Сны

проза, беларуская мова

З літаратурнага праекту “Апранутыя апавяданні”

Сырны месяц, двума вострымі канцамі ўпіраючыся ў аблокі, залівае аксамітным цяплом прастору сну, вецер падмятае гарадскія ходнікі, аўтамабілі час ад часу міргаюць чырвонымі лямпачкамі сігналізацый, упёршыся адзін аднаму ў заднія бамперы, чакаюць раніцы; канец красавіка, прырода брыняе сваімі ліпкімі сокамі, вось-вось фантан жыцця пальецца з усіх бакоў: з дрэў, глебы, цэглы, сцен; але пакуль яшчэ толькі амаль травень, і начная ідылія, якая парушаецца тут і там сабачым брэхам, павольна праносіць у сваіх далонях сны людзей, у яе сівыя валасы ўплецены мільярды лёсаў, бачанняў і думак, кожнаму дастанецца па ягоных заслугах; людзі пачынаюць бачыць сны; залацістая галоўка трывожна круціцца з боку ў бок, падушка выслізгвае з-пад яе; юныя думкі, прымітыўна-пазнавальныя, але яны ўжо нясуць у сабе вялікую частку свядомасці, валасы збіраюць у сябе энергію новых сноў ад сівой ночы; беленькая саколка з доўгімі рукавамі, саграючы цела, не дае яму супакою, перагортваючыся і збіраючыся ў зморшчыны, аддрукоўваючыся новымі дарожкамі і раўчукамі на карце скуры, дзіця спіць, яно заўсёды спіць у гэтай уцепленай саколцы, якая на сваім веку пабачыла ягонае сталенне; ён бачыць адзін і той жа сон – чарнавокая дзяўчынка сядзіць на траве, і ёй не проста холадна, яна на вачах сінее, прыціскаючы сагнутыя ў каленях ногі да грудзей з яшчэ не аформленай жаночай прывабнасцю, дзяўчынцы холадна, хлопчык вельмі хоча яе сагрэць, ён імкнецца да яе, ён спрабуе зняць з сябе саколку, але ў сне не атрымліваецца не толькі гэтае, ён ніяк не можа дабрацца да яе, каб хаця б абняць, каб выратаваць ад гэтага здрадлівага холаду яе танюткія рукі, ногі і чорныя вочы; кожным разам ён прачынаецца і, не ўбачыўшы яе ў сваім пакоі, плача, а бацькі, прыбегшы на ягоны гаротны плач, супакойваюць; хлопчыку восем – ён ніяк не можа сагрэць яе сініх ног, яе тонкіх рук; хлопчыку дзевяць – ён не можа абняць гэтыя вузенькія плечы і супакоіць дрыготку ад холаду; хлопчыку дзесяць – ён ужо навучыўся ў сне здымаць саколку, але ўсё ніяк не можа ёю атуліць дзявочыя плечы; хлопцу адзінаццаць – ён упершыню бачыць яе ружовыя вусны, яе белыя зубы, ён выяўляе, што ў яе вельмі доўгія попельна-русыя валасы; хлопчыку дванаццаць – ён любіць яе чорныя глыбокія вочы, ён навучыўся накідваць на яе тонкія рукі і далікатныя плечы сваю белую саколку, але ёй не становіцца цяплей; хлопцу трынаццаць – ён усё гэтак жа зацята імкнецца да яе, ён абдымае яе, ён вучыцца яе саграваць, ён цалуе яе; ён прачынаецца і знаходзіць у сваіх абдымках толькі скамечаную коўдру і зацалаваную падушку, хлопчык больш не плача, ён разумее; ягоныя валасы сталі цямней, ператварыліся ў шэра-русыя, ён даўно ўжо не памятае, куды падзеў сваю белую саколку з доўгімі рукавамі, тую саколку, якая злучала ягоныя сны са сталеннем і разуменнем загадкавага свету ночы; ён гэтую саколку аднойчы занёс у свой сон і асцярожна пакінуў дзяўчынцы; і ёй стала не так холадна; і ёй стала не так самотна, яна яго бачыць; і яе жыццё цячэ як пясок скрозь пальцы, не дазваляючы