Карма

Быць такога ня можа

Жыцьцё часам бывае вялікім, як Шэкспір, а часам маленькім, як Прынц. Яно то задае пытаньні, то прымушае адказваць за базар, а то і наогул – ператвараецца ў дзіўны сімбіёз аўтаадказчыка з п’яным суфлёрам.

Знаёмства

Банько з Жалейкам пазнаёміліся  ў Будынку афіцэраў “Чабаток”, хаця афіцэрамі не былі і адпаведнага для гэтага статусу розуму ня мелі. Банько прыйшоў туды на канцэрт панк-гурту “Слонік”, а Жалейка пасцаць. У выніку лёс зьвёў іх у буфеце.

– Мужык! – рыкаў з павагай Банько.
– Мужык! – рыкаў у адказ, таксама з павагай, Жалейка.

На стале перад імі стаялі чатыры пустыя пляшкі вермута. І гэта было адзінае, што стаяла ў радыюсе дзьвух метраў. Стол быў перакулены, крэслы  таксама, а самі сьвежасьпечаныя сябры, лежачы на падлозе бара трэцяй нацэначнай катэгорыі, адначасна ванітавалі і бароліся на руках. Армрэслінг у горадзе толькі-толькі ўваходзіў у моду.

Банько і Жалейка працавалі сантэхнікамі. І зусім не праз тое, што дрэнна вучыліся ў школе. А таму, што такі ў сьвеце парадак.  Дагэтуль ніякага парадку ў жыцьці абодвух не заўважалася.

Банько

Банько з дзяцінства швэндаўся па прамзонах, маляваў на сьценах і платах рэпрадуцыі палавых органаў, з дапамогай рук і без дапамогі кантрацэптываў выпрабоўваў маральную ўстойлівасьць былых аднакласьніц, краў у супермаркетах дэлікатэсныя прадукты (за што неаднаразова быў ўзнагароджаны ня менш смачнымі пізьдзюлінамі). Бацькі казалі яму: “Сынок, што з цябе вырасла? Мы скрозь землю гатовыя праваліцца ад сораму!” Так і выйшла. Праўда, сорам там быў задзейнічаны часткова: цёмнымі завулкамі, потайкі, каб ніхто ня ўбачыў, аднойчы яны вярталіся з эратычнага кінасеанса і абое ўпалі ў каналізацыйную шахту. Раструшчыўшы сабе чарапы так, што мінулае нават не пасьпела прамільгнуць перад вачыма, а тупа выцекла на бетон.

Жалейка

У Жалейкі ж, у параўнаньні з Банько, мазгоў было яшчэ менш. Ягонае жыцьцё нагадвала карціну “Пагром бальшавікамі віннага магазіна”: такое ж эпічнае і бяздарнае. Жыў Жалейка ў інтэрнаце работнікаў мясакамбіната №1, у шасьціметровым пакоі з агульнай кухняй на калідоры і сарцірам, які больш нагадваў здымачную пляцоўку кіно для капрафілаў. Сам ён на тым камбінаце не працаваў, працавалі бацькі. Кнут Францавіч і Цукерка Барысаўна выхоўвалі сына ў строгай адпаведнасьці з традыцыйнай народнай прымаўкай – бі ляжачага, пакуль не ўстане. Правёўшы большасьць дзяцінства і юнацтва ў лякарні, у асноўным з пераломамі, Жалейка вырас жалезным, як прэнт і бязжальным, як бор-машына. Гэтым самым прэнтам ён і адмудохаў аднойчы бацькоў, якія мірна занурыліся ў кому, тым самым пакінуўшы сынульку пакой і два слоікі даляраў пад канапай.

Карма

На працу ў элітны гатэль “Мендэльсон” Банько і Жалейку ўладкавала касірша Будынку афіцэраў Карма Дзьмітрыеўна, жанчына з трывожным мінулым і ня менш трывожным разрэзам вачэй.  Яе бацька, селянін з Лаосу, хацеў прасьлізнуць у скрыні з апельсінамі на Захад. Але,  сустрэўшы тут сваё каханьне, кранаўшчыцу Людмілу, асеў і хутка памёр ад тугі па радзіме. Аднойчы Карма зтырыла ў мамы зашытую ў падушкі заначку, якая была адкладзеная на Чорны Дзень, села на ровар і ўцякла з дому. Але ў наступным жа горадзе яе спаймалі хуліганы, груба абмацалі, парвалі майткі і зачынілі ў бомбасховішчы. Па суботах і нядзелях яны прыходзілі  і па чарзе трахалі няшчасную Карму. Галоўным сярод іх быў кульгавы Пятруха па мянушцы Чорт. Як гэта звычайна бывае, паміж Кармай і хуліганам пстрыкнула пачуцьцё. Яны схадзілі ў ЗАГС, струганулі дзіцё і скіравалі жыцьцё ў стандартным кірунку. Чорт уладкаваўся ў катавальню абласнога КДБ. Прыносіў з работы загорнутыя ў грубую паперу пальцы з залатымі пярсьцёнкамі, завушніцы з запеклымі на іх крывінкамі-агатамі. Дзевяостыя гады – яны такія. Праўда, яго неўзабаве падпільнавалі ў завулку і адкруцілі галаву – у прамым і пераносным сэнсе. Карма ж знайшла сабе іншага, больш культурнага, мужа, скончыла бухгалцерскія курсы і па блату трапіла на элітную пасаду. Быць касіршай у Будынку афіцэраў раней значыла больш, чым быць начальнікам ДАІ. Усе блядуны і лавеласы горада, якія сьвяціліся тут на танцах са сваімі прашмандоўкамі і каханкамі, былі ў Кармы пад каўпаком.

Дзюшэс

Сяргей Віталевіч Дзюшэс стаў дырэктарам панчошнага камбіната “Мальвіна” ў туалеце начнога клуба “Артэмон”, дзе да яго падыйшоў незнаёмы мужчына з сівымі скронямі і прапанаваў высокаякасны анальны сэкс у абмен на ня менш высокую пасаду. Як кажуць, галоўнае апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы.

