Я не палітычны ўцякач. Я ўцякач татальны. Часам мне здаецца, што калі б я нарадзіўся ў Бразіліі, Вэнэсуэле або Скандынавіі, я таксама ўцёк бы з тамтэйшых вуліц, партоў і папасаў.
Гільермо Расалес
Guillermo Rosales (1946 – 1993), кубінскі пісьменьнік, у 21 год напісаў (але так і ня выдаў) раман “El juego de la viola”, намінаваны на прэмію “Casa de las Américas”. Сябраваў з аднагодкамі Карлёсам Віктор’яй і Рэйнальдо Арэнасам, у 1979 г. эміграваў з Кубы ў Злучаныя Штаты. Хварэў шызафрэніяй, рэшту жыцьця правёў у вар’ятнях і прытулках, большасьць сваіх твораў перад сьмерцю зьнішчыў. Публікацыя раману “Пансіянат” (“Boarding Home”; пасьля сьмерці аўтара перавыдадзены пад назвай “La casa de los náufragos”, “Дом пацярпелых крушэньне”; па-ангельску выйшаў пад назвай “The Halfway House”, “Дом на паўдарозе”) прайшла ў 1987 г. незаўважанай, аднак яго перавыданьне прынесла аўтару пасьмяротную славу.