НАД ВОСЕНЬСКІМ ВОЗЕРАМ
Шчарблёны стаў, асенні чорны стаў,
бы вугаль відзяжоў і крэмень крыку,
паблісквае вачыма Люцыфера.
П’янкая бездань лашчыцца да ног.
З яе ляціць крывава груганнё
таго, што будзе. Рвецца лёзакрыла
на голае галлё, шалёна мкнецца
да кволай сіні, танкагорлых соснаў
і да прапашчай галавы маёй.
Вачніцы хрыплыя з’ядналіся ў адзін
адбітак анямелы чарнастава,
насілу ўбіты ў чэрап.
Беспрытульны,
а адчуваеш скразнякі ў душы!?
* * *
Мне падаецца, што жыву не я,
а нехта іншы за мяне жыве на свеце
ў маім абліччы.
Ні вачэй, ні цела,
ні рук, ні ног, ні рота. Ачужэлы
ва ўласным целе і, кавалак болю,
самазамкнёны ў мораку завіс.
Ты з нараджэннем выгалеў хіба,
а не прырос да цела. Не дайшоў
да ўласнай плоці. Толькі падарожны
паміжсусветаў, поўзаеш на дне
чужога існавання.
Сто начэй
наперадзе і сто начэй мінула,
а паміж імі — лялечка нямая
да белага распечаная болем,
як кропка пекла, лаканічны крык
сусвету, як малы драбочак сонца,
адчужаны і заблукалы ў целе.
Ты для сябе чакаеш нараджэння,
а смерць ужо ўвайшла ў цябе даўно.
* * *
Адлюбілася.
Адверылася.
Аджадалася.
Дзень ураўнаважаны,
як вывернуты валун.
Паступова ператвараешся
ва ўласны архіў,
дарагі,
бы памерлы сваяк.
Начны ставок пад соснамі,
кнігі, самота —
болей не вярэдзяць.
Сусвет — мірыяды дасяжных мэтаў.
Прыхамаці — здзяйсняльныя.
Выцягні руку перад сабой —
стылымі пальцамі
адчуеш самога сябе.
Спакой
вылучаны.
ВЯРТАННЕ
Перарэзанае святлом акно
вуліцы — белае па белым,
аж да болю.
Насып.
Далёкая шаша.
Машыны.
І неба вільготнае — над.
Шлях у сябе
вабіць (ужо закрыты),
адкрываецца (на развітанне).
Цемра.
Шукай.
Што там? Снег
Праз бор — кукурузныя сцябліны.
Світальныя таямніцы.
Тэрыкон.
Смярдзючая рака,
глыбінёю прапахлая.
Няхітрыя падарожжы
стаўком.
Дзіцячая павярхоўнасць,
невымоўная роднаснасць
з лёдам, з ветрам.
Душа, далей.
Колькі ні вяртайся,
чарада дарэмных спробаў —
вось яно, здзіўленае:
перарэзанае святлом акно
вуліцы — белае па белым.
Аж да болю.
Насып.
Далёкая шаша.
Машыны.
І неба вільготнае — над.
* * *
Я блукаў па горадзе майго юнацтва,
марна шукаючы ў новых кварталах
учорашнія дамы, скверы, сцяжыны,
знаёмую лепку на франтонах будынкаў,
геаграфія страчаная.
Горад папрыгажэў і вырас,
з’явіліся новыя бульвары, гатэлі, вуліцы,
помнікі, стадыёны, дрэвы,
толькі ніводнага знаёмага твару ў натоўпе,
ніводнага твару,
які нагадаў бы табе
загубленую маладосць.
Спадзяваўся сустрэць хаця б сябе
вось тут, дзе бруіцца фантан,
аблямаваны штучным мармурам.
Марна.
Няма.
Зніклы без вестак.
Узняліся ў неба лёгкія вышынныя будынкі,
і ты каля іх — маленькі-маленькі,
не разгледзець самому,
не тое што мінакам.
Спыніўшы таксі,
нейкі таксіст падышоў да фантана,
які апырскваў незнаёмую гнуткую тапольку,
вымыў рукі,
пасля, выцягнуўшы насоўку,
старанна выцер далоні,
сеў за стырно і памчаў,
падняўшы коламі пыл.
Гледзячы яму ўслед,
я ўпершыню ўсвядоміў: жыццё — не ўдалося.
* * *
Які гэта час?