Сяргею заўжды шанцавала, прычым з самага дзяцінства. Усё яму давалася з лёгкасьцю, без напругі. А тое, што не давалася, браў сам, без дазволу. У малодшых класах Дзюшэс быў душой кампаніі і ў класе, і ў двары, бо ягоная мама працавала на заводзе безалкагольных напояў і кожны дзень прыносіла дадому купу ліманада. А Сярожка з усёй шчодрасьцю частаваў ім сваіх аднакласьнікаў і сяброў. У пятым класе яго адзінага са школы адправілі на мора ў санаторый, бо ў Дзюшэса акурат напярэдадні канікул здарылася ангіна і ўрачыха чамусьці прапісала беднаму хлопчыку сонечныя і марскія ванны. У старэйшых класах Сярога перайшоў на іншую артылерыю, падкупаючы ўсіх нечакана расквітнелым шармам і ахрэненнымі вечарынкамі, якія ладзіў па выходных, пакуль бацькі дыхалі сьвежым паветрам на лецішчы. Пад носам у хлопца выраслі гусарскія вусікі, валасы на галаве ўмомант закучаравіліся, а ў голасе з’явіліся ноткі, якія бацюшкі называюць д’ябальскімі, а дзяўчыны – абалдзеннымі.

Аднойчы Дзюшэс ехаў у цягніку, высунуўшы галаву ў акно. І замест таго, каб па законах фізікі ягоны чэрап расхерачыла аб слуп, Сярогу ў рот заляцела вялікая купюра. На якую ён потым купіў сабе зыбскі мабільнік, а сваёй будучай жонцы – месячны абанемент на спектаклі лялечнага тэатра.

А яшчэ быў выпадак, ужо калі Дзюшэс працаваў таксістам. Да яго падсеў бухі ў сані трансвестыт і, відаць ад стрэса, распавёў пра тое, што забіў цэлы катэдж сваіх родзічаў, што яго разшуквае міліцыя, што за інфармацыю пра яго абяцаюць 50 000 даляраў. Потым ён палез да Дзюшэса цалавацца, запэцкаў памадай новую кашулю, суючы ў брукі пачкі грошаў і намагаючыся дастаць адтуль самае сьвятое. Урэшце Сярога прывёз яго пад самы пастарунак. І  неўзабаве атрымаў бандэрольлю дыпламат, набіты новенькімі купюрамі.

Але добра і прыгожа было да пэўнага моманту. Неяк на навогоднія сьвяты на карпаратыве ў “Чабатку” Сярога вырашыў фарсануць перад калегамі сваёй сьмеласьцю. Пакуль касірша Карма выходзіла на ганак папаліць, ён, насьвістваючы песьню з фільма “Місія немагчымая”, насцаў акурат ёй у акенца. Калі Карма вярнулася, адзінае, што Дзюшэс не пасьпеў – зашпіліць прарэху. А крыху пазьней – зразумець, што здарылася з ягоным лёсам. Бо ўсё  паляцела да ябеняй мацяры. У размове з касіршай Сяргей Віталевіч са зьдзіўленьнем даведаўся, што тая мае на дырэктара дастаткова пухленькае дасье.

Па-першае, незнаёмец з сівымі скронямі нікуды ня зьнік з даляглядаў Дзюшэса. Яны рэгулярна сустракаліся, хадзілі ў “Чабаток” на танцы і займаліся ў калідорах садаміяй. Калі б работнікі “Мальвіны” даведаліся, што іх начальнік – підарас, пра гэта праз дзень ведаў бы ўвесь горад.

Па-другое, Сяргей Віталевіч займаўся незаконнымі аперацыямі, перапраўляючы ў Еўропу ў скрынях з панчохамі і шкарпэткамі нелегалаў з Паўднёвага Бутану.

І па-трэцяе, у яго на копчыку меўся 8-сантыметровы хвосьцік. Невядома, адкуль пра гэта празнала Карма, але яна пераможна прадэманстравала Дзюшэсу фата адростка, а заадно і рэнтгенаўскі здымак, зроблены ў роднай 4-й паліклініцы.

Агаломшаны Дзюшэс быў вымушаны згадзіцца на ролю спонсара якіх-кольвек прыхамацяў касіршы. А таксама выконваць ролю масажыста і сэкс-партнёра кожныя панядзелак, сераду і суботу.

Гатэль “Мендэльсон”

Праца Банько і Жалейкі складалася з дзьвух частак: пакутлівае чаканьне шостай вечара і абед.

- Эй, Санька, веньціль падкруці.
- А я і кручу.
- А ты, бляць мацней падкруці!
- А я мацней і кручу!
- А ты круці і ня выёбуйся!
- Дык не магу ж!
- А не магёш, дык на, трымай малаток, жахні там разок!
- Каго?
- Таго, бляць! Труба заржавела, трэба жахнуць.
- Ды яна ж і так на саплях трымаецца?
-Бі і ня выёбуйся!

Жалейка стаяў па калена ў гаўне і даваў настаўленьні. Яны сядзелі тут з раніцы. А на гадзіньніку, як мінімум, была ўжо шостая вечара. Задача была пастаўленая фізіялагічна важная.  У падвале гатэля прарвала трубы і іх паслалі ўсё наладзіць і, так бы мовіць, накіраваць калавыя масы ў патрэбным напрамку.

- А памятаеш як я атрымаў аванс? – Банько летуценьна абапёрся аб трубу, з якой зьвісала шклавата, і паглядзеў ўгару.
- Ня пізьдзі, а круці.
- Не, ну скажы, эпахальна было? – на сьцяне ўгары, пад самай стольлю, вісеў вялікі плакат “Рэмба”, а побач з ім цалкам нечакана –  плакат “Родзіна маць завёт”. Пад нагамі бурлілі вавілонскія воды з усіх дванаццаці паверхаў галоўнага гатэлю горада.
- Я з цябе хуею, маладзёж. Работы - бяры не хачу, а яна ў мінулым капаецца.

Сонца сядала і гасла. Але яны гэтага ня бачылі.

- Ладна, - сказаў Жалейка.
- Ага, - сказаў Банько.

