Эпітафія тырана

Накцюрн

З-пад крыла начы ўцяклі
моры й ладны шмат Зямлі,
мысы вострыя Кітаю
дзень з абдымкамі вітае,
і да межаў цемры бераг
прытуляецца Амэрык.

Час нягеглым закуткам
даць прытулак жабракам,
добры й злы, сьвяты і грэшнік
ракіруюцца нарэшце,
кшталт каханкаў пад адкрытым
небам, чуласьці пазбытым.

Калі велічны й зіхоткі
пры людзях скідаюць порткі,
і няўдачнік выйграе,
і бяздомны баль дае –  
хай спакой у гэты час
сон сябрам далёкім дасьць.
Сябра хай не патрывожыць
трактар, конь, прыгнёт варожы
і сукуб агідны – хай жа
спачывае да сьвітаньня,
а пасьля спакойна ўстане.

Песьня шкіпера-боцмана

У «Брудным Дыку», «Мокрым Джоў»
мы джын пілі да млосьці,
хтось нагару вёў Марджары,
і Кейт – да жалю – хтосьці.
Па парах, быццам мыш з катом,
бяздомныя гулялі ў дом.

Да валавокай Мэрыён,
Мэг, курвы-багацейкі,
абдымкі клікалі мяне,
ды я не захацеў іх. 
Нашто мне клетка ці там клець,
каб да скананьня ў ёй гібець.

У садзе нашых мацярок
салоўкі плачуць гожа,
а сэрцы, што цьвялілі мы,
ня нас цкуюць даўно ўжо.
Сьлязам ня зьмераць глыбіні – 
за борт іх вылі ды засьні.  

Хто ёсьць хто 

За шылінг вам апавядуць жыцьцё:
як уцякаў ад лупня бацькі ён,
юнацтва прапакутаваў – пра ўсё,
праз што ён стаў героем сваіх дзён:

ня спаў, лавіў, страляў, на пік трапляў
нязнаны, млеючы; пратоцы даў імя;
сёй-той нават даказвае, маўляў
ад жарсьці плакаў ён, як вы ці я,

пры ўсіх заслугах, па адной кабеце,
што дому (во дзе цуд) не пакідала,
падходжвалася, ці ў садку пасьвіствала –
і ўсё, на красамоўныя эпісталы
ягоныя мо раз і адказала,
ды ўсё адно іх выкідала ў сьмецьце.

Уцякацкі блюз

У месьце гэтым – людзей пад мільён:
хто жыве ў сядзібе, хто пад брылём,
ды месца для нас няма, братка мой, ды месца для нас няма.

Мы мелі краіну, любую нам,
зірні на мапу, яна яшчэ там –
дарогі туды няма, братка мой, дарогі туды няма.

Дзе цьвінтар вясковы, стары там ціс
штовёсна квеценьню стракаціць,
ды пашпарт ня ўмее так, братка мой, ды пашпарт ня ўмее так.

Наш консул – грук аб стол кулаком:
«Бяз пашпарту – лічысься мерцьвяком»,
але ж мы яшчэ жывем, братка мой, але ж мы яшчэ жывем.

У камітэце скажуць «Прысядзь»
ды паабяцаюць праз год прыняць,
а сёньня куды ісьці, братка мой, а сёньня куды ісьці?

На мітынг прыйдзеш – толькі й прамоў,
што іхны дзённы мы хлеб ямо –
так кажуць яны пра нас, братка мой, так кажуць яны пра нас.     

Па-над Эўропай перуны зараўлі,
Гітлер вые: «Сьцерці з мапы Зямлі!» -
ён мае на ўвазе нас, братка мой, ён мае на ўвазе нас.

Вось пудзель, захутаны ў рэдынгот,
вось у дзьверы ўпушчаны свойскі кот –
яны ж не жыды-ўцекачы, братка мой, яны ж не жыды-ўцекачы.

У порт прыйдзі ды ў ваду зірні
на рыб, што вольныя, зь блізіні –
да іх рукою падаць, братка мой, да іх рукою падаць.

Ішоў па лесе: на дрэве птах
пяе сабе без палітычных зьвяг,
ды птушка – не чалавек, братка мой, ды птушка – не чалавек.

Прысьніў тысячапавярховы дом
зь дзьвярыма тысяччу пад замком –
ня пусьцяць нас ні ў адны, братка мой, ня пусьцяць нас ні ў адны.

У поле выйшаў, у сьнегапад:
па ім шыбуюць дзесяць тысяч салдат,
шукаючы нас з табой, братка мой, шукаючы нас з табой.

