Выспы рэальнасьці

Пераклад: 
сучасная чэшская эсэістыка па-беларуску, чэшская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

1.

Эсэ і паэзія маюць супольны спосаб мысьленьня — разьняволеную чараду вобразаў, кампазіцыю выпадковых абломкаў уражаньняў ці думак, не зьвязаных нічым мацнейшым за сваволю пішучай рукі. Верш нясе ў сабе эсэістычны час, час спробы, выпрабаваньня, калі чалавек сутыкаецца са сьветам. Гэта нагадвае хаду, пры якой асобныя крокі, гэтак жа як асобныя радкі, вымяраюць рэальны час паэтавага цела: тое ў момант, калі не датыкаецца ступнямі да зямлі, завісае ў прасторы, у якой паэт піша. Такое ваганьне, пераступаньне зь месца на месца ўласьцівае як часу паэзіі, так часу эсэ. Эсэ — злы цень паэта, які ён пакідае там, дзе ступае ягоная нага.

2.

Яшчэ ніколі літаратура і мастацтва не былі настолькі далёкія ад памкненьня да свабоды, як сёньня. У кожнай фразе і вуліцы, па якіх я вяртаюся з працы дамоў, адчуваецца трупна-бледная зарапартаванасьць людзей у сыстэме фраз і вуліц. Трэба нарэшце прызнацца сабе самім, што надзеі на вызваленьне чалавека, якія ўкладаліся ў творы мастацтва і літаратуры ў якасьці пасылу, сябе не апраўдалі. Чалавек ня толькі ня быў вызвалены, наадварот: сёньня ён сам, дабраахвотна замыкаецца ад свабоды яшчэ больш надзейна, чым раней.

3.

Паэзіяй і мастацтвам завалодаў маркетынг, яны сталі такімі ж прадажнымі, як і сьвет навокал.

4.

Калі ўсе пачнуць пісаць кнігі і здымаць кіно, мы патонем у моры тупасьці. Таму што людзі будуць займацца мастацтвам толькі дзеля таго, каб іх лічылі творцамі, каб грамадзтва прызнала іхны статус і ацаніла іх. Ім будзе патрэбнае не мастацтва, а прызнаньне. Яны лепш будуць як хтосьці іншы, чым стануць самімі сабой — а гэта адзінае, што яшчэ мае сэнс, нават за кошт таго, што ты ня будзеш творцам.

5.

Дакранацца да рэальнасьці азначае сьвядома натыкацца на яе супраціў — толькі так можна яе адчуць. Толькі так ільга адчуваць сьвет, то бок — жыць: у несупынных сутычках з рэальнасьцю.

6.

Замест таго, каб існаваць, мы толькі прад’яўляем доказы свайго існаваньня. Даказваньне свайго існаваньня паступова робіцца якімсьці зьместам нашых жыцьцяў. Гэтак заканчваюцца нашыя дачыненьні са сьветам, бо там, дзе мы хацелі б да яго дакрануцца, між намі раптоўна ўстае ўстанова, і мы вымушаныя пакідаць ёй пячатку-імя ў якасьці жывога доказу таго, што нашае існаваньне яшчэ цепліцца.

7.

Усё так хутка пазбываецца навізны, што здаецца, быццам ня толькі не ўзьнікае нічога новага, але быццам узьнікае ўжо выключна сама па сабе зношанасьць, якая ператвараецца ў эталён усіх мераў і паступова авалодвае намі.

8.

Вось так яна і разьвіваецца, літаратура. Калі раней пасьля сьмерці аўтара выдавалі нават самыя ўбогія ягоныя зацемкі і маргіналіі, дык сёньня аўтары ўжо адразу пішуць адны ўбогія зацемкі і маргіналіі — пішуць як нешта, што нібыта павінна быць вялікім і заслугоўваць пашану. Нізкасьць памалу, але ўпэўнена замяняе сабою веліч.

9.

