Толькі беларусы з усіх курсантаў вучэбкі не трымаліся разам. Калі ўсіх астатніх родная мова аб’ядноўвала, то для беларусаў яна існавала дзесьці асобна, у іншым вымярэнні, не была нечым жыццёва неабходным. Алег Чарняк трымаўся разам са стаўрапольскай кампаніяй, Ігар Спаткай далучыўся да масквічоў, Васіль Пятровіч пасябраваў з рускімі хлопцамі з Улан-Удэ.
Сяргей Пляскач
Сяргей Пляскач нарадзіўся і жыве ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — у 1997 годзе скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры. Падчас вучобы ва ўніверсітэце займаўся ў студэнцкім народным тэатры чытальнікаў «Жывое слова», з якім аб’ездзіў усю Беларусь і Беласточчыну. Пасля вучобы працаваў у сярэдняй школе № 3 горада Талачына. Першая кніга «Шоу працягваецца!» выйшла ў выдавецтве «Галіяфы» ў 2016 годзе, у 2018 пабачыла свет другая, «Пярэваратні ў пагонах і без» (выдавецтва «Янушкевіч»).