(урывак з аповесці)
Машына спынілася ля нейкага адгалінавання чыгункі, спрэс засыпанага пілавіннем ды заваленага штабялямі дошак з аполкамі. Пад невялікім навесам шаргацеў тартак, з трубы маленькай прыбудоўкі павольна ўздымаўся шэры дымок, да пазнавальнага водару якога прымешваліся прыемныя пахі розных парод драўніны.
Спецыяльнае заданне, для выканання якога сюды і прывезлі будучых кухараў вайсковага харчавання, заключалася ў тым, каб загрузіць дошкамі два вагоны, што стаялі тут жа на рэйках.
На шчасце, не толькі шырыня паміж рэйкамі польскай чыгункі была значна меншаю за савецкую, але і вагоны выглядалі проста лялечнымі, напэўна, напалову меншымі за пачварныя імперскія баржы на колах.
І хоць хлопцы працавалі ў досыць хуткім і зладжаным рытме, пранізлівы сівер, што паціху дзьмуў, відаць, з блізкіх гор, абсалютна не даваў сагрэцца. Не такімі цёплымі аказаліся форменныя бушлаты, як здавалася. А што было б, калі б люты тут быў сапраўдным, з маразамі за дваццаць ды завеямі?
Але самым прыкрым было тое, што дошкі былі пакрытыя танюткім слоем падталай шэрані: дастаткова было ўзяць у рукі пару штук, як рукавіцы прамакалі наскрозь, а пальцы пераставалі нармальна варушыцца.
Простая праца праз непрыдатную вопратку ды рукавіцы з адасобленым указальным пальцам, каб можна было націскаць на курок, пераўтварылася ў нейкае вытанчанае катаванне.
Настрой імгненна ва ўсіх сапсаваўся, дошкі паляцелі абы куды: то не даляталі да вагона, то пераляталі на другі бок.
Як на злосць з піларамы выйшлі перакурыць рабочыя. Відаць, відовішча ля вагонаў і праўда было камічнае: мужыкі пачалі рагатаць уголас і каментаваць нязграбныя высілкі «радзецкіх жаўнежаў».
Кпіны замежных пралетараў здаваліся нейкімі асабліва зняважлівымі ды зласлівымі. Яшчэ б якая хвіліна — і міжнароднага канфлікту было б не пазбегнуць. Але якраз у той момант, калі жаўнеры ўжо практычна спынілі працу, а ў паветры залунаў водар немінучай сутычкі, ад купкі рабочых аддзяліўся адзін каржакаваты мужчына гадоў пад сорак і падышоў да найбліжэйшага з курсантаў.
Усе замерлі: гэтаму яшчэ што трэба?
Мужчына палез некуды глыбока ў кішэні сваёй курткі, дастаў адтуль пару цёплых пальчатак з гумавым пакрыццём і працягнуў іх салдату:
— Прошу.
Ад нечаканасці Міхал разгубіўся і замест вядомых яму польскіх слоў сказаў па-беларуску:
— Дзякуй вялікі...
Было відаць, што для мужчыны такая падзяка «радзецкага жаўнежа» таксама сталася нечаканасцю: ён неяк занадта пільна паўзіраўся сваімі пранізлівымі сінімі вачыма ў Міхала, нічога не адказаў і пайшоў да сваіх.
«Халера! Відаць падумаў, што я так непазнавальна перакруціў „дзенькую бардзо“...»
Праз хвіліну паляк вярнуўся назад і раздаў усім курсантам такія ж спецыяльныя пальчаткі, як тыя, што ўжо прыкметна адагрэлі Міхалавы пальцы. Рабочыя вярнуліся пад навес да піларамы, а салдаты зноў узяліся грузіць вагоны зладжана і хутка, як і на пачатку.
Не болей як за гадзіну вагоны былі набітыя дошкамі. Заставалася чакаць прапаршчыка, які прывёз іх сюды, а сам паехаў па нейкіх іншых справах невядома куды. Хлопцы пайшлі пад сцяну навеса, туды, дзе раней курылі рабочыя: там было спецыяльна абсталяванае месца.
