квадратурынавы маёнтак, частка 2

ЕЛКІ

у мяне ёсьць лецішча... ну як лецішча, дзьве набытыя дзялкі зямлі, аб’яднаныя напаўжывой агароджай. дванаццаць сотак... лецішча спатрэбілася для хворай мамы... езьдзіць на прыроду... поўнач Беларусі.
мамы ня стала, але я ежджу туды, каб касіць газон і весьці маналёг.
два гады таму я пасадзіў там дзьве маленькія елкі, дэкаратыўныя, канадзкія. елачкі пухнатыя і больш як на мэтар у вышыню не растуць.
быў на лецішчы днямі. елкі хтосьці выкапаў... не чапалі высокую тую, ядловец і стланік.
я глядзеў на дзьве ямкі ад елак і думаў, што яны ня будуць расьці на новым месцы — яны былі пасаджаныя для мамы.

СПАМ

у Фэйсбук піша мне Люцыя, піша натхнёна, што нарэшце знайшла мяне.

я не магу ўспомніць, дзе і пры якіх абставінах пазнаёміўся з гэтай амэрыканкай.

прагледзеў яе профіль, фотаздымкі, пачытаў статусы, і прыйшоў да высновы, што, мабыць, знаёмы праз падарожжы альбо стыпэндыю ў Эўропе.

вырашаю далей перапісвацца... «як справы? чым займаесься?» шмат даведаўся пра яе, шмат апавёў пра сябе.

мінула два дні, у суботу ўвечары яна пра Скайп...

я ў адказ — навошта Скайп?

яна: «I am so hot now. Let me do it with you online!»

і я зразумеў, што спам, як і віртуальныя сэкс-паслугі, сягнулі новай ступені эвалюцыі.

СТАРЫ

мінула дзесяць гадоў як я шчыльна сябраваў з адной маладой сям’ёй. сяброўства нашае падзяляў алькаголь і толькі. яны абое былі старэйшыя за мяне на два гады, для маладосьці гэта мела нейкае значэньне.

і вось учора я сутыкнуўся зь імі. выглядалі абое як алканаўты-бамжы, нават здагадацца якога хто зь іх полу было цяжка. спынілі мяне на вуліцы, пачалі ахаць і охаць, нагадваць мне пра былыя часы, а потым жонка ягоная прамовіла: “слухай, ну ты стары стаў! жах!”

і гэта я стары!? вегетарыянец, які кінуў курыць шэсьць гадоў таму і ўжывае алькаголь толькі па ўік-эндах!

АБАВЯЗАНЬНІ

позьні вечар, едзем з В. у маршрутцы... сьпераду сядзіць мужчына, добра апрануты, сярэдняга ўзросту... выпіўшы, у стане, калі разьвязваюцца язык і думкі.
на наступным прыпынку заходзіць маладая жанчына і становіцца каля яго, бо месцаў для сядзеньня ўжо няма.
мужчына аглядае жанчыну і прамаўляе:
прабачце, а вы ня супраць заняцца са мною сэксам, без аніякіх абавязаньняў? проста дзеля задавальненьня, разбавіць самоту гэтага вечара.
жанчына адмовіла і пастаралася адысьці ўглыб салёна...
на наступным прыпынку заходзіць дзяўчына, і мужчына прапаноўвае сэкс без абавязаньняў ёй... і ізноў чуе адказ «не».
на жаль нам давялося хутка выйсьці... мужчыну абавязкова пашчасьціць трэцім разам.

ШКОЛА

у школе мы рабілі наступныя рэчы: уключалі краны ў прыбіральнях на паўдня... кідалі ў лайно дрожджы... лавілі малых падшыванцаў і выстрыгалі ім плешыны на галовах... заляталі ў распранальні, выключалі сьвет і харкалі ў розныя бакі — перамагалі тыя вучні, на якіх было як мага болей сопляў... мы размалёўвалі парты і сьценкі... курылі на ўроках «ваеннай падрыхтоўкі»... зьдзекаваліся з трудавіка і гістарыцы... на ўроках расейскай літаратуры не хаваючыся пілі піва — давялі настаўніцу да бальніцы...

