусціцца ў падвал і ў абсалютнай цішыні распачаў свае захады, мэтай якіх было звужэнне і змяншэнне. О, як ціха! Якой магутнай была тая ціша, што паўставала з падвала дома і ставала слупам. Цяпер надышлі тыдні і месяцы вялікай цішы, цішы невырыканага рыку…

Штодзень, а сёмай вечара, Скарабкоўскі, апрануты ў халат колеру табакі, з пруткамі або палачкамі ў руцэ спускаўся караць разбойніка. І штовечар ад сёмай абмежаваны суддзя з задавальненнем, у поце чала працаваў над безгалосым разбойнікам, моўчкі, моўчкі… Моўчкі падыходзіў да яго і спачатку казытаў пятку, доўга, доўга, каб змусіць да сутаргавага дробнага смеху, а потым дапякаў па дробязях палачкамі і звужаў поле зроку пры дапамозе дошак,  утыкаў шпілечкі і паказваў гарошак, фасольку, бурачкі… Але разбойнік успрымаў гэта не маўчком, а з маўчаннем. І яго маўчанне расло, кацілася і раздавалася ў змроку, амаль роўнае найдасканаламу рыку – і суддзя дарэмна сваім маўчком хацеў перамагчы шырокае маўчанне бандыта – і нянавісць напаўняла падвал! Чаго ж, уласна, прагнуў Скарабкоўскі? Ён хацеў змяніць натуру бандыта, перарабіць яго голас, шырокі смех ператварыць у вузкае “хі-хі”, рогат, рык звесці да шэпту, скруціць і сагнуць усю яго паставу, словам, хацеў прыпадобніць яго да сябе, Скарабкоўскага. З руплівасцю шпега шукаў ён ягоныя слабыя месцы, праводзіў на ім адмысловыя і страшныя доследы, каб знайсці тую кропку “minoris resistentiae”*, тое слабое месца, праз якое змог бы як след дадзець бандыту. Але бандыт не выяўляў слабых месцаў, толькі маўчаў.

Неаднаразова старому пану здавалася, што шляхам настойлівых намаганняў ён здолеў дасягнуць нейкага звужэння, але штотыдзень надыходзіў момант выпрабавання, і для ката гэта была страшная хвіліна, якой бедны маўчальнік баяўся больш за ўсё на свеце. Бо штотыдзень мусіў ён  вымаць з вуснаў бандыта кляп, каб накарміць разбойніка, –о, з якім жа адчуваннем смяртэльнай пагрозы, заклаўшы ватаю вушы, ставіў ён перад паваленым забіякам міску ежы і адным сутаргавым рухам выцягваў яму з рота кляп! І кожнага разу падманваў сябе спадзяваннем, што, можа, усё ж удалося яму крыху ўтаймаваць разбойніка, а раптам гэтым разам не выбухне… І кожнага разу вызвалены ад кляпа гуляка выбухаў прыгожай арыяй крыкаў, праклёнаў, рыкаў! “Сука! Сука! – рыкаў ён. – Падла! Падла! Прэч! Прэч! Ужо ж я цябе дастану! Морду, у морду… Я – Хуліган, сука, сука, тваю бога ў душу маць! Заб’ю! – рыкаў ён. – Заб’ю! Марыська! Марыська! Дзе Марыська, гэй, Марыська!” І запаўняў падвал рыкам, які разыходзіўся па ваколіцы, сыпаў праклёнамі, спяваў песні, аблягчаў душу, а бледны, як палатно, мізэрны, стузаны кат пхаў яму ежу ў рот… а ён рыкаў паміж кавалкамі. Людзі ж паўтаралі па навакольных сёлах: “Гэта Хуліган рыкае! Хуліган яшчэ рыкае!”… Задаволены было апеляцыйны суддзя па заканчэнні такога сеанса спалоханы вяртаўся да сябе і шукаў, усё шукаў кропку “minoris resistentiae”.

І нарэшце знайшоў яе.
Гэта быў пацук.
Дзіўная справа, пацук…

Калі аднойчы вялікі пацук выпадкова наведаў падвал і прабег уздоўж сцяны, нязломны раней гуляка скурчыўся.