Па нейкіх там вайсковых нормах тыя з курсантаў, хто не курыў, павінны былі раз на месяц атрымоўваць цукар, а курцы — страшэнныя з выгляду і дужа смярдзючыя папяросы «Казбек». Нягледзячы на ўсю пачварнасць «Казбеку», таго хапала заўзятым курцам максімум на дзён дзесяць, пасля чаго на папяросы сыходзіла ўсё іхняе мізэрнае грашовае ўтрыманне. Астатні час яны вышуквалі недакуркі ў вадасцёках, выпрошвалі цыгарэты ў грамадзянскіх служачых, ці, калі выпадала такая магчымасць, чапляліся да замежных грамадзян.
Мабыць, толькі ў войску Радзевіч, які сам ніколі не курыў, па-сапраўднаму зразумеў усе перавагі здаровага ладу жыцця: курцы адчувалі натуральную ломку, бы наркаманы за дозу, гатовыя былі аддаць што заўгодна за смярдзючы недакурак «Казбека». Ад «ломкі» ў іх бясконца скакаў ціск, разладжваўся зрок і пухлі вушы! Так, гэта не прыдумка! Выраз «хочацца курыць так, аж вушы пухнуць» — не простая фігура маўлення, ён мае пад сабою рэальную падставу!
Натуральна, што курцы і тут палезлі ў запляваную сметніцу па недапалкі. Глядзець на гэтае відовішча было брыдка. Якраз у гэты момант сціхла піларама і з-пад навесу пачалі выходзіць рабочыя. Першыя з іх паспелі заўважыць, чым займаліся «радзецкія» ў іхняй курылцы. Міхалу хацелася праваліцца скрозь зямлю ад сораму за сваіх таварышаў. На гэты раз ніхто з палякаў нават не пасміхнуўся: яны моўчкі падышлі да жаўнераў, дасталі пачкі з цыгарэтамі і працягнулі курсантам. Моўчкі закурылі. Праз некалькі хвілін той мужчына, што прынёс пальчаткі, сказаў да сваіх:
— Сzas na obiad!
І раптам паўтарыў для савецкіх:
—Пойдём с намі обедать, ребята!
—Рroszę, рroszę,—падхапілі яшчэ некалькі галасоў.
Прыбудова ля навесу, з якой дыміла труба, аказалася невялічкай, але досыць утульнай і чысценькай сталоўкай, дзе ўладарыла пажылая пані. Гаспадыня не здзівілася дадатковым едакам, а толькі ўсхвалявана паўтарала:
—Bardzo proszę. Nie wystarczy chleba dla wszystkich!
Рабочыя ўсе як адзін адмовіліся ад хлеба, таму гасцям яго хапіла ўдосталь.
Тыя, хто паеў, вярталіся назад у курылку. Адтуль даносіліся гучныя воклічы і смех. Радзевіч не спяшаўся: тут было цёпла і пахла куды больш прыемна. Калі Міхал застаўся адзін за столікам, да яго падсеў той паляк, што прынёс пальчаткі, і запрасіў абедаць: ён, мабыць, тут галоўны, калі ўсім распараджаецца.
— Ты беларус, хлопча? — раптам спытаў паляк па-нашаму.
Як такое магчыма? Міхал няўцямна ўтаропіўся ў паляка вачыма: не, ён чуў, ведама, што ў Польшчы жывуць беларусы, але на ўсходзе, вельмі далёка адсюль...
— Так, — нарэшце адазваўся Радзевіч.
— Я таксама. Мяне зваць Пётра Смык.
— Міхал Радзевіч.
— Дык яна ўсё ж яшчэ жыве?
— Хто? — не ўцяміў Міхал.
— Беларусь!
— Жыве, куды ж ёй падзецца?
