28.12.2015

Ад аўтара да чытачоў – адзін “Крок”

Напрыканцы 2015-га года ўва ўкраінскім выдавецтве “Крок” http://krokbooks.com/ пабачыла сьвет яшчэ адна беларуская кніга: гэтым разам гэта раман Макса Шчура “Завяршыць гештальт”. Аўтар марыць, а выдавец прыкладае намаганьні, каб ужо неўзабаве кніга патрапіла да беларускага чытача.

Пасьля невыданьня раману “Там, дзе нас няма” дзесяць гадоў таму Шчур абяцаў, што тлустых кніг болей пісаць ня будзе. Хутка мы спраўдзім, ці не дарма ён парушыў сваё абяцаньне.

“Завяршыць гештальт” – дзёньнік падарожжа “чалавека з фотаапаратам” у прасторы і часе, з Чэхіі ўва ўлюбёную краіну ягонай маладосьці Галяндыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Эўропы і сьвету, абмяркоўвае зь імі надзённыя пытаньні эстэтыкі й геапалітыкі і напружана чакае, калі зь ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэньне выехаць за мяжу – як цяпер, так дваццаць гадоў таму зь Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцьця чакае яго ў Амстэрдаме.

Прачытаць урыўкі з кнігі можна на сайце выдавецтва: http://krokbooks.com/portfolio/3230/