Ода на трэцяе ліпеня

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Ангажаваная постпаэзія

Трыадзінства

1.

Прывітаньне вам мужныя беларускія расісты

абаронцы бацькаўшчыны

прыхільнікі хітразачосанага бляндына

людзі зь цяжкімі лёсамі і яшчэ цяжэйшай кармай

гатовыя сесьці на шыю любому ворагу народа

дастаць біблію

і чытаць яе ўголас да пасіненьня

ягонага

апострафы адраджэньня

астравы блазенства

пострахі збачэнцаў

антычныя героі

ў мармуры

з пустымі вачыма і дэкаратыўнымі чэлесамі

2.

Прывітаньне вам мудрыя беларускія эканамісты

нэалібэралы

чарадзеі попыту й прапановы

старшыні не калгасу а зямной кулі

для вас крыштальнай

колбы з нафтай

абаронцы сярэдняй клясы

выпускнікі сярэдняй школы

бізнэсу

людзі зь нечуванай чуйкай

кожны з вас мае ўсе падставы думаць

глябалізацыя гэта я

а пасьля мяне хоць патоп

гэты дзень вы набліжалі як маглі

вунь ужо па вас плыве Іланаў каўчэг маркі Тэсла

заходзьце ўладкоўвайцеся

прышпіліце рамні

каб на Марсе маглі яблыні цьвісьці

3.

Прывітаньне вам мірныя беларускія сэксісты і гамафобы

стаханавы нараджальнасьці

пяшчотныя зьберагальнікі генэтычнай інфармацыі

інструктары мэтазгоднага сэксу

змагары з гейропай

і рэштай Геі

майстры аддзяляць мушак-зелянушак ад катлет з фэнхелем фэмінізму

ласкавыя кіндэркюхекірхеры

сарамлівыя экспэрты па садомскім граху

рэтушавальнікі геніталій

экзарцысты дашлюбнага пазашлюбнага і звышшлюбнага сэксу

заканадаўцы чужых альковаў

эталёны квадрата

вы добра ведаеце што маеце шанс кагосьці сабой зацікавіць толькі калі аб’яднаецеся

хоць бы і з мэтай павучальнага групавога згвалтаваньня

што ж паколькі вы без граху падрыхтуйце камні

4.06.

***

Ярмо

на народнай шыі

Шына

прабітая стрэлам пад Лёзна

піЯрмашына

часу

калькулятар

што акругляе любую лічбу да васьмідзесяці працэнтаў

крыштальна часна

як вадзяра заводу крышталь заедзеная часнаком

яе пагражаюць прыхлопнуць

як браткоў у 90-х

пераблытаўшы з тараканам

дапамажыце ёй фэміністкі

а то ў яе рукі па локці ў баршчы

падкажыце што там ідзе далей па рэцэпце

вечнай камсамоладасьці

5.06.

***

Паўсюль рабаўладальнікаў скідваюць

у нас аднаўляюць

на плошчы паставілі рымскую калёну

каталіцкім калянізатарам крыжакам

ККК

масавым забойцам эўрапейцаў індзейцаў індыйцаў і афрыканцаў

Прага зноў стала глухім правінцыйным местам

прышпіленым да мапы ганебным слупом

цяпер мы маем помнік царкоўным рэстытуцыям

тэрмомэтар бяспамяцтва

9-12.06.

***

Плякаты абарона як не ад расізму дык хоць ад дажджу

той прасьвечвае лёгкую вопратку сваім рэнтгенам

надвор’е больш ня слухаецца сыноптыкаў

то занадта сьпёчна то біблійны лівень

біблівень

адзін на ўсю кавярню як у залатыя часы бяздом’я

зусім ня ў той у якую зьбіраўся

так лепей

13.06.

***

Усе гэтыя гады сваёй адсутнасьцю ў рб я ствараў такі лёгкі дыскамфорт

пераважна падчас усякіх літаратурных акцый

зацікаўленыя думалі што я іх нейкім чынам падманваю

або пагарджаю ня хочучы браць удзелу ў іхным насычаным культурай і сэнсам жыцьці

тым часам ствараючы ім дыскамфорт я хацеў толькі нагадаць

што іх падмануў нехта іншы

магчыма з усіх створаных мною мэтафар

мэтафара адсутнасьці свабоды як уласнай адсутнасьці

была самай удалай

14.06.

