Песенькі з-пад шыбеніцы

Пераклад: 
нямецкая паэзія, вершы па-беларуску, нямецкая літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Пара аслоў

(Die beiden Esel)

Узяў асьліну жаль бясконцы,
і кажа ён маладажонцы:

«І я асёл, і ты асьліца —
мо, нам пайсьці самазабіцца?»

Але ж, як часьцяком бывае,
да сёньня парачка жывая.

Вада

(Das Wasser)

Бы вады ўзяўшы ў рот,
рэчка сунецца ўпярод,
ледзь паўзе. Балазе,
рэчка глупстваў не вярзе!

Піва, хлеб, глыб, вуда —
зьместу нуль, адна вада!
Сапраўды, лепш тады
мкнуць, набраўшы ў рот вады.

Шчупак

(Der Hecht)

Як загадаў сьвяты Антоній,
шчупак з усёй сям’ёй ягонай,
каб пераарыентавацца,
зрабіўся вегетарыянцам.

Мэню ў яго было марское:
капуста, водарасьці, соя.
Ды не марскія ўжо фэкаліі
зь яго — о, сорам! — выцякаліі.

Стаў брудным стаў ушыр і ўглыб.
Загінула пяць соцень рыб.
На што сказаў сьвяты Антось:
«Тут Дух сьвяты паўсюль і скрозь!»

Штыкетнік

(Der Lattenzaun)

Быў плот. Паміж яго штыкет
ільга было глядзець на сьвет.

Пабачыў архітэктар гэта —
прымчаўся тут жа да штыкетаў!

На шчыліны ня мог глядзець ён
і дом уплішчыў між штыкецін.

Плот стаў цяпер залішне шчыльны,
калі забудавалі шчыліны.

І від ён, і настрой псаваў.
Сэнат яго канфіскаваў.

А архітэктар — той цю-цю
у Афры- ці Амэры-цю.

Крот-эстэт

(Das aestetische Wiesel)

Сеў крот
рачулкі пасярод
паслухаць булькатаньне нот.

Зь якой
ласкі?

Бычок наскі
разьвеяў мой
сумнеў прыкры:

З такой,
што крот той
там дзеля рыфмы!

Акт нараджэньня філязофіі

(Geburtsakt der Philosophie)

Глядзіць зь пярэпалахам дзікая авечка,
бы ўпершыню ў жыцьці сустрэла чалавечка.
Яе пагляд мяне ўсыпіў, і ўжо мне сьніцца,
што ўпершыню і мне сустрэлася дурніца.

На плянэце мух

(Auf dem Fliegenplaneten)

На плянэце мух чалавеку
не пазьбегнуць, на жаль, пакут:
там мухі нам робяць тое,
што мы мухам робім тут.

Там на стужках, мазаных мёдам,
чалавекі, як мухі, мруць.
Мы ўсе там пад мухай ходзім:
у піва могуць штурхнуць.

Зрэшты, болей па-чалавечы
мухі ставяцца там да нас:
муха не запячэ вас у печыве
і ня выжлукціць з вамі квас.

Лёс

(Schicksal)

З-за хмар азвалася маланка:
«Я прасьвятлю цябе, баранка!»

І зад, і бок у барана
яна спаліла дачарна.

Цяпер занятак ёсьць яму:
гадаць, што ён зрабіў каму.

Vice versa

Сядзіць зайчыха дзесь на лузе —
маўляў, адна ўва ўсёй акрузе.

Ды з дапамогай тлустых лінзаў
яе спадар адзін прыблізіў

і засяроджана, паціху
з грудка разглядвае зайчыху.

З усьмешкаю зь нябёсаў ціхіх
глядзіць Спадар на абаіх іх.

