Homo Eroticus

Пераклад: 

Другой сустрэчы зь ёю
ён бы, хутчэй за ўсё, пазьбегнуў,
але надта ўжо хацелася высьветліць
некалькі падрабязнасьцяў. Так, пяць-шэсьць.
Выгнутых і, што яшчэ важней,
угнутых.

Дарма ён запрасіў яе дадому.
Ён, вядома ж, стараўся:
запёк бараніну па-турэцку,
купіў бутэльку «Barolo»,
што ненавязьліва пахла смалою і ружаю.
Але яна ўмомант заўважыла
трэснутае шкло ў бібліятэцы,
парваную папяровую лямпу
і, галоўнае, бойлер,
які стагнаў так, быццам у яго
ацёк лёгкага.
Вось гэта і ёсьць інтэр'ер ягонай душы, –
падумала яна. –
Ну добра, не інтэр'ер –
краявід.
Гэта слова здалося ёй больш лірычным
і, знайшоўшы яго,
яна памякчэла, крыху адтала.

---

Ён апублікаваў просьціны.
Нічога лепшага прыдумаць ня змог.
Мабільнік яна адключыла,
электронную пошту не адкрывала
(ён праверыў).
Але калі яны (просьціны)
зьявіліся ў часопісе,
яна ў шаленстве пазваніла
і ўсё, усё сказала.
Пакуль яна гаварыла,
ён зноў быў шчасьлівы –
і ўсё дзякуючы
мятым, нямытым,
з пахам ці то сэльдэрэю,
ці то фэнхелю
прасьцінам.

---

Ну што табе, дачка, сказаць пра каханьне?
Аднойчы я прачнуўся ад задухі.
У горле комам стаяў перагар.
Побач ляжала незнаёмка:
адвіслагрудая, касавокая,
з мордачкай індычкі,
Яна глядзела на мяне
або паўзьверх мяне.
Я сказаў, што ёй пара йсьці.
Яна адказала:
мы пойдзем разам
і расьпішамся.
Я хрыпла зарагатаў.
Інакш, сказала яна,
я пайду ў міліцыю
і скажу праўду.
Якую праўду?
Што ты мяне згвалціў.
І што было далей, тата?
Я ажаніўся. Далей?
Гэта ўсё, дачка.

---

Ноччу прысьніліся вершы.
Растрывожылі.
Раней мог дачакацца ранку і запісаць.
Цяпер баюся забыцца.
Устаў.
З спальні пайшоў у бібліятэку.
Бакавым зрокам
пабачыў сябе ў люстэрку:
Божа барані.
Але тым ня менш,
вершы былі пра спэрму.

---

Увечары прыйшоў Доналд
з «ахапкам» навінаў.
Ён закахаўся. «Сьмяротна».
Жонка ведае. Паводзіцца мудра.
Дзеці, вядома, не здагадваюцца.
Я ёй пішу, – казаў Доналд пра каханую, –
што кожны яе ліст –
гэта цьвік у труну
майго сямейнага жыцьця.
Мая жонка параіла Доналду
«ўзяць паўзу».
Яна была незвычайна
тактоўная, мудрая, чулая.
У той самы вечар
я зьбіраўся сказаць ёй,
што кахаю іншую жанчыну.
Але прыйшоў Доналд!

---

Масажыст сказаў мне,
што зь нейкага часу
яго хвалююць выключна
неразьдзетыя жанчыны,
прычым, незнаёмыя,
пры гэтым проста на вуліцы.
Пакуль ён мясіў мне сьпіну,
я думаў, якія вершы мне падабаюцца.
А вось якія:
з крывымі нагамі,
валасатымі грудзьмі,
цяжкой, як у бойлера,
задышкай.

---

Во як!
Усё пацьвердзілася. Як выявілася,
антраполягі з усёй пэўнасьцю высьветлілі,
ці размаўляюць горныя пастухі
з козамі і авечкамі, калі трахаюць іх.
Ну і пасьля.
Дык вось: размаўляюць.
Ну добра, бурчаць, булькаюць,
але нешта пяшчотнае.
А мая маўчыць, як рыба.
Ды яшчэ дамагаецца:
– Табе што важней: actions or words?
– У каханьні? Вядома, словы!

АНЁЛ
(пераклад зь нямецкай)

Усе казалі, што яна – анёл.
Я таксама так думаў:
яна выглядала як анёл
і жыла як анёл.
Я закахаўся.
І толькі тады зразумеў, што анёлы
апякуюцца закаханымі,
але самі кахаць ня могуць.
У іх іншая праца.
Мой анёл
разарваў маё сэрца
і кінуў яго сьцярвятнікам.
Я ведаю, што я мусіў зрабіць,
каб яна мяне пакахала:
вырваць у яе крылы зь мясам,
ружовым анёльскім мясам,
і выкінуць іх
к чортавай матары,
к чортавай матары.