Невядома – які гэта час.
Над галавой –
светлы гар віражоў
рэактыўных пілотаў,
унізе –
размахвае пашчарблёнай шабляй
цацачны Мікола Шчорс.
Стары падагрык
са шрамаваным напалам носам
нясе шахматную дошку
загорнутую, нібы фотапаперу,
у чорную абгортку.
На суседняй лаўцы
прымасціўся
сціплы мастацтвазнаўца
і пільна ўглядаецца
у чырвоную вокладку
толькі што набытага
Яніса Рыцаса.
Каля музея Леніна
трэніруюцца піянеры.
З прыкрасцю
крывіцца кінааператар:
ніяк не паймае ў аб'ектыў
паўтары хвіліны
іх натрэніраванае радасці.
А каля мяне
сядзіць хлопец,
усыпаючы старонкі нататніка
патрыятычнымі вершамі.
Ён вельмі сур'ёзны,
ён надзвычайна сур'ёзны!
А як жа – ён складае оду
Роднай КПСС.
Аднак найболей яго цікавіць
кінааператар:
вось бы напісаць яму на ілбе
аптымістычны катрэн!
Толькі трэба думаць пра высокае,
і хлопец задзірае галаву
туды, дзе на самай вершаліне таполі
крумкае варона.
* * *
Іх было двое — прыбіральніца й дворнік.
Яны сядзелі на Ўладзіміраўскай горцы —
там, дзе бачны ўвесь Труханаў востраў,
Дарніца і нават бліжнія трамваі,
і жвава абмяркоўвалі залапаны артыкул
«Як мы рыхтуем пленум райкама».
Паміж імі ўспыхнула жвавая дыскусія,
у якім раёне горада
пленумы праводзяцца найлепей.
Дворнік быў настырны,
але прыбіральніца не здавалася:
па памяці яна цытавала Брэжнева.
Доказы яе, амаль неаспрэчныя,
такі рабілі ўражанне,
бо дворнік, колькі ні супраціўляўся,
а змушаны быў здацца.
Ён дастаў з кішэні
загорнуты ў газету сняданак —
цыбулю, хлеб, кавалак сала і бутэльку вады, —
шчодра распалавініў,
аддаўшы ёй большую частку
хлеба, цыбулі і нават сала.
Паеўшы і папіўшы,
прыбіральніца дастала з-за пазухі
запэцканы вузельчык,
высыпала ў жменю дробязь,
паднесла да вачэй
і ўзялася падлічваць навобмацак.
Напэўна, яна збіралася
разлічыцца за сняданак,
але дворнік зрабіў каралеўскі жэст:
маўляў, не трэба платы,
ён сёння частуе.
* * *
Напярэдадні свята,
калі людзі кінуліся па крамах,
выносячы адтуль шпроты, смажаную рыбу,
вяндліну і гарэлку з перцам,
нейкі недарэка, абуты ў модныя чаравікі
(такія тыдзень таму якраз выставілі
ва ўнівермагу «Украіна» — дваццаць два
пяцьдзясят з дзіцячымі штанцамі васямнаццатага памеру
ў нагрузку), абліўся чорт ведае чым
і падпаліў сябе.
О, ён гарэў, нібы парася, якое смажаць на прымусе, —
наляцеў на людзей, што культурна сабе стаялі
у чарзе па цытрыны.
Паразбягаліся ўсе як адзін:
ад яго так несла смажаным —
аж нос вараціла.
На шчасце, з’явіліся некалькі міліцыянтаў,
адразу закінулі яго ў машыну
і памчалі да сваіх на Лук’янаўку.
А ў чарзе мы дастаяліся. А як жа —
што за святочны стол без цытрынаў?
* * *
Я ішоў за труной таварыша і думаў:
шанцуе ж людзям:
адкінуў капыты, і ніякіх табе клопатаў,
апошні раз бліснуў голымі сцёгнамі нябожчыка,
а свет няхай сабе ходзіць хоць бы на галаве.
Але як прыйшлі мы на могілкі,
убачылі столькі машын, фургонаў, катафалкаў —
не тое што падступіцца,
галаву няма дзе прасунуць.
Стаяла вялізная чарга па ямы.
Кожны прагнуў адхапіць кавалак зямлі
(давалі 1,5 на 2 метры ў адны рукі).
Наша чарга была васемсот шэсцьдзесят трэцяя.