Абодва дасталі па “Прыме” і расслабіліся.

- Та-ак, акуратна тады пасядзелі, - Жалейка зрабіў з дыму вялікі абаранак. Белая аблачынка паплыла па-над жыжкай. Ён зрабіў яшчэ адну, і яшчэ – цэлая тытунёвая флатылія лунала у паветры. Цыцкі Анжэліны Джолі на прыклееным побач постэры наводзілі на недвухсэнсоўныя думкі. Пахла дымам, іржой, гнільлю, а з трубы біў моцны струмень, вельмі падобны на вадаспад Ніагара, які часта паказвалі ў перадачах пра заморскую прыроду.

- А Белку са Стрэлкай, памятаеш? – загарэўся Банько, мройліва разглядаючы смочкі актрысы, - вось гэта жэншчыны!
- Не, я тады ўжо вырубіўся.

У гэты момант у падвал зайшла Анжэла Вітальеўна. Яна была галоўнай па гатэлю і жанчынай. Сьціскаючы дзвума пальцамі нос, а другімі пяцьцю прыпадняўшы спадніцу, каб не заляпацца, яна па-генеральску абвяла вачыма навакольны краявід і закрычала.

– Алё, мужыкі, што за пікнік? Даўно вымову не палучалі?

З заціснутым носам яе голас гучаў як у Парсючка з мульціка пра Віні-Пуха.

– Вітальеўна, дык мы ж на хвілінку. Усё будзе як у Парыжы!

Сантэхнікі вінавата ўсьміхнуліся і, ўздымаючы вакол сябе хвалі, па калена ў жыжцы рушылі ў кірунку труб.

– Давайце-давайце, мальчыкі. Ато ж праверка на носе, а ў нас тут такое.

Ужо была глыбокая ноч,  калі Банько з напарнікам выходзілі з гатэлю. Ад іх смярдзела калам, плесьняю, хуёвым тытунём і стомай. Хаця не, стома ня пахне – стома цягне сесьці і выпіць.

– Па грамульцы? – моўчкі паглядзелі яны адзін на аднаго. З адлегласьці 60 метраў, праз дарогу, ім падміргваў бар “Арлекіна” і праігнараваць гэтыя сігналы не было ніякіх сіл.

“Арлекіна” і бобік

– Вось паглядзі, Банько – мы ў гэтым гаўне, як рыбы ў вадзе. Прывыклі і жывем. А ці для гэтага нас мамкі нараджалі? Ці для таго вянец прыроды створаны, каб яго вось так мачалі штодня па самыя калені? А я, заўваж, не абы хто, а Гётэ люблю, – Жалейка паралельна разліваў па кілішках і выпіваў. За гэтыя пяць сказаў акурат пляшка і скончылася. Праўда, пачалася другая. Бо заўсёды бывае другае. Трэцяя – не, а другая – заўсёды.
– Э-эн-н-н-а-а… а-анееш-ша, – язык у Санька ўжо размякнуў і быў падобны на расьцягную рэзінку ў майтках. Хлопец паварушыў ім у роце, выдыхнуў і паспрабаваў яшчэ. –  Гена, канешна. І не адні мы ў срацы, усе там, разам з намі, за кампанію сядзяць.

Ён пракрычаў апошнюю фразу на ўвесь зал і тэатральна абвёў рукой усіх наведнікаў. Людзі сядзелі розныя і зрэагавалі адпаведна. Барыгі ня чулі, бо барыгі ў такі час ужо ў санях. Блядзі насьцярожана азірнуліся і па-кабылячы зарагаталі. Бармэн пагразіў пальчыкам і вярнуўся да выціраньня фужэраў. Адно трыяда мянтоў скрывіла рылы і, выкалупваючы пазногцем з зубоў адбіўныя, доўга, як у кіно пра шэрыфаў, затрымалі позіркі на ўпітым ў хлам дуэце. Потым пахісталі галовалі, як гэта ўмеюць рабіць толькі высьмярдкі і школьныя настаўніцы мовы і літаратуры. Пошла аблізалі губы, падняліся і нясьпешна падышлі да століка.

У сплюск вока ўсё навокал зьмянілася. Банько з Жалейкам ляжалі ў бобіку, нібы два палена. Нібы два адрубленых пальцы. Дакладней – не ляжалі, а качаліся.  Жыцьцё, яно такое – як цагліна: ляціць і падае, ляціць, сука, і падае акурат на тваю тонкую душэўную структуру.

Пакуль сантэхнікі намагаліся зразумець паводле якіх законаў – фізікі ці матэматыкі – іх запакавалі ў машыну, мянты абшманалі п’янтосаў па поўнай. У выніку прызы, а менавіта: 1) грошы = 3 пляшкам “Беларусі сінявокай”, 2) расчоска “Апалон”, 3) тры квіткі на тралейбус-аўтобус, 4) паўтары пачкі цыгарэт і пакецік семачэк перайшлі ў фонд пункту міліцыі №2.

Але што тут засмучацца – усё часова пад гэтым небам. І пад гэтымі чарапушкамі. Едзе бобік, у кіроўцы – вузкі лобік. У патрульных у руках аўтаматы, у галаве – злосьць і каша. Адзін з мянтоў не вытрымлівае: “Маць вашу, чаму шманіць парашай?” А дома яго, між іншым, чакае жонка і дачушка Марынка. 

Сьмяецца брудная вуліца. Рыкае раніца. Б’юцца галавой аб зебру сьветлафоры. “Што ты робіш з намі, жытуха, перастань”, – думаў Банько, ён жа палена. Жалейка ж нічога ня думаў, уваходзячы ў ролю.

Белка і Стрэлка

Белка і Стрэлка пазнаёміліся з Баньком у краме “Прадукты №56”. Ён прастаўляўся за першую зарплату і закупаўся з Жалейкам і корэшам Ласём бухлішкам, а жанчыны выбіралі смачнае недарагое віно. Іхнія гастанамічны ўпадабаньні сышліся, вочы сустрэліся, а лішнія словы не спатрэбіліся. На хату йшлі ўжо ўчацьвярох. Сьвяткавалі ў Міколкі-паравоза. Міколка меў за плячамі пяць ходак. Рабаваў магазіны. На справу заўсёды хадзіў сам. Але кожнага разу ў саўдзельнікі яму вешалі яшчэ парачку абсалютна левых гопнікаў, за што і займеў такую мянушку.