ёй выйсці за межы міражу, яна ўвесь час думае пра яго, яна кліча яго, называючы розныя імёны, але ён не з’яўляецца; ёй увесь час холадна, як у рэальнасці, сярод сваіх блізкіх, сяброў і проста мінакоў, так і ў сне, дзе яна ніяк не можа наблізіць да сябе яго, ёй застаецца толькі маліць сваімі глыбокімі цёмнымі вачамі пра тое, каб ён прыйшоў; але за ўвесь час ён змог да яе дацягнуцца толькі каб перадаць саколку, у якой ёй стала цяплей, і, аднойчы, пацалаваць; аднойчы мама ўбачыла на ёй гэтую белую саколку з доўгімі рукавамі, і вырашыла што прынесла яе надоечы, адшукаўшы ў купе вопраткі ў царкве, і толькі дзяўчынка ведала, што саколка насамрэч ёй дасталася ў сне, але гэта мала што змяняе; яе юнае цела, яе юныя грудзі, шаўковыя чорныя валасы, уся існасць дрыжыць холадам і імкнецца да светлавалосага хлопчыка; ёй дзевяць – яна ведае, што ён ёсць і ёй холадна; ёй дзесяць – яна яго бачыць і ўсім сэрцам кліча, седзячы на траве, яна толькі ў споднім; ёй адзінаццаць – яна бачыць, як ён да яе імкнецца; ёй дванаццаць – яна выразна ведае, што кахае яго, яна ведае, ён будзе першым і апошнім, як альфа і амега; ёй – трынаццаць, яна, нарэшце апранутая ў ягоную саколку, але ўсё адно не адчувае яго; вечар павольна аддаецца ў дужыя, далікатныя і гарачыя рукі ночы, вечар раствараецца ў яе цёмных абдымках; дзяўчынка ў ложку, яна накрытая амаль з галавой, сэрца, як звычайна, часта б'ецца ў чаканні новай сустрэчы з гэтым бялявым хлопчыкам, ці ўжо і не хлопчыкам, падлеткам; яна ўжо другі год п'е снатворнае, каб хутчэй засынаць і даўжэй спаць, бацькі лічаць, што яна проста гультайка, бо столькі гадзін спіць; яна чакае ліпучых павекаў сну; яна чакае, ён таксама чакае; яна хутаецца ў белую саколку, вось вымалёўваюцца ягоныя тонкія, юныя рысы твару, ягонае цела, вось яна імкнецца да яго; яны абодва за гэтулькі гадоў сноў амаль наблізіліся адзін да аднаго, яшчэ адзін рух – і яны дакрануцца адзін да аднаго; хлопчык навучыўся яе цалаваць, так далікатна і тонка, кранаючы дыханнем яе скуру; ён паспявае ўзяць яе за руку, яна ў ягоных дужых абдымках; ён рве на ёй белую саколку з доўгімі рукавамі, прайшло шмат часу, ён ужо мужчына, ён ужо моцны; яна заўсёды ведала, што ён у яе будзе першым і апошнім, як альфа і амега, і хай жыццё яе будзе зводзіць з рознымі мужчынамі, яе каханне заўсёды будзе ў сне; яна прачнулася ад бурнага і задушлівага аргазму, з саміх глыбінь Ночы ў зліцці з Прыродай; ён прачнуўся; ён нарэшце дацягнуўся да яе, ёй нарэшце стала цёпла; яны сталіся альфай і амегай адно для аднаго.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць — панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.

Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі.

У любым вялікім горадзе заўсёды знойдзецца жменька аднадумцаў, якія лічаць, што яны, гарадскія, вышэйшыя, мацнейшыя і разумнейшыя, чым вясковыя жыхары.

Адэля з'явілася на свет падчас навальніцы, акурат праз тры дні пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Кажуць, што, калі падарваўся рэактар, дзеці плакалі кожны дзень, быццам адчувалі, што здарылася штосьці непапраўнае.