але цяпер адзін з нас — адвакат, другі — бізнэсмэн... трэці — хірург... а яшчэ ёсьць кандыдаты, пісьменьнікі, рэклямнікі... і ніводнага «батана» сярод нас няма.

СУП

прыяжджала днямі сяброўка, апавяла, што была на лецішчы ў сваёй былой аднагрупніцы. тая аднагрупніца нейкім чынам удала выйшла замуж за вельмі багатага турка, нарадзіла яму трох хлопчыкаў і яны разышліся ў розныя бакі. ён зь дзецьмі, яна з — грашыма. і вось уяві, сябра, — кажа мне Л. — яна, якая ў жыцьці здолела толькі выйсьці замуж і адхапіць тоўсты куш... варыць супы на вадзе Evian. што?! я сур’ёзна... яна такая: «сёньня будзе мая фірмовая салянка!» — і адправіла свайго кіроўцу, які ляжаў у гамаку, па дваццаць бутэлек Evian у Менск у «Карону»!

АДКРЫЦЬЦЁ

давялося мне праходзіць праз баптысцкую царкву ў Менску… ішоў, расьцягваў час, трэ было пракрочыць два прыпынкі перад сустрэчай… накропваў дождж… я, занурыўшыся ў свае думкі, на аўтамаце дастаў з кішэні мабілку і пачаў чытаць новае паведамленьне ў Вайберы… спыніўся. стаю. не магу разгледзець на вільготным экране слова
як раптам хтосьці дакрануўся да майго пляча
і тут я разгубіўся – перад мною мужчына, падобны да тых, каго клічуць “чоткі пацан”: слышь, Иисус любит тебя.
и тебя любит – адказаў я, а сам як у тумане…
далей я прасачыў, як ён накіраваўся ў царкву. заданьне прапаведніка на першы тыдзень выканана.

КАМАНДЗІРОЎКІ

сёньня я гутарыў з чалавекам, ад якога не чакаў ніякіх адкрыцьцяў… але яна мне апавяла, што ўжо пяты год запар зьяжджае кожныя тры месяцы ў камандзіроўку, якой насамрэч не існуе… яна адкладае са свайго заробку грошы, а потым выдаткоўвае іх на самотнае падарожжа… на тыдзень… яна сказала, што бяз гэтых “камандзіровак” даўно бы разышлася з мужам, і можа быць нават пакінула б яму дзьвюх дачок… яна, калі застаецца зь імі на доўгі тэрмін, – ператвараецца ў сьцерву, нэрвовую маці… а ёй іх шкада… вось так яна і прыдумала як мага часьцей па магчымасьці зьяжджаць у “камандзіроўкі”: доўгія шпацыры па эўрапейскіх вуліцах лекуюць.

МАБІЛЬНЫЯ

сёньня мы зь Любай спазьніліся ў кіно.
я завязаў матузкі і сеў перад выхадам праверыць сваю вайсковую вёску на мабільным... Л. яшчэ толькі апранала джынсы.
Люба заўважыла, што я вырашыў перад выхадам пагуляць на мабільным, і вырашыла павіншаваць сяброўку ў Фэйсбуку.
калі я скончыў гуляцца, я заўважыў, што Л. піша ў мабільным, таму вырашыў, пакуль яе чакаю, запосьціць новае фота ў Інстаграм...
Л. у сваю чаргу павіншавала сяброўку і, паглядзеўшы, што я ў Інстаграме, адчыніла «Вконтакте» і пачала чытаць новыя паведамленьні.
і вось ён, вечар, мы зьбіраліся ў кіно... а замест гэтага сядзім перад уваходнымі дзьвярыма, і толькі нашыя твары сьвецяцца белым, ад экранаў.

