Разьвітаньне з краявідам

паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

Дзеці эпохі

 

Мы – дзеці эпохі,
палітычнай эпохі.

Справы нашы, вашы справы,
справы дзённыя, начныя
палітычнымі завуцца.

Хочаш ці ня хочаш, гены
маюць складнік палітычны,
скура – палітычны колер,
вочы – палітычны позірк.

Ёсьць у кожным слове сіла,
у маўчаньні ёсьць гучаньне –
палітычныя, вядома.

Нават ідучы па лесе
рушыш крокам палітычным
па сьцяжынцы палітычнай.

Апалітычныя вершы таксама палітыкай пахнуць,
Месяц у небе сьвеціць,
неяк немесяцова.
Быць або не, вось дзе пытаньне.
Якое пытаньне, скажы, каханы.
Палітычнае пытаньне.

Ня трэба нават чалавекам звацца,
каб мець прыдомак палітычны.
Можна быць, напрыклад, нафтай,
камбікормам, сыравінай.

Сталом нарадаў,
Авальным ці квадратным, –
шмат месяцаў спрачаліся: які
зручнейшы, каб пытаньні
жыцьця і сьмерці вырашаць.

Тым часам паміралі людзі,
здыхалі жывёлы,
палалі дамы
і дзічэлі палі,
як і ў эпохі больш даўнія
і менш палітычныя.

 

На беразе Стыксу

 

Глядзі, даражэнькая душачка, гэта – Стыкс.
Так, Стыкс – чаму цябе гэта зьдзіўляе?
Як толькі Харон у мэгафон дачытае
сваю прамову, німфа, што свой лес
пакінула, на іншы бок цябе перавязе
(яны на гэтую працу, рана ці позна, ідуць усе).
Пражэктары табе пакажуць у дэталях
берагі з жалезабетону і сталі
і сотні маторак, што заглушаюць старога
збуцьвелага чоўна нясьпешны плёскат.
Усё таму, што чалавецтва стала надта многа,
ну што ты, душачка дурная, вытры сьлёзкі.
Хмарачосы, сьцёкавыя адкіды
моцна засьмецілі краявіды.
Надзейная душ перавозка (мільёны
пасажыраў з усіх кантынэнтаў)
цяпер немагчымая без павільёнаў
гандлёвых, докаў і офісных цэнтраў.
Душачка мая, Гермэс на некалькі гадоў
наперад вызначае графік землятрусаў,
дыктатураў, войнаў, рэвалюцый
і – колькі ў выніку спатрэбіцца чаўноў.
Праезд на іншы бок бясплатны. Праўда,
стаіць скарбонка з надпісам маленькім
(каб нагадаць нам пра былы парадак):
“Просьба ня кідаць гузікі і капейкі.”
У сэктары “сыгма тры” на прычале “таў
сто” сядзеш у човен “альфа дзьвесьце” –
ён шчыльна ўтрамбаваны душамі, але вунь там
(я бачу па кампутары) ёсьць яшчэ дзе прысесьці.
У Тартары, гэтым цесным і брыдкім гета,
цябе таксама чакае тлуму бурленьне.
Тых, хто з хаосу зможа ў сьмерць ускочыць –
адно палавіна кроплі ў капсуле Леты.
Душачка мая, ня вер у патойбочча,
толькі сумнеў дасьць шанец табе на збавеньне.

 

Ключ

 

Быў ключ і раптам зьнік кудысьці.
Як трапім безь яго дадому?
Магчыма, знойдзе потым нехта,
пакруціць – што рабіцьме з гэтым?
Падкіне у далоні быццам
кавалачак мэталялому.

Калі б маё каханьне гэткі ж
лёс напаткаў недаравальны,
ня толькі мы: увесь сьвет згубіў бы,
зьбяднеў бы на адно каханьне.

Чужой паднятае рукою,
не адамкне чужога дому,
а будзе формаю, ня болей,
іржы належаць – больш нікому.

Ня зьбегі зор і не жывёл вантробы
складаюць нашы гараскопы.

