07.06.2016

Тройца ў сьпісе Гедройца

Журы прэміі Гедройца абвясьціла “лонг-ліст” сёлетніх намінантаў: з 29-ці іх застаўся чортаў тузін. Нам надзвычай прыемна адзначыць, што ў плэй-оф прэміі патрапілі кнігі ў тым ліку трох аўтараў “ЛітРАЖу”: зборнік кароткай прозы “Яблынёвы маёнтак” Аляксандра І. Бацкеля (больш вядомага пад псэўданімам Сяргей Календа http://www.litrazh.org/name/syargey-kalenda), эсэістычная “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” Тані Скарынкінай http://www.litrazh.org/name/tanya-skarynkina і раман “Завяршыць гештальт” Макса Шчура http://www.litrazh.org/name/maks-shchur.

Іншымі словамі, больш годна за “ЛітРАЖ” у лонг-лісьце прадстаўленае толькі выдавецтва “Логвінаў”. http://gedroyc.by/

Застаецца чакаць, ці праб’ецца нехта з нашай тройцы яшчэ і ў шорт-ліст. Паколькі ў журы прэміі прадстаўнікоў “ЛітРАЖу” няма, “суд” будзе хоць і таварыскі, але беспашчадны. Пажадайма нашай лэдзі й джэнтльмэнам удачы!

Сярод кніг, што ў лонг-ліст ня трапілі – “Дом літаратара” С. Абламейкі, “Цана Еўропы, або Гісторыі Вільмана” С. Адамовіча,  “Анаталогія” А. Івашчанкі (хопіць яму прэміі “Дэбют”), “Паўночны вецер для спелых пладоў” Ю. Станкевіча, “Заўтра была адліга” В. Шніпа – гэта калі казаць толькі пра самых імянітых аўтараў.  

Ну і апошняя навіна: дзеля папулярызацыі прэміі Гедройца сярод чытачоў “ЛітРАЖу” мы (з ласкавага дазволу выдавецтва “Крок”) неўзабаве пачынаем публікаваць на нашым сайце “падарожны псэўдараман” Макса Шчура “Завяршыць гештальт” – па каліве, каб яго вам хапіла на ўсё гарачае футбольнае лета.

P.S. Паправачка! Раман “Завяршыць гештальт” публікавацца ўлетку на “ЛітРАЖы” ня будзе, бо ў электронным выглядзе ён на вэбе ўжо маецца (праўда, за грошы), а менавіта на сайце “Кнігарні”: http://kniharnia.by/catalog/suchasnaya_proza/zavyarshyts_geshtalt/ Адшкадуйце капеечку! (Вось яны, наступствы лонглістоў і (дэ)намінацый: аўтар прадаўся камэрцыі.)