— Проста ты не першы савецкі беларус, з кім я гавару. Але ніхто з іх двух слоў звязаць па-беларуску не мог.
— А як вы тут апынуліся?
— Тут шмат беларусаў жыве. Але большасць, як і ў вас, мовы не ведае. Мае бацькі з заходнікаў, як і асноўная частка мясцовых беларусаў. Тата ў трыццаць дзявятым ваяваў супраць немцаў у польскім войску, потым савецкі палон, Сібір. Каб там не згніць, запісаўся палякам, затым было новае Войска польскае, прасавецкае. Пасля вайны ён застаўся ў Польшчы: яшчэ раз у Сібір не хацелася. Тут, на новых тэрыторыях, людзей не хапала, так і апынуўся ў Яленяй-Гуры, далёка ад радзімы, хаця заўсёды марыў жыць дзе-небудзь на ўсходзе. Калі яму было ўжо за трыццаць, на пачатку пяцідзясятых, сюды з Беларусі прыехала маміна сям’я: тады быў перыяд, калі ў Польшчу выпускалі савецкіх грамадзян. Яны таксама запісаліся палякамі, абы збегчы з савецкага раю. Маці скончыла беларускую школу, бацька вучыўся ў польскай, але беларускую ў ёй выкладалі. Ды і матчыны бацькі, два браты, сястра... карацей, смешна было б у такой сям’і раптам загаварыць па-польску, не зразумелі б. Не мову, натуральна, а нагоду. Таму я гадаваўся ў беларускім асяроддзі. Калі пайшоў у школу, усе дзеці і настаўнікі пыталіся, адкуль я прыехаў, такі ў мяне адметны быў акцэнт. Што акцэнт! Час ад часу я мог наўпрост адказаць па-беларуску, бо абедзве мовы ведаў выдатна і не адчуваў розніцы. У нас у сям’і і кніг па-беларуску заўсёды хапала! Ты не падумай, я адукаваны! Сур’ёзна! Скончыў Вроцлаўскі Політэхнічны ўніверсітэт, факультэт геаінжынерыі. Працаваў тут недалёка інжынерам на шахце, але потым за сувязь з «Салідарнасцю» звольнілі... Цяпер крызіс у нас. Можна было б вярнуцца на былую працу, але шахта практычна не працуе... Таму пакуль тут: сям’ю ж неяк карміць трэба... А ты адкуль з Беларусі, Міхал Радзевіч?
— Я з-пад Воршы.
— О, як далёка. І як там цяпер?
— Нібыта ўсё па-старому...
— А беспрацоўе ёсць?
— Здаецца, пакуль няма...
— А Перабудова як?
— Пакуль незразумела, буксуе Перабудова...
— А ў людзей настрой які?
— Розны: у наменклатуры настальгія па мінулым, і мяняць яны нічога не хочуць, а астатнія, здаецца, ужо не могуць жыць па-ранейшаму...
— Як думаеш, разваліцца Савецкі Саюз?
— Цяжка сказаць. Пакуль што не падобна, але і балты, і грузіны, і армяне, і малдаване адкрыта кажуць, што хацелі б выйсці...
— А беларусы як?
— Ніяк: адзін дзень адно гавораць, другі супрацьлеглае.
— У нас таксама весела: цэнтральныя ўлады дабіваюцца вываду савецкіх войскаў, а мы гадаем, што будзе, калі саветы сыдуць: ці не вернуцца немцы? Многія ж тут у такіх дамах ды кватэрах жывуць, гаспадары якіх жывыя-здаровыя зусім побач, у Германіі, і ў любы момант могуць заявіць свае правы... Як на вулкане сядзім...
— Радзевіч, паехалі, усе ўжо ў машыне!—паклікаў Міхала нехта з курсантаў.
Пётра Смык правёў Міхала да самага КУНГа*. Развіталіся...
Усю дарогу да вучэбкі Міхал засяроджана думаў пра незвычайную пакручастасць чалавечых лёсаў і дзіўныя супадзенні: ён адзін з усіх беларусаў аказаўся ў гэтай камандзе, і іменна да яго падышоў мясцовы беларус — хіба не дзіўна?
