Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя

проза, беларуская мова

Дэтэктыў у рытмах НЭПа

(урыўкі з аповесці)

28 ТРАЎНЯ 1926-га, ПЯТНІЦА, ВЕЧАР

Невялікі сшытак, на вокладцы якога выцягнуліся стромкія вузкія літаркі — "Аршанскі маладняк". Хлюдзінскі круціў у руках тоненькі зборнік, у якім апублікавалі свае творы паэты і празаікі з усёй Аршанскай акругі — Ворша, Горкі, Талачын, Дуброўна, Смаляны …

Гэтая тоненькая кніжачка таксама пойдзе ў фонды гарадскога музея: хто ведае — можа, акурат у ёй надрукаваў свой першы верш новы Купала? Дый нават калі няма тут твораў новага Купалы, усё адно праз пару гадоў гэты друкаваны сшытак стане сведчаннем сваёй эпохі, гістарычным знакам.

Аршанская філія ўсебеларускага літаратурнага аб'яднання "Маладняк" у сённяшнім дні Хлюдзінскага ўсплыла неяк выпадкова. Гартаючы свежы нумар газеты "Камуністычны шлях", Антон пабачыў нататку:

ЦІКАВАЯ ЗНАХОДКА

Каля в. Ліцьвінава, Ляднянскага раёну, Аршанскае акр., на хутары в. Законьнікава сяляне, капаючы студню, на глыбіні 4 саж. наткнуліся на нейкае "бервяно", якое ім перашкаджала капаць глыбей. Яны хацелі выкінуць "бервяно", але сашчарбілі чатыры тапары і толькі частку "бервяна" адсеклі.

Пры вывучэньні кавалкі гэтага "бервяна" аказаліся часткамі біўня маманта. У зямлі яшчэ засталіся косьці маманта. Магчыма думаць, што і цэлы касьцяк маманта ўдасца выцягнуць з зямлі.

Аршанскае Акруговае Т-ва часткі біўня маманта, якія знойдзены каля в. Ліцьвінава, перадае ў акруговы с.-г. музэй і даручае проф. Лунгерсгаўзэну ўзяць на сябе кіраўніцтва па адкапваньні касьцей маманта.

Антон з задавальненнем перачытаў невялікі тэкст, які сведчыў пра набытак ягонага музея ды завабліваў цікаўных прыйсці паглядзець на косткі дагістарычнай жывёлы. Акрамя задавальнення прыйшоў гонар — быццам сам, сваімі рукамі выкапаў з зямлі тыя мамантавы біўні.

Побач з нататкай пра археалагічную знаходку газета размясціла невялікую абвестку, на якую Хлюдзінскі таксама звярнуў увагу:

АРШАНСКІ МАЛАДНЯК

Аршанская філія Ўсебеларускага аб'яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў "Маладняк" запрашае на адкрытае пасяджэньне ўсіх, хто любіць літаратуру, піша вершы ці прозу.

Датай пасяджэння называўся сённяшні вечар. Антон павагаўся і  — вырашыў схадзіць. Што яго туды вабіла, Хлюдзінскі і сам не мог бы вызначыць пэўна. Хутчэй за ўсё, гэта быў цёплы ўспамін пра той не вельмі далёкі вечар, калі Валянціна пацягнула яго на літаратурныя выступы.

І ўвечары ў пятніцу Хлюдзінскі накіраваўся па знаёмым ужо маршруце ў гарадскі тэатр. Праўда, гэтым разам маладнякоўцам ужо не далі сцэну, а вылучылі нейкую невялікую залу ў дапаможных тэатральных памяшканнях.

Народу сабралося даволі багата, і Хлюдзінскі ў свае "за трыццаць" адчуў сябе быццам стары корч сярод маладога зялёнага падросту. Шумныя, вясёлыя, баявітыя юнакі з дзяўчатамі запоўнілі ўсё памяшканне — не было не толькі сядзячых месцаў, але і ўсе сценкі былі падпёртыя маладымі аматарамі літаратуры.