 

Хаўтуры

 

«так нечакана, хто б мог падумаць»
«нэрвы і цыгарэты, колькі яго папярэджваў»
«нармальна, паціху, дзякуй»
«ды разгарні ты гэтыя кветкі»
«у брата таксама з сэрцам, відаць, гэта сямейнае»
«я бы вас з такой барадой ніколі не пазнала»
«сам вінаваты, вечна ў штосьці ўляпваўся»
«мусіў адпяваць гэты новы, нешта ня бачу яго»
«Казік у Варшаве, Тадзік за мяжой»
«ты адзіная, хто дадумаўся ўзяць парасон»
«ну і што, што быў сярод іх найздольнейшы»
«пакой прахадны, Баська будзе супраць»
«увогуле меў рацыю, але гэта яшчэ не падстава»
«плюс на лякіроўку дзьвярэй, нагадай колькі»
«два жаўткі, лыжка цукру»
«не ягоны клопат, навошта яму гэта было»
«толькі блакітныя і невялікіх памераў»
«пяць разоў – і аніякага адказу»
«так, я мог, але ж і ты мог таксама»
«добра, што хоць мела тую працу»
«ня ведаю, мабыць, родзіч»
«ксёндз – выліты Бэльмандо»
«я ў гэтай частцы могілак яшчэ ня была»
«сьніла яго тыдзень таму, нешта я адчувала»
«а тая дачушка выглядае нічога
«усе там будзем»
«перадайце ўдаве ад мяне, мушу пасьпець на»
«але на лаціне гучала больш урачыста»
«быў і няма»
«да сустрэчы, пані»
«можа, па піўку»
«патэлефануй, пагаворым»
«чацьвёрка або дванаццатка»
«мне туды»
«мы там»

 

Сьмеху варты

 

Захацелася яму шчасьця,
захацелася яму праўды,
захацелася яму вечнасьці,
гляньце на яго!

Ледзьве адрозьніў сон ад явы,
ледзьве дадумаўся, што ён гэта ён,
ледзьве вырабіў рукою, што плаўніком была,
крэсіва і ракету,
здольны патануць у моры па калені,
замала сьмешны нават, каб сьмяшыць пустэчу,
толькі вачыма бачыць,
толькі вушамі чуе,
вяршыня ягонай мовы – умоўны лад,
розумам ганьбіць розум,
карацей: амаль ніхто,
але яму свабода кружыць галаву, ўсёведа, апрычонасьць
ад тупога мяса,
гляньце на яго!

Бо ён жыве, здаецца,
і напраўду ўзьнік
пад нейкай з правінцыйных зорак.
Па-свойму ўвішны і жывучы.
Як для нікчэмнага вырадку –
шалёна зьдзіўлены.
Як для цяжкога дзяцінства ў непазьбежным статку –
ужо даволі адасоблены.
Гляньце на яго!

Хай будзе гэтак далей, даўжэй хаця б на хвілю
на мірг адзін галактыкі маленькай!
Няхай вядома стане хоць прыблізна,
чым будзе ён, калі ўжо ёсьць.
А ёсьць – упартым.
І, прызнацца трэба, вельмі ўпартым.
З гэтым калечкам у носе, у гэтай тозе, у гэтым швэдры.
Сьмеху варты, гары ўсё гарам.
Нябога.
Існы чалавек.

 

Разьвітаньне з краявідам

 

Я на вясну ня крыўдую,
што зноў настала.
Не асуджаю за тое,
што выконвае спраўна
свае абавязкі.

Разумею, мой смутак
не стрымае расьлінаў.
І сьцябло зварухнецца
хіба што ад ветру.

Не баліць мне і тое,
што над вадою вольхі
зноўку шумяць лістотай.

Да ведама прымаю,
што – нібы ты яшчэ жывы –
гэтага возера бераг
застаўся па-ранейшаму прыгожым.

Ня маю агіды
да краявіду празь від
затокі, асьветленай сонцам.

Нават уявіць сабе магу,
што ў гэтую хвілю ня мы,
а іншыя двое сядзяць
на паваленай бярозе.

Паважаю іх права
на шэпт, на сьмех,
шчасьлівае маўчаньне.