* * *
Кожны дзень пасля абеду ў курсантаў было хвілін трыццаць вольнага часу, на працягу якіх яны разбіваліся на купкі, дзяліліся з землякамі навінамі з дому, проста гаманілі са знаёмымі, па чарзе смакталі недакуркі смярдзючага «Казбека». Усё гэта адбывалася ў курылцы на малым пляцы. Нязменна з землякамі ўсе пераходзілі на родную мову. Усе, акрамя беларусаў. Хіба што Вацік Шпакоўскі расслабляўся і пачынаў балбатаць, як дома, на трасянцы. Зрэшты, найбольш цярпелі ад немагчымасці нешта патаемна выказаць рускія хлопцы, бо пры ўсім жаданні яны не маглі ў гэтым стракатым шматмоўным натоўпе пагаварыць так, каб іх не зразумелі.
Ужо некалькі дзён мінула пасля паездкі на пілараму, а Міхал Радзевіч усё згадваў пра гаворку з мясцовым беларусам. Ён не стаў нічога распавядаць пра гэтую сустрэчу астатнім землякам, бо іх відавочна падобныя рэчы не цікавілі: толькі беларусы з усіх курсантаў вучэбкі не трымаліся разам. Калі ўсіх астатніх родная мова аб’ядноўвала, то для беларусаў яна існавала дзесьці асобна, у іншым вымярэнні, не была нечым жыццёва неабходным. Алег Чарняк трымаўся разам са стаўрапольскай кампаніяй, Ігар Спаткай далучыўся да масквічоў, Васіль Пятровіч пасябраваў з рускімі хлопцамі з Улан-Удэ. Толькі Радзевіч трымаўся асобна, а разам з ім Вацік Шпакоўскі. Наадварот, да іхнага тандэму хутка далучыўся ўкраінец Валодзя Іўчанка і масквіч Паша Герасімаў.
І вось нешта ўсё ж зачапіла Чарняка, нібы адчуў ён думкі Міхала. А магчыма і свае меў такія ж. Неяк, калі ў курылцы стаяў шматмоўны гармідар, ён падышоў да Радзевіча і наўмысна гучна, каб чулі ўсе звярнуўся па-беларуску:
— Што ж гэта адбываецца, пан Радзевіч, усе на родных мовах гавораць, а ў нас нібы і няма сваёй?!
Адна гэтая фраза выклікала эфект вядомай бомбы: у курылцы ўсе імгненна змоўклі і ўтаропіліся на Чарняка і Радзевіча.
— Прапаную вашай мосці надалей таксама карыстацца роднай мовай у грамадскіх месцах!—працягнуў наўмысна пафасна Алег.
— Нічога не маю супраць, васпане!—пастараўся вытрымаць зададзены тон збянтэжаны Радзевіч.—Мяркую, што вашая прапанова слушная ды цалкам дарэчная!
У наступнае імгненне да хлопцаў падскочыў надзвычай рухавы маленькі таджык Хусан Рахімаў і, тыцкаючы пальцам, то ў аднаго, то ў другога беларуса, узбуджана загаварыў:
— Дык вы, дык вы,—ён не мог знайсці патрэбнае слова.—У вас ёсць свая мова?!
— А ты думаў толькі ў вас?—перадражніў няўрымслівага таджыка Алег.
— Дык вы не рускія?!
— А ты не ўзбек?!—у сваю чаргу не здаваўся Чарняк.
— Клас! Ніколі не падумаў бы... А скажыце яшчэ што-небудзь па-свойму...
Чарняк зірнуў на Радзевіча і спытаў:
— Вось бачыш, якім прыцягненнем валодае наша мова?
— Відавочна, нейкім надзвычайным!
— Ах-ець!—максімальна эмацыйна, як толькі мог па-руску, выказаў Хусан сваё здзіўленне.—Нічогачкі не зразумела!
