Будні эвалюцыі

Будні эвалюцыі

Мала хто з нас выслізне з клеткі
ў гэты паўцёмны шматклеткавы сьвет,
дзе выжываюць нават крэветкі,
дзе арытмія і арыфметыка
граюць супольны жывы канцэрт.

Лезуць на бераг з бруднае пены
сястра інфузорыя й братка малюск.
Перажывуць часы пераменаў,
што пачаліся яшчэ з плейстацэну,
толькі найлепшыя гніль або гнюс.

Жыць у вяках і пладзіцца амёбам!
У парадызе расьлін і зьвярэй
з патрыярхальнаю сьветлаю злобай
зондэркаманды зондэрмікробаў
блізяць чарговы палеарэйх.

Вечна расьсеяным алказаўрам,
нам не прайсьці натуральны адбор.
Там, у агнях вялікага “заўтра” –
новыя барбары рэжуцца ў карты.
Пахне кагор, пахне кагор… 

Будні эвалюцыі - 2

У гэтым вялізным біблейскім сьвеце
мы з табой – два маленькія дарвіны,
дурныя малпы ў мілоснай ракеце,
мірная пара тэрмаядзерных кальвінаў.

Колькі ўсяго ў нашых гематагенах:
кроў не бывае чужою, каштуй, дарагая.
Суперістоты, але – да якога калена?
Кім вырасьце тая –  што носіш – зігота сьвятая?

Нічога няма прыгажэй, чым вочы твайго падвіда.
Тваё мясаеднае цела прыўкраснае, як сабор.
Як радасна назіраць першабытныя краявіды,
калі за плячыма фінал супершоў "Натуральны адбор".

Пакуль не пагас асноўны інстынкт між намі,
давай яшчэ раз спляцемся хвастамі.

Грузчык Ламброза

Масонская ложа Ўсяго Тупога
пад назвай "Залатая Цагліна"
на чарговым сходзе абрала богам
грузчыка крамы "Мясная краіна".

Вы, мабыць, скажаце: "Быць ня можа!
Грузчыка? Крамы? Абралі? Богам?!"
Магу для тупых паўтарыць – гэта ложа
Ўсіх Тупых і Ўсяго Тупога.

У складзе масонскай арганізацыі –
армады клеркаў, жлабоў, прарокаў,
баранэсы з няскончанай адукацыяй,
у якіх адкрылася трэцяе вока,

агітатары за чыстыя дух і ногі,
прыгожыя сволачы, мілыя сукі,
магістры навукі біцца за рогам,
аўтары вершаў пра маміны рукі…

Задача іх – барацьба з Інтэлектам
з дапамогай правераных часам методык:
цяжкіх прадметаў, эстрадных куплетаў,
і іншых ня менш траўматычных знаходак.

У будні і сьвяты, на працы і п'янках,
у дождж і буран, у сьпёку й марозы,
бяздумна і сьмела ідуць у атаку
сьветлыя воіны пана Ламброза.

А мы, апошнія носьбіты зьвілін,
глядзім з трывогай на іх перамогі.
На тое, з якою красою і сілай
яны ня думаюць ні пра чога.

Унутраны сьвет расьлін

Край карысных расьлінаў.
Моцны, высокі плот.
Вецер трэпле бацьвіньне.
Зьнізу поўзае крот.

Я маўчу як зігота,
ты маўчыш як дупло.
Ціха наўкол і бязрота.
Так заўсёды было.

Я жыву без пытаньняў
і ты жывеш проста так.
Маем адно прызваньне –
не называцца ніяк.

Сытыя сьвежым гноем,
смачным і задарма…
Лепшага за такое,
знаю, жыцьця няма.

Калі ж няўзнак прарастае
між намі сумніўны падвід –
хуткую сьмерць сустракае.
Дзякуй, бог Пестыцыд!

Дзякуй сьвятым Гербіцыдам –
славім ваш вечный бой.
Трэба будзе – бяз крыўды
ляжам у перагной.

Я маўчу як салома,
ты маўчыш як пянёк…
І прабягае зьнікомы
ўнутраны халадок.

Апошні з прыматаў

Лаховіч – выпускнік Інстытута выміраньня.
Мае любоў з аднакурсьніцай Канстанцыяй,
у якой, згодна з дзяржаўным размеркаваньнем,
праз месяц – крэмацыя.

