Жыццё і шахматы

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Кароткія тэксты

Вычварэнцы

Яны прыдумалі гульню і пачалі гуляць.

Вечарам ён і яна ішлі ў кінатэатр «Цэнтральны», дзе ў 1997 праходзілі дыскатэкі. Былі там і столікі з ежай і алкаголем. Пад столлю ў цемры круціўся люстраны шар, білася музыка ў сценах «Цэнтральнага».

Адбіткі люстраного шара — бліскучае срэбра на тварах наведнікаў.

Замаўлялі каньяк. Ён заставаўся сядзець за столікам, яна ішла таньчыць.

Круціўся шар, раскідваў срэбныя водбліскі-зайчыкі. Цені мітусіліся на сцепах старога кінатэатра.

Карнавал. Пераўвасабленне.

Ён сядзеў з сумным задуменным выглядам, у чорнай шаўковай кашулі і назіраў за яе танцам, за тым, што яна робіць. Рабіла яна тое, пра што яны загадзя дамовіліся.

Падчас танца знаёмілася з хлопчыкам. Выбірала маладзейшага за сябе, запрашала за столік. Хлопчыка частавалі. І распавядалі гісторыю, у якой яны былі — муж і жонка. І ён казаў:

— Я мастак і заможны чалавек, але... маю праблемы.

Усе словы прагаворваліся ціхім голасам на адной ноце. Ён тлумачыў, што мае праблему з патэнцыяй — падманваў, але выглядала пераканаўча. Лёгка верыцца, калі чалавек прызнаецца ў слабасці.

— А жонка ў мяне маладая, прывабная, — ён рабіў жэст рукой, каб падрэсліць прывабнасць жанчыны — бландынкі з тварам адсутным, як у гіпсавай фізкультурніцы ў парку. Ціхія словы, інтанацыі даверу.

Пад столлю круціўся бліскучы шар.

Калі чалавек хоча верыць, ён верыць. А чаму б і не? Бывае ж такое — бізнесовец, імпатэнт і мастак, жонку кахае, таму не хоча пазбаўляць яе жыццёвых радасцяў. Бывае? Бывае! У адным людзі моцныя, у іншым — слабыя. Слабыя людзі могуць быць і забяспечанымі, і бяспечнымі. Можна дапамагчы. Здаецца, калі дапамагаеш імпатэнту — рызыкі няма. Ён прапаноўваў хлопчыку заняцца з сэксам з яго «жонкай», а ён будзе глядзець, і маляваць, і яшчэ:

— Я заплачу 50 даляраў.

Хлопчык пагаджаўся, выходзілі з Цэнтральнага, пераходзілі праспект ў дом насупраць — з эркерамі, балконамі, калонамі і паўкруглымі вокнамі.

У кватэры на апошнім паверсе перад выхадам на дах, ён глядзеў, як яна займаецца сэксам з хлопчыкам і маляваў.

А пасля ён падводзіў хлопчыка да паўкруглага вакна паказваў на дом насупраць і казаў:

— Бачыш дом?

— Ага, — ківаў хлопчык.

— Я там працую.

— ???

— Плаціць табе ніхто не будзе.

Хлопчыка выганялі з хаты.

Яна так і распавядала, што біла юнака тапкам і крычала:

— За сквапнасць!

Пасля прыгоды заставаліся маляванкі, падобныя да коміксаў. І расповеды — у некалькіх версіях. У яго версіі яна з хлопчыкам займалася сексам па-рознаму, у яе версіі — яна толькі біла тапкам і карала за сквапнасць. Былі яшчэ версіі хлопчыкаў, але пра іх мы не даведаемся.

Жыццё і шахматы

У мяне ёсць школьная сяброўка Каця, у школе яна займалася шахматамі — шмат часу праводзіла на спаборніцтвах. А яшчэ раней — была той дзяўчынкай, якая ў Гомельскім парку абыгрывала дарослых і сталых шахматыстаў. Яе прыводзіў тата ў парк. Цяпер яна не любіць гаварыць пра шахматы.