Скарабкоўскі вырваў яму з рота кляп. Але пазбаўлены кляпа не выбухнуў крыкам, а толькі, сочачы за пацуком, маўчаў. Жудасная агіда і страх былі мацнейшыя за яго. І толькі тады, калі пацук прашмыгнуў паўз ягоную закутую ў калодку нагу, разбойнік сутаргава засмяяўся на актаву вышэй…

Нарэшце! Нарэшце! Як жа аддзячыць Богу! На калені за гэтую неспасцігальную ласку! Нарэшце знайшоўся сродак! Апеляцыйны суддзя не мог стрымаць слёз! Бо паводле неспасцігальнай волі Прыроды, кожны, нават самы моцны чалавек, мае на гэтым свеце прызначаную для яго адну-адзіную рэч, якая мацнейшая за яго, якая вышэйшая за яго і якой ён не можа стрываць! Адны не церпяць прымул, пячонкі, у другіх на нервовай глебе ад суніц з’яўляецца сып, але, дзіўная справа, забойца, якога не падкасілі катаванні ні палачкамі, ні шпілечкамі, ні іншая якая з тысячы найбольш дасканалых камбінацый, які, здавалася б, быў мацнейшы за ўсё на свеце, баяўся пацука. Не мог трываць пацука! Быў слабейшы за пацука. Бог ведае чаму. Можа, таму, што разбойнік, які забіваў людзей, як насякомых, баяўся забіць пацука – ах, аднак жа баяўся не яго самога, не пацука – баяўся адно пацучынай смерці, гідзіўся ёю больш за ўсё, смерць пацука была для яго невымерна агіднай, і не мог ён яе прычыніць, і ніякая іншая смерць, ані дзічыная, ані цялячая, ані чалавечая, ані чарвяковая, ані курыная, ані жабіна, не была для яго і ў тысячнай частцы такой страшнай, агіднай, сутаргавай, слізкай, прадаўгаватай і фальшывай, як уласна пацучыная смерць! І таму страшны забіяка быў безабаронны перад грызуном, бо гэта была адна-адзіная недаступная, немагчымая для яго смерць. Толькі ўгледзеўшы пацука, ён дранцвеў і курчыўся, прыкметна звужаўся і змяншаўся, дрыжэў і тросся. Нарэшце!

Нарэшце стары суддзя Скарабкоўскі стаў гаспадаром Хулігана!
І з таго часу неміласэрна напускаў на яго пацука.

З пацуком на прывязі ён набліжаўся і падыходзіў, курчыў разбойніка і звужаў яго, або на хвілінку запускаў яму пацука ў калашыну, і тады бандытаў голас танчэў да піску, або даводзіў разбойніка да здранцвення, трымаючы пацука над ім, або, нарэшце, цёр, падкідаў і круціў пацука вакол гулякі, які з кожным разам ўсё больш курчыўся. У кляпе ўжо не было патрэбы! Гуляка ўжо не мог крычаць, а тым больш рыкаць, і так міналі тыдні, і нават месяцы, а стары лёкай Ксаверы, задача якога палягала ў асвятленні неміласэрнага пацука з дапамогай свечкі, стагнаў і ад усёй душы маліўся – з узнятымі тырчма валасамі, з лёдам на сэрцы стары лёкай маліў пацука злітавацца, праклінаў абсалютную неміласэрнасць пацука, праклінаў тыя страшныя і безапеляцыйныя ўласцівасці натуры, праклінаў бязмежжа неміласэрнасці. “Хай будзе пракляты пацук і паніч, і дом, і натура разбойніка, і натура суддзі, і натура пацука, о, хай будуць праклятыя натуры і хай будзе праклятая Натура!” Міналі гады. Усё мацнейшай, усё больш нясцерпнай рабілася пакута, з кожным разам усё больш і без усякага пярэдыху звужаў Скарабкоўскі бандыта пацуком – а напружанне расло і расло, расло.