Што яго прывяло сюды, Антон і сам не мог бы сказаць дакладна. Часткова гэта была цікавасць да той літаратуры, якую яму так нечакана адкрыла Валянціна, часткова — шчымлівы ўспамін пра жанчыну, якую так неспадзявана вырвалі з яго жыцця. Апошнімі днямі ён часам выходзіў, каб проста прайсціся па тых вуліцах, якія яшчэ захоўвалі ў памяці гукі іх з Валянцінай крокаў па брукаванцы, прайсці ўздоўж дамоў, якія паглядалі сваімі вокнамі на ягоную жанчыну…

Гэты паход да мясцовых літаратараў Хлюдзінскі адчуваў для сябе падобнай пілігрымкай — наведваннем святых, памятных мясцінаў. І зараз ён спрабаваў занурыцца ў гэтае свята маладосці і паэзіі, але атрымоўвалася кепска, ён пачуваўся староннім назіральнікам, якому не дадзена стаць сваім у гэтым коле.

Інтуітыўна Антон стаў каля чалавека, блізкага яму па ўзросце — вусатага мажнога мужчыны. "Прынамсі, не буду тут вытыркацца, як той корч сярод поля", — падумаў ён і зацікаўлена стаў углядацца ў тое, што адбывалася.

У прасценку паміж вокнамі стаяў малады чалавек у талстоўцы, у якім Хлюдзінскі пазнаў паэта Гарбылоўскага, аўтара вершаў "пад Маякоўскага". З запалам малады чалавек скіроўваў у залу сваю прамову:

— Мы маладыя, за намі будучыня! І таму мы не хочам браць за прыклад спарахнелую мінуўшчыну, што не можа навучыць нас ніякай навуцы, якая спатрэбіцца ў будучыні. Што ж нам, пісаць пра жнеек ці аратаяў? Яны вось-вось адыдуць у невараць, іх месца зоймуць разумныя машыны. Новы час патрабуе новага мастацтва — сацыялістычнага, пралетарскага.

Большасць прысутных, не шкадуючы далоняў, апантана пачалі апладзіраваць.
— А вось у мяне ёсць пытанне, — прагучаў мяккі голас збоку.

Толькі пасля гэтага Хлюдзінскі звярнуў увагу, што там стаяў стол, за якім замест усяго прэзідыўму сходу сядзеў адзін чалавек. Гэта быў ужо не малады мужчына — узросту хутчэй самога Хлюдзінскага, чым прысутнай тут моладзі. Сам ён паглядаў на прысутных паблажліва, быццам прафесар на гарэзлівых студэнтаў. Франтаваты шэры гарнітур-тройка падкрэсліваў гэтую прафесарскую перавагу над разнамасным зборышчам талстовак, блузаў, зашмальцаваных пінжакоў з бацькоўскага пляча, хустак і сукенак.

— Хто гэта? — шэптам спытаўся Хлюдзінскі ў вусатага суседа.
Той адказаў на дзіва высокім голасам:
— Кіраўнік філіі "Маладняка" Міхась Ганчарык, выкладчык з Горак.

Тым часам мужчына за сталом працягваў:
— Вось вы, Уладзіслаў, кажаце пра новую рэчаіснасць. Я згодны, што мы жывем пры нараджэнні новага свету. Аднак людзі застаюцца ў ім старыя. Чалавек не вельмі мяняецца: у ім застаюцца такія пачуцці, як каханне і пяшчота, нянавісць і пагарда…
— Класавая нянавісць! — перапыніў яго Гарбылоўскі.
Няўжо і пяшчота таксама класавая? — развесяліўся Ганчарык.
Яго апанент пакрыўджана соп.

— Вядома, у новых рэаліях гэтыя асноўныя пачуцці будуць праяўляцца ў нашых суайчыннікаў у новых акалічнасцях, але яны-то застануцца, так? Вы ж не будзеце прызнавацца ў вершах да дзяўчыны, што кахаеце яе класавым каханнем… Хаця класавая барацьба можа накласці свой адбітак на гэтыя вершы — не спрачаюся. Гэта можа быць новая вершаваная форма, якую вы так любіце. Альбо матывам такога верша стане каханне пралетарыя да дзяўчыны з дэкласаваных элементаў і ўнутраная барацьба з гэтай нагоды…

Вусаты каля Хлюдзінскага няўцямна гмыкнуў штосьці сабе пад нос, але Антон не разабраў словаў.

