02.09.2016

Прэм’ера песьні ў “Электроннай кнігарні”

Ня так даўно пачаў набываць вядомасьць сайт kniharnia.by , дужа карысны ўсім, хто цікавіцца літаратурай па-беларуску, хоча на ёй крыху ашчадзіць або сам марыць у яе ўплішчыцца. Сайт прапануе чытачам і аўтарам зручна прыстасаваныя да чыталак, мабілаў і перадусім гаманцоў электронныя кнігі, набыць/выдаць якія на паперы было б і дорага, і нялёгка.

Гэтак выданьням беларускіх аўтараў у пэрспэктыве адкрываецца роўная сьцежка непасрэдна да чытача ўв абыход “вялікіх” выдавецтваў і кнігарняў, залежных і незалежных – наўпрост цераз банкаўскіх апэратараў.

Сёньня на сайце вы ўжо можаце знайсьці многія беларускамоўныя (арыгінальныя і перакладныя) кнігі, якія выйшлі й тут жа зьніклі з паліцаў невіртуальных кнігарняў за апошніх гадоў пяць-дзесяць. У гэтым, бадай, галоўнае адрозьненьне “Кнігарні” ад яе папярэднікаў knihi.com і “Камуніката”, дзе ільга знайсьці ў асноўным правераныя часам тэксты. Ну і яшчэ ў грошах – цалкам непразьмерных і хрысьціянскіх.

Апрача электронных вэрсій літаратурных гітоў і негітоў апошняга часу ёсьць на сайце і кнігі, якія яшчэ не былі (а мо й ня будуць) надрукаваныя з вышэйзгаданых на пачатку прычынаў, а найперш зьявіліся ў форме электроннай публікацыі выдавецтва “Электронная кнігарня”. Сярод іх – найноўшая “Адрасная кніга” сурэдактара “ЛітРАЖу” М. Шчура. Вядзецца пра невершаваны паэтычны цыкль, напісаны ў студзені 2016 г. паводле ўласных успамінаў пра Менск 1990-х. http://kniharnia.by/catalog/suchasnaya_proza/adrasnaya_kniga/

Да добра вядомых плюсаў электронных выданьняў (ашчаднасьць да мэблі; лёгкасьць, калі не бязважкасьць, у карыстаньні) трэба дадаць той, што гламурна-пафасныя прэзэнтацыі, хросты й інш. ім практычна не пагражаюць. Магчыма, з гэтай прычыны зьяўленьне “Адраснай кнігі” і прайшло незаўважным для крытыкаў – але, спадзяваймася, не для чытачоў.

Некаторыя іншыя кнігі аўтара таксама можна набыць у “Кнігарні” вось тут: http://kniharnia.by/authors/maks-shchur/