Фантасмагорыя

Пераклад: 
класічная брытанская паэзія, вершы па-беларуску, брытанская літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Сьпеў І. Зпадканьне

Зіма, і носу не відно —
замерзлы, брудны, злосны
прыйшоў дамоў я й за віно
засеў з цыгарай заадно
замест вячэры позьняй.

Мой кабінэт быў як ня мой —
ля шторы штось бялела:
я палічыў яго мятлой,
падкінутай у мой пакой
прыслугаю нягеглай.

Тут узялося тое Штось
трымцець і чхаць штосілы,
на што прамовіў я: «Ну вось!
Заціснулі б, прынамсі, нос!
Цішэй тут папрасіў бы».

«Прастыў я», адказала Штось,
«ля мора, на абрыве».
Гляджу наўпрост, гляджу наўскос —
а перад мною, чыста ўрос —
стаіць сапраўдны Прывід!

Пры гэтым ён дрыжаў увесь,
схаваўшыся за крэсла.
«Чаго», кажу «туды ты ўлез?
На чым цябе, жывога ледзь,
і што сюды прынесла?»

«Скажу, навошта і на чым,
адкрыю Вам душу,
ды», пакланіўся ён між тым,
«Вы ж не ў гуморы, ну зусім —
палічыце, хлушу.

Пра страх, што сэрца мне ўкалоў,
зацеміць я хацеў бы,
што да сьвятла ў нас нелюбоў
з далёкіх прывідных часоў,
як у людзей да цемры».

«Не апраўдаць», кажу, «нічым
такога баязьліўства!
Мы ж дзеля вас начэй ня сьпім!
Вы ў часе можаце любым
у госьці заваліцца».

«І ўсё-ткі лёгкі неспакой,
па-мойму, тут дарэчы.
Хто цяміць, што ў душы людзкой?
Ды Вы, нібыта, хлопец свой —
да цымусу сустрэчы:

прыдомкі надаваць дамам
нам, Прывідам, патрэбна,
каб ведаць, колькі Духаў там.
(Зь людзей нам толку ні на грам —
яны для нас як мэбля.)

Адзіна-душны гэты дом.
Тут Вас мінулым летам,
калі Вы дом зьнялі ўнаём,
вітаў адзін тутэйшы гном,
як і заўжды пры гэтым.

Адзіна-душных віл ёсьць шмат
(даступных, паміж іншым,
і тым, хто не зусім магнат).
Жыць аднаму — нявелькі фарт,
ды што ж мы тут папішам.

Вас не жахалі нейкі час,
бо гном упрочкі зьехаў —
ён не сказаў нікому з нас,
што месца вызваліў якраз
для аднаго з калегаў.

На дом у Духаў Прывідлей —
на гэты й на ўсялякі.
Ня зоймуць — на чарзе Падвей,
Здань, Дамавік, і так далей.
І ўрэшце — Ваўкалакі.

„Плябейскім“ Дух назваў Ваш дом,
маўляў, віно ў Вас — жудасьць.
Пасьля адмовіўся Фантом —
застаўся я й ніхто акром.
То што было тут думаць?»

«Ну што ж, пярэчыць не хачу,
маглі прыслаць і блазна,
але ж даверыць смаркачу
мяне, старога, я лічу —
папросту безадказна».

«Я не такі ўжо й малады —
не расчарую Вас я.
У скалах ля марской вады,
паўсюль, закідваў лёс куды,
я шмат практыкаваўся.

Ды не пасьпеў паспрабаваць,
як дома хуліганяць,
таму й забыўся Вам сказаць
пра шэраг правілаў — іх пяць,
мы вучым іх на памяць».

Ня мог увагай не сагрэць
я здыхліка малога:
ад шчасьця некага сустрэць
і хваляваньня, як курэц
ён пажаўцеў, нябога.

Кажу: «Ну што ж, як ні круці,
а не сьпіцё вы ў шапку.
Сядай, ня стой дарма! А ці —
хай адзінаццаць, безь пяці, —
ня зьесьці нам канапку?

Хоць да гурмана, трэ сказаць,
ты не падобны зьнешне...
А там — пра правілаў тых пяць
(абы цябе было чуваць!)
ужо апавядзеш мне».

