Так моцна

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

На тое й час, каб зьмяніцца (The Times They Are a-Changin’)

Зьбірайцеся, людзі, з абшараў зямлі
Бо воды узровень наўкол паднялі.
Ды мокрыя конча, як прагнеце вы
Ня даць свайму часу ўтапіцца
Плывіце хутчэй, і ніжэй галавы
Упарта трымайце вадзіцу,
Бо на тое й час, каб зьмяніцца. 

Пісьменьнік і крытык, прарочыць дарма –
Быў шанец апошні, а зараз няма.
Рулетка падкажа – жыцьцё пацячэ, 
Няхай жа ніхто не баіцца,
Хто сёньня прайграў, той здалее яшчэ
Да выйгрышу заўтра прабіцца,
Бо на тое й час, каб зьмяніцца. 

Народныя слугі, чуваць вам ці не,
Ня стойце ў дзьвярох, не дурыце мяне,
Бо той, хто пакутуе, выйдзе зь нізоў
І бітва ўсур’ёз разгарыцца,
І сьвет скаланецца да самых асноў,
І думкі ня будзе мірыцца,
Бо на тое й час, каб зьмяніцца. 

Пакіньце сьмяяцца, бацькі ўсёй зямлі,
З таго, чаго вы зразумець не змаглі
Ўжо вашыя дзеці ня слухаюць вас
І шлях ваш – дарога спыніцца,
Таму, калі ласка, лепш збочце ў адказ,
Як цяжка падаць даланіцу.
Бо на тое й час, каб зьмяніцца. 

Падведзена рыса, сказаны праклён,
Павольны... памчыцца віхураю ён, 
І сёньняшні дзень у былым прападзе –
Аджытаму трэба аджыцца, 
І той, хто наперадзе зараз ідзе,
Ледзь зможа ў апошнія ўбіцца.
Бо час яшчэ мусіць зьмяніцца.

Пераклаў Сяржук Сокалаў-Воюш

Ваш час – не назаўсёды (The Times They Are a-Changin’)

Гэй вы, людцы! Зьбірайцеся вокал мяне!
Паглядзіце, сюды вецер хвалі жане:
змокне кожны, ці кінецца ў плынь ён, ці не —
дык сьпяшайцеся з гэтай нагоды,
а то скончыце ўсе, быццам камні, на дне,
бо ваш час — не назаўсёды.

Гэй вы, крытыкі, барды! З вас кожны прарок —
пакажыце сябе, покуль шанец ня ўцёк,
толькі дайце рулетцы дакончыць віток,
не прарочце багоў папярод вы:
сёньня нехта прайграў, заўтра зноў перамог,
гэта ж час, ён — не назаўсёды.

Гэй, заходзьце, хто пнецца ў Кангрэс і Сэнат —
толькі ў сенцах ня стойце, там месца няшмат,
вас затопчуць, калі вы ні ўперад, ні ўзад.
На дварэ б’юцца сілы прыроды:
хутка быць вам бяз дахаў, бяз шыб і бяз хат,
бо ваш час — не назаўсёды.

Гэй, матулі й татулі, адсюль ці здалёк —
хто ня ў тэме, прашу прыкусіць язычок.
Не спыніць, не стрымаць вам сыноў і дачок
на нязнанай вам сьцежцы свабоды.
Як няма ад вас толку — пасуньцеся ўбок,
бо ваш час — не назаўсёды.

Вось праведзена рыса, і выклік за ёй.
Заўтра рух завіруе, дзе сёньня застой,
і сучаснае стане мінулай парой,
ваш парадак стары выйдзе з моды.
А хто першы цяпер — у хвасьце будзе той,
гэта ж час, ён — не назаўсёды.

Пераклаў Макс Шчур

Так моцна (I want you)

Хай плача далакоп па мне,
Катрынка зноў заводзіць: “не”,
Бліскучы саксафон пяе: “ты не мая”.
Сіпіць труба, разьбіты звон
Гудзе ўвушшу, нібыта ён
Хоча сказаць нейкі заклён,
Няхай, а я
Так моцна, так моцна,
Так моцна хачу цябе.

Палітык зноў лухту вярзе,
Галосяць маткі у чарзе
Па дапамогу, анідзе
Цябе няма.
Ты мне таксама памажы;
Каб не хадзіў я па мяжы
Явы і сну, ты мне скажы,
Што не дарма
Так моцна, так моцна,
Так моцна я хачу цябе.

Бацькі сышлі, забыўшы на
Тваё імя сьвятое.
Дачкам жа іх мілей мана,
Аднак я не пра тое.

І я вяртаюся дамоў,
Мне не знайсьці патрэбных слоў
Бяз чорнай панны, што даўно
Ў доме жыве.
Яна ласкавая са мной.
Хай нехта лічыць яе злой.
Што я хачу, вядома ёй.
Няхай, але
Я моцна, так моцна,
Так моцна хачу цябе.

