Сьпеў чарацянкі

Пераклад: 
класічная японская паэзія, вершы па-беларуску, японская літаратура XVIII стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

*

Раньняя вясна —
гэта і ў поўні калі
маршчыністы твар.

*

Астыў блін поўні —
бляшаны рот разявіў
дэман на страсе

*

Абсыпалі сад
кветкі — бы птушак з клетак
пусьцілі ў сьвята.

*

Завірухаю
квецені сабачую
міску замяло.

*

Нават сам даймё
мусіў сьпешыцца з каня
перад сакурай!

*

Летняя гара!
З кожным крокам бачу больш
мора з вышыні.

*

Быў бы адным з нас —
пэўна, Буддам стаў бы ты,
морскі агурок!

*

Што бяз маці рос,
бачу ў хвалях зноў і зноў,
люлі, зноў і зноў.

*

Скрозь рэшту маіх
зубоў восеньскі вецер
дзьме ўва ўсе бакі.

*

Пад катораю
зоркай дом маіх бацькоў?
Восеньскі вецер.

*

Сьпеў чарацянкі —
касайскага акцэнту
аніякага.

*

У чарацянкі
поўны кропель дажджавых
голас раніцой.

*

Ракавінка — і
тая зь песень жаўрука
рот разьзявіла.

*

Вунь конь, вунь конь, вунь! — 
папярэдзіў верабей
верабейчыка.

*

Пры сварцы бацькоў
удае верабейка:
«Я тут ні пры чым».

*

«Днее ўжо!» Вёску,
дзе няма свойскай птушкі,
будзіць зязюля.

*

Ці ня ты была
жыцьцё таму, зязюлька,
мне стрыечніцай?

*

Месяцу тры дні —
не парэж, зязюля, лоб
аб яго сярпок.

*

На паховінах
Рапухі зязюлечка
куе, бы плача.

*

Во кугакае!
Краскі ў полі падлічыць
маніцца сава.

*

«Бугага!», з маёй
ценкай зімняй коўдры кпіць
сава-пухнатка.

*

Кпіць цюцька зь дзеда
на сьнегаступах, а сам
у сьнезе тоне.

*

Што храмавы звон,
гэтак голасна пяе
закаханы кот.

*

Кляштар у гарах:
блаславёныя грашыць
коткі і каты.

*

Матка садзіць рыс,
а на сьпіне сьпіць дзіця:
матыль з кукалкай.

*

Сосны на ўзмор’і,
звон цыкадаў ва ўнісон
з шолахам хваляў.

*

Скрозь павуціньне
прасеяная поўня —
цыкады ўначы.

*

Пераказваеш
нам, што прысьніла шчаня,
цыкада ўначы?

*

Не дзяры горла,
цвыркунчык: заўтра будзе
зноў восеньскі дзень.

*

Бы ролю зьмяі
развучваючы, вярба
вывіваецца!

*

Ці ты жуй, ці не,
чарапаха ў возеры —
не скароціш дня.

*

«Чарапаха! Ці
даўно ўжо неба копціш?»,
пытае вулкан.

*

Не сьпяшайся, смоўж,
лезь сабе, лезь на самы
верх Фудзіямы.

*

Як пайду, смоўжык,
застанесься тут за мяне
з чарацянкай.

*

І сьлімак мае
свой спосаб, як дасягнуць
прасьвятлёнасьці.

*

У храме муха й тая
ў лапках ружанец
перабірае.

*

Для малпянятка
вытанцавала маці
рысавы пірог.

*

Чалавек здольны
зарабіць грошай нават
на вадзе й імху.

*

Сьціхнуць галасы
людзей — і палягчэе
ўвечары вішням.

*

Багіня вясны
пашкадавала фарбаў —
плямы на гарах.

*

У саламянага
пудзіла ў прыцемках
твар чалавека.

*

У патарочы
ад голаду ў жываце
бурчыць цвыркунчык.

Пераклад зроблены з дапамогай чэскіх і ангельскіх падрадкоўнікаў.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

За свабоду, дзеці Радзімы,
За зьдзяйсненьне нашых мар!
Супраць нас халопы рэжыму
Падымаюць крывавы штандар.
Свой крывава-зялёны штандар.

Пераклад:
Макс Шчур

Ах! Тэл сама — вясёлка, ці расьсеяная хмарка;
адлюстраваньне ў шкле; ці цені на вадзе;
дзіцячы сон; усьмешка на дзіцячым твары;
галубчын голас; дзень мінучы; музыка ў паветры.

Пераклад:
Макс Шчур

як выпівоху
наперад падштурхвае
вясновы вецер

Пераклад:
Макс Шчур

Найлепшы будда — дрывасек, манахі — рыбакі.
Дзэн у фатэлях дарагіх — толк у такім які?
Дваццаты год жыву з вады, што заядаю ветрам —
сандалі саламяныя, па сьвеце напрасткі.