«О, дзякуй! Баяць я мастак!
Што ж, пасядзім давайце!»
«Чаго падаць табе, раз так?»
«Якая качка ў Вас на смак,
Хачу пакаштаваць я.

Адзін скрылёк! І пасярод —
каб кропельку падліўкі!»
А я сядзеў, раскрыўшы рот:
яшчэ ня бачыў я істот,
такіх празрыста-хліпкіх!

А ён, між тым, усё бялеў,
накшталт сьмяротнай маскі,
і ў цьмяным, прывідным сьвятле
апавядаў мне пры стале
пра пяць згаданых максім.

Сьпеў ІІ. Пядзь Правілеяў

«Калі Кліент прылёг, найперш —
так пудрылі мазгі нам —
не за падушкаю, дзе плеш,
а пасярэдзіне найлепш
важдацца з балдахінам.

Гайдаць яго, нібы няўзнак,
цягаць управа-ўлева —
і праз хвіліну, неяк так,
падыме галаву бядак,
трывогі поўны й гневу.

Маўчаньня захаваць пячаць
любым патрэбна коштам!
Хай людзі першымі трындзяць:
гаворкі Прывід пачынаць
ня стане нізавошта.

„Ты хто і скуль?“, кліент пачне
(як Вы спыталі, пане).
А Прывід нават не міргне:
„Я прыляцеў на кажане!“,
адкажа на пытаньне.

Кліент замоўк? Найлепш было б
узяцца тут за дзьверы:
штурхнуць зрабіце пару спроб.
Калі кліент, усё ж, захроп —
ня выйдзе ні халеры.

Удзень, як пойдзе да сябе ў
пакой, ці поле цераз —
адно зарыкайце, як леў,
каб Ваш жаханы зразумеў,
з кім мае ён інтэрас.

Усё ня так, калі жыхар —
у таварыстве нейчым.
Вазьміце масла, шкіпінар,
знайдзіце колькі недагар-
каў скарыстаных сьвечак.

А лепш за ўсё падыдзе лой —
намажце ім масьніцы.
Па іх Вы з хуткасьцю такой,
як той, хто хворы галавой,
вучыцеся насіцца.

Другое правіла: „Калі
аматар ты фэерый —
агні навокал запалі
(мы з Вамі гэта абышлі),
абдрапай сьцены й дзьверы“.»

Тут я: «Па праўдзе, ты герой,
што дурняў не паслухаў.
Мне штось падобнае падстрой —
і больш сюды ўжо ні нагой.
Ня вытрымаю й Духу

«Пункт тры ахоўвае правы
Жаханага (Жаханай).
Цытую проста з галавы:
„Кліенту не пярэчце вы
і стаўцеся з пашанай“.»

«Я толькі „за“! У самы сук
патрапіў ты з разгону!
Каб толькі кожны твой сябрук
трымаўся пры паказе штук
згаданага закону!»

«А можа, Вы гасьцёў сваіх
сустрэлі негасьцінна?
Віталі не па-людзку іх?
Мы на асоб глядзім такіх
суцэльна негатыўна.

Сякерай Прывіда сячы,
назваць яго „гароднінай“ —
такому без размоў, лічы,
адразу зьезьдзіць па лычы
нідзе не забаронена.

Чацьвёрты пункт: ня ўлазь у дом,
што іншымі заняты!
Паводле ўгоды з каралём,
такога мы адразу шлём
пад сьценярэз да ката!

Кат рэжа Сьцень на скрылікі —
а Сьцень — жыве, гарэза!
Пры гэтым боль малы такі,
нібы ад кепскай крытыкі,
што хоча твор зарэзаць!

Пункт пяты раілі сябры
чытаць даслоўна іншым:
„Калі ты рыцар пры двары —
на „Вы“ з манархам гавары.
Павер, ня будзе лішнім.

Калі ж па правілах зусім
ягоны гонар цешыць,
заві „Жахпадаром маім“,
яшчэ дадаўшы перад тым
„Фантом мой найгусьцейшы!““

Асіп мой голас трапяткі
пасьля даўгой цытаты...
Таму дазвольце ўсё ж такі
мне прыгадаць за два глыткі
смак піва гаркаваты...»

Сьпеў ІІІ. Хванабэра

«Няўжо прыйшоў ты пехатой
у непагадзь такую?
Я думаў, хто з радні тваёй —
хай не лятае ў небе той,
дык хоць бы левітуе!»