А можа, задача палягае ня ў тым, каб спасьцігнуць рэчаіснасьць, а хутчэй у тым, каб знайсьці ўрэшце адказ на пытаньне, чаму сьвет усё часьцей паварочваецца да нас сваім жахлівым бокам, чаму зьмяніўся менавіта яго выгляд, чаму нам ува ўсім бачным бачыцца жах, які зьяўляецца нам пасярэдніцтвам мільёнаў рэклям, тэлевізійных праграм, інтэрнэтавых і газэтных артыкулаў, ажно ўрэшце здаецца, быццам уся гэтая жуда плавае ў нейкай цэльнай візуальнай масе; чаму несупынна падвышаецца хуткасьць, зь якою сьвет выкладвае перад намі асобныя жудасьці, чаму ён выяўляецца ў мэдыях менавіта такім, а ня іншым, быццам хоча штось нам паведаміць, намякнуць, што нешта пайшло ня так, нешта вывіхнулася, і гэтага ўжо не спыніць... Чым далей, тым болей сьвет распадаецца і абрынаецца ўглыб сябе. Магчыма, гэта таму, што насьпеў момант, калі сьвет пачынае памалу зьнікаць. Магчыма, што празь нейкі час сьвет незваротна зьнікне з нашых вачэй і думак, а нам застануцца толькі нейкія выспы, на якіх мы зможам знаходзіцца, выспы рэальнасьці, дзе сьвет яшчэ будзе зьяўляцца ў сваім першапачатковым і неперакручаным выглядзе, тым часам як тут, дзе мы цяпер, ён назаўжды перастане існаваць.

10.

Мастацтва мадэрнізму, якое найвастрэй паставіла пытаньне пра межы мастацтва, сваім запытаньнем ня толькі нікуды не пасунула гэтых межаў, але нават адступіла зь іх назад. Настала ня тое, чаго ўсе чакалі, а зусім адваротнае. Паставіўшы пытаньне пра межы мастацтва, мадэрнае мастацтва пачало іх незаўважна пакідаць. Мастацтва памалу зьнікае з нашага жыцьця, а вакол нас застаецца толькі пустая рэчаіснасьць сьвету-на-мяжы, якую мы ўжо не запоўнім ніякім мастацтвам ані чарадзействам.

11.

Мастацтва і прыроду падпарадкаваў сабе турызм.

12.

Рэальнасьць — гэта тое, што людзі збольшага, самі таго не ўсьвядамляючы, адрынаюць як штосьці няўяўнае і невыноснае, як нейкі цьмяны і незразумелы цяжар.

13.

Па меры свайго старэньня нібы пачынаеш забываць усё, што яму папярэднічала, улучна з тым, што цябе прывяло сюды, у гэтую сытуацыю, да акалічнасьцяў, у якіх ты цяпер знаходзісься, у дом, дзе ты жывеш, да жанчыны, зь якой ты жывеш. Нібы ўсё, абсалютна ўсё, што было раней, раптам зрабілася неістотным, а ўсё, што ёсьць — знаходзіцца тут і цяпер перад тваймі вачыма, вырванае з катэксту і кінутае на сваволю выпадку, як нейкая ўбогая і кволая адасобленасьць, што забылася нават на сваё паходжаньне, нібыта ніводны адказ на пытаньне «чаму?» ня быў да канца здавальняючым.

14.

Калі мастацкі твор не даведзены да самых сваіх межаў, якія заўжды ставяць яго пад сумнеў, не даведзены да самай сваёй супрацьлегласьці, не ператвораны ў нішто, не дасягае абсурду — тады ён перастае праўдзіва сьведчыць ня толькі сам пра сябе, але і пра сьвет, зь якога ён узьнік. Кожны сапраўдны мастацкі твор утрымлівае ўсьведамленьне жаху ад таго, што яму накавана зьнікнуць, што ён міжволі нясе ў сабе ўласнае зьнікненьне.

15.

Мы нараджаемся, каб на момант убачыць сьвет, і ўсё. Адзінае, што мы можам яшчэ зрабіць — гэта нешта падумаць пра сябе ці пра сьвет. Але большасьць людзей гэтага ня робіць, яны проста нараджаюцца, бачаць сьвет і паміраюць, так ні пра што і не падумаўшы. І ўсё.