ПРАЦА

прыехаў дамоў запозна, хацелася толькі аднаго — легчы спаць, але я пайшоў гуляць з сабакам.
завіталі ў краму, набылі віна і піцу...
па вяртаньні дамоў я нарэшце распрануўся, скінуўшы зь сябе гэтыя мокрыя анучы — лета выдалася сьпякотным і зацягнутым...
як ёсьць, аголены, накіраваўся на кухню, каб адкаркаваць віно.
ідучы па калідоры пачаў разважаць пра сваё жыцьцё, пра лёс, пра працу... і, незаўважна для сябе, вярнуўся з кухні ў пакой і апрануўся: майткі, джынсы, кашуля, шкарпэткі... нават завязаў матузкі на кедах і, узяўшы ў рукі ключы ад уваходных дзьвярэй, раптоўна ўсьвядоміў, што а дванаццатай ночы ізноў сабраўся ехаць на працу.

СУМКА

вось ён ідзе, такі станісты, стомлены, на ягоным плячы цяжкая спартовая сумка... што там? форма хакеіста? футбаліста? яна сьвежая, ці ўся набрынялая потам?
а, можа быць, у гэтай неверагоднай сумцы – велічэзны аўтамат і два кіляграмы тратылу... і вось я такі выкрываю тэракт!? божачка! гэта ж геройства... я адразу стану неверагодна багатым і вядомым! можа быць нават сэлэбрыці!
а калі там які мех бульбы ўсяго толькі? эх... тады будзе сумна...
я адчуваю, як з кожным ягоным крокам у мой бок у маю кроў дазуюцца порцыі адрэналіну... пот халодзіць сьпіну... як жа гэта прыемна! гэтая моц! улада!
Здравствуйте, пожалуйста, пройдите со мной на проверку багажа! Кладите на ленту. Пройдите через металлоискатель.

ТАНЕЦ

былі ў клюбе. кактэйлі на шнапсе. моцны тытунь. музыка. шматлюдна, цёпла і вільготна... нават горача.

назіраў, як танчыла мая сяброўка. танчыла з хлопцам, якога я ня ведаю, але ўжо ненавіджу.

я заўважыў, як падчас таго, як яе кружылі, нахілялі назад, моцна і адначасова далікатна трымалі за талію... гэты мужчынскі позірк, гэты бляск у яе вачах...

а яна ў сваю чаргу, расчырванелая, з раскудлачанымі даўгімі валасамі, уся адданая рытму, балянсу цела, блізкасьці подыху... назіраць за гэтым было адначасова зачараваньнем і болем, бо я разумеў, што часам лепей, калі табе здрадзяць у ложку.

ЕЖА

гатэль, раніца, швэдзкі стол.
шматлюдна, замежнікі, рана прачнуўшыся на сваіх камандзіроўках, адзін за адным крочаць вакол сталоў зь ежаю… тут і яечня, і вараныя яйкі, бэкон, сардэлькі, хлябы і хлябцы, шынка, сыр цьвёрды і з белай цьвільлю… садавіна, гародніна… процьма сокаў, і рознага печыва, дзесяць гатункаў гарбаты і сокавыціскалка.

адна кітаянка, узяўшы велічэзную талерку рознакаляровай ежы, з горкаю… села за стол і за тры хвіліны ўсё зьела. акуратна ў сурвэтку адрыгнула і зноў накіравалася па ежу.

узяла другім заходам такую ж талерку і зьела.

потым кітаянка ўзяла трэцюю талерку, на якой былі вэнджаныя таматы, тры кавалачкі дыні і мёд…
і я зразумеў, што без буліміі тут не абышлося.

КАНТЭЙНЭР

на чыгунцы ў Рызе, у залі захоўваньня багажу, ёсьць мэталічныя кантэйнэры, у якіх коштам 2 эўра роўна на суткі можна пакінуць валізу.

такімі кантэйнэрамі часта карыстаюцца гандляры наркотыкамі: пакідаюць тавар пасьля таго, як атрымаюць ключ з нумарам ад кантэйнэра, дзе ляжаць грошы.

але гэтым разам, калі я клаў сваю валізу, я заўважыў, як на дзьверцы суседняга кантэйнэра чырвоным сьвяціліся лічбы: дзевяноста чатыры эўра, а гэта значыць, што хтосьці, пакінуўшы тут свае рэчы, ужо сорак сем дзён не вяртаецца па іх.

і я адразу чамусьці падумаў пра самае горшае, што магло здарыцца.

цікава, праз колькі часу кантэйнэр адчыняць працаўнікі чыгункі?