Саламяны плашч, саламяны капялюш

Пераклад: 
класічная японская i кітайская паэзія, вершы па-беларуску, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Вершы з анталёгіі «Шалёнае воблака»

49. Пачуць гук і ўцяміць Сьцяжыну

Адзін, сьсякаючы бамбук, пазбыўся дару мовы.
Другі сумнеў адкінуў, гонг пачуўшы масянжовы.
Імгненна даўнія майстры абуджанымі сталі.
І толькі Таа Юаньмін маўчыць і хмурыць бровы.

Таа Юаньмін (365-427) — знакаміты кітайскі паэт эпохі Шасьці дынастый. Верш намякае на тое, што Таа не прыняў буддызму і застаўся верны канфуцыянству і даосізму.

66. Вялікі майстар Юань-Ву трапляе ў гармонію з сусьветам

Спакойна напявае ён радок любоўнай песенькі.
Трапляе ў згоду рух зямлі са сфэрамі нябеснымі.
Ня той, хто чуў бамбуку стук ці бачыў сьлівы квецень —
ён чарапаха, на якой сам сьвет спрадвеку несены.

Юань-Ву (1063-1135) — кампілятар і камэнтатар знакамітай нізкі каанаў «Нататкі з блакітнай скалы».

68. Ухвала бадхісатвы Канон з кашом, поўным рыбы

Пунс шчок, валосься чорнасінь і спачуваньня глыб —
у закаханым сьне яны прымроіцца маглі б!
Глядзіць, як тысяча вачэй, яе ж не заўважаюць.
Усё жыцьцё — сьвяшчэнны сьпеў у прадавачкі рыб.

Канон (па-кітайску Гуань-Ін, па-карэйску Кванум) — жаночае ўцелаўленьне міласэрнасьці — бадхісатвы Авалакітэшвары.

69.

Зь пісаньня можна скарыстаць, каб сраку ім падцерці.
У Цмокавым палацы скарб — штукарствы на паперцы.
Зірні, з Блакітнае скалы сто выпадкаў славутых —
пад месяцам віхура іх разносіць, быццам сьмецьце.

Цмокаў палац — палац на морскім дне, дзе паводле легенды захоўваліся рукапісы буддысцкага канону.
Сто выпадкаў з Блакітнай скалы — маецца на ўвазе анталёгія каанаў «Нататкі з Блакітнай скалы».

70.

Шаленства з кубку выпіў госьць, ня мытага ні мала.
Настала ноч, і ў сэрца мне хвароба джала ўцяла.
Няма мне клопату, што я ня лепшы за жывёлу:
сабака сцыць на Буддаў храм з каштоўнага сандала.

77. Архаты-хрызантэмы

Увосень фарба хрызантэм — бы ў чаю, залатая.
З усходу — ветрык і раса, як выказаўся Таа.
Да верша, напісанага прабуджаным паэтам
далекавата пяцістам пустэльнікам зь Цянь-Тая.

Таа — Таа Юаньмін.
Цянь-Тай — гара ў Кітаі, вядомая сваімі манастырамі, якая дала назву аднайменнай буддыс
цкай школе (яп. Тэндай).

107. У дзень сьвята «Двайнога ян» (9 дзень 9 месяца)

Сярод манахаў пажылых такіх ты знойдзеш мноства,
што любяць прадэманстраваць дар рэдкі красамоўства.
А ў будане ў Ікю дароў няма, ёсьць толькі водар:
ён у бязногім казанку тут рыс гатуе проста.

110. Звон у ветры

Бяз руху — рэха не чуваць; як вецер — звон гудзе.
У ветры альбо ў звоне ўсё ж — схаваўся голас дзе?
Навошта поўнач адбіваць, здавалася б, апоўдні?
Няхай пасьпіць стары манах, на тое ён і дзень.

«Адбіваць поўнач апоўдні» — намёк на выказваньне дзэнавага майстра Тэ-Чао (901-972): «Каб зразумець вучэньне Лінь-Цзі, трэба адбіваць поўнач апоўдні».

115.

(Манастырскі бібліятэкар Сёен мерае ўчастак пад свой дом, «усяго чатыры сьцяны». На шыльдачцы на ўваходзе будзе напісана «Земляны дом». З гэтай нагоды я склаў верш.)

Узімку — бы ў пячоры ў ім, улетку — бы ў гнязьдзе.
Мазгі ў аблоках, сам стаіш у гразі і вадзе.
Хто земляроб, той ведае, што кляштары з сандалу
загразьлі ў фанабэрыі, раскошы і брыдзе.

117. Саламяны плашч, саламяны капялюш

Найлепшы будда — дрывасек, манахі — рыбакі.
Дзэн у фатэлях дарагіх — толк у такім які?
Дваццаты год жыву з вады, што заядаю ветрам —
сандалі саламяныя, па сьвеце напрасткі.