«Выключна шляхта ды паны
на крылы маюць грошы
ці пазычаюць іх з казны.
Для Прывідаў, як я, яны —
залішняя раскоша.

У Духаў крылы на мазі,
бо грошай — заваліцца!
А мы трымаемся нізін.
Дый тыя Духі, як адзін —
такія ганарліўцы!

Пыхлівасьць — „не пра іх“, маўляў,
ды Прывід бачыць Духа
паводле Духавых халяў:
мы для яго накшталт нуля —
пустэча, пацяруха».

«Не, фанабэраў не відно
ў маім будынку даўнім.
Мяне зьбянтэжыла адно:
хто пра плебеяў і віно
ўсю праўду расказаў ім?»

«Тут быў, напэўна, Дамавіж», —
прамармытаў нябога.
«Хто, кажаш? Пінкертон паміж
дамавікоў? Апавядзі ж!
Ня чуў яшчэ такога!»

«Яго зваць Кобальд», кажа сьцень,
«і Дамавік ён родам,
ды ходзіць, як Абарацень:
у спальнай шапачцы ўвесь дзень
і негліжэ заўсёды.

Ён быў узломшчыкам кватэр,
ды з сэрцам стала блага,
то дома лечыцца цяпер —
але ж напала тут, як зьвер,
на небараку смага.

Адзіны лек — апэрытыў
ад прыступаў нястрымных.
Таму ён бары палюбіў,
праз што мянушку заслужыў
ад нас: Апэрытыўнік».

Што ж, калямбурчык — не «ура»,
але хоць нейкі досьціп...
Тут госьць падумаў, што пара
скрытыкаваць гаспадара!
Лепш не хадзіў у госьці б!

«Ваш кухар — не зусім лайдак...
Дык будзе хай ласкавы
й згатуе штось, што мае смак!
І хто на стол паставіў так,
каб не дастаць, прыправы?

У рэстарацыі б галган
нядоўга папаскудзіў...
А гэта што гарыць — мангал?
Ну, аддаваць пад трыбунал
на гэты раз ня будзем.

Гарошак цьвёрды ў Вас, стары,
скрыль качкі — надта тоўсты.
Але, прынамсі, не сыры.
І не халодны, як сыры,
што падалі Вы з тостам.

З мукой бы выпечка была
смачнейшая, вядома...
А ці няма ў Вас да стала
пітва, што зьнешне — не смала,
і не наб’е аскому?»

Вакол зірнуўшы, без прыўкрас
далей мяне палошча:
«Ах, божа, літасьцівы Спас!
Пакой ні рак, ні рыба ў Вас —
ні закуток, ні плошча.

Адкуль тут вузкае вакно?
Мы дзе — у доме графскім?»
«Так архітэктарам яно
задумана. Па ім відно,
што ўзорам тут быў Раскін».

«Які мне клопат, далібог,
каму хто быў узорам!
Ён што хацеў задумваць мог!
Не сустракаў яшчэ ў дамох
нідзе такога! Сорам!

А вось цыгары — смак! Па чым?
Бадай, дарагавата?»
«Якая розьніца! Між тым,
ты ўжо, нібы сваяк, зусім
са мной запанібрата!

Я гэтага не пацярплю,
скажу табе. Саромся!»
«Ага, мы ж роўня каралю!»,
гукнуў ён і схапіў бутлю:
«Нічога, разьбяромся».

Ён на прыцэл узяў мяне
і крыкнуў: «Сьцеражыся!»
Я ўбок хіснуўся — толькі не
чакаў, што пляшкай трапіць мне
ён акурат па пысе!

Я ачуняў пад крэслам дзесь:
перад сабою зырыў
і паўтараў, прытомны ледзь,
як дурань: «Пяць плюс два ёсьць шэсьць,
а два плюс пяць — чатыры».

Я не ўзнаўлю хады падзей,
што сталася — загадка.
Адно прыгадваю: алей
сканчаўся ў лямпе, і далей
ледзь дыхала лямпадка.

Ці то я сьніў, ці то ўяўляў:
з усьмешкаю на пысе
мяне мой Прывід настаўляў,
малога школьніка маўляў,
ва ўласным жыцьцяпісе.

