31.03.2020

ЛітРАЖ вымушае думаць!

(з рэдакцыйнай пошты)

Нядаўні перапынак у нашай літаратурна-падрыўной дзейнасьці ўстурбаваў нашых чытачоў настолькі, што яны сталі пісаць нам на наш і-мэйл litrazh@gmail.com і нават падтрымліваць нас праз Patreon! Дзякуем шчыра! Гэта акурат тое, чаго мы хацелі!

Вось што піша Канстанцін Цярохін:

«Прывітанне!

Скажыце, ці вы плануеце працягваць дзейнасць праекта ў якім-небудзь выглядзе і далей?

З велізарнай цікавасцю працягла сачу за вашым анлайн-часопісам — вы выкладаеце абсалютна выдатныя эсэ, у прыватнасці. Дзякуй вам за вашу працу!

Вырашыў вас падтрымаць праз Patreon — толькі што аформіў рэгулярны данэйшн, спадзяюся, дапаможа ў падтрымцы праекта».

Хочам супакоіць спадара Цярохіна: існаваньню нашага часопіса нішто не пагражае, каронавірус у тым ліку. Пагатоў што цяпер мы папросту абавязаныя рабіць «ЛітРАЖ» далей, раз у нас зьявіліся такія патроны! Як у песьні: адзін патрон з карцеччу, другі патрон з мячтой! Далучайцеся і вы: https://www.patreon.com/litrazh.

Арыентацыя часопіса натуральным чынам за апошні час зьмянілася: найбольшую ўвагу мы надзяляем цяпер паэзіі й постпаэзіі, перакладной і сучаснай, на другім месцы эсэ, з крытыкай пакуль што вялікія перабоі, а проза дык наагул. У кожным разе, амбіцый задаволіць усе густы і адлюстраваць беларускі т. зв. «ліцірацюрны працэс» у яго сымулякравай паўнаце мы больш ня маем: на дадзены момант ён нам да літража.

Урачыста гарантуем, што будзем люстраваць у нашым люстрадзёне перадусім сябе, а таксама любімых намі аўтараў усіх часоў і народаў. Гэта ня значыць, што геніі-самародкі з усіх куткоў Беларусі не павінны надалей дасылаць нам свае творы! Зусім наадварот: акурат самародкі нам цікавейшыя за прызнаных друкаманаў.

А вось што піша чытач, які затаіў свае імя і прозьвішча:

«Запрэжанага д’ябла супыніў сходу

Перадайце мой вялікі дзякуй пану Шчуру, які адзін апраўдаў мой donate праз patreon вашага сайту. Як чалавек, які раскрыўшы рот лавіў усё, напісанае Дубаўцом з сярэдзіны 90-х, я ацаніў шчуравы закіды, яны напалову адпавядаюць маім падазрэнням, напалову вымушаюць думаць. Дзякуй вам!»

І Вам дзякуй за водгук — трэба сказаць, што Шчур акурат ёсьць самым слабым зьвяном «ЛітРАЖу», бо мае шмат розных клопатаў і зацікаўленьняў, а праз гэта і вобмаль часу. Спадзяёмся, што Ваш водгук змусіць яго больш сумленна ставіцца да сваіх рэдактарскіх неабавязкаў.

Яшчэ адно пытаньне, якое людзі задаюць «між радкоў» — гэта ці будзе сёлета адноўленая Літаратурная прэмія часопіса «ЛітРАЖ» «Празрысты ЭОЛ». Адказваем: ня будзе, пакуль мы ня знойдзем на гэтую дарагую асалоду грошай ці спонсара, або пакуль грошы ці спонсар ня знойдуць нас. Шчуравы прэміяльныя за Гедройца 2016 скончыліся, таму цяпер мы адкрытыя ўсім прапановам з Вашага боку.

Дзякуем за ўвагу і, як той казаў — чытацель, пішы ісчо!