***

Лета тоўстыя авангардныя раманы доўгія авангардныя вершы

галоўнае ня столькі сэнс колькі сам працэс

усё часьцей згадваю пра мора ў Славеніі

ластаўкі сьвісьцяць па-над Карлавым мостам як баявыя сякеркі

застаецца адна дарога ў Тыбэт

Оўпэн Гаўз

на народзіны Далай-ламы

16-19.06.

***

Галасы буяюць у гермэтычным слоіку двара

надвячорак з усіх закуткоў вылізвае рэшткі сонца

з раніцы ў сеціве чакае Знак агню

увечары музыка НЛА ў Тыбэцкім доме

а дзесьці паў-сталіцы трапіла ў будучыню без пітной вады ўжо сёньня

чэргі бадай відаць з космасу як і лінію Сталіна

а тут толькі Галодны мур далёкі продак фунікулёру

выцьвілы хрыбет вымерлага сярэднявечча

стаіць у чарзе да калёнкі Пэтржынскае тэлевежы

19-25.06.

Памяці Пэтра Крала

З раніцы пагаліцца аддаць пашану твайму ўлюбёнаму рытуалу

ня доўга думаючы надзець твой ня менш улюбёны капялюш

і бегчы на апошняе спатканьне з табой у крэматорый

дзе на прастакутнай як рама гільятыны сцэне

акурат пачынаецца джазавы сэзон

па заяўках тых чыя маладосьць прыпала на пяцідзясятыя

вы толькі паглядзіце парыскага паэта хаваюць у Празе

сёньня ўжо магчымае і такое

ты ляжыш за шклом цябе ўжо музэіфікавалі

хаця гэта ўжо ня ты гэта будда зноў згадаў часы сваёй галадоўкі

да сцэны з тваім патрэтам стаіць чарга віншавальнікаў

каб яшчэ раз прысягнуць на вернасьць каралю

упершыню даю табе аўтограф у кнізе спачуваньняў

парафразуючы аўтограф што ты даў мне ў кнізе свайго спачуваньня

дзякуй табе што ты слухаў такую вясёлую музыку

загадзя думаючы пра нас каб мы ня надта па табе смуткавалі

яшчэ хочацца сказаць табе што па дарозе сюды

ідучы хутчэй па тваёй Вэнэцыі чым па Празе

я натрапіў на плякат студэнцкага спэктаклю «Паэтава ўдава»

цудоўная нагода зноў пасьмяяцца разам

але гэта ўжо ў іншым сьвеце

а калі выходжу на вуліцу то з чыстага неба капае дождж

26.06.

***

Прачынаюся а палове на другую ночы
каб занесьці ў кампутар подпісы беларусаў
сабраныя ў Празе за свабодныя выбары
подпісаў больш за сотню перапісаць іх займае гадзіну
беларускія ўкраінскія гэбрайскія польскія расейскія азіяцкія і іншыя прозьвішчы
хлопцаў і дзяўчат большасьць зь якіх я бачыў першы й апошні раз
і чыіх абліччаў не запамятаў
суродзічы
сучасьнікі
сувыгнаньнікі
з адным-двума мы знаёмыя ў фэйсбуку
жыцьці астатніх праходзяць недзе побач не перасякаючыся з маім
не выходзячы за рамкі іхных колаў бадай ананімна гэта значыць рэальна
ў адрозьненьне ад прывідных жыцьцяў тых хто належыць да тонкай плеўкі
так званых публічных фігур вядомых асобаў
якіх нейкая блуклівая выпадковая плынь вынесла на паверхню акіяну
званага Чалавецтва
я сам так імкнуўся зь яго выплыць утрымацца на хвалях заняць месца пад сонцам
але цяпер разумею што найлягчэй выплывае на паверхню ўсякая поскудзь
без вагі й зьместу і свомасьцяў за выключэньнем смуроду
грунтоўныя людзі застаюцца ў глыбінях каб у патрэбны момант
падняцца зь іх у поўны рост скінуць плеўку й прымусіць астатніх
сябе выслухаць

30.06.

***

Напаўзгарэлыя сярнічкі
ліхтароў паўтыканыя ў парэнчы моста

драўляныя хваляломы
кудлацяць густую поўсьць ракі-сэнбэрнара

надышло даўняе знаёмае лета каля мора
прыпраўленае чэмпіянатам сьвету па футболе
калі ўжо няма куды сьпяшацца

адно жаданьне — пабыць як найдаўжэй
на сумленна агоранай вяршыні
на выпаленым горным плято
кінуць капялюш на нагрэтую сонцам лысіну года
такая сабе ганаровая пэнсія

хадзіць па вуліцах у шлёпанцах ці босым
мэдытаваць у цяні храму
перачытваць любімыя кнігі
наведваць канцэрты пад адкрытым небам
па вечарах глядзець авангардныя фільмы

а не змагацца за чыёсьці там права звацца народам

1.07.