*
«Куды ты?», вяшчун вестуна прыпыняе,
«там гора між горнаў агорне цябе, 
там яр, дзе сам гар змагара ачмурае,
там кожнага мужнага багна заб'е».

«Прымрой», гэтак бае бадзягу баяка,
«што змроку прыход ня дасьць ходу хадзе,
і крок, хоць ты ў крык, без апоры ніякай –
граніту ні грунту ня ўгледзіш нідзе?»

«О, што там за птах», страх нашэптвае слыху,
«прыпас табе пастку, дзе постаць між дрэў
за сьпінай няспынна цікуе паціху, 
як струпля за тым, хто брыдой захварэў?» 
   
«Прэч», кінуў вястун вешчуну без падзякі,
«Я ўгледжу», баяка пачуў ад бадзягі,
«Ідуць не за мной», страх прагнаў той услых,
пакідаючы іх, пакідаючы іх.

Ганімэд

Ён з трону ў Сваёй мудрасьці глядзеў
на хлопчыка, што вартаваў авечак.
Паслаў галубку – марна: ейны сьпеў
стаў калыханкай для вушэй хлапечых.

Ды Ён наконт хлапчыны плян меў свой
і ад яго ня думаў адмаўляцца:
пазьней палюбіць праўды хараство й
падзякуе. Арлу час выпраўляцца.

Лепш, ды няшмат: Яго ня чуў хлапец,
нудзіўся, выдурняўся немагчыма,
з абдымкаў уцякаў, бы ад айчыма,

а за арлом паўсюль замест ахвосьця
хадзіў, на птаха не маліўся ледзь,
навучаны ім спосабам забойства.

*
Мне б доктара – як курапатку,
такога ж тлустага ў азадку,
з рукамі гожымі, прыемнымі,
які ня раіў бы дарэмна мне
пазбыцца ад заганаў многіх,
пры абвастрэньнях быў ня строгі,
а, падміргнуўшы, абвясьціў, 
што час настаў мне памярці.     

Жнівень 1968-га

Таго, што здольны вырабляць Цыклёп,
агораць Чалавецтва не змагло б,
ды ён ня мае аднаго трафэя:
Цыклёп па-людзку гаварыць ня ўмее.
Па гвалтам падпарадкаваным краі,
па трупах і ня трупах, што ў адчаі,   
як гаспадар, ён крочыць, рукі ў бокі,
ды з вуснаў бздуры выпускае толькі.

Той, хто кахае болей

Узіраюся ў зоркі й не заўважаю,
каб я нешта значыў для іх, да жалю.
На зямлі ж няўвагі, наадварот,
вам не прычакаць ад жывых істот.

Але ж ці ўзаемнасьцю адказаць
мы змаглі б на зорак сьляпую жарсьць?
Калі палкасьць дзеляць няроўнай доляй,
я хачу быць тым, хто кахае болей.

Хай люблю я зоркі, як мне здаецца,
хоць і сам я ім да аднога месца,
не скажу, як бачу іх уначы,
што бязь іх мне й дня пражыць не змагчы.

Калі б заўтра зоркі пагасьлі, зьніклі,
я ўгару глядзеў бы, з пустэчай звыклы,
і лічыў бы ўзьнёслым чарноцьце неба –
хоць, каб звыкнуцца, мне колькі часу трэба.

Вальтэр у Фэрнэ

Амаль шчасьлівы, аглядаў ён свой маёнтак.
Гадзіншчык-уцякач узьняў пагляд вітальны,
і капялюш – цясьляр, што ладзіў дах шпітальны,
амаль гатовы; з навіной прыйшоў вястун,
што дрэвы ўсе, як мае быць, растуць.
Бель Альпаў зьзяла – веліччу зьзяў ён так.

Недзе ў Парыжы, дзе паклёпаў інквізыцыя
яго судзіла, у фатэлі паўсьляпая
бабулька сьмерці і лістоў чакала. Ёй
напіша ён: «Жыць – шчасьце». Слушна, бой
з хлусьнёй і подласьцю ніколі не бывае
дарэмным. Як і садаводзтва. Культывацыя.

Хітрун, разумнік, супаратам пагарджаў ён,
дзяцей сваіх баронячы ў сьвяшчэннай
вайне, што вёў супроць дарослых, усіх разам,
і, як дзіця, умеў схлусіць зьнячэўку
ці двухсэнсоўным зблытаць ворагаў адказам,
чакаць паразы іхнай, як аратай – ураджаю.

Не Д'Алямбэр, у перамозе сумнявацца
ня мог – лапкі ўгару ўжо задзіралі пацукі,
адзін Паскаль быў волат; працы яшчэ многа,
разьлічваць трэба толькі на сябе самога.
Дыдро – зануда, хоць і шмат зрабіў-такі,
а вось Руссо, бадай, парумзае і здасца.