— Таму я і кажу, што ісці ў рожкі са старымі, як вы заклікаеце, — гэта вельмі добра, але гэта не азначае, што варта адмаўляцца абсалютна ад усіх набыткаў, якія дала нам папярэдняя культура. Мне вельмі падабаюцца гэтыя вашыя радкі:
Часамі поўніцца
                   істота
                          музыкай,
А часам
          дзіўнаю
                  пральецца
                          рызыкай…

Ганчарык памаўчаў, быццам услухоўваючыся ў нешта, і працягнуў:
— Я вам, даруйце, як спецыяліст у батаніцы скажу: новыя гатункі яблыкаў могуць з'явіцца толькі на аснове ранейшых. Узяць бульбу ці крапіву і вырасціць яблыкі на ёй пакуль што нікому не ўдалося. Так і з культурай: мы ў кожным разе карыстаемся найлепшым з таго, што стварылі нашыя папярэднікі, нашыя продкі…

Гарбылоўскі махнуў рукой:
— Тое, што не ўдалося буржуазнай навуцы, можа атрымацца ў навукі савецкай!.. А вашыя думкі, таварыш Ганчарык, нас адводзяць ад нараджэння новага пралетарскага мастацтва, якое імкнецца ствараць "Маладняк". Не для таго мы на франтах кроў супраць буржуяў пралівалі!..

Але запал яго ўжо быў відавочна меншы, чым на пачатку прамовы, і прамоўца сышоў са сваёй імправізаванай трыбуны ў шэрагі публікі, дзе яго па-сяброўску прыняліся паляпваць па спіне аднадумцы, выказваючы падтрымку.

Вусаты каля Хлюдзінскага паблажліва пасміхаўся на ўсю гэтую спрэчку, адначасова нешта пазначаючы сабе ў невялікім нататніку. Антон зазірнуў збоку, але разабраць нічога не змог: сусед карыстаўся ці то стэнаграфічнымі значкамі, ці то яшчэ нейкім відам хуткапісу.

Хлюдзінскі вырашыў пацікавіцца:
— А вы што пішаце — прозу ці вершы? Я гляджу, вы тут добра арыентуецеся, ведаеце ўсіх…

Вусаты перабольшана жартаўліва замахаў рукамі на Антона, быццам адмаўляючыся ад незаслужанай узнагароды:
— Што вы, што вы! Куды мне… Я тут проста назіраю па даручэнні гаркаму: партыя, як накіроўваючая сіла грамадства, хоча ведаць, у якім напрамку развіваецца маладая літаратура краіны Саветаў. Так што я назіраю, але не ўблытваюся. Спрабую зразумець, а не спрачацца або, там, дыскутаваць.
Вусаты шчыра пасміхнуўся:
— Адукацыя ў мяне не тая, каб у дыспуты лезці… Мяне, дарэчы, клічуць Васіль Кашэль.

З гэтымі словамі ён працягнуў Хлюдзінскаму шырокую, бы шуфель, далонь. Антон паціснуў, кажучы:
— А мяне…
— А вас — Антон Хлюдзінскі, вы загадчык краязнаўчага музея, — пасміхаючыся яшчэ шырэй, перапыніў яго новы знаёмец. — Вас у нашыя краі прыслалі нядаўна, акурат для таго, каб падымаць гістарычныя даследаванні, краязнаўства, ну і ўсё такое.

Антон быў здзіўлены, і здзіўленне гэтае было не самае прыемнае. Ён не лічыў сябе занадта вядомай асобай, займаў не самую важную пасаду. Такую абазнанасць у чужых лёсах і тварах звычайна выяўляла толькі адно ведамства, з якім сутыкацца лішні раз не хацелася нікому — ДПУ.

Мабыць, усе гэтыя эмоцыі хапатлівай чарадой пранесліся па Антонавым твары, што выклікала чарговы смех у яго суразмоўцы:
— Ды не пераймайцеся вы так! Я ж сказаў вам, што я з гаркаму партыі. Інструктар гаркаму… А ў вас такі твар, быццам вас у органы выклікалі, каб вы расказалі пра свае сувязі з польскай разведкай.

Жарты новага знаёмца падабаліся Хлюдзінскаму ўсё менш і менш. Яму было некамфортна побач з гэтым чалавекам, і Антон пастараўся бокам, бокам адсунуцца. Паспрыяў гэтаму і чарговы выбух эмоцыяў недзе ў раёне сцэны. Хлюдзінскі не стаў услухоўвацца ў яшчэ адзін дыспут, а вось вусатага Кашаля гэтая дзея, падаецца, надзвычай зацікавіла. Прынамсі, ад Хлюдзінскага ён адвярнуўся і стаў уважліва ўглядацца наперад.

