Восеньскі лексікон птушак і рыб

сучасная беларуская эсэістыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Канцэпты і дэфініцыі (1)

Гэта тое, што ніколі не спатрэбіцца ў тваім жыцці. З чым ты ніколі не сустрэнешся. Не ўбачыш і не зразумееш.

У тваім ясным, пралічаным жыцці. Жыцці на вяршынях. Эверэстах і Джамалунгмах. Штучна створаных, каб ты мог многа жыць і далёка бачыць. Каб ты мог адчуваць сябе ў цэнтры. Жыць з мілай перакананасцю, што увесь свет створаны дзеля таго, каб туалетная папера ў тваім офісе была заўсёды высокай якасці. А ў кавярні насупроць ніколі не сканчалася капучына.

Так, табе пашэнціла.
Ты ў цэнтры.
Таму не шкадуй.

Усім валодаць немагчыма. Трэба штосьці пакідаць іншым, на ускраінах бытнага, там, дзе ўсё яшчэ дымяцца топкія сэнсы.

І гэта правільна. Усё рэдкае для рэдкіх, як напісаў адзін нямецкі пацыент у сваёй ранняй кнізе.

Дэфініцыі (2)

Новае — гэта і тое, што новае, і тое, што мадэрнае, і тое, што су-часнае.

З часам новае перастае быць новым, але застаецца мадэрным і ў гэтым адмыслова су-часным, уступае з часам у адмысловае су-моўе.

Іншым разам новае застаецца раўнадушным да сваёй эпохі, не-су-часным, але мадэрным і ў гэтым сэнсе размаўляе з намі з будучыні.

Бывае таксама, што новае адразу патрапляе ў сітуацыю пасля-часу і спрабуе быць сучасным усяму, што ёсць і што будзе. І тады гэта называецца класіка.

Дэфініцыі (3)

Пад новай альбо сучаснай беларускай літаратурай мы будзем разумець адмысловую культурную фармацыю, якая пачала паўставаць з канца васьмідзясятых і якая характарызуецца радыкальным разрывам з літаратурай беларускай савецкай.

Момант разрыву не толькі фармальны: ён выяўляецца не толькі ў тым, што новая літаратура анты-савецкая, альбо, у больш нейтральных версіях, пост-савецкая.

Не толькі эстэтычны: новая літаратура — гэта літаратура падкрэслена гарадская, мадэрная, складаная, эстэцкая.

І не толькі палітычны: гэтая беларуская літаратура паўстала практычна без удзелу дзяржавы.

Разрыў перш за ўсё экзістэнцыйны: тыя, хто туды патрапляў, перш за ўсё былі спакушаныя.

Для новых творцаў беларуская мова і культура вывучаныя, выбраныя свядома, як новы культурны код, у якім і праз які прачытваюцца самыя розныя рэчы.

Гэта значыць, беларуская літаратура выступае як праект, як мейсца ўцёкаў і як утопія.

І гэта важна.

Тры пакаленні

Новая хваля распадаецца на тры пакаленні.

Пакаленне «тутэйшых». Шмат у чым пакаленне разрыву. з традыцыйнымі практыкамі і з традыцыйнай паэтыкай. Канцэптуальна гэта пакаленне антыкаланіяльнага мадэрна. Каб зразумець што гэта такое, трэба ўявіць Джойса, які піша свайго «Уліса» — але па-гэльску.

Пакаленне бум-бам-літа альбо «дзеці рэвалюцыі». Гульня з формамі і ідэямі. Радасць. Немагчымасць выбару. Нават калі пачалася нармалізацыя, яны ўсё яшчэ сярод магчымасцяў. Патрапляе ў тое, што з пэўнай доляй умоўнасці можна назваць посткаланіяльным постмадэрнам.

Трэцяе пакаленне. Яно прыйшло пасля таго, як усё скончылася, калі яшчэ былі на слыху гісторыі змагання і песні руінаў.

І не знайшло для сябе аніякай яснай парадыгмы, аніякай эстэтыкі.

Вакол трэш, порнагламур, комікс.

Тым ня менш яго задача — быць апошнімі, дыялектычна завяршыць складанне новай літаратуры,

Утопіі

Беларусь доўгі час была нарматыўнай утопіяй тутэйшага мастацкага авангарда.

Потым усе прачнуліся.

Сны

Дасюль няясна, куды мы патрапілі: у суворае начное трызненне ці ў светлы сон перад самым світанкам.