Як вядома са школьнай праграмы па біялогіі,
каханьне жыве ў арганізме тры гады.
З такою ведай немагчыма жыць без трывогі,
асабліва калі ты ніхто і малады.

Лаховіч шторанку выходзіць у цёмны пад'езд і штораз
атрымлівае ў нос ад таямнічага хера.
Ён не крычыць і не робіць удар у адказ,
бо выхоўваўся у ліберальнай атмасферы.

Ягоны бацька перад усімі сьцяліўся, нібы кілім.
Маці таксама жанчына лёгкага сэрца і паводзін.
Майстэрства быць нікім
здавён уласьцівае іхняй пародзе.

Лаховіч мае пяць базавых пачуцьцяў – простых, як цьвік.
Ёсьць і шостае, але таксама невысокай якасьці.
Эвалюцыя ягонага віда зайшла ў тупік
(такую графу нядаўна ўвялі ў пашпарце).

Сонца паціху аслабляе свае флюіды.
Мускулістыя персанажы пашыраюць свой арэал.
У пакоі Лаховіча вісіць шыльда:
"Жыцьцё – кал".

Сабаканоіды

Па закінутай тэрыторыі санаторыя бегаюць бяздомныя сабакі.
Побач знаходзіцца стандартны дзіцячы садок.
Там малышню добра кормяць, падціраюць сракі.
А сабакі ў мароз і сьцюжу лягаюць спаць пад кусток.

Але штотыдзень адбываецца амаль магічнае дзейства:
зграя выкрадае дзіцё і яго замяняе сабачы экзэмпляр.
Ніхто не заўважае гэтага рытуальнага зладзейства.
Сабака сталее, з яе вырастае банкір, ну, або сталевар.

Гэтыя чалавеказьвяры, працуючы на сабачае брацтва,
паступова вынішчаюць на планеце чалавечы элемент:
войны, тэракты, панажоўшчыны на танцах –
у кожным рабочым калектыве затаіўся заканспіраваны агент.

Я ведаю, бо сам бегаю ў сабачай зграі
і некалі меў бацькоў і дзядулю-маралізатара.
Але цяпер я – часьцінка жывёльнай расы,
што даўно прыбыла на планету ў ролі каланізатара.

Скрадзенае дзіцё, як я, уліваецца ў масонскую сабачую ложу.
Такіх зграй па краіне і сьвеце – ох, колькі тых зграй.
Ім адкрытыя сакральныя веды і глыбіні бязбожжа.
Яны – вынайшлі кола, заводы, узышлі на Сінай.

“І што далей?” – спытаеце. А нічога далей.
Гома сапіенсаў на сёньня - адсоткаў дваццаць, ня больш.
Як казала багіня Калі – людзі ўсё прасралі.
Хутка для іх настане вечная ноч.

А іншапланетным сабакам стане ў бязлюддзі нудна
і яны паляцяць у космас каланізаваць яшчэ нешта.
А вы і далей бяздарна пражывайце свае будні,
бо ўсё адно ж ніхалеры не зразумелі ў вершы.

Avis sapiens: навіны палеанталогіі

Пад маім акном у кроне клёна
сьпявае дагістарычны птах па імені Леанід.
А ўсё таму, што айчынным вучоным
удалося зрабіць рывок і ажывіць гэты від.

Такіх, як ён, у краіне цяпер – як сабак.
На суседняй асіне, напрыклад, жыве птушка Ніна.
У кулінарным плане гэтыя птахі на смак –
нешта сярэдняе між баранінай і сьвінінай.

Тры метры росту, гіганцкія крылы…
Імі лятаюць на мора ці ў горы на ўікэнд.
Авіякампаніі, канешне, няхіла ўзвылі
ад таго, што з’явіўся такі канкурэнт.

А яшчэ яны эрудыты – чытаюць запоем!
Мой тупы сусед, праваслаўны поп,
любіць весьці зь імі дыскусіі пра Сьвятое
Пісаньне, асабліва пра Ноеў каўчэг і Патоп.

Але галоўны плюс рэінкарнацыі
гэтых дагістарычных істот,
У тым, што яны ўзялі за яйцы
нахабную гапату і іншы зброд.

Як фанатыкі гуманістычных ідэалаў,
кожнаму, хто вядзе сябе як скот,
птахі спачатку чысьцяць ябала,
а найбольш агрэсіўным сруць у рот.