І заўсёды – пацук.
Несупынна – пацук.
Толькі – пацук.
І пацук, і пацук, і пацук…

Пакуль Ксаверы, на самым краі напружання, не схіліў галавы і не пагнаўся за пацуком, які з піскам сарваўся з прывязі і ўцёк, зашыўся ўглыб, у шчыліну, у яму. Тады разгарачаны слуга, крутануўся і, схіліўшы галаву, рушыў на суддзю…

Скарабкоўскі, напружаны да апошняй мяжы, павярнуўся і таксама схіліў галаву…

І рушыў на Ксаверыя, наставіўшы лоб. У склепе пачуўся трэск, мазгі пырснулі – ах! вось жа пасля адзінаццаці гадоў і чатырох месяцаў разбойнік Хуліган быў вольны, яго каты ляжалі без духу. А пацука не было! Бандыт зглынуў сліну, падумаў, што трэба выйсці – і дробнымі  рухамі цела пачаў набліжаць вызваленне. На світанні разбойнік вызваліўся з калоды, прыадчыніў дзверы, што вялі на малы ганак, зарослы вінаградам, і выйшаў на свабоду – калісьці вялікі асілак, цяпер моцна сагнуты. Адразу з веранды даў нырца ў кусты і кустамі пачаў прабірацца ўздоўж грэблі – а тым часам сонца ўзбіралася па-над гарызонт. Тут здалёк закрычаў пастух:
– Карова, каровааа!

І Хуліган хуценька прысеў пад кустом. О, ён ахвотна ўціснуўся б у што-небудзь, улез бы ў яму, у шчыліну, у адтуліну, у дзірку, зашыўся б у гушчар, схаваў бы хрыбет і ўсю чыста паверхню цела. Разбойнік глядзеў пад ногі. Лёгкі павеў ахінуў яго, аднак ён наогул не ўпіваўся, не ўздыхаў і не ўбіраў – а толькі ўважліва і асцярожна глядзеў пад ногі. Адна думка непакоіла яго: што сталася з пацуком? Куды падзеўся пацук, якога Ксаверы загнаў у падвальную шчыліну?

Але пацука не было.

Хуліган усё роўна не адрываў погляду ад зямлі. Надзвычай добра спазнаў ён жахлівасць пацука, занадта заглыбіўся ў прадонне пацучынай пагрозы, каб сама адсутнасць пацука не была для яго важнейшая за ўсе самыя салодкія галасы і павевы свету – не, рэшта была толькі ўпрыгожаннем, пацук або адсутнасць пацука была важнейшай! І вуха бандыта было настроена на дробныя шолахі, падобныя на шоргат, а вочы лавілі толькі постаці, падобныя пацучыным, і кожную хвіліну здавалася, што ўжо, ужо адрознівае… што ўжо, ужо ўгадвае… амаль чуе і бачыць гэтае, шорг-шорг, шмыг-шмыг, шух-шух…

Але пацука не было.

Аднак жа здавалася немагчымым, каб грызун, які цягам столькіх гадоў быў у такой цеснай і страшэнна дакучлівай сувязі з ягонай асобай, спалучаны з ягонай асобай у адной сістэме пакуты, прывязаны да ягонай асобы больш, чым калі-небудзь быў прыручаны чалавекам які-небудзь звер, – немагчыма, каб грызун (бо трэба ж было ўзяць пад увагу сляпую прывязанасць звяроў) змог адарвацца ад яго, знікнуць і вырачыся яго, вось так…

Але пацука не было.
Раптам штосьці прадаўгаватае хутка прамільгнула непадалёк ад вялікай сонечнай плямы і схавалася...
Няўжо пацук?
Гуляка блукаў позіркам, шнарыў – не зусім пэўны – але зноў штосьці зашамацела ў сухой лістоце.
І зноў – няўжо пацук?
Так, гэта сапраўды быў пацук.

