Шчасьце гэта яшчэ гарачы пісталет

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

ГАРАЧЫЯ НОГІ ХАЛОДНАЯ ГАЛАВА

Чучо Фіно крайні левы нападнік спрытны майстар падкрутак
такіх як ён цяпер ужо няма
падбягае да вуглавога сьцяжка
і сцыць
судзьдзя паказвае яму першую ў матчы жоўтую картку
Чучо сцыць на судзьдзю
і на другога судзьдзю
на інспэктара матчу ахоўнікаў аптэчку
на заўзятараў “Сантаса”
а рэшта фанатаў вітае яго крыкамі
Чучо Чучо ое ое ое
судзьдзя патрабуе гарантый недатыкальнасьці
адзін з чальцоў трэнэрскага штабу суперніка каштуе сцакі
і дасылае па факсе запыт у фіфа з просьбай умяшацца
маўляў гэта яўны допінг
таварышы па камандзе і трэнэр спрабуюць суняць Чучо
тады Чучо сцыць на бакавых са сьцяжкамі
на камэнтатараў фатографаў падносчыка вады лекара завадатарак
на каманднага псыхоляга
ніводны зь сямі афіцыйных мячоў на такім полі не падскочыць
ужо нават ані да шчыкалатак
ультрасы равуць немым крыкам жыве гераічны адзінаццаты нумар
а той тым часам весела стварае па вуглах каскады
і пагражае абасцаць саму вітрыну з трафэямі
бразыльскай
уругвайскай і нават парагвайскай зборнай
які вечар

Чучо Фіно крайні левы нападнік спрытны майстар падкрутак
такіх як ён цяпер ужо ня будзе (пастанавіла ўсеамерыканская фэдэрацыя футболу)
у чорных акулярах быццам прамазаў пеналь
і бухі быццам яго забіў
ідзе па бульвары

ПЕРШАЯ НОЧ

ён ня мог ні зашпіліць прарэх
ні хадзіць
тваю маць
рэальна гаротнае жыцьцё было ў чувака зь вялікім херам
ён пакутаваў: ня меў ні натхненьня
ні смачнага віна ні прыгожага краявіду ў вакне
на шчасьце разам з добрай пляшкай прыйшла бэрнардэта
якая не зьяўлялася з таго самага часу
як яе
– разам з забраніраваным турам на гаваі –
пакінуў адзін мэнэджар, аматар пакусаць за голенае падбародзьдзе
іншых мэнэджараў у скураных пінжаках і з радыёлякатарамі
але такі ўжо чалавек бэрнардэта: шукае прапашчых тыпаў
таму і прыйшла сюды
штораз як бэрнардэта наведвае чувака зь вялікім херам
яна ўбухіваецца і дазваляе смактаць сабе смочкі, а вось засунуць – ніколі
расьцьвеленая сядуха-квахтуха ў пошуках суцяшэньня
якая ўцякае, убачыўшы такога ж абяздоленага, як яна сама
ейны мачо-эгаіст плача і тупае ножкамі
і застаецца сам-насам з сваім хуілам
ох:
гэтак жа як многія з нас застаюцца з такім жа хуілам
адны  саменькія
ну і вядома чувак зь вялікім херам пастанаўляе падрачыць
– адмысловым спосабам –
я ж кажу, бэрнардэта вам ня проста нейкі тызер
ейная похва – кавалак сакавітага кавуна, есьці які забаронена
яна шляхотная экзатычная й пародзістая
таму чувак зь вялікім херам бярэ парцалянавую вазу з арыенту падарунак ад матулі
і выкідае зь яе штучныя кветкі з такой разьюшанасьцю
быццам гэта бэрнардэціны майткі
зноў ставіць вазу на падаконьнік
дзе калісьці балянсавала бэрнардэціна дупа
(двойчы з адмоўным вынікам:
першы раз бэрнардэта сьцяла ногі, а другі закрычала: туды – гэта ўжо не каханьне)
і сьціскае вазу так быццам мне круглыя бэрнардэціны крумянкі
глыбока дыхае дыхае дыхае і тужыцца:
хлоп
парцаляна заглытнула галоўку
і пачынае пакрываць увесь струк памалу, як багавіньне рэчку
чувак зь вялікім херам рухаецца ўсярэдзіне вазы ўпэўнена
і адкідвае агромністы цень на сьцяну
паміж часапрасторай і матэрыяй
і вялікі хер вось вось ужо стрэліць дыямэнтамі з пахам азіяцкага опіюму што мігціць у містычным сасудзе як
хрусь
ваза якая вытрымала болей за бэрнардэту
развальваецца нібы бессардэчная рэчаіснасьць што ўсё перакрамсае
і цячэ кроў шмат шмат крыві
хер паранены ў некалькіх месцах стаіць як стаяў
хуткая хуткая
накладка шыны
чувак зь вялікім херам трапляе ў шпіталь
ім займаецца славуты сваімі рэцэптамі доктар робэрт
зашывае яго працягвае яму рэцэпт і настаўляе:
многія бабы любяць каб ім засунулі па яйцы
і кайфуюць па поўнай пакуль у іх ад крыку не запяршыць у горле
а іншым хапае каб ім пасмакталі смочкі
во дзе брат ты мой невытлумачальная таямніца:
твой хер будзе гаіцца некалькі тыдняў
не здымай бінтоў і каб ніякага ў кулачок і ніякага алькаголю
а калі стане сумна прымай вось гэтыя таблеткі:
ну і чувак цяпер з гэткай муміяй між нагамі
зьбянтэжана глядзіць у твар няпэўнай будучыні
па-ранейшаму ня можа зашпіліць прарэх
ня можа хадзіць
тваю маць