Толькі ня трэба думаць, што вось яно, шчасьце,
што, нарэшце, і мы пажывем у Залаты Век.
Жыцьцё – непрадказальная субстанцыя,
на паверхню якой заўжды ўсплывае чалавек.

Бо хутка новая сенсацыя
скалане наш ідэальны сьвет.
Паводле інсайдэрскай інфармацыі
у Інстытуце палеанталогіі прэзідэнт

абвесьціць пра ажыўленьне
чалавекамалпы калматай.
Рыхтуйся, народ, да абнаўленьня
выбарчых сьпісаў дэгенератаў.

Некраагент Жэня

У пятым класе Жэня памёр.
У шостым, на верасьнёвай лінейцы
яго не пазнаў нават сусед па парце Ягор –
найлепшы сябар на гэтым свеце.

Настаўніца праваслаўнай і фізічнай культуры,
чэмпіёнка раёну па экзарцызму Эла Нігілюк
паведаміла пра Жэню ў царкву і сілавыя структуры,
зразумеўшы адразу, што ён – пякельны хлапчук.

Але ніхто яе не паслухаў: ані мянты з папамі,
ані бацькоўскі школьны камітэт.
Сказалі: "Падумаеш, мёртвы. Мы з радасьцю самі
дзьвюма нагамі ступілі б на той сьвет".

Тым часам насталі восеньскія халады…
Бацькі Жэні, масоны-экстрэмалы,
на могілках на сьвята Дзяды
адкрылі ў пекла і рай два бясплатных парталы.

Дурныя рванулі ў пекла, наіўныя ў рай.
Але назад і тыя, і тыя прыйшлі з пахмурымі тварамі.
Толькі мясцовы бацюшка Мікалай
вярнуўся вясёлы і з нейкімі п'янымі шмарамі.

Вядома, сьпецслужбы зацікавілі хады на той сьвет.
Заадно паднялі з архіву заяву на хлопчыка Жэню.
Завербаваны, як першы ў краіне некраагент
ён быў адпраўлены ў выведку ў вогненную геену.

Але пацан меў уласны план: сабраўшы банду чарцей,
прывёў іх да прэзідэнта на ранішнюю планёрку.
Чуліся крыкі, пагрозы, плач… Карацей,
трупы кіраўнікоў склалі на пляцы прыгожай горкай.

Тым часам сьвет ператвараўся ў шызоідны вінігрэт:
натхнёны ўдачай, тандэм масонаў-вынаходнікаў
адкрыў парталы да экзатычных  планет –
Казачных Даўбаёбаў і Чорных Гномікаў.

Першыя адразу па-хатняму адчулі сябе на Зямлі.
Другія адкрылі начны клуб для дзяцей і аматараў готыкі.
Пасля на планету нейкім чынам прыбылі
прадстаўнікі сузор'я Найноўшай Эротыкі.

Тады Эла Нігілюк, сабраўшы атрад праваслаўных баевікоў,
абвясьціла джыхад гасьцям няпрошаным.
А людзі з верай і зброяй такія дурныя, што будзь здароў.
Карацей, будучыня не абяцала нічога харошага.

Жэня зразумеў – будзе вайна, прычым не адзін год.
Таму, пасля доўгіх дыскусій з чарцямі,
усіх фанатыкаў загналі на гіганцкі параход
у вечны круіз, раз ня могуць ня быць скатамі.

Гэта ўсё было гадоў 20 назад.
Зараз чэрці сядзяць хто на зоне, хто па дварох з гітарамі.
А мёртвы Жэня, усталяваўшы свой некрадыктат,
заняўся простымі чалавечымі марамі:

цяпер адстрэл даўбаёбаў дазволены круглы год;
мянты сталі бяскрыўднымі, як насмарк і нарды;
плюс на працу людзі з палёгкай паклалі болт,
бо на райскіх складах акцыя "ўсё бясплатна".

Праўда, ёсьць ва ўсім гэтым адзін вельмі сумны факт:
забылі ўсе пра душу і іншыя тонкія штукі.
А раз так, раз так! –
                                      пайду і з гора нап'юся, сукі…

***
Я – Пятро. 35 гадоў, беларус.
У гасьцях у прышэльцаў пражыў месяц.
Цяпер і ў мяне галава як гарбуз.
І пальцаў рук  – шэсьць, а ня дзесяць.

А яшчэ гуманоіднае спадарства
зрабіла мне тры нагі і жывёльны нюх.
Плюс, без тэлебачаньня і начальства,
душа мая стала вясёлай, як Віні Пух.