Дзе там было яе дачакацца,
калі паналезла столькі гарлахватаў:
гэты інвалід першай групы,
у таго блат, у іншай малы на руках,
а той проста так — заліў вочы з самага ранку
і прэ куды ідзецца,
без розніцы, па бульбу ці па смерць.
Хацелі ўжо вяртацца дамоў ні з чым.
Думаю сабе — прыедзем назад,
я і скажу нябожчыку як на духу:
хопіць вылежвацца, уставай,
пацярпі колькі дзён, тры ці чатыры,
покуль гэты вал спадзе.
Але спяшацца — якога чорта.
Аж тут падкотвае да нас
баба з двума кошыкамі
(на могілках прадае гародніну).
Вам ямы трэ, пытаецца,
магу саступіць сваю,
рублёў за сто пяцьдзясят.
Можна адшукаць і танней,
але той ямы — адна назва,
а ў мяне проста табе пярына,
і паляжаць і выспацца,
аднаму ці, можа, з дзеўкай
(у бабы ўвесь металічны рот,
як той казаў, узброеная да зубоў).
Я адразу ж зразумеў — спекулянтка,
скупае ды перапрадае тут ямы,
але не таргуючыся
дастаў з кішэні грошы і аддаў —
на, каб ты зямлі сырой наелася.
* * *
Пасадзіць дрэўца –
пакінуць пра сябе найлепшыя ўспаміны.
і яны сталі высаджваць уздоўж калючага дроту
кветкі, кусты і дрэвы.
Дзікі вінаград аплёў вострыя шыпы,
Развесіў лапчастае лісце
І нават пусціў сіняватыя гронкі,
павіўся павой,
трубячы ў збляднелыя горны пяшчоты.
Каля агарожы параспускаліся такія касачы,
Півоні, вяргіні,
Што забяруць вочы і не вернуць.
Начальства, правяраючы, як яны выконваюць
Узятыя сацабавязкі,
Заўсёды ставіла насупраць графы
“мерапрыемствы для эстэтычнага выхавання зняволеных”:
вядзецца на высокім ідэйна-палітычным узроўні.
Адныя толькі подпісы высокага начальства
Ім нагадвалі забытыя шыпы дроту.
* * *
Чалавек падышоў да мемарыяла
і прачытаў на ім свае імя:
вечная слава героям,
што паляглі за незалежнасць Айчыны.
Яму прыемна і балюча.
Пад адной кашуляй Калыма і Ташкент.
Але жыхары горада праігнаравалі яго:
Хто паверыць гэтай байцы?
Калі ты жывы – тым горай для цябе:
шануем толькі памерлых.
Увесь клопат скончыўся, калі далі даведку:
“Прад’яўніка лічыць мерцвяком.”
* * *
Вось вам сонца, сказаў чалавек з кукардай на фуражцы
і выцягнуў пятак, падобны да сонейка.
А вось вам дарога, ён ступіў колькі крокаў направа
і пазначыў мыском яе мяжу.
Каб вам было радасна — уключайце магнітафоны,
транзістары,
бярыце ў рукі бразготкі ды бубны,
грукайце, хоць бы і па галаве.
Каб не хацелася есці і піць —
слухайце лекцыі, папулярныя кінафільмы,
якім шчаслівым жыццём зажывяце,
калі трапіце ў нябеснае царства.
А каб не капаў за каўнер дождж,
памятайце,
што кожная залева
калі-небудзь сканчаецца,
нават патоп.
Будзе холадна — спявайце гэтыя песні,
пры гэтым ён падаў скрутак
праштампаваных тэкстаў
(дазволена цэнзурай
для калектыўных спеваў
дваім, траім і болей спевакам).
Калі захочаце адпачыць —
вывучыце цікавую гульню пра вайну,
уявіце, што вас акружылі ворагі
і хочуць пазбавіць шчаслівага існавання.
Словам, страляйце, кідайцеся на амбразуры,
падайце пад танкі,
толькі не разбягайцеся, дадаў ён.
Дабрадзей наш, каму хочацца ўцячы з раю,
закрычалі мы ў адно горла,
углядаючыся ў вочы пад кукардай,
падобныя на дзве кропелькі ртуці.
* * *
Сядзім каля згаслага вогнішча,
Ператрэсваем у далонях попел,
Расціраем пагаслыя ўшчэнт вугольчыкі:
А што, калі жар яшчэ цьмее?