Сьпеў IV. Яго ўніверзяцеты

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

«Чытаў я гэта! І ня раз!
Нат ведаю на памяць!
І кожны памятае ў нас!»
(«Ня кожны», Прывід у адказ
даўмеўся прагугнявіць.)

«Верш у чытанцы быў заўжды,
хоць, можа, і прыбралі —
аб тым, як фурман малады,
скакаў няведама куды,
да нейкай юнай кралі.

Я маю том! Раз веры брак —
пераканацца варта...»
«Ня трэба!», выкрыкнуў дзівак.
«Я ўсё пра верш згадаў і так.
Я ж сам — яго і аўтар.

Яго я даў у „Дзеяслоў“ —
ці некуды, прынамсі.
Адзін зь вядомых выдаўцоў,
мой верш убачыўшы, знайшоў,
што я яму прыдамся.

Мае шматдзетныя бацькі,
Нячысьцік і Русалка,
намер займелі, дзівакі,
каб кожны з нас быў не такі,
як папярэдні — змалку!

Плян авалодаў імі так,
як манія ці ступар,
і ў іх зьявіліся няўзнак
дзьве Лоймы, потым — Ваўкалак,
за Ваўкалакам — Вупар...

З Падвеем разам Вадзянік
на вушы школу ставіў...
Пасьля быў Хлеўнік, Лесавік,
Абарацень, за ім Двайнік,
два Тролі (супраць правіл) —

у табакерцы вунь (ага,
што ў шафе) — не тытунь?
То я нюхну... Пасьля — Юга,
за ёю Прывід (Ваш слуга),
і пры канцы — Лясун.

Да сёньня помню, як да нас,
усе суцэльна ў белым,
Два Духі завіталі раз —
на іх, як на сьвяты абраз
глядзеў я ўслупянелы.

Галовы ў белым палатне!
А я — звычайны хлопец!
Ды маці ўбачыла мяне —
і ў сьпіну раптам як штурхне!
„Казеліць вочы хопіць!“

Пашкадаваў я, што такі,
як Дух, не нарадзіўся...
Гаротны лёс...» (Уздых цяжкі.)
«Яны ж між намі — шляхцюкі,
а мы хто? Прахадзімцы.

Зажыў я прывідным жыцьцём.
Пайшоў гадок мне шосты —
пакінуў я бацькоўскі дом
з старэйшым за мяне хлапцом,
і штук засвоіў мноствы.

Прайшоў нямала замкаў, веж —
куды ні пасылалі.
Бывала — дождж, дадому б... Дзе ж!
Сядзіш і жудасна равеш,
адзін сярод развалін.

Цяпер ня ў модзе дзікі рык
у якасьці ўступленьня.
Вось што цяпер найбольшы шык — »
і тут такі ён выдаў крык,
што ледзьве не самлеў я.

«Такому, падаецца Вам,
няцяжка навучыцца?
Што ж, паспрабуйце крыкнуць сам!
За гэта ўдзячны я гадам
няспынных рэпэтыцый!

А навучыўшыся крычаць,
усхліпваць, заікацца —
ізноўку можаце пачаць
засвойваць мармытні матчасьць!
Вось гэта, братка, праца!

Я спрабаваў. Скажу: кашмар!
Такога не змаглі б Вы,
хоць дзень і ноч зубры ды шпар.
Хіба вы толькі — рэдкі дар! — 
ад бога мармытлівы!

Шэксьпір, ня блытаю калі,
пра Прывідаў пісаў дзесь,
што „ў белых тогах да зямлі
па рымскіх вуліцах брылі“ —
ня верыцца, па праўдзе.

Я падпрацоўваў як Двайнік,
дык траціў шмат на шмоткі —
бязь іх бы ў ролю не пранік...
Ды зарабіў на гэтым пшык,
то досьвед быў кароткі.

Рахункі вылечылі хэнць
быць модным і дасьціпным.
Калі аперыцеся ледзь,
то столькі рэчаў трэба мець,
што толькі скарб знайсьці б вам!

Для працы ў вежы — трэ валіз!
Прасьціны, косьці, чэрап,
паходні, каб сьвятло паліць,
і пара набліжальных лінз,
і ланцугоў бязь меры.