ПАЧАТАК

Сам сабе ён называў яе «Вялікі Шаўковы Шлях»,
але прызнацца ў гэтым баяўся. Аднойчы ўсё ж сказаў.
Яна спытала чаму. Спачатку ён мямліў,
але пасьля падбадзёрыўся і нават разгарачыўся:
– Разумееце, гэта пачуцьцёвы вобраз...
  Ён прадугледжвае падарожжа ў прасторы і ў часе,
  прычым, бясконца доўгае падарожжа,
  што абяцае прыгоды і адкрыцьці.
  Пралягае ён празь цяжкапраходныя месцы,
  ад якіх немагчыма адвесьці вачэй нават ноччу.
  Яшчэ гэты вобраз асацыюецца з арабскімі скакунамі, персікамі,
  віном, паляўнічымі сабакамі і леапардамі.
  Шаўковая нітка адбівае сьвятло, а навобмацак
  вытрымлівае параўнаньне з самымі пяшчотнымі снамі...
Яны памаўчалі. Ён нясьмела спытаўся:
– Цяпер Вы разумееце, чаму я называю Вас
  «Вялікі Шаўковы Шлях»?
Яна не адказала. У кутку яе вока ён заўважыў сьлязу.
– Так, – сказаў ён, – паляўнічымі сабакамі, леапардамі і горным крышталём.

---

Яна сказала:
– Я ўсяго толькі шэрая мыш. Як ты можаш мяне кахаць?
Ён падумаў, падумаў, падумаў,
успомніў дзіцячыя страхі,
якія ён так і ня змог адолець,
успомніў гэтых самых рукакрылых,
іх бурлівае начное жыцьцё,
напружаныя мышцы ў вушах,
іх складаныя эхалякацыйныя сыгналы
у дыяпазоне да 120 кГц
і, галоўнае, перадачу сьмяротных патагенных вірусаў,
але сказаў:
– Я кахаю цябе, Шэрая Лятучая Мышка.

---

Калі яны былі ў ложку,
яе цела шаптала:
– Я не кахаю цябе, чуеш, не кахаю.
«Добра, што я стары і глухі, – думаў ён, –
і нічога ня чую».
Усё, што мы робім разам, –
размаўляем бяздротава
або рот у рот,
дакранаемся, паглыбляемся,
сьлізгаем па складачках,
перасякаем курватуры
пад вострым або тупым вуглом, –
называецца «таўталёгія».
Памятаеш, што такое таўталёгія?
Неабгрунтаванае паўтарэньне,
не апраўданае
ні лягічна, ні эмацыйна,
пазбаўленае мэты і сэнсу.
Адным словам – каханьне.

---

– Слухай, козьлік, – кажа яна, – ты ў стане напісаць пра мяне хоць адзін верш у жанры любоўнай лірыкі?

Што? – Кажа ён, – Ды адным левым капытом.

Піша: Яна ў мяне двухгорбая карлікавая крывалапка...

Думае. Працягвае:

– Не, гэта занадта. Як некалі казалі, «лакіроўка рэчаіснасьці». Працягвае:

– У яе клыкі кажана, замшэлы насішча шышымары, вочкі, як у лемура з вострай формай базэдавай хваробы.

Што яшчэ?

Рудымэнтарны хвосьцік замест 34-га пазванка.

– Тут, калі ласка, падрабязьней, – кажа яна голасам інтэрвіюера.

– Калі ласка.

Буду цалаваць зьверху ўніз кожны пазванок. І кожны пацалунак будзе цінькаць, як званочак, і на хвосьціку мае пацалункі ўмыюцца сьлязьмі. Ты гэтага хацела?

– Так, так, мой каханы.

– Па яе мышынапаветранай пысцы цякуць сьлёзы велічынёю з вочы лемура.

ДЫЯЛЁГ

                                                                                     Л. С.

Калі яна сказала, што плятанічнае каханьне яе не цікавіць
(«Ты мяне разумееш?»),
ён прыгадаў нэаплятоніка Марсыліё Фічына і яго лісты,
адрасаваныя маладому сябру Джавані Кавальканці.

Яны жылі разам на віле Карэджы ў Флярэнцыі.
Гэта гуманіст Фічына першым проста сказаў, што «плятанічнае каханьне» –
каханьне мужчыны да мужчыны.
Ці быў ён цьвёрдым пасьлядоўнікам Плятона?
Ці выкладаў сваім вучням філязофію антычнага любамудра ўва ўсёй паўнаце?
Giovanni amico mio perfettissime («Мой найдасканалейшы дружа Джавані»),
і далей «Адзіны мой дружа, мяне мучыць, што ты пішаш мне, бо абяцаў,
а значыць тваімі лістамі кіруе разьлік, не каханьне».

Так, успомніў Фічына і адказаў ёй:
«Цела – спадарожнік і дзіця душы. Нават калі мы пераступім мяжу
магчымага і немагчымага, мы ня зможам аддацца плятанічнаму каханьню».
У адказ яна гучна разрагаталася,
як быццам пачула тое, чаго ад яго чакала.

---

Ану, прыпячы, –
казала яна, –
не шкадуй сьвечак,
мая скура любіць агонь.
Калі ласачка, цяпер пятачкі,
так, там, ах, так.
Калі ж я закруціў на ёй
гішпанскі бот,
сабраны сваімі рукамі
паводле старых чарцяжоў,
яна аж прысьвіснула,
– Чым чорт не жартуе, –
думаў я.
А чорт працягваў жартаваць
і хрыпла сьмяяўся сваім жартам.