НЕВЕРАГОДНЫ СЬВЕТ ПРЫБАМБАСАЎ

-табе што падараваць на днюху
-тэрмінатара
-што за мутня і дзе яе ўзяць
-у інтэрнэце

за 314 даляраў праз пару дзён прынесьлі
ад узрушанасьці яе аж дубасіла калі яна дастала з упакоўкі
плястычны цёплы трапяткі артэфакт колеру скуры
з прыбамбасамі якія трэба засоўваць адначасова ў похву і ў анус
троххуткасны з ультра-таксічнымі батарэйкамі

маніпуляцыя такімі пімпачкамі
змушае думаць пра вялікія дылемы

зрэнкі ў ейных вачах замітусіліся
яна сьціснула кулачкі зь ейнага рота пацякла сьліна
і яна выкрыкнула, быццам яе спырснулі напалмам

за дзень-другі я памалу наблатыкаўся:
у панядзелак тэрмінатар
у аўторак тэрмінатар ІІ судны дзень
у сераду тэрмінатар ІІІ паўстаньне машын
у чацьвер тэрмінатар IV збаўца прыйдзі
і ўрэшце я памалу ператварыўся ў яшчэ адзін прыбамбас да гэтай цацкі

неверагодны сьвет прыбамбасаў

вось цікава ці будзе тэрмінатар слаць ёй з мабілы мэсагі
наліваць у шклянку віно
сачыць за ёю з глыбіні гасьцёўні

яшчэ паглядзім

яна ўжо паведаміла мне што хоча чужога
пяшчотны касьмічны сапель што працуе на сонечных батарэйках
тым часам як твой жывот разрывае ад кайфу

