Інтэрнацыянал

Пераклад: 
класічная французская паэзія, вершы па-беларуску, французская літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Паўстаньце, выклятыя сьвету,
хто ў цемры й голадзе блукаў!
Наш розум больш ня сьцерпіць зьдзеку
і хутка выбухне вулкан!
Сатры мінуўшчыну дазваньня,
натоўп рабоў, рыўком адным!
Cьвет неўзабаве іншым стане,
хай мы нішто — дык будзьма ўсім!

Гэта бой вырашальны,
каб зьяднацца маглі
ў Інтэрнацыянале
ўсе людзі ўсёй Зямлі.

Нашто нам нейкі вышні збаўца —
ці бог, ці цэзар, ці прарок?
Давайце самі ратавацца,
усім спрыяць дамо зарок!
Каб нам вярнуў пакражу злодзей,
каб думку з пут пусьціў жандар,
кавальскі мех у рукі возьмем —
жалеза куйма, покуль жар!

Закон хітрыць, дзяржава душыць,
падатак п’е гаротным кроў.
Правы — багатым і чынушам,
а бедным — пшык замест правоў.
Ня верма роспачы жабрацкай,
пачуйма роўнасьці пазоў:
няма правоў без абавязкаў
і абавязкаў без правоў.

Зьвярэюць у сваім засільлі
чыгункі й шахты каралі:
што мы сумленна зарабілі —
яны падманам аднялі.
У іхным банку, іхным сэйфе
ім служыць нашай працы плён.
Няхай нам вернуць да капейкі,
што вінаватыя здавён.

Абрыд народам чад геройскі —
нам мір, дыктатарам вайну!
Няхай паўсюль страйкуюць войскі,
шыхты й далоні разамкнуць.
Як генэралы-людажэры
пад кулі зноў пагоняць нас,
дык нашы стрэльбы й нашы стрэлы
іх напаткаюць, дайце час!

Мы ўсе, рабочыя, сяляне,
чальцы працоўнай грамады;
зямля — для тых, хто з мазалямі,
гультай — ня сунься лепш сюды.
Крыві нам досыць пасмакталі!
Калі крукоў і сіпаў раць
аднойчы зьнікне на сьвітаньні,
не перастане сонца зьзяць!

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.

Пераклад:
Макс Шчур

Яны не працуюць да поту й не наракаюць на свой лёс,
не ляжаць у цемры і не аплакваюць сваіх грахоў,
ня гідзяць мяне размовамі пра свой абавязак перад богам,
між іх няма незадаволеных, няма вар’ятаў, апантаных маніяй
назапашваць рэчы,
ніводны зь іх ня кленчыць перад ніводным, ці перад продкамі, што жылі тысячы
гадоў таму,
ніводны зь іх на цэлай Зямлі не фігуруецца й не пакутуе.

Пераклад:
Макс Шчур

Калі вам пагана, ня трэба казаць гэтага чытачу. Пакіньце сваю гаротнасьць пры сабе.

Пераклад:
Макс Шчур

Канец эпохі, ціша ў сьвеце.
Век дасказаў, што меў на ўвеце —
дазьзялі слынныя прамоўцы,
сышлі ў нябыт майстры ў рыфмоўцы,
адваяваў ваяр суворы,
мысьляр дамазгаваў, акторы
дайгралі, скульптар скончыў творы,
мастак запоўніў фрэскай сьцены,
і крытык вырак, хто зь іх цэнны.