16.

Мастацтва ня можа забываць пра той жах, які назапашваецца штодня — іначай яно перастае быць мастацтвам.

17.

Паэзія нічога не дае. Яна залішне заглыбленая сама ў сябе, каб яшчэ кагосьці цікавіць. Яна замкнулася ў сабе, у сваёй пазбаўленай зьместу выключнасьці, тым часам як рэальны сьвет ідзе далей сваёй дарогай да катастрофы, і ніхто ўжо яму ў гэтым не зьбіраецца замінаць. Паэзія ўмее толькі аплакваць страчаны сьвет, і больш нічога. Паэзію перамаглі палітыка, эканоміка і іншыя «ікі».

18.

У асяродку чэскіх паэтаў сасьпела патрэба сатырычнага раману.

19.

Паэты, якія так прагнулі вечнай славы, сталі функцыянэрамі.

20.

Чаму ня вучаць у ВНУ і што ўсьведамляюць толькі нямногія — гэта што паэзія ёсьць пратэстам, што само пісьмо заснаванае на бунце, што менавіта ў гэтым нібыта лёгкім узяцьці асадкі й разьмяшчэньні словаў на паперы ўжо ўтрымліваецца непадпарадкаваньне — гэта пратэстуе сама рыса, само перакрэсьленьне белай і ўдавана нямой цішы. Мастацтва ёсьць бунтам, а ўсё астатняе — толькі балбатня. Паэзія — бунт, літаратура — бунт, кожнае слова — бунт.

21.

Сучаснае мастацтва ня ўкладваецца ў здаровай галаве, гэтак жа як і Галакост.

22.

Мяне так лёгка прыняць за кагосьці іншага, што ад мяне самога амаль нічога не застаецца! Я нагадваю некага, хто калісьці прыняў рашэньне быць, ці там кімсьці стаць, а зараз зьдзіўлена назірае за тым, як сапраўды кімсьці стаецца — ён здольны сказаць, кім ужо ня ёсьць, але няздольны сказаць, кім будзе. Ён жыве на памежжы дзяцінства й сталеньня. Гэта і ёсьць старэньне: калі несупынна спрабуеш дацягнуцца да сябе. У кожнае імгненьне я б мог быць кімсьці іншым, у кожны момант я магла б быць сама сабой, але нельга.

23.

Я ўжо толькі пісьмовая прылада, выпрацаваная рука, асадка, якая піша мяне, тым часам як я сам губляюся ў інтэрвалах між словамі, дзе прамільгвае пустата.

24.

Кожны мастацкі твор церпіць няўдачу праз мову, якой ён прамаўляе. Гэта адзіная пэўнасьць, якую мастацкі твор нясе ў сабе ў якасьці пасылу. Калі ўсё скончылася правалам, не застаецца нічога іншага, як уключыць у твор сам правал як асноўны прынцып твора.

25.

Можна падумаць, што мне даводзіцца ў кожны момант жыцьця ад сябе дыстанцыянавацца, каб зразумець, што гэта ня я.

26.

Той, хто ўва мне піша — жанчына.

27.

Вось так я і жыву ў гэтым горадзе і старэю разам зь ім. Сустракаю на вуліцах знаёмцаў, у крамах пэрыядычна бачу ўжо бачаныя твары і вітаюся зь іхнымі носьбітамі. Я настолькі стаў часткай гэтага горада, што разам зь ім пакрыёма ператвараюся ў яго даўнюю гісторыю і раблюся падзеяй у нейкім забытым часе. Мяне пачынаюць разглядаць нашчадкі, я ўжо амаль бачу, як яны гартаюць пажаўцелыя альбомы ці заходзяць на пасівелыя інтэрнэт-старонкі. Я стаў часткай гарадзкога мэханізму, кожны дзень ежджу на працу і гляджу ў твары гэтых несвабодных і пустых людзей, нейкіх угнутых, стуленых у сябе, у сваю ўласную марнасьць і нікчэмнасьць, у пустапарожнюю хаду жыцьця, якое замест сэнсу поўняць нейкія недарэчнасьці, несур’ёзная праца і ролі, што паступова ўсіх гэтых людзей ператраўляюць. Ажно здаецца, што стаць часткай чалавечай грамады ў любую эпоху заўжды азначае толькі адно: канчаткова вырачыся сябе, сваёй мары пра свабоду.