А Жахаведны Камітэт —
і сапраўды жахлівы!
Ён забракуе ваш акцэнт,
калі француз вы, ці там швэд,
ці з цэнтру нат калі вы!

Прыдзірак дастатковы грунт —
што „акаць“ вы ня майстар!
Хоць падымай галодны бунт:
заплацяць вам за тыдзень фунт —
і вон з жабрацкай кайстрай!»

Сьпеў V. Разьбярыха

«А ўявы», я кажу, «саміх
Жаханых нехта слухаў?
Наколькі ведаю я іх,
то густы розныя ўва ўсіх
у дачыненьні Духаў».

Хітае Прывід галавой:
«Не, мы ж не самагубцы!
Тут рады дай дзятве адной,
а ўсіх пытацца — брат ты мой!
Во выбрыкі пачнуцца!»

«Вядома ж, патураць малым
я сам не агітую.
Ды хто ўжо ў розуме сваім —
чаму б ня выказацца ім
пра драбязу такую?»

«О, каб Вы ведалі людзей
зь іх прагай нісянеціц!
Сьпярша прыходзім мы на дзень,
а зжыцца ёсьць, няма надзей —
залежыць, як пашэнціць.

Хоць жыхароў мы, наагул,
дарма не непакоім,
ды калі ў Прывіда загул,
ці штось ён хамскае загуў —
шлём іншага каго ім.

Абы жыхар быў не зусім
яшчэ душэўна хворы,
і дом — як мага больш старым...»
«А гэта», я кажу, «пры чым
у Прывідаадборы?»

«Ат, навабуды не ў цане —
там трэба шмат важдацца...
Лепш пачакаць, казалі мне,
як абсыпацца тынк пачне
гадкоў якіх праз дваццаць».

«Не, не даводзілася чуць —
„важдацца“?.. Намякні мне,
ці пакажы, ласкавы будзь:
што робяць, як сябе вядуць
у вас пры „важданіне“?»

«Гайдаюць дзьверы — чыста ўсе!»,
з усьмешкай госьць даводзіць,
«Сьвідруюць дзюрачкі ў страсе,
падлозе, нават плінтусе —
важдаюцца, дый годзе.

Бывае, што адну ці дзьве
ў сьцяне пракруціш волкай:
так скразьняком адразу дзьме!
А ў Вас — бяз толку!» «Балазе»,
я выдыхнуў з палёгкай.

«А што, каб толькі раніцой
даклыпаў я дадому?
Ты дом за ноч зваждаў бы мой?»
Тут усьміхнуўся я, бы той,
хто хоча зьбіць аскому.

«Ды што Вы! Папрашу бяз кпін.
Ну, пачакаў бы трошку —
без прадстаўленьня ні адзін
самасьвядомы важданін
не распачне важдзёжку.

Вас не было — які рэзон
чакаць хвілінай болей?
Ды на дарогах — лёд, шарон,
і наш начальнік Жудкісон
пабыць мне тут дазволіў».

«Хто?! Жудкісон?!», мой выкрык згас,
ледзь госьць прамовіў кпліва:
«Сьпіцё бяз жудкіх сноў? То ў Вас
або бяссоньніца ўвесь час,
ці траўленьне — надзіва.

Ён часты госьць у ложках тых,
хто есьць на ноч замнога.
Ён шчыпле іх, казыча іх,
перацінае ў горле дых...»
«Туды ім і дарога!»

«Да тых прыходзіць Жудкісон,
хто ўночы есьць яечню,
амараў, качку, сальцісон —
такіх без шкадаваньня ён
прыдушвае, канечне.

Прычым прыдушвае вагой
свайго аўтарытэту —
такі здароўя ў ім вагон,
што нават „Цяжкісон“ яго
мы клікалі дагэтуль.

Мяне абраць хацелі раз
на месца Жудкісона,
ды не хапіла духу ў нас
ягоны перарваць экстаз...
Шкада было яго нам.

Адразу ж кінуўся таўсты
да караля па тытул,
ды бегаць — не ягоны стыль,
і не дабег ён паўвярсты...
Ні хуткасьці, ні спрыту.