Белка і Стрэлка працавалі прыёмшчыцамі на Галоўпаштамце. Празвалі іх так яшчэ ў школе, бо іхны баця вучыўся ў адным класе з касманаўтам Кавалёвым, а калі той прыяжжаў час ад часу на малую радзіму, то разам выпівалі і вялі размовы пра высокае. То бок пра неба.  Баця ўсім расказваў байкі пра тое, якія яны чоткія былі карэфаны. Кожнага разу як вып’е – распавядае налева і направа. А як ня вып’е, то толькі налева. А калі Кавалёў памёр, дык баця наогул пачаў такое гнаць, што нават неба чарнела і скручвалася у трубачку. Юпіцера Андрэевіча, хто яго ведаў, лічылі крыху слабым на галаву і таму калі той, нібы казачнік-бай,  уваходзіў у стадыю афекту і пачынаў плесьці суцэльную ахінею, яго выстаўлялі за дзьверы. А дзьверы зачынялі на ключ. Ключ клалі ў кішэню, уключалі тэлевізар і глядзелі вячэрні выпуск навін. Тыя ж хто ня ведаў пра пункцік Юпіцера Андрэевіча, спачатку запрашалі далучанага да касманаўтыкі пана ў госьці, трымаліся з ім як з паважным разумным чалавекам. Але потым у лепшым выпадку - разрывалі стасункі, у горшым – пізьдзілі і разрывалі стасункі. Інакш Юпіцер Андрэевіч разарваў бы ім мозг.

Бухач

Адсядзеўшы тры дні ў мянтоўцы, Банько з Жалейкам выйшлі на волю ў пятніцу. Гэта радавала. На працы яны атрымалі ад Анжэлы Вітальеўны пізьдзюлёў у выглядзе пазбаўленьня прэміі і прагрэсіўкі, пасля чаго пайшлі ў краму за антыдэпрэсантамі. Грошаў хапала акурат на чатыры пляшкі гарылы і тры фаўста пладова-ягаднага. Папярэдзіўшы па мабільніку Белку і Стрэлку, што яны ўжо ляцяць на іхні аганёк, Банько з Жалейкам адразу ля выхаду саданулі 0,7 “Позняй любові”.

***

Сядзелі добра.  Белка нафарбавала губы чырвонай памадай. А Стрэлка – фіялетавай, бо на яе думку “фіялетавы” – колер салідных жанчын. Як салідная жанчына, яна заадно зрабіла сабе высокі начос, сантыметраў на дваццаць, і апранула дарагі фланэлевы халат з вышытым на сьпіне драконам. Белка паглядзела на сяброўку і ўхвальна падняла вялікі палец. Сама яна не любіла падобную эстэтыку і падыйшла да справы прасьцей: апранула чорны ліўчык, чырвоныя стрынгі і сьмешныя агромністыя тапкі-мікімаўсы. Пра фрызуру хвалявацца было лішнім, бо валасоў не было: сумны напамін пра нядаўні забух са знаёмай цырульніцай.

Час паміж званком у дзьверы і пагрозай суседкі пазваніць у міліцыю праляцеў незаўважна. Як кажуць: нібыта толькі селі, а ўжо і ўстаць няма сіл. Бухі ў калашыну Банько бегаў голы па хаце з крыкам “Ура” ў роце і слоікам агурком у руках. Стрэлка хацела тупа трахацца і таму з нецярплівасьцю глядзела на свайго мужчыну, дапіваючы з рыльца “Позьнюю любоў”. А Белка з Жалейкам у поўным адрубоне ляжалі на падлозе і шукалі на белай столі розныя сузор’і. З боку можна было падумаць, што яны канчаткова ёбнуліся.

– Глядзі, вось Валасатая Вераніка, – тыркнула пальцам у тлустую пляму Белка.
– Валасы Веранікі, пянёк ты неадукаваны. Во,  лепш гэта зацані – сузор’е Цыркуль! – Жалейка няўдала махнуў рукоў і заляпіў аматарцы астраноміі локцем у вуха.
– Тваю маць, усё, хэрэ неба разглядаць. Ты лепш даставай з брук свой уласны “цыркуль”.

Тым часам Банько дастаў сваю штукенцыю і, гледзячы на цела Стрэлкі, пошла аблізваў языком вусны. Жалейка таксама паспрабаваў дастаць сваю штукенцыю, але заблытаўся ў спушчаных бруках і ўпаў галавой аб табурэтку. Табурэтка раструшчылася, Жалейка вэкнуўся рылам аб падлогу, а ў акне, удалечыні, разам з зоркай Венерай, забліскала маланка, сіняя, нібы этыкетка недарагога і смачнага віна “Экспромт”.

Суботнік

Будзіць чалавека ў суботу а сёмай раніцы – гэта горш, чым фашызм і камунізм, узятыя разам і памножаныя на песьні фестываля “Бардаўская восень”.

– Алё, Сяргей Вітальевіч, гэта з гарвыканкама вас набралі. Нагадваем, што а пятнаццатай трыццаць калона вашага камбіната павінна стаяць паміж аддзяленьнем гінекалогіі і помнікам Дзяржынскаму. Ну, і суботнік канешне ж – а восьмай пачатак. Усё, канец сувязі.

Хрыплы голас у слухаўцы яўна належаў гэтаму сцуке Прышчуку, галоўнаму гарадскому ідэолагу, які яго, Сяргея Дзюшэса, так заябаў сваімі праверкамі, што хоць застрэлься.

