Гэтыя тры сакральныя літары: БНР

паэзія, вершы, беларуская мова

Міні-анталёгія сучаснай патрыятычнай паэзіі

З нагоды 100-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі рэдакцыя “ЛітРАЖу” зьвярнулася да шэрагу сучасных, масьцітых і ня самых масьцітых беларускіх паэтак і паэтаў з прапановай (яна ж “замова”) даслаць твор на згаданую тэму, як яе разумеюць самі аўтары. Недзе палова творцаў адгукнулася, яшчэ столькі ж адмовілася з паважных прычын. У кожным разе, на нашую думку, экспэрымэнт удаўся: кожны выдаў, у што гаразд – а хто ня выдаў, дык прынамсі нагадаў, які быў гаразд за дзедам шведам. Дзякуем удзельнікам! Іхныя імёны назаўжды застануцца на паэтычнай мапе Бацькаўшчыны і ў нашых сэрцах.

 

ЗЬМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА

* * *
Я бачу ў сне, што я — кавалак сала,
Якое пад гарэлку добра йдзе,
Што гэтага кавалка не замала
І што мяне шануюць, як нідзе...
І кроіць нож у несціханым лёце
Скрылькі маёй бел-чырван-белай плоці!

Пачатак 1990-х

 

ВІКТАР ЖЫБУЛЬ

З успамінаў піянэра

Асьветніца, настаўніца
і сейбітка сьвятла
на працу яснай раніцай
па вуліцы ішла.

У кут любы прасочацца
з вачэй яе агні –
ну проста кулямётчыца
на ніве дабрыні!

Сьвятая звышурочніца,
заўжды гатова будзь!
…На ўсё ёй плюнуць хочацца,
а плюнуць – не даюць!

Бо – запатрабаваная
насельніцтвам Зямлі.
Забыты шлях у ванную,
пляваць няма калі.

Яшчэ ж яна культурная,
ня плюне абы-дзе,
але праблема з урнамі
паўсюль, куды ні йдзе.

Мне крыкнула настаўніца:
– Бяжы сюды, хлапец!
Калі ня плюну – станецца,
напэўна, мне капец!

Але ж далёка сьметніца,
памыйка і ўнітаз…
Настаўніца! Асьветніца!
Бягу, бягу да вас!

Прынцэса ясназадая,
хадзячы абсалют,
я перад ёю падаю
і аддаю салют!

Шапнула штось на вушка мне –
і ў слоіку са шкла
абвіты срэбнай стужкаю
плявок перадала.

Нагружаны, уражаны
ступаю я ледзь-ледзь.
Прыемна з гэткім цяжарам
жыць, марыць і сталець!

І хоць плявок мне муляе
і шыю, і плячо,
закрыю і ад кулі я
асьветы дзеячоў!

І, прыгадаўшы трэнэра
па кіданьні ядра,
плявок на дно кантэйнэра
я зашпурнуў. Ур-ра-а-а!!!

І – зноў перад асьветніцай
жыцьцёвых шмат дарог.
І сэрца шчасьцем сьвеціцца,
што я ёй дапамог.

Я перад ёй шыхтуюся,
як юны піянэр,
а ўпотай сам рыхтуюся
да ўгодкаў БНР.

Даўно пасьпеў я вырасьці
і лёс свой падкаваць.
І мне на ўсё, па шчырасьці,
даўно ўжо напляваць.

2012, 2018

 

ІГАР КУЛІКОЎ

Пагоня

то ня гром гразы а грук капытоў
то ня месяц зьзяе а жар-арол
то па гонях імчыць Пагоня дзядоў
і вядзе на зьверш іх нябёсны кол

то ня жнеі жнуць каласы сярпом
то жыты нясуць ваяром паклон
то па гонях імчыць Пагоня грунём
і вядзе на зьверш іх свабоды кон

то ня ткальля тчэ аброчны ручнік
то рады рушэньня ў радне радзін
то па гонях імчыць Пагоня на клік
з глыбыні душы да сьвятых вышынь

то ня гор града к Айчыне ўзыход
то зьвівае вой абярэг дарог
то па гонях імчыць Пагоня на ўсход
да зьвяршыні волі дзе толькі Бог

2014

 

МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ

* * *
Непітушчыя пацукі ўцякаюць з п’янага карабля.
Рэшта ў труме, таму няма каму крыкнуць: “Зямля!”
Падвышэньне ціску на фоне падзеньня рубля –
вось і маеш мышыныя гонкі на фаэтоне.
Трыюмфуе чытач, дачакаўшыся рымфы “бля”.
Поўны бардак – але карабель ня тоне.
 
