30.10.2015

Сьвята лягічнай супярэчнасьці

Так выйшла, што на закрыцьцё сёлетняга літаратурнага фэстывалю ProtimluvFest, які штогод ладзіць астраўскі часопіс “Protimluv” (у перакладзе – “аксюмаран”, “лягічная супярэчнасьць”), “ЛітРАЖ” дэлегаваў ажно двух аўтараў, М. Шчура і М. Пэха. Але цьвікамі праграмы (сюрпрайз!) былі не яны, а масьцітыя паэты Адам Загаеўскі (Польшча) і Пэтр Крал (Чэхія). Абодва пражылі шмат гадоў у Парыжы, дзе – нягледзячы на адрозную манэру пісьма – пасябравалі. Нездарма, відаць, тэма фэсту гучала сёлета як “Досьвед эміграцыі”.

Адам Загаеўскі прадставіў у Астраве кнігу сваіх выбраных вершаў (2003-2014), што выйшла па-чэску пад назвай “Нябачныя рэчы”. На чытаньне польскага паэта сабралася амаль поўная заля астраўскага тэатру “Арэна” – віртуальна папрысутнічаць на чытаньні можаце і вы https://www.facebook.com/litrazh/videos/vb.1420109354882303/182296710126...

Ня менш цікавай была і завяршальная дыскусія фэстывалю з удзелам абодвух мэтраў, Крала і Загаеўскага. Перакладніку давялося папацець, каб дакладна перадаць яе нетрывіяльны зьмест. У нейкі момант Крал зьлітаваўся над ім і перайшоў на францускую, каб наблізіць Загаеўскаму сваё разуменьне сувязі між паэзіяй і эміграцыяй. (Паводле Крала, сувязь тут шчыльнейшая, чым між эміграцыяй і любой іншай прафэсіяй.) На колькі хвілін абодва госьці забыліся, што яны ў Астраве, і размаўлялі ды адчувалі сябе як у Парыжы. Удзячная публіка ня верыла сваім вушам.

Пад канец выявілася, што палякі ў эміграцыі традыцыйна – як дома, тым часам як чэхі – зусім не (зь некалькімі славутымі выключэньнямі), а таксама тое, што ў Крала Парыж асацыюецца перадусім зь сінім колерам пачку цыгарэт “Галюаз”, а ў Загаеўскага – зь сінім колерам паліцэйскіх мундураў і паліцыяй наагул, бо яе ў Парыжы нечувана шмат. Такім чынам, у пытаньні колераў супярэчнасьцяў між творцамі ня ўзьнікла. 

“ЛітРАЖ”, у сваю чаргу, зычыць абодвум майстрам доўгіх гадоў плённага пісьма і спадзяецца неўзабаве прадставіць на сайце іхную творчасьць у перакладзе на беларускую.

На здымку: П. Крал, перакладнік, А. Загаеўскі