ШЧАСЬЦЕ ГЭТА ЯШЧЭ ГАРАЧЫ ПІСТАЛЕТ

ЭТА забівала студэнтаў вахтораў шафёраў мэдсясьцёр міністраў
ІРА жанчын што ішлі ў супэрмаркет
ідзі амін дэлегатаў сялянаў садоўнікаў рабочых вайскоўцаў жакеяў
пэдэрастаў сьвятароў
піначэт затаптаў нагамі дыпляматычныя адносіны
хз забіў кенэдзі
ЦРУ забіла джымі гэндрыкса эла ўілсана ісуса хрыста карэн карпэнтэр
джэніс джоплін джона ленана бівіса і батгэда
ФБР забіла мамашу баркер вінсэнта вэгу
томі лэрына эла капонэ філікса папалардзі
КГБ забіла маякоўскага троцкага і букоўскага
ВВС забіла прынцэсу даяну
маці тэрэзу з калькуты
1551 пасажыра тытаніку
і 17 сэктараў на трыбунах прэм’ер лігі
крафт-фудз забіла гайнц
пэпсі забіла коку
кока забіла янкі
ДДТ мандавошак
ЛСД пратэстантаў
полівінілхлярыд забіў поліэстырэн
аль-каэдаўцы пазабіваліся між сабою
ККК забіў мэлкама ікс боба марлі марціна лютэра кінга гарынчу і атэла
яп іі забіў яп і
абурто забіў кандыдата калёсьё
ялянда сэліну
камэлья эміля
фуэнтэавэхуна камандора
нудота сіда вішыза
оў джэй сіпмсан нікога не забіваў
паліцыя мачыла індэйцаў у ч’япасе
манчэстэр забіў на апошняй хвіліне гол і зь ім усе надзеі баварыі
ЭМІ забіла бітлз
армія ЗША забіла тысячы агрэсіўных старых і дзяцей
у карэі японіі віетнаме нікарагўа панаме іраку югаславіі
сто сорак чалавек у адным толькі будынку ў аклагоме
відэа забіла зорку радыё
рэвалюцыйна-інстытуцыйная партыя забіла 1 972 545 км квадратных
пракуратура забіла двух зайцоў адным стрэлам
міністэрства адукацыі забіла правапіс
ўільям бэраўз забіў сваю жонку

: а жыцьцё выдумаў капітал

СЕДЗЯЧЫ НА СЕНЕ П’Ю ВІНО ПЕРАПРАЦОЎВАЮ ХАЙКУ

дзіўны момант – хлопчык
і поўня
глядзяць адно на аднаго з розных канцоў тэлескопа

(ясная і маўклівая
поўня
і ёсьць хайку)

поўня
поўніць цішу
зрэнкі

поўня і ў тэлескопе
і ў хлопчыкавым ооо
якое вырываецца ў яго пры відзе поўні

MOVIE STAR

я падышоў да дзьвярэй у руцэ валізка з інструмэнтамі
пагрукаў
яна выйшла адзетая ў шкарлупінкі ад фруктаў
я кажу прыйшоў рамантаваць трубы
яна зьдзерла зь сябе некалькі шкарлупінак
і кажа адрамантуй для пачатку вось гэта
абаперлася на мяне
цалуе а сама расшпільвае мой камбінэзон
зьняла мне боты
інструмэнты разьляцеліся па ўсёй падлозе
доўга ў мяне смактала
а потым пачалося на пліце ў ваньне
на стале на які забараняецца класьці локці
на дыване ў гаражы
ува ўсіх позах ува ўсе дзіркі
а як часта дыхала як крычала сантэхнік ааа
мае рухі і рытм даводзілі яе да шалу
бельмы вачэй лезьлі ў яе з арбітаў
яна млела ад няспынных паўторных аргазмаў
і ад водару вільгаці
стогны сантэхнік уммм і ўздыхі
было чуваць за кілямэтар
а тым часам патрэскваў камін
і памалу выпаўзалі тытры
 
З КАЛІФОРНІІ Ў ДЭ-МОЙН А ТАМ СПЫНАМ І ДА ЧЫКАГО

ён быў негрытосам у часы калі горшая доля была толькі ў негрытосак
і фоткаўся толькі двойчы

ён быў неграм: сынам рабоў:
і гультаём, здольным варухнуць рукамі
толькі калі ў іх быў губны гармонік
якому ён задзьмуваў паравозы з сваіх хрыплых лёгкіх