А я часам распытываю у яе — ці можна правілы гульні ў шахматы прыстасаваць да жыцця.

Кожны раз чую адно — не, бо жыццё нельга пралічыць.

Але хаця б на кароткі перыяд можна зрабіць жыццё прадказальным?

Апошні раз я пачула такое:

— У шахматах абмежаваная колькасць фігур — 16 белых і 16 чорных. А ў жыцці колькасць фігур неабмежаваная.

— А калі скараціць сваё асяроддзе толькі да значных для сябе фігур?

— Можна і скараціць, але так можа здарыцца, што на тваё жыццё паўплывае постаць, якую ты не адзначыла, як значную. І паўплывае вельмі моцна.

Каця прыводзіла мне яшчэ прыклад з жыцця — з крымінальнай хронікі Гомельскага раёна. Адна жанчына мела каханка, які жыў у сваім доме. Жанчына хацела, каб ён пераехаў да яе, і вырашыла спаліць яго дом. Разлік быў: ён застанецца без дома і пераязджае да яе.

Яна залезла на гарышча, пачала падпальваць, але пачаўся дождж і вецер, з’явіліся сведкі. Яе судзілі. Каханак адмовіўся ад яе, застаўся жыць у сваім доме.

А ў шахматах — яна магла б перамагчы.

Успамін пра Уладзіслава Ахроменку

З Уладзіславам Ахроменкам мы вучыліся ў адной школе нумар 26 горада Гомеля. Ён бы на тры гады старэйшы.

Я памятаю Уладзіслава Ахроменку як хлопчыка, апранутага ў светлы ў клетачку строй замест сіняй школьнай формы, а замест піянерскага гальштука — мятлік.

На школьных імпрэзах ён граў на сцэне на піяніна.

Падчас вучобы ў школе ў нас быў агульны вораг — садыст, якога мы згадвалі і абураліся ім да апошняга часу — ужо ў дарослым жыцці.

Мы ішлі ў жыцці побач і паралельна.

Жылі ў адных гарадах, працавалі на адных працах.

У 90-ыя гады Уладзіслаў Ахроменка быў легендай у асяродку літаратараў, якія рабілі камерцыйныя раманы.

Гаварылі, што ён піша па 36-40 старонак у дзень. Гэта 1994 год. Як? Ніхто не мог зразумець, як так хутка можна было пісаць. Пра гэта я спыталася ў Ахроменкі летам 2015 году ў Беластоку.

— Табе цікава праз столькі гадоў?

— Вельмі. Усім было цікава. Таямніца.

— А з вас ніхто не падумаў, што я прафесійны піяніст?

— І што?

— Хуткасць пальцаў. Хуткасць набора тэксту. Я добра граю Брамса!

Пераслед

Даведалася пра забаву пасляваенных дзяцей на самым пачатку 50-х гадоў.

Называлася яна «ганя́ць».

Займаліся гэтым дзеці, якія нарадзіліся падчас вайны.

Сэнс гэтага «ганяць» быў у маўклівым пераследзе.

Дзеці дамаўляліся пра аб’ект і моўчкі ішлі за ім па горадзе — у дадзеным выпадку па пасляваенным Барысаве.

Дзеці не абзывалі, не абражалі, не білі, яны проста ішлі следам.

У выніку ў таго, каго «гналі», здавалі нервы.

У натоўпе «гончых» маглі быць і сябры таго, каго «гоняць».

Часам «ганялі» парачкі дарослых закаханых, якія хацелі адасобіцца.

«Ганяць» маглі знаёмых і незнаёмых, часта першапрычына гону была няяснай для ўдзельнікаў.

Уральскія камары

У краме, дзе ўсё для рыбалкі, набывала корм для акварыўма і спытала: ці беларускі матыль?

Сказалі, што беларускі — з глыбокіх віцебскіх азёраў.