Твой хлопча малы пра Кітай
Распавядаў, сказаў: “зайграй!”,
Аддаў дуду мне: “забірай, яна твая”.
Ды я ня ўзяў, бо завязаў,
Бо ён цябе падступна скраў,
Бо час ягоны ўжо настаў,
Бо, зноў жа, я…
Так моцна, так моцна,
Так моцна хачу цябе.

Хачу цябе так моцна.

Пераклаў Раман Яраш

Я прагну (I want you)

Трунар дастаў сваім «Прабач»,
катрынка зноў заводзіць плач,
і срэбны сакс гару няўдач
прарочыць.
Старыя дудкі, біты звон
сьмяюцца ў твар мне й наўздагон,
ды толькі гэта ня мой кон,
каб збочыць.

Я прагну,
так прагну,
так прагну быць твой,
мілая, прагну.

Палітык скача з бадуна,
матулі плачуць як адна,
і бомж ня ўстане да відна
зь нябыту.
Каторы зь іх ня дасьць дапіць
мне раньні чай, з-за аканіц
пакліча брамку адчыніць,
бо ты тут?

«Цяпер сапраўдная ў цане
лябоў», любая скажа.
А мне, сапраўдная ці не —
ня так ужо і важна.

Што ж, час вярнуцца ў свой палац
і пакаёўцы ўсё сказаць,
няхай злуе, мне напляваць —
ня страшна.
Ёй разуменьня не займаць,
па мне ж і так усё відаць,
дзе я хацеў бы начаваць —
няважна.

Твой зух адвёў мяне за рог:
маўляў, я скраў, што ён бярог!
Як я сабе дазволіць мог
такое?
Так, ён хлусіў табе ня раз,
нібы сам лёс за сьведка ў вас.
Хай на баку ягоным час —
затое

Я прагну,
так прагну,
так прагну быць твой,
мілая, прагну.

Пераклаў Макс Шчур

Словы на вецер (Blowin' in the wind)

Колькі дарог трэба людзям прайсьці,
Каб да людзей дарасьлі?
Колькі начэй над патопам ляціць
Голуб да роднай зямлі?
Колькі гарматаў страляцьме па нас,
Покуль ня знойдзем адказ?
Словы ў адказ толькі вецер нясе,
Толькі на вецер — усе.

Колькі гадоў мора точыць скалу,
Покуль ня рухне сама?
Колькі гадоў па пустэльні блукаць,
Покуль у душах турма?
Колькі, адводзячы вочы, казаць,
Быццам праблемы няма?
Словы ў адказ толькі вецер нясе,
Толькі на вецер — усе.

Колькі нам разам ляцець міма зор?
Вось тваё неба, пабач!
Колькі глухому патрэбна вушэй,
Каб адгукнуцца на плач?
Колькі сяброў скосяць кулі, пакуль
Сьцямім, што лепей бяз куль?
Словы ў адказ толькі вецер нясе,
Толькі на вецер — усе.

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Па ветры ляціць (Blowin' in the wind)

Колькі ісьці чалавеку й чакаць
Слова, што ён чалавек?
Колькі над морамі птушцы крыляць
Перш чым міне ейны век?
Колькі гарматам грымець і страляць
Да забароны навек?
Адказ жа, мой дружа, ў паветры ляціць,
Адказ жа па ветры ляціць.

Колькі ля мора гара праляжыць
Хвалі стрымаўшы сама?
Колькі да волі патрэбна пражыць
Там, дзе жыцьцё як турма?
Колькі на нас будуць класьці й лажыць
Так, быццам нас тут няма?
Адказ жа, мой дружа, ў паветры ляціць,
Адказ жа па ветры ляціць.

Колькі разоў трэба ў высі зірнуць,
Каб даглядзецца нябёс?
Колькі нам трэба вушэй, каб пачуць
Голас зьнядоленых сьлёз?
Колькі гвалтоўных скананьняў мінуць,
Перш чым мы выгукнем – дос!?
Адказ жа, мой дружа, ў паветры ляціць,
Адказ жа па ветры ляціць.

Пераклаў Сяржук Сокалаў-Воюш

Спадар Тамбурын (Mr. Tambourine Man)

Гэй, спадару Тамбурыне, для мяне зайграй,
Мне ня сьпіцца і сьпяшацца мне няма куды.
Гэй, спадару Тамбурыне, для мяне зайграй,
Ясным звонка золкім ранкам я пайду там, дзе ты.

Хоць вечаровая імпэрыя й зьнікла, як той дым,
Лёгкім дотыкам адным, і я стаў нібы сьляпым – мне не да сьненьняў.
Не, я не стаміўся, хоць здаецца – ледзь брыду,
Я ў горад не пайду – старыя вуліцы канаюць без зьдзяйсьненьняў.

Вазьмі мяне ў вандроўку на чароўным караблі.
Мае думкі прэч сплылі, мае пальцы рытм знайшлі,
Мае ногі ў скок пайшлі, не чакаючы гармоніка з дудою.
Я пайду куды заўгодна, я ахвотна зьнікну ў ім,
У танцы у тваім, толькі зайграй стары матыў.
Пакуль гучыць ён, я з табою.