апошнія гады жыцьця ён правёў з фанаткамі спэрмы
ягоная маці навучыла яго элегантна апранацца
і калі ён дайшоў да скрыжаваньня 61-й і 49-й
ён сутыкнуўся з ТОЙ дзяўчынай
: дагэтуль ён думаў што яму падабаюцца толькі негрыцянкі
якія шмат крычаць трымцяць апісваюць ідэальныя колы
(хаця ён заўжды любіў зайграць на сваёй гітары сола)
а тут гэтая грудастая рудая твар як яблычак вясьнянкі ну фруткейк
яна смактала ў яго з такой пяшчотай
што здавалася быццам расы-прыгнятальніцы ўсіх эпохаў
прасілі ў чалавецтва прабачэньня
за тое, што практыкавалі расізм

пасьля гэтай ночы
негр і пачаў граць тыя пранізьлівыя акорды
спрабуючы разьбіць шыбы ўва ўсім горадзе
і пасьцягваць з плячэй шлейкі станікаў
: гэта былі ночы більярду карамболю трохкутніка банкнот на сукне
і рука негра павольна сьлізгала па грыфе
быццам цэлы сьвет ляцеў у лузу
     
: яго арыштавалі на падставе таго
што ён негр з гітарай
паліцыя ўваліла яму пізьдзюлёў па першае чысло
за што дала яму права на тэлефонны званок
і ён пазваніў дону: славутаму прадзюсару
які вызваліў яго пад заклад у 33 даляры
і адвёз на машыне ў матэль
даў яму бутэльку ўіскі бяляш
і сорак пяць цэнтаў на сьняданак
: давай заўтра з раніцы запішам чароўную 78-абаротку
прапанаваў дон

але калі ён вярнуўся дамоў тэлефон адчайна зьвінеў
ён узяў слухаўку гэта зноўку быў негр
- ну чаго яшчэ (спытаўся крайне знэрваваны дон)
- я самотны вельмі самотны вельмі вельмі самотны вельмі самотны:
я ўведаў, што такое цьвінтар
- я цябе не разумею 
- ніхто такі не самотны як я нават зорка на сьцягу нават пляма на месяцы
а тут перад мною адна дама
гатовая застацца й прынесьці мне палёгку
за 50 цэнтаў
а мне пяці не хапае

ён быў негрытосам у часы калі горшая доля была толькі ў негрытосак
і фоткаўся толькі двойчы

ягоная гітара гучала адначасова на абодвух берагах місісіпі
ён меўся напісаць нашмат больш нашмат лепшых песень
але ня меў часу
ноты ягонага жыцьця прытаміліся
і калі ён нізкавокі шукаў свае акуляры
хтосьці падаў яму пляшку ўіскі
(здаецца, муж ягонай новай каханкі)
агні рампы зіхцелі напоўніцу
ён зрабіў доўгі глыток
і зайграў апошні раз

HOW CAN PEOPLE BE SO FURIOUS IN THIS METAPHYSICAL VOID
(сьведчыць Майкл)

нахуй палітыку веру карпаратывізм
і любую паябоць што забясьпечвае моцным мірнае існаваньне
нахуй стратэгію: зацеміў я

а ален аднабакова прапанаваў: зараз мы ўсе паедзем у мэксіку
і бля бля бля
я паўтарыў: робэрт данкан самы значны паэт заходняга ўзьбярэжжа
і бля бля бля
і тады грэгары разьюшыўся ўскочыў схапіў мяне за горла і працадзіў
скрозь зубы: майкл ты поўны бля бля бля
я адштурхнуў яго, ён упаў
я тут жа заматаў шыю ў шалік
і абурана скіраваўся да дзьвярэй
ніл зірнуў на мяне й пазяхнуў
а наўздагон мне джэк пасьпеў яшчэ сказаць
: ты ёсьць найлепшым відовішчам на мілі навокал
ключом да ўсяго вышэйапісанага была нудота
нахуй нудоту

джэк настойвае, што ён цень на ходніку
дзе ўвасобіць праўду немагчыма
бо чалавецтва яе не заслугоўвае

