15.10.2016

Адным “Беларусам” стала болей

Віншуем альманах беларускіх літаратараў замежжа зь 10-м па ліку выпускам! Безь яго ня толькі літаратурнае, але і звычайнае жыцьцё многіх беларусаў у эміграцыі было б шарэйшым і бяднейшым.

З гэтай нагоды сталы аўтар альманаху Макс Шчур: “Калі я ў 2007 г. атрымаў зь Нью-Ёрку першы па ліку выпуск альманаху з сваімі тэкстамі, я ці не ўпершыню адчуў сябе сапраўдным “пісьменьнікам”, гэткім міні-“букоўскім” узору 60-х гг., які друкаваўся выключна ў малых і амаль безыменных часопісах, – затое рэгулярна, як і бухаў. Прыемна мець пэўнасьць, што ў цябе ёсьць выдавец, які прынамсі раз на год дае табе шанец надрукавацца. Дзякую за яе “Беларусу” і Марату Клакоцкаму асабіста”. 

Рэкамэндуем вашай увазе новыя тэксты Віталя Зайкі, Зянона, маладой паэткі Марыны Кражовай, маладога паэта Дантэ Аліг’еры ў перакладзе Алега Мінкіна, Сяржука Сокалава-Воюша, Макса Шчура фон Гедройця (аповесьць “Чалавек з футаралам”), а таксама двух аўтараў, якія раней у альманаху не друкаваліся: Алега Паўліва (Украіна) і Анхелі Эспіносы Руіс (Гішпанія).