Груган Рыгор

(Der Rabe Ralf)

Груган Рыгор
так-так ну-ну
ня меў сясьцёр
ах-ах ку-ку
ён жыў адзін
сярод руін
так-так ах-ах
ну-ну

Мадам Імгла
так-так ну-ну
лухту вярзла
ах-ах ку-ку
бяры, маўляў,
яно ж ням-ням
так-так ах-ах
ну-ну

Груган Рыгор
так-так ну-ну
праз год памёр
ах-ах ку-ку
памёр ён так
як жыў, бядак —
так-так ах-ах
ку-ку

Фатэль-гушкалка на закінутай тэрасе

(Der Schaukelstuhl auf der verlassenen Terrasse)

Я фатэль для гушканьня, вецер мяне
падштурхвае ў сьпіну, у сьпіну.

На тэрасе, дзе восеньскім холадам тхне,
на ветры я стыну, стыну.

Парыпваю гэтак я дзень пры дні,
як вецьце ліпы, бяз спыну.
Ну хто б не здурэў ад той штурхатні
ў сьпіну, у сьпіну, у сьпіну.

Песьня шыбеніка для Ганусі, катавай нявесты

(Galgenbruders Lied an Sophie, die Henkersmaid)

Ах, любая Гануся!
У чэрап дай мне бусю!
Мой чорны рот —
як рваны бот,
ды бусяй — спакушуся!

Ах, любая Гануся!
Прылашч мне чарапусю!
Там мох нарос
замест валос —
нічога, абыдуся!

Ах, любая Гануся!
У чэрап глянь мне ў скрусе!
Вачам — каюк,
іх зьдзёўб канюк!
Няхай, абы ня бусел!

Пара пляшак

(Die beiden Flaschen)

Дзьве пляшкі на стале стаялі —
пузаты штоф ля тонкай кралі.
Штоф шлюбу з краляй быў бы рады,
каханьне ёсьць — ды хто дасьць рады?

Малітва позірка двайнога
ляцела ў сінія нябёсы...
Але ніхто адтуль ня зьнёсься,
каб павянчаць іх перад богам.

Між дзеяй і словамі

(Unter Zeiten)

Загадны лад і лад абвесны
пілі сумесна.
Умоўны лад схацеў быць трэцім
(яго пашчасьціла сустрэць ім).

Час будучы і час мінулы
нат не глынулі.

Прэтэндэнты на трон

(Kronprätendenten)

-Я, слынны граф Дэ Рэамюр,
на трон ня выракся прэтэнзій,
няхай не засталося дзюр,
адкуль мяне ня выгнаў Цэльсій!

А Фарэнгайт, вялікі князь,
жуе сабе ў кутку салеру:
«Ах, божа, во быў слаўны час,
калі я ў градусах знаў меру!»

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Спрадвечны розгалас крыніц
з вышыняў вуха ловіць...
На іх пачатку бог стаіць —
сам вечны пачатковец.

Пераклад:
Макс Шчур

Хадзіце, дзеці мае,
мае хлопцы й дзяўчаты, мае жанкі, замужнія й незамужнія,
вось цяпер музыкант папускае аброць, скончылася прэлюдыя
ягонай унутранай жалейкі.
Лёгка напісаныя акорды для разьняволеных пальцаў — я адчуваю, што вы ўжо
ня можаце трынькаць вышэй, і перастаю.

Пераклад:
Макс Шчур

Я ведаю, што я самаўладны,
я не турбую свой дух патрэбай апраўдвацца ці быць зразуметым,
вечныя законы не выбачаюцца,
(Зрэшты, я лічу, што ў маіх словах ня больш фанабэрыі, чым у грунтвазе, якою я зьвяраю
свой дом.)

Пераклад:
Макс Шчур

Ты ёсьць Любоў: табе багаты
хай, як Хрысту, цалуе пяты
й ідзе з табой па сьвеце, сам
майно раздаўшы беднякам,

альбо ў імя тваёй любові
абвесьціць хай паход крыжовы
вайне, падману — усяму,
што несла выгаду яму.