Як вартавы, ён чуйнаваў. Вакол – злачынствы,
дрыжыць зямля, галоваў сьцін. Пасьля ягонай сьмерці
карціць жахлівым нянькам над душой Эўропы
зварыць дзяцей яго. Мо, толькі вершаў стопы
іх спыняць. Трэба працаваць. Уверсе
зоркі ня скардзяцца і сьпеў складаюць чысты.

Раманіст

Паводле стыльнай уніформы дару
паэтаў ранг пазнаць ільга заўжды;
паэт нас здольны як маланка ўдарыць,
самотна жыць ці згінуць малады

ў баі, маўляў гусар; ды раманісту
юначы трэба дар перарасьці,
умець пісаць бяз гожасьцяў, празрыста,
так, быццам кожны міма б мог прайсьці.

Як мінімум, раманапісец мусіць
стаць сумай рэчаў нечувана нудных,
банальных, як каханьне, боль, спакусы,  

быць свой між справядлівых і паскудных
і перажыць ад першае асобы
ўсе чалавечыя грахі й хваробы.

*
Хай ноч прайшла, але і днём
сон парушае мой спакой.
Ён нас прывёў у нейкі гмах
пячоры, станцыі накшталт,
на тым вакзале ложкаў шмат
стаяла ў цэнтры й па кутах
сярод паўзмроку – на адным
ляжалі мы з табой.

Наш шэпт не турбаваў гадзін,
я, шчасны, цалаваў цябе
і намагаўся як мага 
быць абыякавы да пар
тых, што з варожасьцю, ва ўпор,
адно абняўшы аднаго, 
на нас глядзелі цераз цень,
бяз руху, у журбе.

Ды што за жудасны сумнеў
ці подлы шыцік-забабон   
мне сэрца раптам укалоў,
калі ты, прыпыніўшы фальш, 
прызнала, што ня хочаш больш
і што ня я твая любоў –   
я ж паслухмяна юр суняў
і скіраваўся вон?

*
Што плён зрываць забаранялі – ці ня дзіва?
Ён не зрабіў для іх адкрыцьцяў ані мала.
Яны, паслухаўшы ўшчуваньняў, ганарліва
сышлі, бо ведалі, што звонку іх чакала.

Сяброўка-памяць раптам здрадзіла імгненна:
яны забыліся пра ўсё, з сабакам верным
больш не маглі ніяк знайсьці паразуменьня,
глухая плынь ужо ня раіла цяпер ім.

Свабода жорсткая ня чула сварак, енкаў,
і адступала ў далеч мудрасьць са сталеньнем
як небакрай у тыл перад дзіцём маленькім,

адно паболела нястачаў і пракляцьцяў
ды шыхт анёлаў шлях закрыў да адступленьня
як для паэтаў, так і для заканадаўцаў.

На вечарыне

Гаворка ймкне нерыфмавана, нерытмічна:
ніхто ня чуе, што гаворыць празаічна.

Пад кожнай тэмай, абыгранай без танальнасьці,
бас недаверу да астатніх лёгка льга знайсьці.

Імёнаў модных тлум як сьлед паслухаўшы,
у кожным льга пачуць пасланьне вусьцішы.

«Як тайнапіс для вас буду заўсёды я:
самім сабой, а вы – навек маёй пародыяй.

Няўжо нікога з вас мой не цікавіць гуд?
Тады, бадай, я не пабуду доўга тут...»

Няўчутым крыкам непрызнанасьць, жах, адчай
кватэру поўняць, ды нічога, апрача
свайго чуцьця, ня чуе вуха слухача.

Эпітафія тырана

Ён быў, па-свойму, дасканаласьці аматарам,
і лёгка ўцямным – паэтычны стыль ягоны;
ён дурняў бачыў скрозь, як на далоні,
яго цікавілі дывізіі й флятыліі;
пад сьмех ягоны млелі з рогату сэнатары,
пад плач – малых дзяцей знаходзілі астылымі.

Блюз Рымскага валу

Над верасамі дзьме вецер з мора.
У туніцы – вошы, у носе – мокра.

Дождж несупынна цярушыць зь неба.
Я служу на вале – маўляў, так трэба.

Туман крые шэрыя скалы, дзюны.
Дзяўчо ў Тунгрыі. Ложак сьцюдзёны. 

Там Аўлюс за ёю ўлягае, ласы.
Мне брыдкі й ён, і яго грымасы.

Пізо славіць рыбу, бо ён – хрышчоны.
Такі ня скраў бы ў вас нарачонай.