121.

На імпэратарскі загад Лянь не шманаў ані.
Бамбук у печцы задыміў, бататы на агні.
Каб паказаць, што насамрэч манах ты дужа пільны,
нячыстаю вадою ў твар настаўніку ліні.

Лянь-Цань — пустэльнік эпохі Тан, верагодна сучасьнік майстра Мацу (8 стагодзьдзе). Калі па яго прыйшоў пасланец ад імпэратара, ён не зьвярнуў на яго ўвагі, а на ягонае патрабаваньне прынамсі выцерці нос адказаў, што ня мае часу дагаджаць абы-каму.

126. Ухваленьне Бу-Хўа

Як параўнацца зь ім маглі Лінь-Цзі або Дэ-Шань?
Бянтэжыў ён гарэзьніцтвам плябеяў з кірмаша.
З усіх майстроў, што адышлі ці седзячы, ці стоячы —
да звону найкаштоўнага ляжыць мая душа.

Бу-Хўа (яп. Фуке, 770-840?) — дзэнавы майстар, заснавальнік школы манахаў-жабракоў комусо.
Лінь-Цзі (яп. Рынзай, 815?-866) — знакаміты дзэнавы майстар, заснавальнік аднайменнай школы.
Дэ-Шань (яп. Токусан, 780-865) — дзэнавы майстар, сучасьнік Лінь-цзі, вядомы выкарыстаньнем кія.

144. Надпіс у бардэлі

З красуні-хмаркі дождж пайшоў — каханьне стала плыньню.
Стары манах з распусьніцай сьпяваюць без упыну.
Абдымкі, пацалункі — ў іх шукаю я натхненьня.
Хай цела ў полымі гарыць — я цела не пакіну.

«Цела ў полымі гарыць» — намёк на «вогненную казань» Будды.

156. Самаўхваленьне

Паводзіны шалёныя, дзівак, вар’ят — дый годзе.
Другога між манахамі падобнага ня знойдзеш!
Усе прайшоў ён танныя карчомкі і бардэлі
на поўдні і на поўначы, на захадзе і ўсходзе!

166. Ухвала майстра Дхармы Цу-Ена Куэй-Цзі

Самадхі майстра Куэй-Цзі ніхто не пераплюне —
любіў ён сутры, мяса смак, віно і прыгажуняў:
ягонае нічога не саромелася вока.
А ў нас трымаецца ўвесь дзэн выключна на Садзюне.

Цу-Ен Куэй-Цзі (632-681) — першы патрыярх буддысцкай школы Фасян (яп. Хосо).

176. Аднаму манаху з храму Дайтокудзі

Шматлікія ахвочыя да нас імкнуцца ў храм —
хто зробіцца настаўнікам, таго шануюць там!
Нішчымны рыс, паскудны чай: я зноўку спатыкнуўся
аб пляшкі таннага саке, якія выпіў сам.

Дайтокудзі — храм школы Рынзай, пры якім жыў Ікю. Падчас грамадзянскай вайны 1467-1477 гг. быў зруйнаваны, пры канцы жыцьця Ікю стаў яго абатам і адбудаваў храм.

203.

Цунамі хваляй заліло мястэчка — тысяч дзесяць...
Хто там музыкаў запрасіў для танцаў і для песень?
У вечнасьці чаргуюцца ўзьнікненьні і зьнікненьні...
«Няхай па-над альтанкаю далей заходзіць Месяц».

«Няхай па-над альтанкаю...» — цытата зь верша кітайскага паэта Лі І (746?-829?).

216. Рыбак

Усё глыбей у Шлях і Дзэн — далей ад мысьлі Будды.
Сьпеў рыбака каштоўнейшы за залатыя груды.
Дождж над вячэрняю ракой, паміж аблокаў Месяц,
напеў ласкавы з ночы ў ноч: канца ня маюць цуды.

250. Напісана ў хваробе

Пашкадаваў стары манах дзясяткаў год распусты —
за дзэнам занядбаў закон прычыны і наступства.
Хварэючы, адказвае ён за грахі былыя —
і як пазбавіцца цяпер ад кальпаў кармы гнюснай?

Кальпа — таксама эон або «дзень Брахмы» — міталягічная адзінка вымярэньня часу, роўная 4,3 мільярдам гадоў.

254. Выява архата, што бавіцца ў бардэлі

Архат пазбавіўся заган, ды не дапяў да Будды.
Зайдзі ў бардэль — натрапіш там на прасьвятленьня цуды!
Сьмех! Дэклямуе Манджушры тэкст «Шурангама сутры»:
уцехі маладых яго гадоў сышлі ў нікуды.