Скарыстаўшыся гэтым, Антон выйшаў з душнага памяшкання на вуліцу. Тут вецер нёс п'янкі водар духмянага разнатраўя і палявых кветак — быццам не ў горадзе ідзеш, а раптоўна апынуўся пасярод лугу. Здавалася, яшчэ імгненне — і загучаць здалёк крышталёвым перазвонам высокія дзявочыя галасы, зацягнуць песню, прыгожую і шчымлівую. Ды хаця б і "Купалінку"!..

І быццам адказваючы на думкі Хлюдзінскага песня загучала — недалёка, недзе з-за плоту. Праўда, голас быў адзін і далёка не дзявочы.

Хрыплаваты падлетак выводзіў з падвывам — не трапляючы ў ноты, але старанна. І жудасным дысанансам да мрояў Антона гучалі словы гэтай папулярнай яшчэ з часоў рэвалюцыі вулічнай песенькі:

Па вуліцы хадзіла
Мадама-кракадзіла.
Яна, яна
Зялёная была.

Пабачыла француза —
І цоп яго за пуза:
Яна, яна
Галодная была.

Пабачыла кітайца —
І цоп яго за яйцы:
Яна, яна
Галодная была…

* * *

7 ЧЭРВЕНЯ 1926-га, ПАНЯДЗЕЛАК, АПОЎДНІ

Васільчук падняўся з канапы, адсопваючыся і цяжка дыхаючы. Ногі былі як ватныя і злёгку падгіналіся. Не апранаючыся, ён зрабіў па пакоі некалькі крокаў і падышоў да стала, аблітага сонечным святлом: яго бліскучая лакавая паверхня быццам утварала яшчэ адзін светлавы фантан. Васільчук нязграбным рухам узяў партабак, які нагрэўся на сонцы, дастаў папяросу і задыміў.

Потым павярнуўся і праз шызаваты дым паглядзеў на Антаніну, якая заставалася ляжаць на канапе. На чорнай скураной паверхні яе бессаромна аголенае белае цела, якое яшчэ не паспела загарэць, выглядала як каштоўнае ўпрыгожанне пакоя.

Калі б на месцы Васільчука быў чалавек з больш вытанчаным густам, ён згадаў бы Венеру, снежна-белы карарскі мармур, адзначыў бы, як прыгожа выцягнуліся зграбныя жаночыя ножкі. Ён ацаніў бы гэтыя спакушальныя выгіны жаночага цела, якія нагадваюць гітарныя абрысы — з той розніцай, што гітара падманліва заканчваецца, а жаночая постаць мае гэтыя спакушальныя мяккія клубы, якія працягваюцца ўжо згаданымі стройнымі ножкамі…

І хаця Васільчук не мог выказацца так вобразна, хаця ён быў чалавек больш простых нораваў, але пабачаная карціна падабалася і яму. Таму ён кхекнуў і вымавіў:
— Ну, ты разлеглася тут… Як статуя ў панскім парку!

Антаніна пацягнулася, і яе грудзі спакушальна калыхнуліся, а смочкі быццам падміргнулі яму:
— Дык і ты можаш легчы побач — месца хапае.
— Ненаежная ты баба, Антаніна, прагная! Як толькі твой муж дае з табой рады?
Яна захіхікала:
— Думаеш, калі б ён даваў мне рады, я б давала табе? Я ж не настолькі дурная. Хаця…

Жанчына абвяла поглядам пакой, які зусім не выглядаў на сціплае пралетарскае жытло. Цёплага залацістага колеру сцены пад самай столлю заканчваліся велягурыстай ляпнінай — нейкія раслінныя матывы. Пад нагамі — мяккі дыван, у які ногі правальваліся па самую костачку. Камін, аблямаваны мармуровымі плітамі, глядзеў на прысутных з адкрытым ротам — быццам арыстакрат, які нечакана пабачыў пастуха, залеглага на панскіх пярынах.

Разгарачаная скура жанчыны ліпла да скураной паверхні канапы, і гэтыя новыя адчуванні былі Антаніне цікавыя, хаця і не вельмі прыемныя. Яна дзівілася, чаму буржуі прыдумалі такую нязручную мэблю для распусты — кахацца на скураной канапе ёй не вельмі спадабалася. Але ж хацелася пакаштаваць раскошнага жыцця…

Урэшце яна ленавата павярнулася набок і з усмешкай закончыла папярэднюю фразу:
— Хаця тут усё створана для распусты. Была б я буржуінкай, я б адсюль до-оўга не вылезла нікуды… І чаму ты, Раман, мяне раней сюды не прыводзіў?