На знак пашаны да пакут
(а сонейка з зэніту
пякло за кожны лішні пуд)
кароль сказаў: „Дам тытул тут,
калі ўжо, братка, ты тут!“ »

Я ўскочыў: «Тытулы даваць,
каб скалямбурыць? Годзе!
Тут нельга не працытаваць:
„Хто здольны лёгка жартаваць, —
і красьці лёгка пойдзе!“ »

«Але ж кароль ня краў зусім»,
госьць заявіў пасьпешна.
Я спрабаваў спрачацца зь ім —
ён словам адказаў маім
паблажлівай усьмешкай.

Запал згасаў імкліва мой...
Я раскурыў «гавану»...
«Ваш тэзіс — не лухта лухтой,
вось толькі доказы — адстой»,
пакпіў ён несхавана.

Пад жорсткім позіркам вачэй
сказаць сябе я змусіў:
«Паслухай, скептык — палягчэй!
Пачні даказваць мне яшчэ,
што сіла — не ў хаўрусе!»

«Ды я нічога Вам дарма
даказваць не бяруся,
калі ў Вас лёгікі няма!
Так, у хаў-русе — сілы цьма!
Бясьсільле ж — у аб-русе!»

Сьпеў VI. Хвіяска

Як той, хто маніцца гару
упершыню агораць,
і разумее не ў пару:
«Нашто нудой сябе мару?
Ці ж я фантасмагорац?»

Але, пачаўшы раз пад’ём,
хто ж на палове кіне?
І з думкай «Во дзе адпачнём!»
надзеі ўсе ўкладае ў дом
на самае вяршыні.

Ні сіл, ні нэрваў — пагатоў...
Аддыхваецца ледзьве —
яшчэ й паловы не прайшоў!
Не ашчаджае грубых слоў,
сапе — а ўсё-ткі лезе.

Урэшце, вымучаны ўвесь,
дапяў! У сіняй высі
стаіць, трымаючыся ледзь,
і тут яму зьнянацку — трэсь! —
хтось пляскае па пысе.

І ён ляціць кулём з гары,
бы ў сьне якім, бяз спыну
мінае ўцёс, і два і тры,
і вось, нагамі дагары,
зноў падае ў нізіну.

Так фатум злы штурхаў мяне
пераспрачаць фантома:
«Няхай сваё зацята гне!
Але ж вяртацца ўніз? Ну не!
Яшчэ крыху — і дома!»

У вышыні арыенцір
паказваў шлях дурному:
каб да вяршыні дапаўзьці,
усё, што зьведаў у жыцьці,
узьвёў я ў аксыёму.

Я пачынаў свой кожны сказ
з «таму», «а значыць», «то бок»,
і ў лябірынце слоў захрас,
улез у сылягізмаў гразь,
нібы апошні ўломак.

А Прывід: «Во дзе балбатня!
Лухту вярзьці даволі!
Пасьпіце лепей да раньня!
Такога шчэ старога пня
ня бачылі ніколі!

Хаця... Я ведаў аднаго:
ён гарачыўся гэтак,
як хтось пераспрачаў яго,
што зь пятак шугануў агонь —
застаўся без шкарпэтак!»

«Нішто сабе!», кажу. «А то!
Во дзе было відовішча!
Праўдзівы факт — як тое, што
Вы Тыбс па прозьвішчы». «Хто-хто?
Ня чуў такога прозьвішча!»

«Дык Вы ня Тыбс?!» — ня крык, а нож
працяў мяне нібыта —
дзе ветласьць дзелася! «А хто ж?!»
«Я Тыбэтс». «Тыбэтс?!» «Анягож».
«То я Вас з Тыбсам зблытаў!»

Ён па стале як гваздане —
ажно фужэр затрэнькаў.
«Чаму тады пра гэта мне
Вы не маглі сказаць раней,
афэлак Вы з афэлкаў?

Пяць вёрст ісьці скрозь дождж і гразь,
сядзець у Вашым дыме,
а тут даведацца ад Вас,
што „чарнавым“ быў гэты раз?
Ня з нэрвамі маімі!

Маўчыце лепей!», ён зароў,
ня даўшы ачуняць мне.
«Ну як не закіпіць тут кроў,
калі ў Вас яўна менш мазгоў,
чым у індычаняці?

Касіць», ён увайшоў у раж,
«пад Тыбса, каб засьведчыць,
што Вы — ня Тыбс, і дом — ня Ваш!
Усё, прастуй у люлю! Марш!
Ці ты застыў на вечнасьць?»