Годна перажыць дзьве тысячы пятнаццаты год,
хай без інфініці, але ж і без інфанагод,
без гемарою, стрэмак ды стрэмных прыгод –
вось такі аднастайны віш-ліст ад уласнага тыла.
Дапамогуць, магчыма, настолкі, гульня ў го
і гарбата з рамонкаў. Зрэшты, яна астыла.
 
А пакуль усім верхаводзіць цялесны ніз.
Картаген разбураны – хутка будзе Туніс,
Грэч з Булгарыным самі просяцца ў букініст,
тогамі і катурнамі поўняцца стокі.
То вясна дабралася да кожнага закутка,
разьлілася шырока, а якая рака –
не разьбярэш: паблыталіся вытокі.
 
І таму нас сілкуе даліна ракі По:
памідоры з руколай сёньня завезьлі ў сельпо.
Пад зімовай курткай ліпкі вясновы пот,
як бярозавік, падымаецца ўверх па сьпіне.
Убіраецца ў сілу ўнутраная краса,
пад нагой Тараса ў расе лесапаласа,
Віцебская губерня пайшла пісаць
пераважна ямбам – і гэтага ўжо ня спыніш.
 
Пальмінка, 15 сакавіка 2015 г.

 

АНХЕЛЯ ЭСПІНОСА

Беларусь сьпіць

Беларусь сьпіць пад цёплай, шэрай коўдрай,
І ня можа пазбавіцца ад кашмараў.
Баіцца зваліцца з ложка,
Амаль ня рухаецца.
Я хачу сьпяваць ёй калыханку,
І пацалаваць на ноч.
Сьпі ціха, спакойна, мая дзяўчынка,
Прачынайся ранкам, з новым днём,
Калі сонца зьнішчыць цемру
Мячом сьвятла,
Калі прыйдзе вясна ў каляровай сукенцы,
Сьпі спакойна й прачынайся ў той час,
Калі спакою будзе недастаткова.

2016

 

АНДРЭЙ ФАМІЦКІ

* * *
мая радзіма, дзе мяне няма,
ды дзе цярпліва прычакае яма,
кім я табе,ты вырашыш сама,
калі ў нябыт расчыненая брама

зачыніцца, ніхто не праслізне –
анёлы не вяртаюцца дадому,
і ты мяне убачыш скрозь мяне,
і мы даруем нас адно другому.

Сьнежань 2016 г.

 

СЯРГЕЙ ПРЫЛУЦКІ

Астранаўт Вітаўт

Усё ў нашых руках, сябры:
зброя, бабло, дахуя тэрыторыі.
Маю для вас навіну - на планеце 12.41.03
сёння ўрачыста ўзнялі сцяг нашай Вяйшнорыі.

Таму ўвечары на цэнтральным пляцы сталіцы
пачнуцца гулянні з бухлом і шлюхамі.
Спонсар свята - карпарацыя "Мілавіца".
Прыходзьце ўсе, з дзецьмі і ўнукамі.

Дарэчы, сусвет стаў бліжэйшым для кожнага з вас,
Бо ў лютым запусцім у космас танны чартэр.
А пакуль да эпахальнай п'янкі ёсць час,
пайду папалю ў ілюмінатар.

2017

 

ДЗЮНЫЦІРО ЖЫДАЁСІ

*
Чырвоная стужка тунца
пасярэдзіне белага рысу
Макі да сотых угодкаў

2018

 

АЛЕСЬ ПЛОТКА

Cотка

пакаштаваўшы рознага

дакладна ведаеш, што нічога так не ўстаўляе, як устаўная грамата

і шчасце там дзе чалавек выходзіць з зоны камфорту
а краіна ламае фарматы
так і было дваццаць пятага
яны выйшлі ўжо на золку
вываліліся ў чэрава горада
і ніхто не заўважыў
як учорашняе паветра набыло водар свабоды
і першыя прамяні сонца паставілі на іх таўро
шчасця з кулакамі. і прыпечанай крыві колераў ватэрлоо.