Той прымружыў левае вока і, пазіраючы спадылба, ужо змрочна заявіў:
— Раней не прыводзіў, і цяпер не варта было б… Ты на ўсялякі выпадак забудзься пра гэтую кватэру. І завулак гэты абмінай за два кварталы. Кароткая памяць — доўгае жыццё… А гэты адрас — ён для зусім іншых сустрэчаў.

Даўкая цішыня залегла паміж жанчынай і мужчынам, якія так нядаўна былі, здаецца, адным нераз'емным целам. Не гледзячы ў бок Антаніны, Васільчук пачаў апранацца.

Званок у дзверы прагучаў для жанчыны сігналам трывогі: яна хапатліва ўзнялася на канапе, села, падкурчыўшы ногі, і прыкрыла грудзі рукамі:
— Што гэта? Хто там?

Суворы позірк Васільчука стрымаў яе на месцы:
— Апранайся, але адсюль не выходзь, дзверы не адчыняй. Ні мне, ні табе не трэба, каб цябе тут бачылі.

З гэтымі словамі ён выйшаў з пакоя, і цяжкія дзверы адрэзалі Антаніну ад гукаў у астатняй частцы кватэры.

Пакуль яна апраналася, за дзвярыма былі чуваць неразборлівыя галасы. Жанчына спрабавала прыслухацца, але там размаўлялі так ціха, што яна не змагла б сказаць, колькі чалавек там гаворыць. Яна ўжо здагадалася, што гэта канспіратыўная кватэра, на якой Васільчук прымае сваіх інфарматараў. Антаніна нават падазравала, што такая кватэра ў яе начальніка ў горадзе не адна.

Галасы за дзвярыма вабілі сваёй таямніцай, але жанчына разумела, што яе спроба падслухаць можа скончыцца вялікім непрыемнасцямі — у АДПУ яна працавала не першы дзень. Таму яна рашуча зацугляла сваю цікаўнасць і з усяе моцы стрымлівала яе.

Неўзабаве вярнуўся Васільчук — ён быў цяпер значна больш у гуморы, чым пару хвілінаў таму, калі пакідаў Антаніну. У руках ён трымаў нейкія паперы, скручаныя ў трубачку.

Нецярпліва адаслаўшы сакратарку на працоўнае месца і нагадаўшы ёй забыцца адрас кватэры, Васільчук замкнуў дзверы. Потым ён вярнуўся ў пакой, сеў за стол і любоўна паклаў перад сабой прынесеныя паперы. Гэта было чарговае данясенне ад "Бландынкі".

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Шустрая ты, Рудзеля, слова сказаць не даеш... А гэтыя Ягоркі ўсе паміж сабой розныя былі: адзін драўляны, другі залаты, а трэці каменны. Так іх і называлі, так і разрознівалі міжсобку.

— Толькі дзве краіны ў Еўропе здолелі так рана і паспяхова правесці дэмакратычныя рэформы — наша Вялікае Княства і Вялікая Брытанія. Размешчаныя на розных краях еўрапейскага свету, дзве дзяржавы адначасова прыйшлі да аднаго і таго ж выніку, асвятляючы шлях іншым суседзям, — красамоўнічаў пракурор.

Навошта такому чалавеку з тонкай душэўнай арганізацыяй, з цікаўнасцю да прыгожага пісьменства вось уся гэтая беганіна па лесе са страйкбольнай зброяй? Навошта пастаянныя заняткі ў «качалцы»? Гэта ўсё адбірае час у літаратуры!

Голас стомлены і ўпарты; і дзівосным чынам паўтарае выраз яе твару, пакідаючы непрамоўленым працяг фразы, аднак відавочны ўсім прысутным: як. ты. мяне. дастаў. А Хатаба, аказваецца, клічуць Лёшам. Як яму не пасуе гэтае кацінае імя! Як яму не пасуе гэтая зімовая шапка! Як тужліва назіраць ягоную панылую паставу! Шчасьлівая сям’я, адным словам. А вось ня трэба было браць моль у жонкі. І ты заплюшчваеш вочы, ня ў змозе далей сузіраць брыдоту, якую памяць падсоўвае табе ў якасьці твайго ж нібыта жыцьця.