Пярсьцёнак ейны прайграў я ў косьці.
Калі ўжо заробак? Да дзеўкі ў госьці?

Як звольнюся з арміі, аднавокі,
буду ляжаць і пляваць у аблокі.

Пераклаў Макс Шчур

Археалёгія

Археоляг з рыдлёўкай
прабіваецца ў апусьцелае
здаўна жытло,

адкрывае сьведчаньні
ладу жыцьця, мець які
сёньня аніхто нават і не падумае,

але адносна знойдзенага можа сказаць
няшмат абгрунтаванага:
во дзе шчасьліўчык!

Няхай сабе ў навукі свае задачы,
аднак адгадваць загадкі заўжды
цікавей, чым ведаць.

Мы дакладна ведаем, што Чалавек,
са страху ці любові,
заўсёды хаваў памерлых.

Што разбурыла горад –
вывяржэньне вулкану,
неўтаймавая плынь ракі

ці войскі чужынцаў,
хцівых рабоў і славы, –
відаць адразу,

і мы можам быць пэўныя,
што, як толькі сканчалася будаваньне палацаў,
іхныя ўладары,

нават перакормленыя распустай
і ўлагоджаныя лёсткамі,
пачыналі пазяхаць ад нуды.

Але ці ж зерневыя ямы сьведчаць
пра галодны год?
І ці паступовае зьнікненьне

манэтаў мусіць быць
прыкметай вялікае катастрофы?
Магчыма. Магчыма.

Скульптуры й фрэскі
прыадкрываюць нам,
каму маліліся нашыя Продкі,

але не дазваляюць стварыць уяўленьня
пра тое, што змушала іх чырванець
ці паціскаць плячыма.

Паэты апавялі нам усе іхныя міты,
але як іх успрымалі самі іхныя творцы?
Тупік.

Ці вікінгі, учуўшы гром,
напраўду верылі,
што гэта Тораў молат?

Думаю, не. Гатовы паклясьціся,
што людзі заўжды бавіліся мітамі,
нібы показкамі,

дбаючы толькі пра тое,
каб знайсьці нейкае абгрунтаваньне
сваім рытуальным дзеям.

Толькі ў абрадах
мы здольныя адкінуць свае дзівацтвы
і стаць адным цэлым.

Ня ўсе яны, канешне,
нам да спадобы: некаторыя
выклікаюць агіду.

Чаго хацеў бы Ўкрыжаваны
найменей, дык гэта бойні,
учыненай у Ягоным імі.

КОДА:

З Археалёгіі можна вывесьці,
прынамсі, адну мараль,
а менавіта – усе

падручнікі хлусяць.
Тым, што ў іх завецца Гісторыяй,
няма чаго ганарыцца, 

бо такою яе стварылі
злачынцы, схаваныя ў нас:
дабро ня ведае часу.

Хаўтурны блюз

Хай змоўкне тэлефон, гадзіньнікі спыні.
Сабаку костку дай, каб не брахаў. Зірні,
пад бубнаў роўны гул і пад раяля плач 
ягоную труну выносяць з дому прэч.

Няхай аэраплян, уздымаючы віхор,
выводзіць угары два словы – “Ён Памёр”.
Хай чорны бант на шыю павяжа птах сівы,
хай чорныя пальчаткі надзене паставы.

Ён быў мой Поўдзень, Поўнач, Захад і Усход,
мой будні заняпад і мой нядзельны ўзьлёт.
быў кожнай хвіляй содняў, сьпевам, гаманой.
Ўсе думкі, што каханы – вечны, ёсьць маной.

Ўжо без патрэбы зоркі: ўсе выкінь да адной.
Сьвяцілы дэмантуй, што зьзялі над табой.
Ўсе акіяны вылі, пачысьці дбайна лес,
бо адцяпер усё наўкол згубіла сэнс.

З “Санэтаў з Кітаю”

VIII

Былы аратай раптам стаў аратар,
зьявілася іронія ў вачох,
зрабіўся вёрткім, бы каапэратар,
ідэю роўнасьці прымерыў на людзёх.

Апошняга нябогу клікаў братам,
будоўляй храмаў неба прыручыў,
Вучэньне сталася музэйным экспанатам,
фінанс-кантроль паперы даручыў.

Ён працаваў настолькі хутка й многа,
што ўжо й забыўся сам – дзеля чаго,
сярод натоўпу, крочыў адзінока,

то жыў напоўніцу, то меру вызнаваў,
ён месца адшукаць ня мог свайго,
ані каханьня, пра якое шмат чытаў.