Ты чуеш як гайдае, круціць вакол сонца ўсім на сьмех,
Адно і тое зь веку ў век, гэта ўцякае чалавек,
Хоць мяжа ёсьць толькі між зямлёй і небам.
І калі ты пачуеш нешта крыху падобнае на сьпеў –
Той, каго ты за блазна меў, трапляць з табою ў такт хацеў;
І гэта ўсё, што ён пасьпеў, блукаючы за ценем тваім сьледам.

Ты мне дазволь у колцах дыму зьнікнуць між яваю і сном
За хісткім часу туманом, дзе не кранае ліст зіма,
Дзе гэтых кволых дрэў няма; каб берагам шпацыраваць
Там, дзе баяцца й шкадаваць ужо ня варта.
Каб танцаваць пад зорным небам, ветру махаючы рукой,
Разам з хваляю марской, паміж егіпецкіх пяскоў.
А кнігі лёсаў, тамы слоў – хай сьпяць яны на самым дне.
На гэты дзень забыцца мне дазволь да заўтра.

Гэй, спадару Тамбурыне, для мяне зайграй,
Мне ня сьпіцца і сьпяшацца мне няма куды.
Гэй, спадару Тамбурыне, для мяне зайграй,
Ясным звонка золкім ранкам я пайду там, дзе ты.

Пераклаў Раман Яраш

Босы вайны (Masters of War)

Дзе вы, босы вайны,
Вы, вытворцы гармат,
Лятакоў-хіжакоў,
Звышсучасных гранат?
Вас схаваў мур папер,
Чэкаў, вэксэляў стос,
Толькі, маскам на злосьць,
Я вас бачу наскрозь.

Будаваць, каб бурыць –
Ваш закон спракавет.
Толькі цацка для вас
Мне падораны сьвет.
Мне ў руку ўкладзяцё
Кулямёт – і “пакуль”,
І пабеглі кудысь,
Дзе ня чуеце куль.

Як той Юда калісь,
Што Хрыста падмануў,
Крычыцё: “Супраць нас
Сьвет прайграе вайну!”
Ды хлусьлівым вачам
Рады вы не дасьцё:
Там – дажджу каламуць,
Што цячэ ў вадасьцёк.

Вам гашэтак сваіх,
Праўда, не націскаць –
Сьмерць выходзіць за вас
Пакасіць сенажаць.
Вы з дамоў – ні на крок,
Калі кроў юнакоў
Недзе ўсмоктвае ўсьцяж
Брудам сьцелены роў.

Вы засеялі жах,
І наступствы жняце:
Людзі болей на сьвет
Не прыводзяць дзяцей!
Асудзілі вы тых,
Хто яшчэ і ня жыў:
Як атрутная кроў
Вам ня выцячэ з жыл?

Хто я ўласна такі,
Каб браць слова вось так?
Я для вас – абы-хто,
Непісьменны юнак.
Так, мне меней, чым вам,
Але ясна і мне:
Нават Збаўца такіх
Ад Сябе адштурхне.

І да грошай у вас –
Скуль такая любоў?
Ці за іх льга набыць
Адпушчэньне грахоў?
Не, як прыйдзе ваш скон,
За майно на зямлі
Вам ня вернуць душы,
Што ў лямбард вы здалі.

Так што – скону ўсім вам,
І як мага барзьдзей.
Сам труну правяду
Ў той бясколерны дзень,
А як спусьцяць яе
Ў найглыбейшую зь ям –
Пастаю, каб устаць
Не зарупіла вам.

Пераклаў Макс Шчур

(ЛітРАЖ дзякуе ўсім перакладнікам за дазвол на публікацыю іхных тэкстаў.)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
ЛітРАЖ

Як вистоїш, коли всі проти тебе— 
Упали духом і тебе кленуть, 
І як всупереч усім ти віриш в себе, 
А з їх невіри також візьмеш суть; 
Якщо чекати зможеш ти невтомно, 
Оббріханий — мовчати і пройти 
Під поглядом ненависті, притому 
Не грати цноти ані доброти...

З нагоды 100-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі рэдакцыя “ЛітРАЖу” зьвярнулася да шэрагу сучасных, масьцітых і ня самых масьцітых беларускіх паэтак і паэтаў з прапановай даслаць твор на згаданую тэму, як яе разумеюць самі аўтары.

Пераклад:
Макс Шчур

О, працоўны больш дурнем ня будзе,
Бо і ён мае працы арудзьдзе –
Серп, а болей дубец
Паўстае, каб агрэць
Тых, хто служыць фашысцкай паскудзе.

Спинися, брате, 
і послухай:
голосить київська луна,
хоч кручі та 
безодні духу
долає воля мовчазна.
Так непотрібно,
невмолимо,
живим лишаючи борги,
ідуть сини за сивим димом
і сіють попіл на сніги…