Хуліган кінуўся да дрэва, стаіўся ў дупле, а пацук кінуўся ў хвораст, прытаіўся ў хворасце. Дупло, аднак, не было дастатковай заслонай, велізарны грызун, аслеплены дзённым святлом, выцягнуты з падвальнага змроку, мог шмыгнуць пад ногі, залезці ў калашыну. Хіба ж не шукаў выцягнуты са змроку, спуджаны, выяўлены пацук абы хутчэй якога-небудзь схову, чагосьці знаёмага, – а што для яго магло быць знаёмае больш за калашыну Хулігана? Да якой жа дзіркі ён больш за ўсё быў прызвычаены? І разбойнік дапяў, што тыя шчыліны і ямкі, якія ён утварае, гэтыя дзіркі і закуткі, якія ён, хоча ці не хоча, а мае ў целе ды паміж целам і вопраткай – панадныя для пацука як схованкі. Таму бандыт вылез з дупла і, гнаны страхам, кінуўся бегчы за вачыма, а за ім (бадай, без сумневу) шмыгнуў пры самай зямлі пацук. О, знайсці яміну, дзірку, шчыліну, расколіну, накрыць плечы, схаваць ногі, засланіцца з усіх бакоў, зрабіць недаступнымі тыя свае такія прывабныя дзіркі, ямкі і шчыліны, – і разбойнік, выцягнуты з падвала, нёсся, нёсся, нёсся праз лугі, гаі, даліны, пагоркі, палі і катлавіны, уцякаючы са сваімі ямамі, а за ім (падобна на тое) імчаў пацук. Бандыт з апошніх сіл дабег да нейкай ямы, якая акурат яму трапілася, напаўпрытомны запоўз у дзірку, хаваючы свае шчыліны, і зашыўся ў салому. Толькі праз пару хвілін зразумеў ён, паўашалелы, што дзірка, у якую ён залез, была дзіркай у драўлянай сцяне пуні – што залез ён у стадолу ці ў пуню. Але кожную хвіліну з саломы мог вылезці і залезці пад паху, або ў дзірку, утвораную складкамі кашулі, пацук, таму разбойнік зноў высунуўся і сачыў. Але што гэта? Ці сон, ці ява? Дзе ж гэта я? А, знаёмая пуня! Хто ж гэта ляжыць на таку, на саламянай падсцілцы пад сцяной насупраць? Гэй, гэта Марыся, Марыся! Гэй, Марыся тут ляжыць, Марыся адпачывае, Марыся спіць, павольна дыхаючы, ах, гэй, гэй, Марыся, Марыська, Марыська! Ой, дана, дана, Марыся! Скурчаны, працяты пацуком да вантробаў, прыкіпеў ён да яе позіркам, і не хацелася верыць, што гэта яна… Дзяўчына ляжала ў сне з адкрытымі вуснамі, і Хуліган ускочыў – ужо, ужо хацеў заспяваць, зарыкаць, як даўней – як калісьці: “Марыся, Марыся… гэй, Марыська, Марыська”…

Як раптам збоку вылез пацук.
Вялікага памеру пацук высунуўся з-пад бэлькі, асцярожна вылез на ток  і  прысеў побач з Марысінай спадніцай.
Такім чынам гэта зноў быў пацук.
Каля Марыські – пацук.

Гэтым разам перад ім быў не прывід, а несумненны, відавочны пацук, які прысеў у чатырох кроках ад яго на таку. Разбойнік замёр. Праўдападобна, гэта быў іншы грызун – не той, якім яго катавалі, іншы, – але пацукі такія падобныя між сабой, што катаваны тут не мог мець ніякай пэўнасці. Больш за тое, ён таксама не меў пэўнасці, ці шматгадовае і такое балючае стасаванне з адным з гэтых грызуноў не пакінула ў ім чагосьці прыцягальнага для пацукоў увогуле. Але найбольш ён баяўся рынуцца са страху на пацука, бо тады пацук са страху быў бы гатовы кінуцца на яго – не, не, неабходна дзейнічаць асцярожна, як мага далікатней з'явіць сваю прысутнасць, толькі злёгку спалохаць пацука, каб той зноў схаваўся ў дзірку. Напрамілы Бог! – пазбегнуць усякага гвалту, не паддацца паніцы, не ўпасці ў гэтую дзікую, падземную, калыхліва-мітуслівую шалёнасць, уласцівую гэтым пацукаватым, пісклявым, хвастатым адведнікам падзем’я! Разбойнік знайшоў месца, дзе, праўдападобна, знаходзілася пацучыная нара, і пачаў рыхтавацца да далікатнага, ціхага палохання – амаль у абсалютнай цішы, толькі з лёгкім шоргатам ці, самае большае, пакашліваннем – як раптам… штосьці пацягнула пацука пад правае калена дзяўчыны. Залез пацук туды – і Хуліган замёр – вось пацук дакрануўся да яе, пацучыная істота датыкалася ягонай дзяўчыны, яго Марыські – Марыські!