“Бля-а! – падумаў Дзюшэс. – Сёньня ж гэты сраны суботнік. І Дзень Жыльлёва-Камунальнай Гаспадаркі, маць яго”. Дырэктар камбіната падняўся з ложка, пацягнуўся і паглядзеў у акно на чырвонае сонейка. Потым паглядзеў на зморшчаны пісюн. І тое, і другое было аднолькава прыгожым і кранальным. За лесам на ўскраіне горада віднеліся рэактары АЭС. Нібы два грыба-баравіка, якім нехта нахуй зьнес шляпы.

Дзюшэс выйшаў на кухню і ахнуў.

– Ах, гэты Мішка! Я яго ўсю ноч трахаў, а ён нават посуд не памыў! Ну, добра! У наступны раз хрэн яму, а не малінавае жэле!

З Міхаілам Андрэевічам Ладзьдзём, маладым дырэктарам элітнай гімназіі, яго зьвяла Карма. Ладзьдзя часта начаваў у Дзюшэса, называў яго “мой Кароль” і, калі б не гэтая іхняя садамія, даўно атрымаў бы пізьдзюлёў за тое, што выцірае хуй кухонным рушніком.

Вечна з гэтымі каханьнямі дылема: або цярпець і сівець, або біць і выбачацца. Уздыхнуўшы, Дзюшэс дапіў з фужэра ўчорашняе “Бардо”, прыняў душ і набраў сваю намесьніцу:

– Анжэла, усё гатова? Усім уручаныя граблі і баявы настрой? Колькі? Тысяча чалавек? Хвалю! З мяне шампусік!

Ён надзеў касьцюм і, грунтоўна папшыкаўшыся з усіх бакоў парфумам, выйшаў на вуліцу. Потым вярнуўся, назеў красоўкі, змахнуў былінку з пляча і пабег уніз па сходах, насьвістваючы сабе пад нос знакаміты хіт Эдзіт Піаф.

Траўр

Карма сустрэла гэты цёплы вясновы тыдзень у моргу. Яе мужа, Гену, якога ўсе знаёмыя празывалі Фізікам, у ноч на панядзелак нехта чыкануў па горле ножычкам, пакуль той, п’яны, сцаў на клумбу з маргарыткамі. Як выявіла  праз дзень міліцыя, да яго падышлі двое: адзін – худы, другі –крэпыш з перамотаным бінтам кулаком. Падчас арышту у абодвух у кішэнях знайшлі па томіку “Польскіх кветак” Юліяна Тувіма. Забойцы прызналіся, што чыканулі яшчэ пяцёх. Такім чынам яны змагаліся за павышэньне культуры сярод насельніцтва. Ну і проста – нехуй рабіць было.

На пахаваньні Карма карцінна плакала, але душа – таньчыла польку. Муж даўно яе задраў і апошнія гадоў дзесяць выконваў чыста намінальную функцыю: жонку не трахаў, мазгі ябаў, грошы не зарабляў. Усе гэтыя гады Карма круціла шуры-муры з трэнерам аэробікі Рамонам Рубікам. Стройны, чарнявы, ён насіў касіршу Дома афіцэраў на руках. Іхні зацяжны раман быў як 30%-ная сьмятана: густым, смачным і духоўна карысным для абох арганізмаў. Разводзіцца Карма не асьмельвалася, бо баялася, што Гена тут жа зарэжа. Бо, хоць і працаваў ва ўніверсітэце, выхоўваўся на традыцыйных каштоўнасьцях і меў унутры суворы маральны закон: баба сям’ю можа пакінуць толькі нагамі наперад.

На могілках акрамя яе быў толькі бацюшка і пара калег мужа, лабарантаў кафедры тэарэтычнай фізікі. Адразу пасля пахаваньня Карма пайшла дадому, каб пераапрануцца і тут жа паляцець птушкай да гарадскога фантана. З каханкам Рубікам яны дамовіліся сустрэцца там папярэдне, каб потым пайсьці адзначыць новы віток у іхніх амурных справах у модным бары “У санях”.

***

На вуліцах народу было – тышчы. Дзеці елі марозіва, бабы нюхалі букеты, мужчыны бухалі і блявалі. Трымаючы сваю пасію пад ручку, Рубік эмацыйна распавядаў, як памяняецца іхняе жыцьцё. Як яны паедуць у Ялту катацца на банане, а потым – на катамаране, а потым – на аэраплане. А потым будуць жыць разам, карміць адно аднаго трускаўкамі пад музыку Джо Дасэна, падстаўляць плечы ў цяжкую хвіліну, заводзіць дзяцей і ўнукаў, старэць і паміраць у адзін дзень з аднолькавым дыягназам.

У душы Кармы было столькі шчасьця, так моцна яно біла цераз край, што яна, згубіўшы кантроль, падбегла да незнаёмай бабулі і пацалавала яе ў губы. Рубік з пяшчотай усьміхнуўся каханай, падыйшоў да гандлёвага намёта і купіў сабе чабурэк. Ён любіў чэбурэкі. Яны яму чамусьці нагадвалі пра радзіму, сонечную Гішпанію, адкуль яго бацькі-камуністы прыехалі ў 70-я яднацца з пралетарыятам. Зрэшты, Гішпанію яму нагадвала будзь-якая херня. Даеўшы чабурэк, Рубік заўважыў на дарозе згубленую кімсьці прыгожую насоўку ў слонікі. Яна таксама нагадала яму Гішпанію, у якой ён ніколі ня быў. Рубэн высвабадзіў сваю руку ад Кармы і пабег паднімаць знаходку.

– Любая, глядзі якая краса! Гэта харошы знак! – ён радасна, як прыдурак, махаў насоўкай.

Праз дзьве секунды на яго на ўсёй хуткасьці наскочыў грузавік, раструшчыўшы прыгожы індаеўрапейскі чэрап на дробныя аскепкі, а мазгі раскідаўшы па траве і па рабочых панчошнага камбіната “Мальвіна”, якія акурат выйшлі на суботнік, каб прыбраць з гэтай ёбанай травы сьмецьце.