Крытыкі ўсё яшчэ спрачаюцца, усё яшчэ нязгодныя.

Але ёсць і штосьці бясспрэчнае. Старая хатка. Голас, які заклікае «не пакідаць мовы нашай, беларускай, каб ня ўмёрлі».

Чый гэта быў голас? Сам ён назваўся Мацеем Бурачком, але ўжо тады было зразумела, што гэта толькі псеўданім.

Некаторыя паверылі, пайшлі напрасткі.

Яшчэ ніхто не вярнуўся.

Парадоксы

Беларуская літаратура — малая, лакальная, заклапочаная праблемамі ўласнага выжывання.

Беларуская літаратура — глабальнае памежжа, месца, дзе ўсё сутыкаецца з усім.

Ад’езды і вяртанні

Мейсца, адкуль з’язджаюць, каб нарадзіцца яшчэ раз.
У іншай краіне, іншай мове, іншых абставінах.

І куды вяртаюцца, каб прыгадаць, кім ты быў да таго, як прыняў форму.
Да таго, як ты пагадзіўся са светам.
Супаў з ім напоўніцу.

Вяртаюцца, каб прыгадаць, кім ты быў да свайго нараджэння.

Топкія сэнсы

Тое, што адкрываецца, калі мы спрабуем бачыць разам з літаратурай, і крыху далей. Бачыць з іншай перспектывы, з іншай дыстанцыі, іншым вокам.

Калі мы спрабуем адысці ад крытычнага таўталагізму, дзе ўвага засяроджваецца на сродках, на медыюме, і выходзім у месцы, у якіх адмыкаюцца словы.

Калі мы сцішваем сваю суб’ектыўнасць, каб даць выявіцца самому твору — напоўніцу. (Суб’ектыўнае перажыванне — прастора, дзе мастацтва памірае, заўважае Гайдэгер, і мы з гэтым пагодзімся.)

Калі мы, у нашых герменэўтыках, дадаем і пашыраем, а не звужаем і зводзім.

Калі мы імкнемся прайсці праз створанае — наскрозь — каб апынуцца там, дзе ўсё пачалося.

Другое пісьмо

Тое, што ў часы высокага мадэрнізму было цэнтрам і сарцавінай, сёння ў лепшым выпадку займае мейсца «другой» альбо іншай літаратуры.

Выпадаючы з новых фарматаў, не пагаджаючыся на ролю экзатычнага прыдатка, яна фармуе сваю прастору.

Яна культывуе сваю дзіўнасць і сваю адчужанасць ад прынятых формаў.

Калі паспрабаваць вызначыць гэтую адрознасць, яна — няўлоўнае, цьмянае адчуванне чагосьці іншага, разлітага ў самой тканіне пісьма.

Фарматная літаратура — гэта заўсёды сканструяваная «натуральнасць» голасу, за якім пазнаецца жанравая ідэнтычнасць наратара.

Другое пісьмо — восеньская павута словаў, размыванне комікса ў плыні вызваленай з сацыяльнасці мовы.

Так блізка

Прысутнасць у малой літаратуры дае творцу адчуванне ўтульнасці і здаровы скепсіс да ўсіх іерархіяў.

Вялікія, вядомыя, славутыя, усё гэта так умоўна, так фальшыва, так негустоўна.

Малая літаратура — гэта штосьці накшталт Платонавых дыялогаў, у якіх усе могуць спаткацца з усімі, сесці пад платанам і — нарэшце — спакойна пагаварыць.

Мова

Пісаць на мове, якую ўсе разумеюць, але гавораць на якой пры пэўных абставінах, калі зоркі складуцца.

Гэта зусім не значыць мова меншыні, адмежаваная, апрычоная, адкладзеная ў гета: хутчэй утоеная, схаваная магчымасць паэтычнага маўлення для большасці.

Магчымасць, што вабіць і спакушае. Раз-пораз вырывае з шчыльных шэрагаў самых адважных.

Свет

Свет даўно ўжо пераўтварыўся ў адну вялікую сметніцу, у якой ніхто нікому не цікавы, у якой няма аніякіх асобных мейсцаў.

Пытанне ўжо даўно не ў тым, што нешта недзе схавана, а штосьці даступна, нешта высока і недасяжна, а нешта пад нагамі.

У гэтай сметніцы можна знайсці ўсё.

Усё скінута ў адну купу і валтузіцца ў брудзе і аблоках, высокае і нізкае, рэдкае і агульнае.

Але ж работа літаратуры — стварэнне кантэкстаў, іерархій, сноў, лабірынтаў. Стварэнне іншага свету.

Капіталізм

Усё патрапіла на паверхню і ўсё функцыянуе ў логіцы глабальнага капіталізму — у логіцы абмену ўсяго на ўсё.

Паэзія альбо пагаджаецца з эпохай, — і тады стаецца мілым штукарствам, забаўкай, размазвае свой досвед па слэмах і клубах.

Альбо застаецца сам-насам, застаецца без аніякіх гарантый, у пустаце, правальваецца ў сляпую эмоцыю неразумення, неапазнавання свету...

Саша І.

Мне патрэбны беларускі раман у маю ўсходнееўрапейскую калекцыю, гаворыць Саша І., уладальнік самага снобскага і эстэцкага маскоўскага выдавецтва «Ад маргінэм».

Я цярпліва пералічваю тое цікавае, што паўстала за апошняе дзесяцігоддзе.

Ты не разумееш, гаворыць ён, у сучасным свеце перавытворчасці знакаў прадаецца не сама кніга, не тэкст, які пішацца і потым чытаецца, а тая эмоцыя, якая мусіць паўставаць у чытача ў працэсе яе спажывання.

Тое, што звычайна называюць прамоцыяй кнігі, ёсць насамрэч штучным вырошчваннем, гадаваннем такой эмоцыі, знаходжаннем тых словаў, намёкаў. Якія дазволяць чытачу ў яе патрапіць.

Так, кажу я, але ж большасць кніг, якія стаяць у гэтых пралічаных выдавецкіх лінейках, не адпавядаюць сваім знешнім вобразам.

Збольшага гэта лёгкі ненавязлівы трэш, які ўсяго толькі імітуе «вялікую палітру» стыляў і аўтарскіх пазіцый і які далей прадаецца як бунтарскае, інтэлектуальнае, метафізічнае.

Эфект — як калі б у парыжскай кавярні афіцыянты сілком запіхвалі ў рот наведвальнікам старыя перасмажаныя гамбургеры.

Трэш

Раней такое называлі графаманіяй і размяшчалі па-за межамі літаратуры.

Сёння, калі ядуць усё, калі ў культуры даўно безадходная вытворчасць, трэш стаў рэфлексіўным літаратурным прыёмам, які скарыстоўваецца не толькі ў глянцавых часопісах.

Што гэта такое, бачна на «Мачэтэ» Радрыгеса: антыбуржуазны сацыяльны месыдж, расказаны з дапамогай «цытат» з фільмаў катэгорыі B.

Посткаланіяльны дысананс

Некаторыя аўтары прыдуманыя ў нашым беларускім спектаклі ў якасці паспяховых і модных літаратурных персанажаў, якім пашэнціла патрапіць у цэнтры літаратурных імперыяў.

У той час у саміх «імперыях» іх вобраз цалкам супрацьлеглы: бедныя і няшчасныя ўцекачы з апошняй еўрапейскай дыктатуры, гнаныя і пераследаваныя на радзіме.

Гэтую сітуацыю можна назваць посткаланіяльным дысанансам.

Тут і там

Некаторым тут цесна і яны мараць туды вырвацца.

Іншым там халодна і яны хочуць тут сагрэцца.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Кіраваны густ ёсць адсутнасцю густу. Гэтак жа як кіраваны выбар ёсць адмовай ад выбару. Зацверджаная і дазволеная доза культурнасці нудная, як прагноз надвор’я. Бо тэксты ажываюць толькі тады, калі мы пачынаем іх чытаць.

Беларуская літаратура, бы тая ўлада на пачатку 90-х, валялася пад нагамі і чакала, пакуль яе хто-небудзь падбярэ.

Тых, хто настойвае на сваёй патрэбнасці пры фактычнай пазбыткавасці, на сваёй празмернай звённасці, я вылучыў бы ў групу людзей з умоўным, паводле фактычнай нефункцыянальнасці, назовам «ПІЛОТ ВЕТРАКА».

Я доўга сядзела ў той першы дзень у пабе і чытала далей пра вялікую дарогу Ганны, на якой яна сустракае іншых beggars of love. Якія ўсе, бы наркаманы без наркотыка, пакутуюць, бо іх не любяць тыя, каго яны любяць. Яны вандруюць, каб пакутаваць, і пакутуюць, каб вандраваць.