Праўда, жонка зьменаў не заўважае.
Толькі пытае часам: "Ты што, п'яны?"
Пасля месяцу ў космасе жанчын я не паважаю
за падобныя прыземленыя пытаньні.

Мною цікавяцца навукоўцы,
сьпецслужбы сьвету клічуць у штат.
Пад домам віруюць стараверы-вяскоўцы,
гадаюць – хто я: месія ці д'ябальскі супастат?

У прэсе на розныя галасы
мяне называюць гуманоідам-дэгенератам.
Пра перавагі чалавечай красы
непрыгожыя пішуць даклады…

А я вам скажу, цары, бляць, прыроды!
Што наша планета для касмічных рас
іграе ролю біялагічнага агароду.
Гэта – раз.

Два: Ісус быў робатам,
якіх штампуюць на Альдэбаране.
Тры: гуманоіды сруць золатам.
Чатыры: сюды ўжо ляцяць ваяўнічыя марсіяне.

І ці ведаеш ты, офісная скалапендра,
і ты, грузчык шчарбаты,
якія я смачныя еў там катлеты
з чалавечых паўфабрыкатаў?

Санітарачка Наташа

Грайце гітары, трубы
І сінтэзатар "Ямаха" -
Сёньня ў сямейным клубе
сьвяткуе днюху Натаха!

Помню цябе, дарагая,
яшчэ маленькім мутантам.
А зараз, глядзі, якая:
з'ела нядаўна тату,

а ўчора зрабіла з мамы
гэты прыгожы торцік.
Тут 50 кілагамаў.
Бярыце, шаноўныя госьці.

Стаў санітарам планеты
твой біялагічны падвід.
Вось ад усіх нас прэзэнты:
смачны хлопчык Рашыд,

смалец з хроснага Сашы,
з цёткі Анжэлы кумпяк…
Шчасьця табе, Наташа!
У добры мутанцкі шлях!

2516 год. Сустрэча выпускнікоў

Здароў, Віталя, Алег, банжур, Віялета.
Чаму сядзім не бухаем? Чакаем Гену?
Гена ж загінуў – яшчэ на Шостай сусьветнай,
калі зулусы спалілі Маскву і Вену.

Артуру пашанцавала: цяпер ён робат.
Купіў сабе хутар у лесе, зьліўся з прыродай.
Анжэле адрэзалі нос і прышылі  хобат.
Анжэла заўсёды была ахвяраю моды.

А хто памятае Арцёма, шасьцёрку і суку?
Зрабіў сабе клонаў – заселі ў гарвыканкаме.
Ва ўсіх вельмі спрытныя вочы, язык і рукі.
Праўда, як і раней, праблема з мазгамі.

Наташа ў стрыптызе, Маша і Даша ў "Грынпісе" –
дзяўчаты яшчэ са школы любілі жывёлаў.
Антон падхапіў у міжгалактычным круізе
няведамы вірус. Цяпер ён жаночага полу.

Настаўніца першая наша, Ілона Пятроўна,
доўга хварэла, памерла і стала зомбі.
Біялагіца здымаецца ў мікрапорна.
Бачылі б вы, што там вырабляюць мікробы.

Гады пралятаюць, як НЛА – незаўважна…
Хто памятае выдатніцу Караліну?
Жыве з гуманоідам, мужу скафандры вяжа…
Раней такое бачылі толькі ў кінах.

Ня знаю як вам, а мне жывецца шчасьліва.
Па вуліцах ходзяць расьліны і дрэвы-мутанты.
Дарэчы, праз месяц жанюся на Грушы з Асінай.
Усіх запрашаю на гэтае страшнае сьвята!

Мёртвая Тамара
(апакаліптычны раманс)

Вось і адшумела ядзернае лета.
Атамная восень грукае ў акно.
У блакітным небе – яркая камета.
Я такіх не бачыў нават у кіно.

Мяккі, цёплы попел серабрыстым футрам
ахінуў руіны, пушчы і палі.
Сьпіце Брэст і Прага, Кіеў і Калькута,
шулеры і токары, мэры й куркулі.

Сьпі мой родны кут звышрадыяактыўны.
Мёртвая Тамара, і табе – бывай.
Ах, які сягоньня вечар дзіва-дзіўны –
апакаліптычны непаўторны рай!