Прыніжаны і Зняважаны

сучасная беларуская эсэістыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Павінен застацца толькі адзін.
Дункан МакЛаўд (але гэта не пэўна)

Гэты фельетон натхнёны абмеркаваннем літкрытыкі, якое ладзіў Ігар Бабкоў для «Беларускага калегіюму». Але паколькі аўтара на гэтае абмеркаванне не паклікалі, дык ён і не цікавіўся, пра што гаварылі на тых сходах — яму было дастаткова тэмы.

Беларускі чытач часам наракае, што сучасная літаратура не адлюстроўвае сучасныя праблемы чалавека і грамадства. Пісьменнікі традыцыйна апраўдваюцца тым, што пра цяперашнія дні можна будзе пісаць хіба што з часавай адлегласці — калі мітусня не будзе «замыльваць» вока і закрываць краявіды.

Між тым, на маю думку, існуе сфера, у якой (прынамсі ў асноўных рысах) адлюстроўваецца беларуская палітычная рэальнасць. Гэта літаратурны працэс, які складаецца не толькі з саміх літаратурных тэкстаў, але і з пісьменніцкіх інтэрв’ю, прэзентацыяў, прэміяў ды іншых падобных калялітаратурных з’яваў.

Дык вось з гэтага гледзішча сённяшні ландшафт беларускай літаратуры да зубоўнага скрогату нагадвае палітычную сітуацыю 1994-1995 гадоў. А дзве найбольш заўважныя фігуры белліту — Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч — сваімі стратэгіямі самапрасоўвання адпавядаюць... Аляксандру Лукашэнку і Зянону Пазьняку!

Вядома, аналогіі штука няўдзячная, і ўсё ж, і ўсё ж...

Беларуская літаратура ў 2000-х, бы тая ўлада на пачатку 1990-х, валялася пад нагамі і чакала, пакуль яе хто-небудзь падбярэ. Яшчэ гадоў дзесяць таму здавалася, што гэтым «кім-небудзь» стане Альгерд Бахарэвіч — пісьменнік, які паехаў на Захад і стаў там публікавацца. Ягоная экспрэсіяністычная проза з пазычаннямі з моднага Харукі Муракамі і нямоднага (а то і невядомага ў беларускім літасяроддзі) Сашы Сакалова прываблівала самых розных чытачоў...

Але тут у Віктара Марціновіча здарылася «Параноя», якую сам аўтар піярыў як раман беларускага пісьменніка пра беларускія рэаліі. (Не дзіва, што ў шырокіх масах яго ўспрымалі як «раман пра каханку прэзідэнта», хаця насамрэч ніякага прэзідэнта сярод персанажаў твора няма.)

А потым Марціновіч і ўвогуле перайшоў на беларускую мову ў сваіх творах, захопліваючы новую прастору. (Адны злыя языкі кажуць, што гэта адбылося пры пасярэдніцтве Віталя Рыжкова, іншыя вінавацяць ва ўсім google translate. Зрэшты, пасярэднік не так і важны...)

Бахарэвіч дзейнічаў кропкавым метадам і ствараў скандалы ў культурным асяродку (ягонага «Каяна Лупаку» многія дагэтуль не могуць дараваць аўтару). Ягоным рупарам на гады стала Радыё Свабода, дзе пісьменнік выбудоўваў свой вобраз гуру і культуртрэгера, які з вышыняў досведу можа разважаць хоць пра гісторыю літаратуры, хоць пра медыцыну... Ім, махатмам, лепей бачна, што нам, дробным, дапаможа.

У адрозненне ад яго Марціновіч пайшоў у атаку шырокім фронтам, займаючы ўсе нішы, якія трапляліся па дарозе — «БелГазета», «Будзьма», 34mag.net, kyky.org... Інтэрв’ю для інтэлектуалаў, стомленых Парыжам, і прома-ролік для пацаноў з Аўтаза — гэта ўсё ён.

Ніша гуру была ўжо занятая, таму Марціновічу дасталася спаконвечнае месца беларускай культуры, абазначанае яшчэ Янкам Купалам, — роля пакрыўджанага.

— А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
— На свет цэлы.

Марціновіча крыўдзяць усе — для разумення гэтай нескладанай тэзы дастаткова пачытаць яго інтэрв’ю альбо запісы ў фэйсбуку. Асабліва ж яго крыўдзяць негатыўныя водгукі на ягоныя творы: крытыкі чамусьці пастаянна закідаюць аўтару няўцямна акрэсленых персанажаў, кепскую мову і г. д. «Чытайце сэрцам», — адказвае на гэта Марціновіч і просіць падтрымкі ў сваіх чытачоў...

Пры гэтым ён не забываецца, што чарговы раман перад выхадам варта даслаць крытыку, які заведама напіша разгромную рэцэнзію. Абазнаны ў піяры Марціновіч ведае, што кепская рэцэнзія працуе лепш за добрую і дае большы розгалас.

Падобным чынам на пачатку 90-х інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі можна было прачытаць і ў апазіцыйнай газеце «Свабода», і ў парламенцкай «Народнай газеце», і ў афіцыйнай «Звяздзе». А падчас выбараў 1994 года на карысць кандыдата працаваў і прастрэлены пад Лёзнам «мэрсэдэс», і скляпаны афіцыёзнымі прапагандыстамі ролік, у якім сцюардэса расказвала, быццам дэпутат Лукашэнка падчас палёту ў Кітай скраў у яе фен...

На тых, хто «чытае сэрцам», аргументы і апеляцыя да розуму не дзейнічаюць. Яны папросту бачаць, што на пакрыўджанага чалавека накідваюцца, каб зрабіць яму яшчэ больш балюча і крыўдна. Вядома ж, за яго трэба заступіцца!

...Між тым Бахарэвіч, як і сваім часам Пазьняк, не здаваўся нахрапістаму «маладому ваўку»: ён пачаў гуртаваць сваіх прыхільнікаў вакол сябе. Быццам адданыя «пазьнякоўцы», прыхільнікі Бахарэвіча ўтварылі свой ордэн. Вяршыняй яго праявы за апошні час стала крыўда «бахарэвістаў» на неатрыманую кумірам прэмію Гедройця і збор грошай на альтэрнатыўную «прэмію» за раман «Сабакі Эўропы».

Але крыўда — гэта ніша, занятая Марціновічам!

Ці змесцяцца два пісьменнікі ў адной нішы? Альбо нас чакае відовішча, анансаванае Дунканам МакЛаўдам?

Думаю, пабачыць вынік мы зможам даволі хутка.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Адзіны персанаж, ад якога не чакаеш развіцця характару, — гэта сабака Жулік. Затое ён і не падманвае: гэта адзін з сімпатычных і выпісаных з любоўю персанажаў "Сядзібы".

Ёсць яшчэ варыянт, што падчас пісання гэтай часткі ў Бахарэвіча скралі ягонага Скіму і падсунулі чужога персанажа з такім самым імем і выглядам… Але гэты сюжэт, магчыма, апіша Марціновіч.

Я доўга сядзела ў той першы дзень у пабе і чытала далей пра вялікую дарогу Ганны, на якой яна сустракае іншых beggars of love. Якія ўсе, бы наркаманы без наркотыка, пакутуюць, бо іх не любяць тыя, каго яны любяць. Яны вандруюць, каб пакутаваць, і пакутуюць, каб вандраваць.

Раман Сяргея Балахонава «Бог кахання Марс» меў бы ўсе шанцы стаць актуальным бэстсэлерам на фоне COVID-19, калі б не рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі. Зрэшты, калі не ў беларускім кантэксце, дык, можа, у замежным?