— А-то! Стаяць тут, балбочуць, усе такія важныя! Мы ад вас нічога не хаваем, хоць і маглі б. А вы нам косці мыеце ў нашай прысутнасці!
— Ды нічога мы нікому не мыем!—абурыўся Рахімаў.—Вунь мой зямляк зусім рускую не ведае! Як мне з ім гаварыць?! Ды ну вас!—махнуў рукой і вярнуўся да сваіх.
Беларусы пераглянуліся і па-змоўніцку ўсміхнуліся: знай нашых!..
Звычайна, як распавёў хтосьці з пастаяннікаў, у часткі забіраюць па два-тры кухары. У вялікія падраздзяленні могуць і болей узяць, але гэта адзінкавыя выпадкі. Усе пачалі задумвацца, з кім хацелі б разам служыць пасля вучэбкі.
Радзевіч разумеў, што ад аднаго кандыдата, Ваціка Шпакоўскага, яму нікуды не падзецца. Ды і шкада было небараку: які-ніякі, а зямляк. Але і цяжка было ўявіць, як можна ўвесь час быць з адным нягеглым Шпачком.
Валодзя Іўчанка, як аказалася, быў камандзіраваны ў школу ваенных кухараў з нейкага батальёну разведкі адзін, туды мусіў і вярнуцца пасля вучобы. З ім было б, відаць, цікава служыць: разумны, кемлівы, дасціпны кіяўлянін, да таго ж вызначаўся прынцыповасцю ды спагадай да Шпачка. Ён некалькі разоў стрымліваў нават Радзевіча, калі той пачынаў занадта апантана выхоўваць недарэку Ваціка.
— Ён жа твой зямляк! Не самы ўдалы, але нічога не паробіш, які ёсць! У мяне ніякага няма! Яму ж ад цябе маралі выслухоўваць куды, як больш балюча, чым ад іншых...
Пасля такіх заўваг старонняга, па сутнасці, чалавека, Радзевічу рабілася няёмка: ён і так гаротны, Шпачок той: то ўзводны чапляецца, то нампаліт спецыяльна, каб пасмяяцца, выклікае на палітзанятках:
— Та-ак! Курсант Шпакоўскі!
— Я!
— Адкажыце, якое воінскае званне мае намеснік камандзіра нашай школы па палітычнай частцы? — пытаецца старшы лейтэнант пра сябе любімага.
— Лейтэнант! — адказвае ледзь прытомны ад хвалявання Вацік.
Аўдыторыя ў каторы раз выбухае смехам.
— Адставіць! — супакойвае палітрук курсантаў. — Не правільна, — ледзь стрымліваючыся ад смеху, звяртаецца ён да Шпачка. — Другая спроба!
Вацік калоціцца ад панічнага жаху, нібы за няправільны адказ яго тут жа расстраляюць. Здаецца, ён на вачах мізарнее больш чым звычайна, ператвараецца з піянера ў акцябронка, і ад страху чуе толькі палову падказкі:
— Старшы капітан! — вырываецца з яго няіснае воінскае званне з інтанацыяй беспадстаўнай надзеі.
Цяпер нават шыбы ў вокнах пазвоньваюць ад зруйнавальнага рогату! Старшы лейтэнант нікога не супакойвае, рагоча разам з усімі і не можа спыніцца...
Па чырвоных ад сораму, крыўды і знявагі Вацікавых шчоках цякуць пякучыя слёзы. Ён спрабуе неўпрыкмет прыбраць іх рукавом гімнасцёркі, як прамакаткай, але нічога добрага не атрымоўваецца: з носа таксама па-здрадніцку пачынае цячы...
— Насоўка! — рыкае нампаліт.
Вацік пачынае нязграбна абмацваць кішэні, але насоўка, як на злосць, не знаходзіцца.
— Сядайце, таварыш курсант! — нарэшце падае каманду задаволены старлей.