Пераклаў Сяргей Прылуцкі

З розных эсэ

Паэт, найперш за ўсё, – чалавек, утрапёна закаханы ў мову.

За стагодзьдзі ў мэнтальную кухню было ўведзена некалькі прыладаў для эканоміі працоўных высілкаў – алькаголь, кава, тытунь, бэнзэдрын, – але гэтыя мэханізмы вельмі грубыя, дый могуць пакалечыць кухара, пры гэтым яны пастаянна заядаюць. Пісаньне вершаў у 20 стагодзьдзі н.э. прыкладна тоеснае пісаньню вершаў у 20 стагодзьдзі да н.э.: ледзьве ня ўсё даводзіцца па-ранейшаму рабіць уручную.

Грамадзтва, якое прыпадобнілася б да верша і ўвасобіла б усе эстэтычныя каштоўнасьці –  прыгажосьць, парадак, эканомнасьць, падпарадкаваньне дэталі цэламу, – было б жахлівым кашмарам, заснаваным на прынцыпе натуральнага адбору, вынішчэньні ўсіх фізычна і духоўна непрыдатных, абсалютным падпарадкаваньні Кіраўніку і наяўнасьці шматлікай нябачнай клясы рабоў, трыманых у скляпеньнях.

Усе паэты абагаўляюць выбухі, перуны, тарнада, вялікія пажары, руіны, відовішчныя сцэны разьні. Менавіта таму непажадана, каб кіраўнік дзяржавы меў паэтычнае ўяўленьне.

Фаўст быў пракляты не за тое, што грашыў, а таму, што заключыў дамову з Д’яблам, то бок, падобна паэту, плянаваў жыцьцё ў граху загадзя.

Нарцыс кахае ўласнае адлюстраваньне не таму, што яно прыгожае, а таму, што яно ягонае.

Перш чым скардзіцца на незразумеласьць сучаснай паэзіі, людзям спачатку варта было б спытаць у сябе і свайго сумленьня, з кім і колькі разоў яны шчыра й глыбока дзяліліся ўласным вопытам; яны таксама маглі б спытаць у сябе, ці настолькі ўжо яны, калі шчыра, разумеюць паэзію любой іншай эпохі.

Мастацтва – гэта не Чарадзейства, то бок ня сродак, з дапамогай якога творца паведамляе пра свае пачуцьці ці ўзбуджае іх у іншых; гэта люстэрка, у якім іншыя ўсьведамляюць сапраўдныя ўласныя пачуцьці: праўдзівае ўзьдзеяньне мастацтва, насамрэч, палягае ў рас-чароўваньні.

Першасная функцыя паэзіі, як і ўсіх мастацтваў, палягае ў тым, каб прымусіць нас да большага ўсьведамленьня сябе саміх і сьвету вакол нас. Я ня ведаю, ці робіць нас такое пабольшанае ўсьведамленьне больш маральнымі або карыснымі: бадай, не. Думаю, яно нас больш ачалавечвае, і я пэўны, што ў выніку нас цяжэй падмануць – якраз таму, напэўна, усе таталітарныя тэорыі дзяржавы, пачынаючы з Плятона, мелі глыбокі недавер да мастацтваў. Творца зашмат заўважае і зашмат гаворыць – а суседзі пачынаюць гэта разносіць.

Толькі жывёла, што не дасягнула цывілізацыі, і анёлы, што яе перасягаюць, здольныя быць шчырымі. Людзкія істоты, зь неабходнасьцю – акторы, што могуць стаць чымсьці толькі пасьля таго, як прыкінуцца гэтым чымсьці; іх можна падзяліць не на крывадушных і шчырых, а на разумных, якія ведаюць, што гуляюць ролю, і вар'ятаў, якія гэтага ня ведаюць.

Паэзія – мастацтва рэфлексіі, яе існаваньне ёсьць доказам таго, што чалавек ня можа задавальняцца спантаннымі выбухамі непасрэднага пачуцьця і што ён хоча зразумець і ўпарадкаваць свае пачуцьці.

Верш павінен быць вэрбальным зямным раем, пазачасовым сьветам чыстай гульні, які дае нам асалоду менавіта таму, што кантрастуе з нашым гістарычным існаваньнем, разам з усімі яго невырашальнымі праблемамі і непазьбежнымі пакутамі; у той жа час мы хочам, каб верш быў праўдзівым... а паэт ня можа паказаць нам праўды, ня ўвёўшы ў паэзію ўсяго мноства праблематычнага, балючага, неўпарадкаванага і брыдкага.

Паэзія – гульня пазнаньня, давядзеньне да сьвядомасьці пачуцьцяў і іхных повязяў шляхам іхнага пайменаваньня.