нахуй завумнікаў-скэтмэнаў & коксакераў & бітнікаў
што вядуць чульлівыя дыскусіі разьмеркаваўшы
гару марыхуаны на абсалютна роўныя горкі
каб абсалютна пароўну ёю накурыцца

нахуй гэтых ёбаных калгасьнікаў
якім заманулася напхаць галаву філязофіяй
абы не ісьці ў войска

і нахуй войска
мы лепш памрэм слухаючы добрую песьню
ці хаваючыся ад падаткаў за шаманскімі галюцынагеннымі зёлкамі
ці душачыся рогатам сакрэтам крывёй і калам
ці ад прастаты памерам як чайны сподак
ці сьцячэм крывёй над унітазам
ці застанемся ляжаць на рэйках ува ўсёй сваёй прыгажосьці
і так далей
чым быць забітыя подпісамі хеўры бюракратаў

ПАМПКІН & ГАНІ БАНІ

Прачынаесься з жанчынай
што гістэрычна рагоча
паказваючы рэшту сваіх зялёных зубоў
і несупынна чухае галаву

і згадваеш што вы цалаваліся а навокал танчылі
а ты выйшаў на сцэну
сьпяваў стоячы ля раяля (з жэстыкуляцый, як належыць)
і ўябаў афіцыянту што паспрабаваў вытурыць тваю дзяўчыну
а пасьля вы зь ёю ў абдымках блукалі вуліцамі й падбівалі бляшанкі
і кружыліся вакол ліхтарных слупоў

няма сумневу, што вы скончылі ў гэтым матэлі

пакой пахне камфорай
і хлёрам
: звонку
людзі курсіруюць як крыкастыя караблі пад ветразем
расьсякаючы самыя шчасьлівыя вакацыі сваіх жыцьцяў

тым часам вакно зачыняе незадаволеныя баранчыкавыя аблокі
ў іхнім задаволеным сінім загоне
разам з тэлеграфнымі дратамі
і птушкамі што зьяўляюцца
быццам бухія балярыны на рэпэтыцыю

ты зьбіраеш шмацьцё
й разьвітваесься
хаця яна не перастае сьмяяцца
(і чухацца)
зачыняеш дзьверы:

ветрык сьвежы
дзень харошы

чалавек заўжды застаецца сабой
гэта толькі тыя, што навокал, зьмяняюцца

НЬЮ-ЁРК РАПТАМ ЗАСТАЎСЯ БЕЗ ІОСІФА БРОДСКАГА

выбухі сьмеху праяжджаюць міма ў вінтажнай тачцы
чувак у ліхаманцы прапаноўвае табе ўсё што хочаш
прастытуткі ў паліто захіляюцца ад ветру
людзі ў форме выходзяць з бару бухія ў жопу
жабрак працягвае руку
у канцы вуліцы ўспыхваюць заднія фары
патрульнай машыны што памалу паварочвае ўправа
пара выходзіць з тэатру
гутараць двое неграў
а ў вітрыне насупраць
моўчкі павісла
пара ядвабных панчохаў
што здаюцца неабходнейшымі за нас

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Спрадвечны розгалас крыніц
з вышыняў вуха ловіць...
На іх пачатку бог стаіць —
сам вечны пачатковец.

Пераклад:
Макс Шчур

Спалі мой допіс дачарна,
каб дотык зблытаў скуру й прысак –
ляці, маркотная пчала,
з акна пылковы попел высып.

Спалі мой ліст табе датла
на языках цынічных сьвечак.
Ты мне нявернаю была?
Ці папракнуў цябе я нечым?

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.

Пераклад:
Макс Шчур

Неабходна заставацца спакойнай
Дыхаць глыбока і памалу
абмежаваць міміку
жэстыкуляваць умерана
эфэктыўна выкарыстоўваць інтраспэкцыю
гэта значыць
седзячы – ня дрыгаць нагой
стоячы – не хістацца з боку ў бок
утрымліваць пазыцыю на адным месцы
у абодвух выпадках – галоўнае, не апускаць вачэй.