— Ёсць, — ледзь чутна адказвае Вацік і апускаецца на крэсла.
Такая карціна паўтараецца на кожных занятках, калі выкладчык самай галоўнай дысцыпліны спрабуе высветліць у Ваціка Шпакоўскага званне кагосьці з непасрэдных ягоных начальнікаў.
Зацятая тупасць Шпакоўскага выводзіць Міхала з сябе: ну як ён за два месяцы службы не запомніць воінскія званні! Што можа быць прасцей? Ужо маляваў яму сто разоў на паперцы ўсе магчымыя пагоны і спалучэнні на іх зорачак ды палосачак — бессэнсоўна. То ў яго малодшы маёр, то капітан старэйшы, а то яфрэйтар раптам ператвараецца ў старшыну — што гарызантальныя палоскі, што вертыкальныя, малыя зоркі ці вялікія — бяз розніцы! Ганьба!
Паабураецца, паабураецца Радзевіч ды змоўкне: які-ніякі, каб яму добра было, зямляк! Шкада дурня! Кінь такога аднаго — адразу зжаруць!
Здараліся выпадкі, калі Іўчанка заступаўся за нягеглага беларуса, калі Радзевіча не было побач. Таму натуральна, што Ваціку Валодзя падабаўся, і ён таксама быў бы не супраць служыць і надалей разам з добрым украінцам.
Ад усведамлення, што пасля вучобы ў школе з Валодзем дакладна не паедзе ніхто з новых сяброў, было сумна. Пакуль жа хлопцы асабліва не думалі пра бліжэйшую будучыню, а дзяліліся адно з адным успамінамі пра мінулае.
Дзесьці пасля восьмага класа Радзевіч пабываў на экскурсіі ў Кіеве і цяпер ахвотна згадваў той непаўторны, шыкоўны тыдзень ва ўкраінскай сталіцы. Іўчанку шчыра весялілі тыя ўспаміны беларуса, бо яны цалкам адпавядалі традыцыйным турыстычным маршрутам і вельмі аддалена нагадвалі кіяніну яго родны горад: як і паўсюль, прыезджыя бачаць толькі фасад.
Неверагодна, але Валодзя выдатна ведаў, чыім сынам быў Яраслаў Мудры*, пра гісторыю нядоўгага княжання Усяслава Чарадзея ў Кіеве, пра тое, што Уладзімір Караткевіч пачаў пісаць, калі вучыўся ў іхным чырвоным ўніверсітэце*. Іўчанка нават чытаў «Лісце каштанаў»*! Не без гонару ўкраінец паведаміў, што:
— У Ялце пахаваны ваш знакаміты паэт Максім Багдановіч. Я па літаратуры народаў СССР як раз пра яго сачыненне пісаў.
Міхалу было няёмка перад Валодзем, бо ён, хоць і пабываў ва ўкраінскай сталіцы, з літаратараў ведаў імя толькі Тараса Шаўчэнкі, з навукоўцаў запомніў прозвішча Патон, і выключна як адмоўнага персанажа, які дастаў сваім «Барабанам» увесь Савецкі Саюз, згадваў спевака Мікалая Гнацюка. І гэта ўсё пра вялізную, найбліжэйшую суседку Беларусі!
— Нічога, прыедзеш пасля войска ў госці да мяне — даведаешся болей! І Вацлава з сабою вазьмі, няхай паглядзіць на маю радзіму, — часта запрашаў да сябе Валодзя новых сяброў.
— Штосьці мне падказвае, — кпіў з Ваціка Міхал, — што пасля войска пана Шпакоўскага і абцугамі ніхто з хаты нікуды болей не выцягне. Будзе ўсё астатняе жыццё на печы валяцца ды «Муркі-кароўкі» жаваць!
— Усё астатняе не буду, а месяцы тры дакладна паваляюся! — абсалютна шчыра прызнаваўся Вацік. — Пасля войска можна ж тры месяцы нічога не рабіць? Праўда?
