Пры канцы чэрвеня ў Прагу проста з Брна завітала адна з найцікавейшых беларускіх паэтак сучаснасьці Наста Кудасава. Тамтэйшым беларусам удалося па-хуткаму арганізаваць ейнае чытаньне ў кавярні “Манмартр”, багатай на літаратурна-песенна-алькагольна-эратычныя традыцыі.
Сустрэча з Настай паводле разьняволенасьці і шчырасьці нагадвала кватэрнік, якімі ў свой час славілася берасьцейская трохпакаёўка Валодзі Глазава. Чытаньне вершаў з кнігі “Маё невымаўля” (прэмія “Кніга году” 2016) пэрыядычна пераходзіла ў гутарку на агульналітаратурныя тэмы, чынны ўдзел у якой бралі пісьменьнік Сяргей Абламейка, перакладнік Ян Максімюк, журналістка Ганна Соусь і іншыя госьці. На таварыскі суд былі вынесеныя дачыненьні між паэзіяй і прозай, зьместам і формай, вольным і рыфмаваным вершам, паэзіяй “жаночай” і “мужчынскай”, перакладальнай і неперакладальнай – і іншыя падобныя нятленкі.
На наступны дзень Наста наведала цьвятаеўскія Вшэноры і паўдзельнічала ў перадачы Радыё Свабода “Варта”:
https://www.svaboda.org/a/28586398.html
Паводле вартых даверу крыніц, сама Наста засталася сваім наведваньнем Чэхіі задаволеная й спадзяецца прыехаць туды яшчэ, калі толькі карэльскія мядзьведзі яе адпусьцяць.