Ода на трэцяе ліпеня

Беларуская Стратэгічная Сталінская Рэзэрвацыя
сёньня вядомая як Рэдут Беларусь
ніколі не зьнікала з мапы Эўропы
з самога моманту свайго заснаваньня
якім умоўна і справядліва лічыцца 3 ліпеня 1944 года

у гэтай ваенізаванай марыянэткавай дзяржаве
прыцемкі якой мы акурат назіраем
між іншым сузаснавальніцы ААН
не было нацыі
і не было грамадзянаў
былі толькі падданыя й падабаронныя
арганізаваныя ў калгасы й прадпрыемствы ВПК
і натуральна не было нацыянальнай ідэі
як не было і грамадзянскай супольнасьці

нацыянальную ідэю замяняла Вялікая айчынная вайна
грамадзянскую супольнасьць таварыства вэтэранаў
а нацыянальную кінэматаграфію студыя Партызанфільм

культура публічнага выкрыцьця магчымых шпіёнаў
дывэрсантаў здраднікаў і калябарантаў
а таксама ваенная літаратура
дасягнулі ў гэтым утварэньні недасяжных вышыняў

заснавальніцкі гераічны міт аб вызваленьні ад фашызму
пад якім мелася на ўвазе проста ўсё чужое злое й ірацыянальнае
недзе ў 80-х апынуўся пад пагрозай дэканструкцыі
і выцясьненьня новым наратывам пра народ-пакутнік
гл. Чарнобыль гл. Курапаты гл. Афганістан
які падаваў гісторыю ўжо ня з гледзішча пераможцаў а з гледзішча
ахвяраў гэтай самай гісторыі

натуральна што гэты наратыў ставіў пад сумнеў
легітымнасьць вышэйзгаданай БССРэзэрвацыі
якую тады яшчэ называлі Вандэяй

але горшым было тое што неўзабаве
ваенізаваная марыянэткавая дзяржава
наагул засталася без лялькавода
што грунтоўна пахіснула сам сэнс яе існаваньня
насталі 90-я і разгул дэмакратыі
узброены да зубоў Рэдут нават адмовіўся ад ядзернай зброі
уявіце сабе

яшчэ крышку і з Рэдуту магла атрымацца звычайная
шараговая дэмакратычная эўрапейская краіна
але тут настала адна праблемка
пра якую мысьляры неяк не падумалі
а менавіта што ня толькі эканоміка Рэдуту
але й мазгі яго падданых заточаныя пад так званы
ваенны камунізм
а дакладней дзяржаўны капіталізм
і што сам Рэдут ёсьць ня толькі культурным
але перадусім эканамічным філіялам былой імпэрыі
і што перанаводзіць або дэмантаваць нацэленыя на Захад гарматы
паварочвацца да яго тылам а да Ўсходу фронтам
гэта для Рэдуту задужа энэргаёмістая авантура

нашмат прасьцей было знайсьці для марыянэткавай дзяржавы
новага лялькавода

і ён натуральна знайшоўся
гэтым разам яго адшукалі ў сваіх шэрагах самі падданыя
гэта быў адзін історык то бок прафэсійны прапагандыст
па-народнаму кажучы трапло
фанатык Вялікай Перамогі і Стратэгічнай Сталінскай Рэзэрвацыі
з хітразачосанай палітычнай праграмай «Назад у будучыню»

падданыя любяць казкі й прыгожыя гісторыі
таму натуральна палюбілі й історыка

і асабліва яго палюбілі «людзі ў пагонах»
так званыя «ваенныя людзі» або «служывыя людзі»
бо ў іх ён слушна адчуў і распазнаў апірышча
ваенізаванай марыянэткавай дзяржавы

а яны распазналі ў ім Гаранта
таго што ім не давядзецца ісьці ваяваць
супраць матухны Расеі
і гінуць у акопах
за мітычную незалежнасьць Рэдуту Беларусь

як той казаў
«мы мілітарысты — мірныя людзі»

як толькі історык стаў гаўнакамандуючым
то неўзабаве выдаліў з Уставу Рэдуту залішне цывільныя й лібэральныя пункты
а з часам наагул перапісаў яго пад сябе
пакінуўшы ўсякія там дэмакратычныя інстытуты хіба ў якасьці маскіроўкі
ну якая бл... у войску дэмакратыя вы што ах...лі
стварыў так званую вэртыкаль улады ў якую пасадзіў «дзядоў»
замест судоў увёў дэ факта вайсковыя трыбуналы
а шараговых падданых перавёў на становішча салагаў