— Можна падумаць, што ты нешта да войска рабіў! Таксама сядзеў на печцы ды «Муркі-кароўкі» свае смактаў! Ды не на печцы нават сядзеў, а на карку ў сваіх баб сядзеў! — пачынаў заводзіцца Радзевіч.
— Ды супакойся ты, Міхал, сядзеў і сядзеў, — стрымліваў чарговую спрэчку землякоў-беларусаў украінец, — клопат вялікі. Ён пасля войска кааператыў свой, можа, арганізуе, грошай столькі заробіць, што ягоным жанчынам больш ніколі працаваць не давядзецца!..
Пра сваю сям’ю Іўчанка новым сябрам нічога падрабязна не распавядаў: бацька — аўтаінструктар, маці ў мастацкім музеі працуе, ёсць малодшая сястра, якая яшчэ школьніца — і ўсё. Самая звычайная сям’я, што тут яшчэ гаварыць?
Масквіч Паша Герасімаў, які ўсё часцей і часцей бавіў вольны час з двума беларусамі і ўкраінцам і імкнуўся разам з імі трапіць у нарад, таксама нічога асаблівага пра сваё жыццё да войска не распавядаў: маці памерла, калі ён нарадзіўся, і хлопчыка гадаваў бацька разам са старэйшаю сястрой. Толькі адзін факт, які, відаць, для Пашы быў па-сапраўднаму значным, хлопец згадваў часта: ягоны бацька — чалавек веруючы і з’яўляецца прыхаджанінам храма, у якім служыць нейкі надзвычай аўтарытэтны святар Аляксандр Мень.
З Міхалам і Валодзем Паша найперш гаварыў пра гісторыю, якую ведаў выдатна ў нейкім асаблівым, выразна антысавецкім кантэксце. Украінец з беларусам яшчэ мелі нейкія ілюзіі наконт таго, што савецкая ўлада з чалавечым абліччам, як тады модна было казаць, магчымая. Яны меркавалі, што ўсё сапсаваў Сталін, а Ленін быў добрым дзядзькам. А вось масквіч бэсціў Ілліча на чым свет стаіць, лічыў яго галоўным мярзотнікам усіх часоў і народаў, і прыводзіў цэлую процьму аргументаў і фактаў, у якія цяжка было паверыць, але і абвергнуць не выпадала...
Мінаў сакавік, і ўсё часцей хлопцы дзяліліся сваімі думкамі пра найбліжэйшую будучыню: напрыканцы красавіка і да сярэдзіны траўня яны ўжо будуць размеркаваныя па частках, а сказаць, што яны нечаму навучыліся па спецыяльнасці, немагчыма. Ды і як тут навучышся? Тая траціна часу, якая планавалася на вывучэнне спецыяльных прадметаў, замянялася працаю на гаспадарчым падворку, навядзеннем парадку на тэрыторыі, парка-гаспадарчымі мерапрыемствамі ды бясконцымі спартыўнымі святамі. Нічога новага, акрамя таго, што ведалі да войска пра тэхналогію гатавання ежы, хлопцы не засвоілі. Было зразумела, што вучыцца гатаваць давядзецца ўжо непасрэдна на кухні салдацкай сталоўкі. Як у піянерскім летніку дзеці апавядаюць адно аднаму ўсякія жахлівыя гісторыі, каб паказытаць нервы сябрам, выдатна развіваючы гэтым сваю творчую фантазію ды красамоўства, так і курсанты школы кухараў ад нейкага часу пачалі дзяліцца з калегамі па няшчасці сваімі ў лепшым выпадку цьмянымі ўяўленнямі пра тое, што і як трэба гатаваць. Гэтае саматужнае навучанне мела выразныя прыкметы дзіцячага фальклору, чым хаця б крыху набліжалася да нататак з кнігі «Пра смачную і здаровую ежу».