— А я ведаю, што і рускага матыля прадаюць.

— Прадаюць — вялікі, чырвоны, хоць сам яго еш. Уральскі.

— І камары з яго ж не нашы вылупляюццца?

— ???

— Рускія камары. Не ўвесь жа матыль трапяе на корм рыбам нешта ж застаецца. І з іх вылупляюцца камары. Скажыце мне, як біёлаг, ці не біялагічная гэта зброя?

Змяшальніцтва, смех, а пасля:

— Не, не зброя, у нас жа саюзная дзяржава.

— Але камары рускія вылупляюцца, ўральскія.

— Так.. І яны змешваюцца з нашымі і атрымліваюцца больш надзейныя. І моцныя. як коні.

— Мацней кусаюць?

— Ну, не толькі. Там, у тайзе, ёсць камары з такімі «насатымі тварыкамі», што брэзент прабіваюць. Мне тата распавядаў — ён там у экспедыцыях быў.

Апарыша ў Беларусі таксама ад кенійскай мухі прадаюць.

Легенда пра Пралетарскія могілкі ў Воршы

Могілкі маюць назву «Пралетарскія» — паводле вуліцы, дзе знаходзяцца. Старажытныя, заснаваныя на зямлі Базыльянскага кляштару, які быў недалёка — на беразе ракі Аршыца.

На могілках дзейнічала драўляная ўніяцкая царква, якая пасля стала праваслаўнай.

Падчас Другой сусветнай вайны на могілкі ўпала бомба. З гэтым выпадкам была звязаная страшная гісторыя, якую пераказвалі адно аднаму аршанскія дзеці — пра тое, як патурбаваныя выбухам нябожчыкі ляталі па небе ў трунах і без. А пасля вайны прывіды патурбаваных нябожчыкаў сядзелі на галінах могілкавых дрэваў. Але дзеці не баяліся і хадзілі на могілкі.

Царква таксама пацярпела падчас выбуху, але адразу пасля вайны яшчэ дзейнічала і прымала вернікаў. Была знесеная ў 60-я гады.

«Либідь»

Цягнік Санкт-Пецярбург — Кіеў.

Цягнік называецца па-украінску «Либідь» — Лебядзь. Паводле легенды, «Либідь» — сястра трох братоў-заснавальнікаў Кіева: Кія, Шчэка ды Хорыва.

Размовы ў цягніку «Либідь» — асобная тэма.

Падчас Майдану цягнік нагадваў вулей, пасажыры спрачаліся паміж сабой, гаварылі гучна і шмат.

З 2014 года, калі пачалася вайна, размовы ў цягніку сціхлі.

Шэпт і маўчанне. Ніхто не ведае, з кім едзе побач у цягніку.

Верасень 2018 года.

Цягнік зноў поўніцца гулам.

У верасні 2018 года са мною ў купе ехалі тры чалавекі.

Усе тры — з Пецярбургу. Святар праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату з украінскім грамадзянствам. Інжынер — адмысловец па маразільным абсталяванні, які ехаў у Дняпро, каб усталяваць помнік на магіле сваёй маці. І яшчэ яшчэ малады хлопец — у госці да сваякоў у Кіеў.

Традыцыйны пачатак размовы — чысціня ў Беларусі.

Пачынае адмысловец па маразільным абсталяванні:

— Ці заўважылі вы, якія чыстыя лясы ўздоўж чыгункі?!

— Вось, што значыць, калі ёсць адзін Гаспадар, вось што значыць цвёрдая рука, — адазваўся поп.

— А гэта ўсё ад таго, што Лукашэнка дазволіў людзям браць сухастой бясплатна сабе на распал печак. Таму людзі самі выходзяць у лес і цягнуць сухастой сабе на панадворкі. Бясплатна. Добры гаспадар.

— Так, так гаспадарская рука. Так раней па ўсёй Русі быў Цар — памазанік Божы.