«О, так! Мяне ж і зьвінаваць!»,
я ўпёрся, як сахаты.
«А ты хіба ня мог спытаць,
як жыхара кватэры зваць,
як толькі ўлез у хату?

Няма для радасьці прычын —
цягнуцца пехатурай,
але скажы — я тут пры чым?»
«Ну так, я неяк не ўлічыў...
А ты, гляджу — ня дурань!

Мы добра разам папілі,
падчысьцілі закускі...
Даруй мне, нахаміў калі,
але ж бываюць круцялі
такія, што ратуйся.

Я схібіў. Дзякуй за прыём,
старая Плесьня!» Я не
зусім натхнёны быў імём,
але прамовіў шчыра ён —
то я замяў пытаньне.

«Дабранач! Не крыўдуй, стары!
Замест мяне, няздары,
мо Дух заявіцца ў сябры —
і будзеш сьніць з тае пары
суцэльныя кашмары!

Адразу Духа папярэдзь,
каб без усякіх штучак!
Як толькі нешта вякне ледзь —
найлепш як сьлед яго агрэць
цяжкім дубцом між чучак!

Скажы нязмушана: „Паяц!
Мо, не здаеш ты справы,
што толькі станеш назаляць —
пачнеш па-іншаму пяяць!
Дык сьціхні, будзь ласкавы“.

Вось гэтак Духа навучай,
калі ён губы крывіць.
Ды скора золак! Выбачай,
Старая Плесьня, і бывай!»
Паклон — і зьнік мой Прывід.

Сьпеў VII. Скрушныя ўспамінкі

«Няўжо заснуў я кагадзе?
Ці выпіў пляшку з гакам?»
Так разважаючы, сядзеў
ці то гадзіну я, ці дзьве,
і несуцешна плакаў.

«Нашто ж заўчасна ён сышоў!
А ці застаўся ты б сам
пасьля такіх пустых размоў?
І хто той Тыбс, канец канцоў,
каб бегаць так за Тыбсам?

Мо, ён падобны да мяне?
Тады злавацьме трошку,
а мо й зусім на двор турне,
раз ночка цёмная ў вакне,
а сам ён, Тыбс, — у ложку.

Як Здыхлік галаском сваім
штось выкрыкне, крый божа,
то не пазьбегнуць бойкі ім —
і Тыбс у выпадку такім
дакладна пераможа!»

Маім ня верыла Масква
сьлязам — ня вернеш сябра!
Я зноў наліў сабе пітва
і прапяяў куплеты з два
такой абракадабры:

«Мой любы Прывід, не зьнікай!
Маёй ня нішчы мары!
Паўкачкі смажанай — бывай,
бывайце, бутэрброд і чай,
шампанскае й цыгары!

Жыцьцё пратканае маной,
і радасьць — толькі прывід,
калі цябе няма са мной,
краевугольны камень мой,
мой паралелепіпед!»

З тым сьпевам разам хэнць расла
дадаць яшчэ куплецік —
ды слова доўгага пасьля
я быў бы горшы за асла,
каб зацягнуў і трэці.

Я пазяхнуў, глынуў віна
і ў ложак свой патрухаў,
дзе сьніў да самага відна
Падвея, Лойму, Лесуна
і плойму іншых духаў!

Бяз сябра будзе хутка год —
ня мроіцца, хоць трэсьні...
Адно сардэчны той зварот
праймае памяць навылёт:
«Бывай, старая Плесьня!»

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Ты ёсьць Любоў: табе багаты
хай, як Хрысту, цалуе пяты
й ідзе з табой па сьвеце, сам
майно раздаўшы беднякам,

альбо ў імя тваёй любові
абвесьціць хай паход крыжовы
вайне, падману — усяму,
што несла выгаду яму.

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.

Пераклад:
Макс Шчур

Канец эпохі, ціша ў сьвеце.
Век дасказаў, што меў на ўвеце —
дазьзялі слынныя прамоўцы,
сышлі ў нябыт майстры ў рыфмоўцы,
адваяваў ваяр суворы,
мысьляр дамазгаваў, акторы
дайгралі, скульптар скончыў творы,
мастак запоўніў фрэскай сьцены,
і крытык вырак, хто зь іх цэнны.

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.