Але неяк іх усё ж развезлі пасля сняданку па бліжэйшых вайсковых частках, каб прадэманстраваць увесь ланцужок гатавання абеду. Радзевіч як адзіны з беларусаў вучэбкі апынуўся сярод курсантаў, якія павінны былі назіраць за прыгатаваннем ежы ў батальёне выведкі.
Найперш пайшлі паглядзець на працэс атрымання прадуктаў на складзе. Разведчыкі, апранутыя ў цёмна-фіялетавую форму, павінны былі перамяшчацца па частцы бягом. Было відавочна, што ўсе яны, акрамя сяржанта, былі аднаго прызыву з курсантамі. Кідаўся ў вочы незвычайны выгляд і паводзіны маладых разведчыкаў: пачварную брудную форму яскрава дапаўнялі аблічы, на якіх чытаўся панічны жах, адбітак нейкай непазбежнай наканаванасці, хлопцы нікому не глядзелі ў вочы, а кожны рух нібы распадаўся на ланцужок драбнейшых, у выніку атрымоўвалася суцэльная мітусня, якая яскрава дапаўняла агульную нервовую атмасферу.
У нейкі момант Міхал затрымаўся ў пакоі з двума хлопцамі з нараду, якія набіралі бульбу ў вялікія жалезныя насілкі. Тады адзін з разведчыкаў узняў галаву, агледзеўся па баках і ўтаропіўся вялізнымі сінімі вачыма проста ў вочы беларуса:
— Ну, здароў Міхал Радзевіч!
Імгненная радасць, якая прамільгнула ў душы Міхала, тут жа змянілася панічнай разгубленасцю: Радзевіч мог паклясціся ўсім на свеце, што ніколі ў жыцці не бачыў гэтага чалавека раней.
— Не пазнаеш? — незнаёмец прачытаў неразуменне на твары курсанта. — Я Андрэй, Савіцкі Андрэй! «Тоўсты»! Барысаў, перасылку памятаеш? У нас ложкі побач стаялі!
—Тоўсты?..
Такім разгубленым Міхал не адчуваў сябе ніколі ў жыцці: перад ім корпаўся ў бульбяной кучы чалавек ці не ў тры разы худзейшы за вядомага яму Андрэя Савіцкага. Калі б Тоўсты не загаварыў сам, Радзевіч ніколі б не пазнаў яго, нават пад катаваннем. Зрэшты, ён і так не пазнаваў яго.
—Што? Змяніўся?
—Не тое слова...
—Дык ты, значыцца, кухарам будзеш?
—Так...
—І як там у вас, у вучэбцы?
—Па-рознаму...
—Дзяды дастаюць?
—Не. У нас іх зусім няма.
—А ў нас лютуюць дзядулі.
Другі разведчык пасля гэтых слоў выразна ўтаропіўся ў Тоўстага, які цяпер больш нагадваў вязня канцлагера, чымся таго ранейшага ўкормленага самаўпэўненага прызыўніка.
—Нічога, вытрымаем, перажывем, затое потым...
Што будзе потым, Андрэй не дагаварыў: у пакой увайшоў сяржант і з вядомай кожнаму савецкаму чалавеку інтанацыяй падаў каманду:
—Шнель!
За ўвесь дзень, што правялі хлопцы побач на кухні, яны больш не абмовіліся ні словам. Андрэй нават ні разу не ўзняў вачэй на Міхала...
Калі вярталіся ў вучэбку, незвычайна засяроджаны Радзевіч разважаў над тым, што ўбачыў у разведбаце, над незайздроснаю доляй Тоўстага, і дзякаваў богу, у якога так аддана верыла яго бабуля і якому моліцца бацька Пашы Герасімава, за тое, што Ён накіраваў яго ў школу ваенных кухараў, а не ў якую-небудзь чырвонасцяжную кантужаную дывізію.
Было відавочна, што вучэбка — гэта толькі адтэрміноўка непазбежнага...
*КУНГ — Кузаў уніфікаваны герметызаваны, кузаў-фургон — тып вайсковай машыны