І адразу гэты дотык, гэта трэнне пацука аб Марыську, большае за ўсякую небяспеку, спрычынілася да таго, што бандыт… зарыкаў! Зарыкаў, як даўней, на поўныя грудзі, на цэлы свет, зарыкаў даўнейшым рыкам, непераможным, і кінуўся на пацука, рыкаючы, – скочыў! Ужо не баяўся, з рыкам скочыў, з рыкам кінуўся на пацука, з такім шалёным рыкам, так аслонены крыкам, што пацук ніколі не прабіўся б праз гэты ягоны рык у калашыну! Ужо не думаў ён пра тое, што адсякае пацука ад яго нары, з рыкам кінуўся на яго спераду. О нечаканы скачок Хулігана, о скачок пацука ўбок, о адскокванне і падкідванне, і рыканне, і фырканне – і маланкавая ўпэўненасць рыкаючага разбойніка, што пацук ад яго не ўцячэ, што дабраўся ён  да пацука, заб’е пацука, пазбаўленага ўсякіх нор і дзірак!.. І не ведаю, ці казаць далей? Ці выкажуць вусны найстрашнейшае? Ой, ці выкажуць, бо ніякай мяжы страху ж няма, наадварот, няма сумневу ў бязмежжы неміласэрнасці, няма сумневу, што калі пачне ўзрастаць жах, то ўжо, узрастаючы, узрастае, – узрастае, узрастаючы, – бясконца, бязмежна, далей і далей, вырастаючы, вырастае вышэй за сябе самога – механічна. Ой, хіба выкажуць мае вусны тое, што пацук… што паўаслеплены грызун, спалоханы і загнаны, ашалелы ад сляпой і абсалютнай неабходнасці ў яме… Залез Марысьцы ў рот, шмыгнуў, скочыў у паўадкрыты рот, ямку тае, якая спала з адкрытым ротам. І не паспеў Хуліган сутаргава спахапіцца, як ужо бачыў толькі: пацук забіраецца ў рот, панічна імкнецца схавацца ва ўмілаванай ротавай яме! О, механіка! А Марыська, напаўпрытомная, разбуджаная, абсалютна механічна, вокамгненна сціснула ўмілаваныя сківіцы – і скончылася механіка страху, пацук знік з адцятай і адгрызенай ад тулава галавой, прыйшла смерць пацуку.

Пацука ўжо не было.
Хуліган спыніўся каля адгрызенай пацучынай смерці ва ўмілаванай ротавай яме Марыські-каханкі. І з тым пайшоў прэч.
Ён скок, а за ім крок у крок
Смерць пацука.
Ён гоп, і за ім топ, топ
Смерць пацука ў Марысьчынай ротавай яме.

*Minoris resistentiae (лац.) – найменшага супраціву.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я актером работаю. Играю станочника на мебельной фабрике. И, кажется, умею играть, ведь слишком вживаюсь в роль. Забываю даже, что не станочник. Алкашка только, слабость моя, выводит из игры и напоминает, кто я.

Працоўны дзень быў амаль завершаны. У фае на гінекалагічных крэслах ляжалі «цяжарныя» манекены з рассунутымі нагамі... Сташэўскі быў зусім чырвоны і папрасіў прабачэння. А з Сайдзікам развіталіся ў калідоры: пагаварылі пра яго даўнюю просьбу — сустрэчу з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч.

Галоўным паказальнікам любові да сістэмы з’яўлялася колькасць пацалункаў сімвала. Сталёвая Дупа, што вісела ў цэнтры Кантэйнера, была адпаліраваная да бляску, а ў некаторых месцах працёртая да дзірак. Сотні грызуноў прыкладаліся да сімвала да тых часоў, пакуль тыя, хто стаялі за імі ў чарзе, не адштурхоўвалі іх.

А насупраць ад Брылёва, праз іншы праліў, метраў пяцьсот шырынёй, пачыналася Талачынская выспа. Так у Добрым Месцы назвалі кавалак сушы, які застаўся ў межах былых ды існых мястэчак: Круглае, Друцк, Шчэцінка, Талачын, Усвіж-Бук, Абальцы, Латыголь, Юрцава. Вось гэты брылёўска-талачынскі праліў быў адзіным уваходам у акваторыю Новай Зямлі.