Нерон

Сонца было ўжо дастаткова высока, каб награваць башку і ператвараць чысьцец бадуна ў сапраўднае пекла. Банько з Жалейкам ляжалі на падлозе і мала што памяталі. Побач ляжалі два кракадзіла жаночага полу, Белка і Стрэлка. Усё ў іх было вялым: рукі, раскінутыя ў бакі; ногі – аналагічна; мяхі пад вачыма зьвісалі як шчокі у хамячкоў, а языкі стырчалі з напамаджаных ратоў сьлізкімі медузамі. І толькі начосы – цуд жаночай вынаходлівасьці – стаялі, як паставыя, невядома што вартуючы. Бо цнота даўно згубленая, грошы прапітыя, а жыцьцё – адна назва, а не жыцьцё.

Прытрымліваючы адно аднаго за таліі, Банько з Жалейкам выйшлі з кватэры і на вуліцы адразу ж трапілі ў абсалютна іншы сьвет. Паўсюль было купа народу. І ўсе – працуюць: хто падмятае, хто кусьцікі падразае, хто сьмецьце зьбірае, хто бардзюры фарбуе. Склаўшы на лаўках сумачкі і барсеткі, людзі настолькі занурыліся ў свой суботнік, што парачцы алкашоў на хвілінку здалося, нібы тыя кожны дзень гатовыя на гэтыя суботнікі хадзіць.

– Чуеш, братэла, трэба пахмяляцца, – прагундосіў Банько.
– О! – Жалейка падняў угару палец і ўпаў.
– Што “о”, бляць? – стрымана спытаўся раздражнёны Банько.

Але Жалейка, праігнараваўшы пытаньне сябра, па-пластунску падпоўз да лаўкі, хапануў адну з барсетак, сунуў пад сьвітэр і вярнуўся назад. Яны моўчкі перазірнуліся і нясьпешна пайшлі далей.

Улоў з барсеткі выйшаў невялікі. Але дастатковы, каб заліць трубы, выйсьці з фазы “херова” і задумацца што рабіць далей. Дадому ісьці бухаць не хацелася. Хацелася рамантыкі.

– А давай твайму куму пілікнем, – прапанаваў Банько.
– Дык ён жа на зьмене зараз.
– А што, гэта ж наадварот добра. Дзе ён, на дамбе працуе? Там жа прырода такая, што – ух! І на зьмене ён заўжды адзін – ні начальства, ні мянтоў ніякіх побач.

Жалейка перакінуўся з кумам парачкай фраз, паклаў мабілу ў трэнікі і махнуў рукой. Маўляў, айда, за мной, усё чыкі-пукі. Раптам з іншага канца вуліцы нехта заверашчаў.

– Пацаны, пацаны!

Банько з Жалейкам паднялі вочы: насустрач з пакетам “Прадукты” у руках бег Міколка-паравоз. Яны насьцярожыліся: тут і на двох бабла мала, а яшчэ гэты на хвост зьбіраецца ўпасьці.

– Пацаны, халера, нарэшце знайшоў кампанію. Разумееце, сяджу дома, а выпіць няма з кім.

Міколка акуратна дастаў з пакета трохлітровік з каламутнай вадкасьцю.

– Сэм! – пераможна выгукнуў ён, быццам гэта быў не самагон, а золата ацтэкаў. Зрэшты, золата ацтэкаў у дадзенай сітуацыі было б горшым варыянтам.

***

Сьцёпа Нерон дзяжурыў на дамбе шэсьць дзён на тыдзень. А хулі – сям’і няма, а тут – прырода, сьвежае певетра. І лішняя капеечка набягае. Апошні месяц, праўда, тугавата прыходзілася. Бо  з’явілася пагроза паводкі:  за зіму сьнега выпала ну проста дахерышча, плюс яшчэ столькі ж.

Неронам яго празвалі яшчэ калі той быў малым. На вакацыі Сьцёпа езьдзіў у вёску да бабулі. А там як: вечарам наябошыўся і – на танцы цёлак мацаць. Вось ён адночы і мацанаў адну, Тоньку, бібліятэкаршу. А тая як засадзіць басаножкам па яйцах, ды яшчэ і ў морду плюнула. Прылюдна, пасярод шыкоўнага медляка ў выкананьні Элтана Джона. У тую ж ноч, каб уратаваць перад пацанамі свой аўтарытэт (бо ў вёсцы гэта ого-го як важна), Сьцёпа спаліў бібліятэку да ябеняй мацеры.

Сустрэўшы ля ўвахода вясёлых гасьцей, Сьцёпа павёў іх спачатку паказаць свае “ўладаньні”.

– Бачыце – ву-унь там, унізе, такія сіненькія будынкі – гэта гаўнастанцыя. Але мы яе называем “Васілёк”. Бывае, калі вецер у наш бок – шманілава такое, што хоць нос адразай.

– І што яны там з тым гаўном робяць? – спытаўся Міколка, чухаючы патыліцу.
– Ідзі, спытайся: што робяць і куды дзяваюць. Можа і з сабой дадуць, замест сувеніра, – зарагатаў Банько.
– Ціха вы, дэбілы, – асадзіў сябрукоў Сьцёпа. – Глядзіце лепш туды, трошкі ніжэй. Бачыце? Гэта могілкі царскія. Я туды часам хаджу прагуляцца – помнікі на іх проста адпадныя! З рознымі фінцюлінамі, анёламі, надпісамі душэўнымі. Ня тое што зараз: нарадзіўся – памёр.  Ну і яшчэ трахацца там клёва: птушкі сьпяваюць, дубы шамацяць… Ай, што я вам расказваю, вам толькі адно давай – наябошыцца і на бакавуху. Ідзем.

 

Візіту карэфанаў Нерон быў ня надта рады. Не, выпіць нахаляву – гэта сьвятое. Але Сьцёпа ня спаў ужо трэці дзень – то Наташка, вечная нявеста, забяжыць на шпілі-вілі, то сон ня йдзе, на роздумы філасофскія цягне. Вочы ў яго зліпаліся, як пальцы пасля торта. Але энэргіі яшчэ хапіла на тое, каб нарэзаць сала з цыбуляй  і выпіць трыста грам. Пасля чаго цела пад назвай Сьцёпа упала на кафельную падлогу службовага памяшканьня і ўвамкнула рэжым “адрубон”.