Тут цёмна і цёмна там і далей цёмна,
Але жар нібы яшчэ цьмее.
Вось ён! задуменна кажа мой сябра,
І вочы яго туманіць страх.
Бачу, тужліва кажу сябру,
Углядаючыся ў начных светлячкоў.
Сядзім каля згаслага вогнішча –
Стагоддзе, другое, трэцяе,
Вугольчыкі не стухаюць, не гаснуць.
Так што сябра, калі знявера яго нясцерпная,
Называе цярновы куст вечным агнём
І просіць запалку,
Каб запаліць цыгарэту.
ЭВАЛЮЦЫЯ ПАЭТА
Геніяльны паэт
раздвоіўся (на сябе ды страх!)
Паўпаэта раздвоілася
(на чвэрцьпаэта ды страх!)
Чвэрцьпаэта раздвоілася
(на васьмушку ды страх)
Васьмушка паэта раздвоілася
(на дробку ды страх)
Цяпер, калі ён ішоў па вуліцы,
над яго галавой
вісеў белы дымок,
а перапужаныя мінакі
паважліва саступалі яму дарогу
* * *
Адолей сябе, грэшнік,
Паўтаралі выхавальнікі,
Сцябаючы яго спіну
Бізунамі.
І нябога не вытрымаў,
Добра натужыўся
І вылузаўся з сябе,
Змінаючы грэшную плоць.
Адбегшы на колькі дзесяткаў метраў,
Яшчэ пад ляскат бізуноў,
Ён дарэшты разгубіўся:
Куды яму бегчы –
Наперад ці назад.
Вяртацца яму зусім не хацелася,
Але заставацца
Без скуры не цягнула таксама.
Можаш бегаць вакол сваёй скуры,
Як дзікун каля забітага мядзведзя
І ладзіць рытуальны танец
Сваёй падоланасці.
Няшчасны быў у захапленні:
Яму такі дазволілі існаваць у сабе,
Хоць і на адлегласці.
* * *
- Хопіць крыві!, прадэкламаваў кат,
калі яго нож, загнаны мне пад рэбры,
тырчэў у спіне.
А я падумаў, увесь скрыўлены ад болю:
што, калі ён возьмецца
яшчэ і лячыць мяне?
МУМІЯ
І
Галава яго запоўненая ўспамінамі
(Вечнае перажоўванне той самай ісціны:
грымасы подласці, подласць подласці,
подласць подласці подласці).
Прагна прамаўляе старэчым ротам —
тое, што было ў 1968 годзе нашай эры,
адлюстроўвае, нібы ў мёртвай вадзе,
падзеі 1968 года перад Хрыстом.
Рухаецца, гледзячы ў мерзлую ваду.
Прыйшоў, паглядзеў, зразумеў.
Зразумеў, прыйшоў, пабачыў.
Усё ўжо зразуметае,
прыйшоў, пабачыў,
ні халеры не зразумець.
Але — самасцвярджацца:
самасцверджанне нябожчыка,
рэанімацыя на ўзроўні нараджэння,
дэмакратыя могілак.
Вачэй — не трэба.
Ног — не трэба.
Высілкі — лішнія.
Лішняя галава
на рудыментарных плячах.
Цар прыроды, вянец яе,
большае, значыць, драбнее.
ІІ
Знікненне — гаючае.
Акрыянне — самастрата.
Выспяванне — знішчэнне.
Завершанне — вар’яцтва.
Кампазіцыя многіх галоваў,
пастаўленых адна на адну
(першая спіць,
другая спіць,
трэцяя — спіць,
чацвёртая, пятая —
да бясконцасці! —
спяць)
Верхняя вартуе сон.
ІІІ
Кінеш камень —
разыходзяцца роўныя колы.
Ловіш колы —
яны зноў збягаюцца,
утвараюць падабенства
сціснутай спружыны.
Вымаеш камень —
толькі чорная дзірка.
* * *
Гэты карабель вырабілі з чалавечых целаў.
Усё, што можна: палуба, трум, мачты
і нават машыннае аддзяленне.
Замарока была з абшыўкай –
найгорш трымалі воду месцы,
дзе трапляліся чалавечыя галовы.
Калі ўтваралася моцная цеча,
дзіру затыкалі кімсьці з экіпажа,
пакуль рэшта далей
шукала шчаслівую прыстань
у адкрытым моры.