28.

Старасьць настае так, што з прычыны даўгаты тваёй тутэйшай прысутнасьці і тваёй ужо-вядомасьці-ўсім сьвет перастае табою цікавіцца, і ты пачынаеш занепадаць. Магчыма, калі б сьвет не перастаў табою цікавіцца, ты мог бы яшчэ тут быць і па-ранейшаму дзівіцца, нібы нядаўна народжаны. Але ты для сьвету ўжо даўно стаў нудным, нікому не патрэбным, таму не застаецца нічога, як толькі пастарэць і палысець, зрабіцца сьмешным, худым і азызлым.

29.

Хто ўжо ня мае надзеі ахапіць сваё жыцьцё ў цэласьці, той усё яшчэ можа крэмзаць яго чарнавікі, гэткія сабе марныя і сьмешныя цыдулкі, якія ў пляшках кідаюць у мора.

30.

Усё, што мы перажылі, ператварылася ў сваю супрацьлегласьць, так што ў нас не засталося нічога, апроч адваротнага боку перажытага. Але раптам, калі мы ўжо ўсё перажылі і ня маем чаго пражываць, у нас зьяўляецца пра што пісаць. Час ляціць, і яго ціша — невычарпальная. Ён прыходзіць да нас здалёк, як адлеглы дождж.

31.

Паэзія і мастацтва выяўляюць нашую прысутнасьць у сьвеце, якой мы звычайна нават не ўсьведамляем. Яны паказваюць нам нашае існаваньне як трывалую мінучасьць, як нешта, што супраціўляецца часу, што здольнае падмануць час нейкім занурэньнем у яго мэханізм, у глыбіні якога нішто не мінае і ўсё ёсьць прысутным. Мастацтва ўломваецца ў сьвет і знаходзіць доказы таго, што мы ў ім былі.

32.

Настане час, калі мастацтва ня будзе ствараць ніхто. Гэта больш праўдападобна за тое, што яго будуць ствараць усе. Але магчыма, што няма ніякай розьніцы, ці будуць яго ствараць усе, ці ня будзе ніхто, — толк адзін.

33.

Менавіта там, дзе паэзія са сваёй мовай не дае рады, прыходзіць эсэ, нібыта сатканае з самой па сабе бездапаможнасьці. Эсэ: мова, сатканая зь няўдачаў паэзіі.

34.

Я хаваюся сам у сабе, як баязьлівая мыш у нары.

35.