– Слухай, Мікола, ты мяне паважаеш? – спытаўся нарэшце Банько, тыркаючы відэльцэм то ў сала, то ў руку Міколы.

Мікола пацьвярджальна кіўнуў, з цяжкасьцю стрымліваючы ванітоўныя парывы.

– Тады адкажы: чаму ву-унь там міргае чырвоная лампачка? – Банько скіраваў відэлец у бок табло са схемай дамбы.
– Адчапіся, бляць, ад яго! Разлівай лепш, – скамандаваў Жалейка, які з чырвоным ад задухі тварам напружана і мэтанакіравана жаваў жылісты кавалак сала.

Праз дзесяць хвілін Банько паўтарыў пытаньне, але цяпер задаў яго абодвум субутэльнікам.

– Калі вы мяне паважаеце, сукі, то адкажаце: чаму ву-унь там міргаюць ужо дзьве лампачкі?!

Пакуль Жалейка падымаўся, каб шмарануць у вуха неўтаймоўнаму карэфану, а Міколка блюваў у кадушку з кактусам, у памяшканьні зараўла сірэна.

Карма

“Як жыць далей!? ЯК ЖЫЦЬ ДАЛЕЙ?!” – Карма ішла дадому, паўтараючы як мантру гэтую тупую фразу. Зайшоўшы ў кватэру, яна прыняла душ, пасля чаго адзела сваю самую прыгожую сукенку – чорную ў белы гарошак – і ўключыла тэлевізар. “Што ты робіш са мной, жыцьцё?!” – гістэрычна пыталася яна невядома ў каго. Падобныя пытаньні хоць і эфэктныя, але разумнымі людзьмі не задаюцца. Зрэшты, у той момант Карме цяжка было карыстацца мозгам – уладу захапілі эмоцыі.

“Ды пайшло ўсё нахер. Арывідэрчы. Што я, дзевачка?! Раз жанілася – аблом. Другога знайшла – аблом. На драбочак радасьці – тонна гемароя!” Карма рашуча паднялася з канапы, выбегла на лесьвічную пляцоўку і рванула па сходах на дах.

Парад

Агромністая плынь з людзей, міліцыянераў, сабачак, коцікаў, ровараў, транспарантаў, паветраных шароў і іншых жывых і нежывых арганізмаў валіла па шырокім гарадскім праспекце, перыядычна выгукваючы з дзікім ровам “УРА!” або “СЛАВА ЖЭКАМ!” Здавалася, увесь горад выйшаў на вуліцы. Хтосьці тупа палыпаць вачыма, хтосьці далучыцца да масы і адчуць еднасьць, хтосьці бухануць і пакрычаць, хтосьці па разнарадцы начальства. Дома засталіся хіба што інваліды і невылечна хворыя.

На трыбуне, усталяванай на галоўнай плошчы, стаялі бацькі і мамкі горада і па чарзе гналі ў мікрафон пафасную ахінею. Пафасную, але прыгожую і праўдападобную. Калі дайшла чарга да кіраўнікоў вытворчасьці, мэр кіўнуў галавой Дзюшэсу.

– Твой выхад, Віталіч, дай чаду!

Той падыйшоў да мікрафона і энэргічна памахаў народу рукой.

– УРА!

Гэта ўсё, што пасьпеў сказаць дырэктар панчошнага камбіната “Мальвіна” Сяргей Віталевіч Дзюшэс, перспектыўны кадравік і проста ўражлівы педэраст. Бо, паглядзеўшы ў самы канец шэсьця, дзе яно зьлвалася з даляглядам, дырэктар рэзка пабялеў, паказаў дрыготкім пальцам на нешта і страціў прытомнасьць.

Патоп

Вечар не абяцаў нічога добрага. Вечары наогул рэдка калі што-небудзь добрае прыносяць.
Калі бухія і пераляканыя страшэнным шумам Банько з Жалейкам выбеглі на вуліцу перад імі адкрылася сапраўднае эпічнае палатно: за вечар вада паднялася на некалькі метраў і цяпер шалёна ябошыла цераз край дамбы. Дзе-нідзе канструкцыя ўжо патрушчылася, а ў некалькіх месцах пайшла даўжэзнымі зьмеепадобнымі трэшчынамі.

Банько дастаў цыгарэту і закурыў. Жалейкі прысеў на кукішкі, дастаў з кішэні семкі і зачаравана вырачыў вочы на відовішча. Міколка выйшаў за імі сьледам і, выціраючы з губ рукавом ваніты, тут жа пракаментаваў: “Вось гэта я разумею – шэдэўр!”

Тым часам гіганская хваля накрыла могілкі, выкарчавала пару дубоў, больш подобных цяпер на нейкую калматую херацень са ствалом пасярэдзіне. У каламутнай вадзе завіравалі каменныя крыжы, надмагільлі, чалавечыя чарапы, косткі. Некалькі мармуровых трун кружлялі на паверхні нібы чаўны Харона.
А потым вадзяны вал наскочыў на ачышчальную станцыю “Васілёк”. Нібы коршак на абкаканае ад страху кураня, нібы грозная фашысцкая Нямеччына на кволую Францыю. Зьмяшаліся ў купу гаўно, людзі, дубы, крыжы. Чорная сьмярдзючая лава захапіла прадмесьці. Пачуліся першыя мацюкі, першыя галашэньні.
Праз пяць хвілін горад ператварыўся ў гіганцкі унітаз з сотнямі тысяч людзей унутры. Сьвяточнае шэсьце, якое толькі што салютавала начальству, ператварылася ў карычневую ёгурт, такі сабе дэсэрцік з кавалачкамі чалавечынкі.

Калі крыкі і стогны сьціхлі, далёка-далёка, на вайсковым палігоне, салдаты вайсковай часткі №3 запусьцілі трыццаціхвілінны феерверк. Неба ўмомант стала калярова-казачным, як марозіва. Але сэнсу ў гэтым было – з гулькін нос. Бо ўнізе, у горадзе, было далёка не соладка.