Манджушры (санскр. «Шляхотная слава») — бадхісатва мудрасьці ў махаянавым буддызьме.
«Шурангама сутра» — махаянская сутра кітайскага паходжаньня.

280. Бядую над грахамі, за якія мой язык варта вырваць

Як часта словаў дзідамі я забіваў людзей!
У вершах абгаворваў іх мой пэндзаль-ліхадзей.
Цяпер усё навыварат: я, грэшнік языкаты,
ад калясьніц пякельных не схаваюся нідзе.

284. Ганю знаўцу Дхармы вершам пра бардэль

Кааны, словы мудрацоў — усё жыцьцё ў падмане,
і бонзам мусіш кожны дзень выказваць шанаваньне.
Няма падставы веданьнем хваліцца несусьветным —
куды табе да грэшніцы у залатой сутане.

376.

У сьціплай хатцы пры агні свае сьпявае песьні
паэт — манах і ерэтык, натхніўшыся прадвесьнем.
Ды гэтак холадна ўначы, што нават кветкі сакур
з малюнку, што схаваў паэт у рукаве — памерзьлі.

383. Кій

Глыбока пранікае боль прывязанасьці грэшнай;
раптоўна я забыў пра ўсё — пра прозу і пра вершы.
Раней настолькі простага не разумеў я шчасьця...
Ласкава думкі залюляў сьпеў ветрыка суцешны.

Кій — маецца на ўвазе рытуальны кій, які выкарыстоўваюць дзэнавыя майстры.

389. Да манаха, што паліў кнігі

Пад дрэвам, у хаціне трысьняговай на гары
суіснуюць паэзія, эсэ, камэнтары...
Найперш забудзь пра кнігі, што ў сваіх вантробах носіш,
калі спаліць надумаўся ты рукапіс стары.

394. Аплакваю ваяроў, загіблых на вайне

Скрываўленымі целамі засеялі палі.
Зямлю і неба зруйнаваць кляліся і клялі.
Ня велькі пераможца той, каму расьсеклі чэрап.
Шмат кальпаў будуць здані іх бадзяцца па зямлі.

454. Ненавіджу духмянасьці

У кожнага з настаўнікаў — набор сваіх дзівос:
вярзуць пра дзэн, тлумачаць Шлях — язык бы рос і рос.
Па шчырасьці, набожнасьці ніколі не любіў я —
ад сьвечкі, што на алтары, і тое моршчу нос.

572. Бо Цзюі

Красу ўкладаць у вершы зноў і зноў, мільёны вёснаў —
тысячы словаў надзяліў ён сьвежасьцю дзівоснай.
З усіх прызнаных клясыкаў часоў старых і новых
адзіна гэты зазірнуць патрапіў за нябёсы.

Бо Цзюі (772-846) — знакаміты паэт, дзяржаўны дзеяч, буддыст.

604. На ўцёках (ад вайны) з Міканагары ў Нару

Колькі цягнуцца мне яшчэ па негасьцінным краі?
Цераз парогі, па гарах — я дома ці ў Кітаі?
Прайшоў дзясяткі тысяч міль, дзясяткі тысяч скруткаў,
і сэнс паэзіі Ду Фу на скуры адчуваю.

Ду Фу (712-770) — клясык кітайскай паэзіі.

605.

Шкада, што не ў раі жыву сярод багоў бясьсьмертных.
А па зямлі ўжо не прайсьці: палююць злыдні ў нетрах.
Згадаў Ду Фу, як «пырснулі сьлязамі хрызантэмы»:
іх водар восеньскі адчуў і пах зямлі ў паветры.

Пераклады зробленыя з выкарыстаньнем ангельскіх падрадкоўнікаў Соньі Арнцэн.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

«Чарапаха! Ці
даўно ўжо неба копціш?»,
пытае вулкан.

Пераклад:
Макс Шчур

Бывае,
слова і думка, як належыць,
утвораць верш удалы, сьвежы,
што зьзяе колерамі гожа
і, як акорд, расчуліць можа.
Але няма, на жаль, нічога ў ім твайго,
бо пэўны клясык напісаў ужо яго.

Пераклад:
Макс Шчур

як выпівоху
наперад падштурхвае
вясновы вецер

Пераклад:
Макс Шчур

Мой дом стаіць сярод зялёных скал,
някошаны мой двор збуцьвеў заўчасна.
Галіны ўсе лаза перапляла,
тырчыць каменьне, быццам зубы зь дзяснаў.
Вунь чаплі ловяць рыбак у стаўку,
зрывае малпа дзікі плод на кручы.
У цені дрэў сабе я мармычу
апавяданьні з кніг пра Неўміручых