історык рос бязбацькавічам і праз гэта так любіў вайсковую дысцыпліну

усякія адмоўнікі й пацыфісты
што не хацелі маршыраваць у шэрагу й сьпяваць салдацкія песьні
дык або дэзэртавалі з казармы
або дэмабілізаваліся праз стан здароўя
або не вылазілі з «губы»

тыя з штабістаў хто не разумеў сутнасьці перамен
і спрабаваў ім замінаць
былі расстраляныя «па законах ваеннага часу»

пасьля гэтага гадоў дваццаць у гарнізоне ўсё было адносна спакойна
тылавікі працавалі як сьлед
паліва для тэхнікі пастаўлялася спраўна
лішняя зброя распрадавалася налева й направа
падсобная гаспадарка здавальняла патрэбу ў хлебе і малацэ
купоны для ўнутранага карыстаньня пэрыядычна дэнамінаваліся
дэмбэля атрымлівалі сякую-такую пэнсію
на тэрыторыі Рэдуту былі чысьціня і парадак
якім зайздросьцілі жыхары ўсіх вакольных цыганскіх табараў
культурнае жыцьцё вайсковага гарадка квітнела
па тэлевізары нон-стоп круцілі
старыя выпускі праграмы «Служу Савецкаму Саюзу»
заўхоз баба Ліда вяла ў сьценгазэце рэгулярную рубрыку «Вясёлая матэматыка»
сам гаўнакамандуючы вёў хакейны гурток
ніякай варожай разбэшчанасьці й распусты не дапускалася
на пэрыядычныя запоі салагаў камандаваньне глядзела скрозь пальцы
і нават іх заахвочвала бо само ж і валодала Ваенторгам

ну вядома ж недзе ўціхара пацяўквалі ў сваіх падпольных улётках
прыхільнікі прафэсійнага то бок наёмнага войска
пакаленьне разгулу дэмакратыі пачатку 90-х што патрабавалі іхнага вяртаньня
дэ факта варожыя найміты
якія не любілі ўсяго гэтага рамантычнага і прыўкраснага
казарменнага ладу жыцьця
такога блізкага сэрцу кожнага дзякуючы старым кінафільмам
але хто ж іх слухаў

...і тут зьявіліся сацыяльныя сеткі!

не сакрэт што большасьць мужчын
згадвае службу ў войску з настальгіяй
і небеспадстаўна
жыцьцё ў войску ставіць простыя задачы нават адну задачу
выжываньне
гэта мацуе сяброўства
няма недахопу ў прыколах
усе выпрабаваньні на адлегласьці здаюцца пацешнымі як і само войска
ну хіба за выключэньнем самагубстваў але гэта ў прынцыпе рэдкасьць

сакрэт гэтай настальгіі палягае аднак у тым
што служба ў войску па часе абмежаваная
і мае як усё ў гэтым сьвеце пачатак і канец

мала хто хоча заставацца на звыштэрміновую службу
пагатоў пажыцьцёва

каб увесь гарнізон застаўся служыць гаўнакамандуючаму бестэрмінова
для гэтага варта было б перавесьці яго на кантракт
які ў народзе яшчэ называюць «сацыяльным»
і які быў бы для гарнізону выгадны

вось толькі штаб гаўнакамандуючага
няздольны ўжо прапанаваць такога кантракту
тылавікі падвялі
матэрыяльныя й інтэлектуальныя рэсурсы скончыліся
засталася ўзброеная ахова і гвардыя
па пэрымэтры
прафэсійныя паразіты
гатовыя дзеля ўратаваньня сваёй сракі
страляць у бяззбройных людзей
амуніцыі для абароны штабу ў іх дастаткова
і яны могуць нават яшчэ раз
апошні
перамагчы

але гэта будзе Піррава перамога
бо вайна насамрэч канчаткова прайграная
і прайграная ўжо цяпер

легітымнасьць ваенізаванай марыянэткавай дзяржавы
сышла ў гісторыю

«старой Беларусі больш няма»

вайсковую базу Рэдут Беларусь можна ўжо толькі выставіць на аўкцыён
і натуральна першай у чарзе па яе будзе Расея
бо яна яе калісьці і заснавала
пытаньне ці захоча Расея адразу
сама прад’явіць свае пакупніцкія правы
на падставе так званай Саюзнай дамовы
або пачакае пакуль яе папросяць умяшацца
ці то з штабу ці то з гарнізону ці то з Захаду

аднак загваздка ў тым што купіць разам зь дзяржавай
можна падданых прыгонных рабоў
але не народ

8.07.