Гатовая ў заклад ісьці,
што іх яднае каханьне,
што ён яе абдымае,
паклаўшы руку на плячо.

Нешта малое птушынае
шабуршыць у чароце.
Шчыра ім жадаю,
каб яны гэта ўчулі.

Не хачу аніякіх зьменаў
ад прыбярэжных хваляў,
то лянівых, то дзікіх
і ня мне паслухмяных.

Нічога не патрабую
ад азярыны ў падлеску,
то смарагдавай,
то сапфірнай,
то чорнай.

Не пагаджуся з адзіным –
сваім вяртаньнем туды.
Прывілея прысутнасьці –
адмаўляюся ад яе.

На столькі Цябе перажыла,
акурат на столькі,
каб думаць здалёк.

 

Няскончаны аповед

 

Да нараджэньня дзіцяці
сьвет не гатовы ніколі.

Яшчэ не вярнуліся нашы дракары зь Вінланду.
Яшчэ наперадзе ў нас перавал Сэн-Гатард.
Мусім са сьледу зьбіць ахову ў пустэльні Тор,
прабрацца каналамі ў цэнтар места,
ад караля Гаральда Хена дабіцца прыёму,
дачакацца адстаўкі міністра Фушэ.
А ўжо ў Акапулька
пачнём усё наноў.

У нас закончыўся запас бінтоў,
сярнічак, аргумэнтаў, рубілаў і вады.
Грузавікоў ня маем і падтрымкі Мінь.
Гэтай клячай не падкупім шэрыфа.
Дагэтуль ніякіх зьвестак пра выкрадзеных у рабства.
Нам бы ў маразы цяплейшую пячору
і кагосьці, хто ведае мову харары.

Ня знаем, хто варты даверу ў Нінэвіі,
якія ўмовы выставіць прынц-кардынал,
чые яшчэ прозьвішчы ў шуфлядзе Берыі.
Гавораць, Карл Мартэл ударыць на сьвітанку.
У абставінах такіх давайце ўласкавім Хеопса,
прыйдзем добраахвотна,
пераменім веру,
прыкінемся, што мы – сябры для дожа
і нас нішто ня лучыць з племенем Квабэ.

Ну вось і час, каб распаліць агні.
Дэпешу паслаць па бабулю ў Забежаў.
Разблытаць вузлы на рамянях юрты.

Каб толькі роды лёгкімі былі
і здаровым рос дзіцёнак.
Хай часам бывае шчасьлівым
і здольным пераскокваць прорвы.
Хай сэрца ягонае будзе стойкім,
а розум чуе і бачыць далёка.

Але не настолькі далёка,
каб будучыні сягаць.
Дар гэты, сілы нябесныя,
няхай яго міне.

 

Краявід зь пясчынкай

 

Называем яе “пясчынкай”,
Яна ж сябе – ані пяском, ані пылінкай.
Бяз назвы абыходзіцца
агульнай, дакладнай,
часовай, пастаяннай,
хібнай ці слушнай.

Ёй без патрэбы нашыя позірк і дотык.
Ня ведае, як гэта – быць убачанай, кранутай.
А тое, што на падаконьне ўпала,
дык гэта толькі наша справа, не яе.
Ёй аніякай розьніцы куды ўпадзе,
ня ўпэўненая нават – упала
ці падае яшчэ.

З акна на возера – прыўкрасны краявід,
але той краявід ня бачыць сам сябе.
Бескалярова, безгалосна,
бязводарна, бязвыглядна,
бязбольна яму на гэтым сьвеце.

Дну возера бяздонна
і безьбярэжна берагом.
Вадзе азёрнай ані мокра, ані суха.
ані адна-, ані шматліка хвалям,
што, шуму ўласнага ня чуючы, шумяць
вакол каменьняў – ні вялікіх, ні маленькіх.

І гэта ўсё пад небам, безьнябёсным адпачатку,
у ім заходзіць сонца, не заходзячы нікуды,
зьнікае, ня зьнікаючы, за хмаркаю бясхмарнай.
Яе матляе ветрык беспрычынна,
адно таму, што дзьме.

