Алесь Емяльянаў

Алесь Емяльянаў-Шыловіч (Aleś Jemialianaū-Szyłowicz) — беларускі літаратар, бард, празаік, перакладчык, рэдактар літпартала Textura.by. Нарадзіўся ў 1987 годзе ў Крычаве, скончыў у 2013 г. біялагічны факультэт БДУ, жыве і працуе ў Мінску. Аўтар зборніка вершаў “Парасонечнасць”. Фіналіст конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра, конкурса “Экслібрыс” Саюза беларускіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Маладосць”, “Тэрмапілы”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, альманаху “Тэксты”, калектыўных зборніках народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, калектыўным зборніку “Geniush loci”. Творы перакладаліся на польскую, украінскую і сербскую мовы.

на канапе сядзеў японец у акулярах
(не ўпэўнены, што японец,
ніколі не ўмеў адрозніваць
азіятаў) і ў масцы.
дык вось, ён зірнуў на мяне
вачыма Сіро Ісіі,
маўляў, смелы, халера, —
на калідор, без маскі.

ты спытала: ці чуў я пра бутан —
адзіную ў свеце краіну,
дзе ёсць міністэрства шчасця

звяжуць рукі за спінаю, і, невядома чаму,
на пытанне імя ты адкажаш: марыся
дадасі, што язэп сышоў яшчэ год таму —
не паверыў, што сын ад святога з’явіўся;
і цябе забяруць на малочна-чырвоным аўто,
бо такую адну пакідаць небяспечна…

тут балтыйская соль
расчыненая ў волкім булёне паветра
коле ноздры й мігдаліны
разьядае зрэнкі
прыхадням-gudis’ам
якія акупавалі горад
і сноўдаюць тут і там
па бясконцых пагорках

я тралейбус
і ты тралейбус
ён навёў на мяне палец
але я шчасьлівы тралейбус
а ты не
бо ня ведаеш што шчасьлівы
а калі й так дык ня ведаеш
што тралейбус
а я ведаю