Пабеда Шаўшэнка

Я вас пра адно прашу
берагіце эту Срану
я яе сваімі рукамі ствараў
цэлых дваццаць шэсьць гадоў
ляпіў як казачны замак
на вашых вачах
дарагія целаахоўнікі
вось у гэтай самай пясочніцы
па пэрымэтры якой вы стаіце
ну з чаго было з таго і ляпіў
дзякуй вам што ніхто мне так доўга не замінаў
вы спытаецеся адкуль у мяне былі для вас грошы
адкрыю прафэсійны сакрэт
цераз гэтую пясочніцу праходзіць труба
нават ня ведаю з чым
я яе з самага пачатку раскалупаў
і вось з таго што там цячэ і зьляпіў Срану
эту цветушчую Беларусь
берагіце её
прашу вас

14.07.

***

14 ліпеня
наўпроставая трансьляцыя з Бастыліі
паседжаньне Цэнтральнай Вертухайскай Камісіі
старшынюе камэндантша нежнай крэпасьці
на разагрэве з дакладамі выступаюць прадольныя кожнай зь вежаў
паводле іх тэмпэратура агулам па зоне нармальная
ад зэкаў паступіла столькі і столькі подпісаў
за вылучэньне такіх і такіх аўтарытэтаў на пасаду сматрашчага
некаторыя з аўтарытэтаў прэвэнтыўна зьмешчаныя ў карцэр
каб не падхапілі папулярнай цяпер у народзе чумной заразы
аднаму зь іх з Камітэту Дарадцаў Караля
ўжо прыйшоў прысуд за подпісам манарха
абнародаваньня прысуду на прыступках турмы напружана чакаюць
сваякі аўтарытэтаў і журналісты незалежных улётак
камэндантша зачытвае доўгі сьпіс злачынстваў кандыдата на плаху
дзе не бракуе сэксуальнага гвалту ў дачыненьні да групы асоб
арганізаванага вядзьмарства й канібалізму
пасьля чаго зьвяртаецца да калег з прапановай
у памілаваньні адмовіць
хто за
аднагалосна
пасьля чаго камісія пераходзіць да разгляду кандыдатур астатніх аўтарытэтаў

14.07.

Зянонсэнс

Ты г...н і ты г...н
я Зянон Дабражалон
ты гэбіст і ты гэбіст
я змагар і зянаніст
ты агент крамлёўскай ваты
я раскопваў Курапаты
за табой стаіць Масква
я спыню яе раз-два
я гадамі за байкот
ты пушысты тлусты кот
у мяне ёсьць Зеня-хоп
у цябе дарэмны хоўп
у мяне ёсьць вечны скайп
у цябе галімы хайп
я табою падатрусь
я Больная Веларусь

14.07.

Альфонсы

Хачу па-мацярынску абняць порнаактораў. Хлопцаў.
 Вано Крюгер

Альфонсы ў цывільным
знаўцы клясычнага жывапісу дзевятнаццатага стагодзьдзя
і клясычнай парнаграфіі дваццаць першага стагодзьдзя
заўзятары бо дэбілдынгу
шпацыруюць па бульварах як ягуары
пацягваюцца пазяхаюць разьмінаюць цягліцы
добра аплочаныя прастытуты
па кішэні далёка ня кожнаму і ня кожнай
пэрыядычна пазіраюць у ручныя відэакамэры
праглядаюць відэазапісы сваіх найноўшых цыркавых нумароў
адцягваюць свой канец
і чакаюць калі ўжо ўрэшце пазвоніць сталая кліентка баба Ліда
каб зноўку разам цудоўна правесьці вечар
заўтра ж у бабы Ліды адказны дзень
выступленьне па тэлебачаньні ў ролі пракурора Вышынскага
што ня ведаў панятку прэзумпцыі невінаватасьці

18.07.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

У сраку «з Гінзбэргамі разам»
слаў Маялес.
Казаў, ня лезу ў дупу масам,
пры гэтым — лез.

Адно цяпер сказаць магу я,
што супраць мас.
Пісаць для іх — якога хуя?
А Гінзбэрг — клас.

Як гучыць радок,
які падкрэсьлівае
лятак у небе?

Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены

тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца