Духоўная лірыка

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

Я ўпотайкі забіваю бляндынак

Мой прататып – зялёны
у мяне вочы Траянскай Алёны
і вусны ружовыя, як інвалідава кукса
я першаклясьніца ў рамках курса
сэксуальных практык для пачатковых клясаў
(дужкі дзьвярэй хтось брыдой заляскаў)
і ўва мне засела маё “дзіця нутраное”
(вучыцца здольнае, што дурное)
я лашчу ляльку па рудой, хоць ты плач, галоўцы
і чакаю свайго Ўсязнайку ў падсобцы (сэксуальнага Ўсяўмейку)
з такім, мой любы, я заўжды хацела стварыць сямейку
а цяпер яго маю
на пачак апіяту яго абмяняю (лепш на пяток)
ён ужо ўласна дзядок
але ягоныя спрытныя ручкі
блукаюць па рубэнсаўскіх жаночых целах
(ён мой увесь, цэлы)
я ўпотайкі забіваю бляндынак
і дадаю іхнай крыві яму ў гарбатку
(забойствы не вымагаюць выдаткаў)
у гаражы ў нас гільяціна
для дзявочых галоваў бязбольнага сьціну
якія я потым ем
(гатую зь яечняй мазжэчак)
ня варта было табе хацець гэтых смаркачак
гэтых русявых сучак
-
пасьля сьмерці я здымаю зь іх анучы
і хаджу ў іх, пакрытых засохлай крывёй, па Празе
-
ты бачыў аднаго разу на набярэжнай маё голае цельца
(калі даставалі майго сябра-тапельца)
я хацела скочыць за ім у рэчку
ён таксама еў чалавечкаў (аднойчы Бога нат зьеў)
-
у мяне сутарга ў правай назе і боль унізе сьпіны
-
больш не магу – апошнюю дзеўку згамалі кажаны

 

Я назвала павука «Разалія»

Прадаю ўсю сваю фантазію за пляшку атручанай мінэралкі
Умееш ты рабіць неспадзяванкі – падараваў мне павуціньне й павука ў скрынцы
Я на яго пазіраю – павук на маім стале –
І разважаю, як мне яго назваць
У бабулі я б выпусьціла яго ў хляве
(але бабуля больш не жыве)
у ейнай труне былі прыгожыя чырвоныя ружы
цяпер яна стлела й ляжыць у магіле перад касьцёлам
я назвала павука «Разалія»
а вось блюзку тваю, да жалю, я
не нацягну, дарагі –
на ёй сьвёрдлы й кастравальныя абцугі
(яна мне не налезе на вялікія пелькі)
з Разаліяй тым часам клопат нявелькі
пасяліла яе ў сваім ложку я
яна досыць гожая – самка крыжавіка
і ўжо вабіць мяне ў свае сеці
пайду да яе ахвотна
я ўласна маю ў ёй сябрука
(цяпер мне ўжо не самотна)
хутка ў яе будуць дзеці – мы ёй прыдбалі самца
(яна не зжарэ яго, спадзяюся)
яна ну такая буся – рухаецца як мадэлька па подыюме
-
і срачка ейная да спадобы мне
самец трымціць у кутку павуціньня – баіцца, што будзе зжэрты
(добра ведае, што з такою павучыхай – ня жарты)
але ўсё адно кахае яе адчайна –
між іншым, жэст джэнтльмэнскі ўчыніў нядаўна –
наблізіўся на дотык ейнае ножкі
-
ад гэтага зьявіліся чатыры малыя крыжавікі
-
гэты верш мусіў быць кароткі, а не такі
-
але неяк усё сапсавалася
-
цяпер мы жывем з павучынай сямейкай
толькі я ахопленая боязьзю нейкай
каб Разалія (гожа сядзіць на ружы, скажэце?)
-
майго хлопца аднойчы не даўмелася зжэрці

 

Я прыгажэйшая за Мэрылін

Ісус пабудаваў мне царства з солі – я прэзэнт да калядаў ад яго атрымала
і ня ўдзячная яму ані мала
вакол адны празрыстыя анёлы, мне самотна, скрушнай
ператворанай у палонную Хрыста
ён мяне ўпадабаў даўно, яшчэ незамужняй
а сёньня я, кабета, ёсьць дакладным увасабленьнем ягонай маці
ён прыходзіць штонядзелю, мы ямо на абед гуся
мне ўжо ўласна трыста гадоў
але шчокі ў мяне – ня сала
я прыгажэйшая за Мэрылін
(атручуся газам у палацы з солевых пэрлін)
і згадваю казкі сваёй чэскай радзімы
(у Ісуса – выгляд смуглявы, дзіўны)
яму наканавана як каралю прыйсьці на зямлю
але ў нашым кутку толькі я рулю! – я да нас яго не пушшу
аддам яму свае цела й душу
не спушчу яго ўніз праз усю стратасфэру
(можаце лічыць мяне за мегеру)
яшчэ мне будзеце ўдзячныя самі
мы зь Ісусам былі сябрамі
а потым я атрымала ад яго непрыемны мэйл і паведамленьні на фяйсбуку
(мы больш не сябруем)
я добра выхаванае дзяўчо – на народзіны яму падарую
рыбку зморшчаную сухую
(ён дапусьціў памылку)
і я яе дапусьціла
(ня варта было зь яго кпіць)
гэтак лёгка любога сябра адшыць
(хоць ён і зь іншага цеста леплены)
-
паўтараю: ён пакрыўдзіўся
і пайшоў каштаваць віны Леніны
(калі па праўдзе – то Магдаленіны)
-
а я засталася адна ў ягоным салёным палацы
(боль пройдзе, ды шнар павінен застацца)
-
гэта было ўжо больш за 2000 гадоў таму
а сьвету толькі цяпер абвесьцяць сталёвыя драткі, што каханка
Хрыста была не Магдалена, а Бланка.

 

Я паміраю пад каляднай ялінкаю

На ялінцы ў мяне будуць вісець толькі сапраўдныя чырвоныя ружы
а пад ёю замест падарунка будзе зорка з космасу
(Цэнтаўра, бадай што, Проксіма)
я выдзеру сабе ўсе валасы і космамі
кожную йголачку абматаю
мяне ўчора хтосьці прышыў нажом, памятаю
цяпер я паміраю пад каляднай ялінкаю
астатні раз званочкам сабе задзынькаю
слодычы палью крывёй, а не шакалядам
(мая кроў страшна сьмярдзіць, як стары ёлкі шмалец)
падам Хрысту руку, а ня палец
пацалую Дзеву Марыю
і памру на досьвітку дня сьвятога Сьцяпана
што будзе сьветам праігнаравана
толькі плянэта зь іншага сьвету заплача
бо зь яе я, магчыма, паходжу, ня йначай,
і праз столькі гадоў на яе вяртаюся зноўкі
-
ужо вітаюць мяне сяброўкі
(Бог прапусьціў мяне празь мяжу)
я маю штосьці ад свайго японскага продка
ня ўмею аплакваць сябе ля магілы
-
пакідаючы гэтую радасьць табе, мой мілы

 

Ягоная ручка маю G-кропку намацала

Падарую табе канька
езьдзі на ім удоўж азёрнай западзіны
учора мы разам здрадзілі
я ўвайшла ў цябе глыбока, па глянды
мы флямастэрам напісалі на небе: калядных
падарункаў нам гожых Ісус падкінуў
(мне сала, табе – вяндліну)
божа, ну што гэта мы за жанчыны?
кахаем самі сябе так страшна,
што на пельках зорачкі засьвяціліся ажна
носім аднолькавыя шапачкі
а Бога блытаем з гандлёвымі дамамі
на сваю галаву беды клічам самі
вібратарам расхістваем сьветабудову
а потым яе не складзеш нанова
сьвет зьнікне, настане сэксуальнае замыканьне –
ты навучыла мяне ў каханьні браць усё, што хачу –
ад мужчын, кабет – сарамаценьняў сонцастаяньні
цяпер я чакаю толькі спадара Газду
-
зь ім нядоўгі шлях да аргазму
ягоная ручка маю G-кропку намацала
а неўзабаве спавіла мальца я
што любіць мяне да дуры ў вачах
-
ён прынёс у сьвет права апошняй ночы
а мы націсьнем патаемны рычаг
і ўлоньне сьвету бензапілой ускрыем
-
з улоньня зьявіцца Хрыстос
потым – ягоны прывід
я тайком заплачу
над лёсам зямным гаротным
-
і зь мяне самой вылезе сьмяротнасьць
кіпцюрамі сабе разьдзяру я цела
-
што процьма хлопцаў калісьці мела

 

Як наконт фістынгу, красуня?

Бяздоннае яйка ты велікоднае – ну ты й бясформавая
я ведаю, што ты добрая
але мяне добрыя жанчыны не прыкалваюць
я люблю сук і праяваў
а перадусім дзеля іхнае языкатасьці
але ж ты – ну ўвасабленьне сьвятасьці
-
золатка, ня трэба ўсё так сур'ёзна ўспрымаць
запрашаю цябе на сенажаць
мужчынам галовы сьцінаць
-
гэтую радасьць ні з чым не зраўняць
за камуністамі я кахала адну таварышку
яна была ну такой псэўдасьціплай
-
пад ейнай спадніцай хаваўся вожык
як наконт фістынгу, красуня
можаш зваць мяне таварышкай, калі я засуну
руку ў цябе аж па локаць
-
можаш называць мяне й «хлопец»
але ж я – жанчына такая самая
хіба што даю, а не ўдаю зь сябе даму я
а за права выбраць правага прэзыдэнта дык дам усё, што маю
-
твая танюткасьць табе так пасуе
-
а я выключна за Шварцэнбэрга галасую.

 

Я зьняла яго з іржавага крука

На мёртвым Ісусавым целе я знайшла засохлую плямку ад стракатых архідэяў
ён ляжыць цалкам мёртвы на стале ў маёй залі
я зьняла яго з іржавага крука, а зараз
я яго пакаштую
я ведаю, мне засмакуе ягонае мяса
бо падла – найвялікшая ў сьвеце паласа
хоць жанчын лепш абсмоктваць жывымі
калі ад Хрыста застанецца толькі нага
я ў маразільнік яе засуну –
вось і канец цуду – канец Калядаў і каляднае зоркі
на целе маім бэзавыя кропкі пачнуць зьяўляцца
і я неўзабаве памру ад трасцы
ўжо зьзелянелым целам атручуся
-
але ж зьесьці цябе была такая спакуса
што не шкадую, атруцілася хоць
бо што мне прасьвірка, мая ежа – твая сапраўдная плоць
я выкапала цябе зь неба
і пакінула там па табе дзірку
-
гэта наблізіла канец сьвета
канец сьвета
канец твайго ўладарства
-
а цяпер, каханы, тваімі сябрамі пайду ладавацца

 

Я абліла віном вершы спадара Кайнара

Я галасую за адзінага прэзыдэнта
пад ялінку хачу ў якасьці прэзэнта
бульдозэр каб зь цела твайго тоны сьнегу прыбраць
я ж не магла знаць, што ты халаднейшы за Еці
я абліла віном вершы спадара Кайнара
а гнюснай расейскай гарэлкай – нізку спадара Голана
я цябе разьдзену ад самага нізу, каб бачыць голага,
да раніцы твая скура будзе ў кропках майго флямастэру ці не ўся
давай двума самцамі прыкінемся
будзем гукаць невытлумачальныя сьветы
і агідных дэпрэсіўных багоў
-
я адтапчу табе рукі – жывот – ногі – і шмат чаго
а ў чорныя вочы налью табе сьпірту
-
каб яны былі скрозь зь сінечы або блакіту
у тым сьпірце пасьля будзе плаваць маё дзіця
і набудзе бязьмежную сілу волата
-
я ж ня маці, а проста золата

 

Я ганаруся сваімі продкамі-дэкадэнтамі

Калі ўсе на фб пашлюць мяне ў сраку
гэта будзе так крута
урэшце скончылася пакута
і пошукі продкаў у гэбрайскіх крыніцах
(я такая чульлівая і да таго ж мне так клёва)
я ганаруся сваімі продкамі-дэкадэнтамі
я наагул ганарлівая ад прыроды
(сьціпласьць мяне не кранае)
каханы, я іншая, ды яшчэ якая! -
такая, што звар'яцееш, пераспаўшы з мною ўпершыню
настолькі непаўторным сэкс ужо ніколі ня будзе
я перажыла ўсю ўладу на сьвеце
а цяпер я – першацьвецік
тоўстая й пры гэтым тонкая, як на дыеце
усё адно не прагрызуць сьцежкі да майго храму
(я табе начышчу бязьлітасна храпу)
твае людажэрныя зубы
-
ты ж ведаеш гэта, любы

 

У цябе зялёныя вочы як ад лялькі Барбі жахлівы шкілет

Аднойчы паэткам пасьцінае галовы прылада, што прагне крыві
у цябе зялёныя вочы як ад лялькі Барбі жахлівы шкілет
сёньня я прывяла дачушку на сьвет
пакінула яе ў нетрах бэйбі-боксу
тут жа за рогам нюхнула дзьве тлустыя лайны коксу
і пайшла напрасткі да гаці
(падкрэсьліваю, я ня ўмею плаваць) На правах маці
я назвала дзяўчынку Вікторыяй – Вікай
(мабыць, гадаўкай будзе, як стане вялікай)
(як і матуля, бабуля й прабабця)
у кАта яшчэ раз захачу пагуляцца
і ўсыплю сама сабе кветак – белых ружаў букетам
мяне мужчыны кахалі гэтак
мяне з маімі вачанятамі залатымі
я была ім накшталт сьвятыні, пяшчотнаю як магнолія
а самы апошні зь іх штовечар пізды мне ўпярдольвае
называе мяне кароваю й дзікай сьвіньнёю
мы вінаватыя зь ім абое – я прагнула ягонага каханьня
і стужкаю перацяла яму дыханьне – ці мо раменьчыкам
вось каханьне й загінула
у труне я прычасала цябе пад Гітлера зь пяшчотаю мамы
ты быў прыгожы самы
сёньня ж вада паглыне мяне, небараку
-
ах, Божа – ідзі ты ўжо ў сраку
з сваім сынком-вундэркіндам
-
я б атруціла абодвух вас кіянідам
я была такая красуня дзябёлая
твая ўсёвідушчасьць жыцьцё мне збаёдала
твая ўсёмагутнасьць забіла душу маю
-
але й на дне гляджуся я харашухаю

 

Пераклаў з чэскай Макс Шчур, 2013 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Ніхто не пацярпеў. Усе проста зьнікаюць. Іх ніколі не было. Беспачатная дасканаласьць.
Вось чаму Саторы суправаджаецца сьмехам
і дзэнавы майстар у гневе разьдзірае сутры на шматкі.

Пераклад:
Макс Шчур

Спалі мой допіс дачарна,
каб дотык зблытаў скуру й прысак –
ляці, маркотная пчала,
з акна пылковы попел высып.

Спалі мой ліст табе датла
на языках цынічных сьвечак.
Ты мне нявернаю была?
Ці папракнуў цябе я нечым?

Пераклад:
Макс Шчур

Ну быў я піратам, муціў акіян —
цяпер во на пэнсіі, камісавалі.
Вахторам на службу ўзялі ў рэстаран —
сяджу тут і згадваю морскія хвалі.

Прага сёньня гэта такое невялікае беларускае мястэчка
з насельніцтвам каля тысячы чалавек
выбары адбыліся мэрам абралі Ціханоўскую
яна набрала крышку менш за 97 адсоткаў