Мінае сэкунда.
Другая сэкунда.
Трэцяя сэкунда.
Ды гэта толькі нашы тры сэкунды.

Час праляцеў, быццам ганец з навіной тэрміновай.
Але гэта толькі нашае параўнаньне.
Надуманы вобраз, залішняя сьпешка,
але – нялюдзкая навіна.

 

Вялікая лічба

 

Людзей ужо чатыры мільярды на зямлі,
але ў маёй уяве – аніякіх зьменаў.
Не разьбіраецца яна ў вялікіх лічбах.
Усё яшчэ зьвяртае ўвагу на адзінкі.
У цемры лётае, нібы ліхтарыка сьвятло,
адно пярэдніх твары адкрывае,
тым часам рэшта адыходзіць незваротна,
няўмысна, незафіксавана.
Але ж сам Дантэ ня ўтрымаў бы столькі.
Тым больш цяпер, калі ягоны дом – нябыт.
Хай нават усе музы мне.

Non omnis moriar – заўчасная жалоба.
Ці ўся яшчэ жыву, ці гэтага мне досыць?
Ніколі не было мне досыць, асабліва зараз.
Я абіраю, рэшту адкідаючы, іначай немагчыма,
але, у лічбах, рэшты той намнога больш,
яна шчыльнейшая і дакучае як ніколі.
За кошт неапісаных стратаў – вершык, уздых.
На гучныя прызваньні адгукаюся ледзь чутна.
Што прамаўчу, таго ўжо не прамоўлю.
Мыш ля падножжа матухны-гары.
Жыцьця працягласьць – колькі знакаў пазногцем на пяску.

І нават сны мае – нешматлюдныя, хоць іначай павінна быць.
У іх больш адзіноты, чымсьці шуму і натоўпаў.
Хіба што завітае часам хтосьці, хто даўно памёр.
Паторгае за клямку паасобная рука.
Праз прыбудовы рэха ня відаць пустога дому.
З парогу ў ціхую даліну,
нібы нічыйную, ужо анахранічную, зьбягаю.

Адкуль бярэцца ўва мне такі прастор –
ня знаю.

 

Прымус

 

Зьядаем чужое жыццё, каб жыць.
Труп рублены зь нябожчыцай-капустай.
Мэню – нэкралёг.

Нават найлепшыя людзі
мусяць кавалачак пакаштаваць,
каб іхнія чулыя сэрцы
не перасталі біцца.

Нават лірыкі найтанчэйшыя
і аскеты найстражэйшыя
жуюць і каўтаюць нешта,
жывое зусім нядаўна.

Неяк ня вяжацца гэта з добрымі багамі.
Хіба што праз даверлівасьць,
хіба што праз наіўнасьць
уладу над сьветам аддалі прыродзе.
І гэта яна, вар’ятка, навязвае нам голад,
а там, дзе голад,
там нявінаватасьці канец.

Да голаду адразу далучаюцца пачуцьці:
смак, дотык, нюх і зрок,
бо не ўсё адно, якія стравы
і на якіх ляжаць талерках.

Нават слых у гэтым працэсе
бярэ ўдзел,
бо часта за сталом забаўныя размовы.

 

Ланцугі

 

Сьпякотны дзень, сабачая будка з сабакам на ланцугу.
Наводдаль, у некалькіх кроках, міска з вадой да краёў.
Але ланцуг занадта кароткі і сабака не дастае.
Дадамо да карцінкі яшчэ адну дробязь:
нашы ланцугі нашмат даўжэйшыя
і менш відочныя,
дзякуючы ім можам свабодна прайсці паблізу.

 

Мапа

 

Плоская як стол,
на якім ляжыць.
Нішто пад ёй не варухнецца,
ня зрушыцца з месца.
Па-над ёю – мой подых
ня робіць віхур у паветры,
нішто не каламуціць колераў чыстых на ёй.

Нават моры – заўсёды прыязна-блакітныя
з пашматанымі берагамі.

Усё тут дробнае, дасяжнае і блізкае.
Вулканы магу пазногцем прыціснуць,
не апранаючы пальчатак, гладзіць полюсы,
позіркам адным
усе пустэльні ахапіць
разам з вось гэтай, тут побач, ракою.