Кожны чалавек зьмяшчаецца ў сваім часе, будучы яго закладнікам. Ён жыве ў ім з нараджэньня, стварае яго сваймі звычкамі, перанятым ад бацькоў выхаваньнем, гвалтам, што ўпячатваецца ў ягонае жыцьцё пасярэдніцтвам школы і грамадзтва, у якім ён жыве. Чалавек — закладнік свайго часу, як і свайго найбліжэйшага атачэньня, і сам памалу ў яго ўрастае. Ён арганізуе штодзённы рытм гэтага часу тым, што раніцай устае а ўвечары засынае, рыхтуецца да школы, выконвае заданьні, зьбіраецца будаваць кар’еру. Ягоны час ня надта адрозьніваецца ад часу іншых, і тым ня менш — ён толькі ягоны, ён утрымлівае ўспаміны пра дзяцінства, розныя няспраўджаныя фантазіі, мары і жаданьні, разам з тымі, што спраўдзіліся, але не напоўнілі яго так, як ён спадзяваўся. Гэты час ён паўсюль цягае з сабою, езьдзіць зь ім у трамваі на працу, на ровары на прыроду, ходзіць зь ім пешкі ў краму, вандруе зь ім у іншыя гарады, запаўняе яго, а сам гэтага і не ўсьведамляе. Падчас сустрэчаў і размоваў зь іншымі людзьмі яму здаецца, што і яны належаць да ягонага часу, і толькі калі ён зь імі пасябруе, зблізіцца зь імі ў размове, то спраўдзіць, што і яны маюць свой уласны час, крышку адрозны ад ягонага, як і ягоныя бацькі, і што яны таксама ёсьць вязьнямі свайго часу. Толькі пры такіх умовах людзі могуць сустракацца і быць самі сабой. Кожны цягае з сабою свой час, кожнага цягае за сабою яго ўласны час: той нагадвае пляніроўку кватэры, разьмяшчэньне мэблі, аздобы, усю інтымнасьць, якая перадаецца жытлу ад характару гаспадара. Гаспадар ня бачыць вакол сябе свайго часу, але час суцэльна яго атачае. Вельмі рэдка чалавеку ўдаецца вырвацца зь яго — раптам зьехаць і пакінуць свой час бяз догляду ў сваёй кватэры. Толькі вярнуўшыся ў таварыстве новага часу, што ўзьнік цягам дарогі, і ўбачыўшы стары й непатрэбны час, адбіты ў кватэры, вачах ягоных бацькоў і жэстах сяброў, якія чакалі вандроўніка дома, чалавек усьведамляе, што яму давядзецца зноў падпарадкавацца старому часу, гэткаму сабаку, што суправаджае яго зь дзяцінства, а новы час, узьніклы ў дарозе, адкінуць і забыць. А калі чалавек урэшце памірае, то ягоны час у разгубленасьці яшчэ ненадоўга затрымліваецца на сьценах і на ягоных рэчах, каторымі нябожчык абкружыў сябе пры жыцьці, пакуль чужыя людзі іх не разьбяруць, не разьбяруць на запчасткі ягоны час і не забудуць пра яго пах, што ўеўся ў рэчы. А як толькі зьнікне пах асабістага часу, чалавека забудуць.

36.

Замест прагрэсу мы дасягнулі прадуктыўнасьці.

37.

Хто будзе апавядаць нас, калі нас ужо тут ня будзе? Ці мы нарадзіліся выключна для таго, каб наступныя пакаленьні апавядалі нас дзеля ўласнай пацехі або павучаньня? Няўжо мы нарадзіліся толькі як пэрсанажы, каб хтосьці потым уключыў нас у свой сюжэт, які мы жывем, самі таго не ўсьведамляючы і ня ведаючы да часу, як ён будзе выглядаць? А можа мы будзем забытыя, а некаму іншаму пашанцуе, і ён стане галоўным героем, тады як нам застануцца толькі другарадныя ролі, а мо і наагул адны сумнеўныя спадзяваньні выйсьці на сцэну камусьці на замену. Адзінае, што нам вядома — гэта што мы ў чымсьці задзейнічаныя і штосьці пражываем, ня ведаючы наступстваў, а тыя толькі паступова фармуюцца ў сюжэт, які аднойчы, магчыма, будзе кімсьці заўважаны і апаведзены. І тады ўрэшце нашыя жыцьці ператворацца ў вобразы.

38.

Няма больш ніякай надзеі, адна маўклівая папера.

39.

Усё незваротна зьнікае, апроч толькі самога зьнікненьня, якое застанецца з намі на ўвесь час нашага тутэйшага быцьця, пакуль мы самі ня сыдзем у нябыт.

40.

Бессэнсоўны ўсякі пачатак, і асабліва гэты.

Прага-Карлін, 2011 — 2013 гг.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Пераклад:
Макс Шчур

відавочна
што з нас аднойчы будзе
яшчэ адно пакаленьне бацькоў

якія ня ведаюць пра сьвет

ні халеры

Пераклад:
Макс Шчур

Пачуцьці
гэта для жонак
я магу суложыць і ненавідзець напоўніцу
магу сысьці
не заплаціўшы

Пераклад:
Макс Шчур

Заклятымі ворагамі паэзіі ёсьць як усякая думка пра дасканаласьць, так і памкненьне аўтара заняць нейкую, хай сабе нават нэгатыўную пазыцыю ў дачыненьні да “спэктаклю” культуры.