І ў гэты момант (не жартую) з верхняй паліцы, дзе едзе піцерскі хлопчык, мне на галаву звалілася папяровая кніга — Джордж Оруэл, «1984».

Масква

На станцыі метро Тэатральная — барэльеф: сялянка, певень і яйка. Певень і яйка адпаліраваныя да залатога бляску. Падыходзіць жанчына — гладзіць пеўня, гладзіць яйка, хрэсціцца і адыходзіць. Напэўна, «на шчасце» штосьці загадала і такім чынам прысягнула пеўню і яйку — «год Пеўня» яшчэ не скончыўся па ўсходнім календары.

Кнігарня «Біблія-Глобус» на Лубянцы. Кнігі: Пуцін, Трамп, Сталін, далей — кнігі з серыі «Бібліятэка злачынстваў», «Зараза» — пра інфекцыі, якія перадаюцца людзям ад жывёлаў.

Жанчына каля кніг Вікторыі Токаравай нервова: «Што выбраць, што выбраць, люблю Токараву. Але што выбраць? Якія тут сюжэты? Як паглядзець? Інтэрнет тут не ловіць. А што ж вы хочаце — чатыры будынкі ФСБ навокал!»

Касцёл святога Людовіка ў Маскве на вуліцы Малая Лубянка — адзіны касцёл, які дзейнічаў у Маскве пры СССР.

Кажуць, што там усё было перапавіта праслухоўваючымі прыстасаваннямі і дратамі. Цяпер тут імша адпраўляецца па-руску, па-французску, па-ангельску і па-літоўску.

Былі на імшы на рускай мове. Цікава, што «занядбанне» у расейскім варыянце гучыць як «неисполнение долга».

Казанне святар пачаў з таго, што дэпартамент маёмасці хоча адабраць будынак, і прапанаваў памаліцца за «правительство Москвы и департамент имущества».

Нікулінскі раённы суд, паліцыянт пры ўваходзе бярэ беларускі пашпарт з візамі і... Тут перадаю даслоўна, бо не перакладаецца:

— Что это такое? Откройте нормально, чтобы не колупаться! Что это? Откройте, где по-русски! Ну, всё через ж-пу! Почему нельзя было сделать, чтобы номер был на той же странице, где фамилия? Как на той? Не на той. Где? Вы ВРЕТЕ! Вы всё врете! Врушка!

2017-2019

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Сон, варыянт другі, — на экспазіцыі ўсё як раней, але людзі на фатаздымках рухаюцца, старонкі кніг варушацца, і дзіўны ветрык, невядома адкуль, а экскурсантаў няма, усё, што я гавару — я гавару сама сабе.

Алесь Бяляцкі сказаў мне, што я вязу перадачу для Барыса Ханонавіча Хамайды. Я спытала: хто гэта? Ён адказаў, што гэта вельмі добры чалавек з Віцебску, у Менску яго затрымалі, а мне галоўнае не забыцца і правільна сказаць імя і прозвішча, калі буду перадаваць перадачу. Я ехала і, як у анекдоце пра мыла, паўтарала: «Хамайда Барыс Ханонавіч, Хамайда Барыс Ханонавіч».

Калі пачалі аб’яўляць па-беларуску прыбыццё, раптам у тэкст аб’явы ўварваліся гукі музыкі: «Перамен» Цоя на ўсю станцыю. Пасля тая ж абвестка па-руску і зноў — «Перамен». А пасля наступнае: «Сотрудников милиции просим подойти в...» (радыёрубку ці нешта такое).

З намі не можа адбыцца нічога такога, чаго няма ў нашай падсвядомасці. Але ці можа побач з намі існаваць нешта не нашае, нябачнае, ледзь адчувальнае і незразумелае, што не належыць нам, а прыцягвае здарэнні і людзей? Было ж такое, што адчувала ў гэтай кватэры дзяўчына рэзкі пах адэкалону, які невядома каму належаў.