На месцы пушчаў – некалькі дрэўцаў
паміж якімі цяжка заблукаць.

На ўсходзе і на захадзе,
над і пад экватарам –
ціха, як мак засеялі,
і ў кожным чорным зярнятку
жывуць сабе людзі.
Пахаваньні й руіны –
не на гэтым малюнку.

Межы краін ледзьве прыкметныя,
нібы вагаюцца – быць ім ці не.

Люблю мапы, бо хлусяць.
Дакучлівай праўды не падпускаюць
Вялікадушна, з пачцівай усьмешкай
перада мной на стале расьсьцілаюць сьвет
ня з гэтага сьвету.

 

Далонь

 

Дваццаць сем костак,
трыццаць пяць цягліц,
каля дзьвюх тысяч клетак нэрвовых
у кожным з пяці кончыкаў нашых пальцаў.
Гэтага цалкам дастаткова,
каб напісаць “Майн Кампф”
або “Віні-Пуха”.

 

Яшчэ

 

У заплямбаваных вагонах
едуць краінай імёны,
а колькі ехаць будуць,
і дзе яны потым сыдуць,
не пытайцеся, ня знаю, не скажу.

Імя Натан рукамі б’е па сьценцы,
імя Ісак з вачыма бы ў шаленца,
імя Сара просіць вады з біклагі
для імя Арон, што ўмірае ад смагі.

Не выскоквай, імя Давіда, –
ты ніколі ня мела дому,
ты імя, што нясе паразу.
Лепш цябе не насіць нікому.

Імя славянскае сыну дайце,
бо тут зважаюць на колер валосься,
бо аддзяляюць дабро ад ліха
паводле формы чэрапа й носа.

Не выскоквай. Сын будзе – Лех.
Не выскоквай. Яшчэ зарана.
Ноч шырыцца, нібы сьмех,
пад грукат колаў апантаны.

Ішла па-над краем зь людзьмі хмарынка,
дажджу – кот наплакаў, адна сьлязінка.
Дожджык-сьлязінка, суха спрэс.
Шляхі вядуць у чорны лес.

Так, так, так. Паўз гушчар чорны.
Так, так, так. Едуць крыкі ў вагонах.
Так, так, так. У долах, на ўзвышшах:
“так, так, так” – лямант цішы ў цішы.

 

Атлянтыда



Былі ці не былі.
На востраве ці не на востраве.
Акіян ці не акіян
каўтнуў іх ці не.

Ці было каму каго кахаць?
Ці было каму каго перамагаць?
Адбывалася ўсё ці нічога
там ці ня там.

Сем гарадоў стаялі.
Дакладна – сем?
Вечна стаяць жадалі.
Як даказаць?

Ня вынайшлі пораху, не.
Так, вынайшлі порах.

Уяўныя. Дапушчальныя.
Не згаданыя.

Не здабытыя з паветра,
агню, вады, глебы.

Ня засталіся ані ў камні,
ані ў кроплі дажджу.

Ня здольныя ўсур’ёз
нікога перасьцерагаць.

Упаў мэтэарыт.
Не мэтэарыт.
Выбухнуў вулкан.
Не вулкан.
Нехта нешта крычаў.
Ніхто, нічога.

На гэтай плюс мінус Атлянтыдзе.

 

Пераклаў з польскай Сяргей Прылуцкі, 2013 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Офіс канторы «Ні дня без ямба»
знаходзіўся ў падвале хрушчоўкі.
Куратар Антона — прыгожая баба,
прыхільніца складанай рыфмоўкі.

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва

І ці ведаеш ты, офісная скалапендра,
і ты, грузчык шчарбаты,
якія я смачныя еў там катлеты
з чалавечых паўфабрыкатаў?

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

напішы каханая
ці ідзе яшчэ тая вайна

я дагэтуль ня ўмею жыць пад гусеніцай танка
мова б’ецца за калючым дротам словаў

я б хацеў быць зараз
адной зь няправільных лічбаў лято

вайна – яна як жанчына
пра яе можна забыць