Дах

Карма стаяла на ўскрайчыку даху, з ашалелым тварам назіраючы за стыхіяй. Хвалі біліся аб шосты паверх, да дзясятага не даставалі. “І гэта добра” – думала Карма. А яшчэ яна думала, што, бляха-муха, гэты сьвет не дае ёй нават скокнуць з даху. Не будзе ж яна вось так – у дарагой сукенцы фігачыць у мільён кубаметраў калу. “З гаўна ў гаўно ня скачуць” – вучыла яе ў дзяцінстве матуля. І ўпершыню ў жыцьці Карма вырашыла яе паслухацца.

Трывожны гул гучаў над спальнымі раёнамі і цэнтральнымі вуліцамі.  Шалёная плынь зносіла ўсю начынку горада, а менавіта – людзей, машыны, помнікі і іншую дробязь, за далягляд.

Паступова вада, калі гэта можна назваць вадой, сышла. З-за аблокаў на дах, побач з Кармай, спусьцілася галубка. У дзюбе яна трымала зялёную галінку. А пад крылом запіску, у якой крывым почыркам было выведзена: “Мір вам і любоў”.

Прыўкрасная шасьцёрка

Банько, Жалейка, Нерон і Міколка-паравоз ішлі па ціхім бязлюдным горадзе з шырока рыстуленымі ратамі і заціскаючы насы рукавамі. Навокал экскрэментамі было заляпана ўсё: аптэкі, рэстараны, дзіцячыя садкі, банкі, лазьні. Асабліва камічна глядзелася рэклама абласнога цэнтра гігіенты са слоганам “Мыйце рукі пасля туалета”, якая плавала пасярод дарогі ў гіганцкай калюжыне. Чысьценькая чацьверка алкаголікаў заўважна кантраставала з карычневым інтэр’ерам вуліц і была падобная на групу турыстаў, якія прыехалі ў 45-м годзе на экскурсію ў Хірасіму. Прайшоўшы ад ускраіны да цэнтральнага праспекта, яны не сустрэлі ніводнага не толькі чалавека, але і трупа.

– Х-халера ясная, вы глядзіце –  усіх начыста пазмывала к ябеняй фені, – з непадробнай і невытлумачальнай радасьцю канстатаваў Жалейка.

Раптам ад мармуровай трыбуны побач з помнікам Леніну (дакладней – пустым п’едэсталам), аддзялілася мокрая мостаць і пайшла ў іх бок. Наблізіўшыся, чалавек спыніўся ў пары метраў.

– Мужыкі, а вы чаму такія чысьценькія? Вы хто?
– Апосталы! – з усмешкай гаркнуў Банько.
– Ага, а я Хрыстос – гаўна поўны нос. А калі сур’ёзна – Дзюшэс Сяргей Віталевіч, – ён працягнуў ім карычневую руку, але тут жа апусьціў.
– Слухай, мужык, а як цябе, ну, таго, ня змыла? – пацікавіўся Міколка-паравоз, падпальваючы цыгарэту.
– Ды неяк так выйшла… Калі ўсе пачалі крычаць і кудысьці бегчы, я залез у шчыліну пад трыбуну і адляжаўся там.
– Ой, не піздзі. Горад накрыла мінімум метраў на пятнаццаць-дваццаць. Ты б захлынуўся ў той сваёй шчыліне.
– А я на на плаваньне ў басейн хадзіў – больш за ўсіх мог дыханьне затрымліваць. Мяне пацаны нават іхціяндрам празвалі.

Чацьвёрка алкашоў з павагай пахісталі галовамі.

– Ну што, далучайся да нас, гаўназаўр, – запрашальна махнуў галавой Жалейка.

Далей па мёртвым горадзе іх ішло ўжо пяцёра. Надвор’е было цудоўным: цёплы ветрык калмаціў валасы, табуны мух угары назумківалі адным ім зразумелую, але тым не менш прыемную і супакойлівую, мелодыю.

Праз некалькі кварталаў, калі кампанія вяла гарачую спрэчку пра тое, хто ва ўсім гэтым катаклізме вінаваты – Бог, Сатана, будаўнікі ці прэзідэнт, з пад’езда ў сотне метраў перад імі выйшла шыкоўная жанчына бальзакаўскага ўзросту ў шыкоўнай сукенцы і пляшкай каньяка ў руцэ. Цокаючы абцасікамі, яна адхлябнула з рыльца грам 100-150 і паскорыла хаду. Жалейка на хвіліну задумаўся, пасля чаго сарваўся з месца і пабег сьледам.

– Карма Дзьмітрыеўна?
– Жалейка?
– Карма Дзьмітрыеўна, вы п’еце?
– Хм, ну ты і дурны, Жалейка. Пасля сёньняшняга будзь-хто забухае.
– Я так рады вас бачыць! Добра што вы жывая, – ён абняў касіршу рукамі і нават крыху прасьлязіўся.

Што тут зробіш: алкагалізм і сантыменты – родныя сёстры. Ці браты? Ай, ня важна. Пазнаўшы ў жанчыне сваю старую знаёмую, усе астатнія дабрадушна ўсьміхнуліся і абнялі яе ад усёй душы  і нават трошачкі ад серца. Акрамя Дзюшэса.

Так яны, ушасьцёх, і пайшлі па шырокім прашпэкце, ад цэнтру, праз спальныя раёны “Крыжачок”, “Трактарны“ і “Партызанскі” нахрэн за горад. Перад імі страшэнна ярка і страшэнна змрочна гарэла агромністае чырвонае паўкола вечаровага сонца. Акурат як у фінале “Няўлоўных мсьціўцаў”, толькі людзі былі без коней. Чорныя сілуэты на крывавым фоне – пяць мужчынскіх і адзін жаночы – павінныя былі нешта сімвалізаваць. Але яны не сімвалізавалі нічога. Яны проста ішлі праз поле, шырокае, чорнае, мёртвае пасля патопу. Праз лес, сьмярдзючы, з трупамі на галінах дрэваў, аўтобусамі на верхалінах соснаў… Ішлі, ішлі, ішлі... Хуй ведае куды і навошта.

Матэрыял публікуецца аўтарскім правапісам ці хутчэй левапісам.