так і прайшло стагоддзе
ўдзень мы пісалі даклады, маліліся за блізкіх, добры настрой і сонны канвой
уначы Еўропа чула ваўчыны вой.
яна хрысцілася і спала далей
вядома. з усіх саванаў цяплейшы -свой
па сотцы за сотку 
выпі на хутары
выпі ў высотках
у гэты дзень

сто гадоў самоты — адзінае свята, якое заўжды з табой

23.02.2018

 

МАКС ШЧУР

Сьвяточны даклад

(насьледаваньне Ў. С. Бэраўзу)

Этнічная групоўка да якой я воляю лёсу належу
вось ужо сто гадоў знаходзіцца на палітычнае мапе сьвету
пад уласным імем ролю якога выконвае паганяла атрыманае ад суседзяў

За гэты час нашай этнічнай групоўкай дасягнута нечувана шмат

мы ўваходзілі ў склад цэлага шэрагу дзяржаў ніводная зь якіх не была дэмакратычнай
мы пасьпяхова й пачаргова ажыцьцявілі нацыяналізацыю канфіскацыю электрыфікацыю
карэнізацыю хутарызацыю беларусізацыю калектывізацыю мэліярацыю мабілізацыю асыміляцыю індустрыялізацыю дэмакратызацыю прыватызацыю зноў беларусізацыю зноў асыміляцыю канстытуцыялізацыю дэканстытуцыялізацыю перапрыватызацыю кампутарызацыю і столькі ўсяго іншага
што нам засталося ўжо ажыцьцявіць толькі самаліквідацыю
пры нашых невычэрпных інтэлектуальных рэсурсах мы спакойна маглі дазволіць сабе  пазбавіцца ад сотні-другой інтэлектуалаў цягам адной ночы
мы атрымалі піррамогу ў самай крывавай вайне ў гісторыі выгадна заплаціўшы за яе ўсяго
толькі трацінай насельніцтва і тэрыторыі
мы былі сузаснавальнікамі арганізацыі аб'яднаных нацый і ядналіся з пралетарыямі ўсіх
краін запар
мы былі так званым зборачным цэхам імпэрыі а калі засталіся ў гэтым зборачным цэху
адны то самі сваімі рукамі зноў сабралі сабе імпэрыю бо нічога іншага зьбіраць ня ўмеем ну яшчэ шклатару
мы закінулі ў космас пару сваіх хлапцоў і зь нябеснага купалу нам на галовы пасыпалася  паБелка
мы наперадзе ўсёй плянэты ў спажываньні бульбы і алькаголю ня толькі з бульбы
мы жывем на шчасьлівай і вольнай зямлі як нявольнікі і займаем трэцяе месца ў сьвеце
пасьля ЗША і Расеі паводле колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва
у нас дзьве мовы два правапісы два альфабэты дзьве палаты і як мінімум два гатункі людзей:
адмарозкі і несьвядомыя
мы атрымалі на ўсіх адну Нобэлеўскую прэмію й адну Чарнобыльскую аварыю
цяпер мы будуем атамную электрастанцыю каб паказаць усім што выбух папярэдняй нас ні  разу не запалохаў
мы лічым што найлепшай абаронай права на жыцьцё ёсьць сьмяротнае пакараньне
мы настолькі працавітыя што гатовыя плаціць падатак па беспрацоўі
мы ганарымся сваёй талерантнасьцю і займаем трэцяе месца сярод краін-расістак у Эўропе
мы замянілі касу й граблі канём каня вянком вянок зноў канём і каня зноў вянком
мы зьмянілі адну веру на другую а другую на паняверку

сапраўды з моманту нашага палітычнага камінг-аўту
намі дасягнута нечувана шмат
асабліва ў біятлёне
і асабліва за апошнія дваццаць чатыры гады
таму дарагія суайчыньнікі
я ня столькі віншую вас з нацыянальным сьвятам
100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі
колькі віншую сябе з дваццацігодзьдзем сваёй незалежнасьці ад Рэспублікі Беларусь
якое паводле іроніі лёсу прыпадае на той самы дзень

(у дакладчыка ляцяць гнілыя памідоры і тухлыя яйкі)

27.02.2018

 

СЬВЯТЛАНА КУЛЬ

* * *
Ну як табе, на гэтым скрыжаванні,
На ростанях, між летам і зімой,
Ці не абрыдла шчэ табе самой
Штогод пад клець чужыя ставіць сані?

Штогод выходзіць на палі і гоні,
Хаду перамяняючы на бег,
Тапіць чырвонай стужкай белы снег
і абвяшчаць рушэнне і Пагоню?

Ці будзе ўрэшце роўнай баразна
Якую ты кладзеш па нашай блоні,
Ці будзе пераможнаю Пагоня,
Якую ты абвесціла, Вясна?

1.03.2018.

 

ВАСІЛЬ БАРЫСЮК

* * *
Яшчэ трошкі – і вочкі расплюшчацца:
пачынаецца ранак.
Прачынайся, мая беларусачка,
мілы тварык заспаны.

Мы з табой – і дзяржава, і нацыя.
На завулку адны мы:
І ўначы сненні светлыя сняцца нам
на задворках Радзімы.

Апранаемся і – непрыкметныя –
на вучобу й на працу.
Не пісьменнікі ды й не паэты мы:
трэба добра хавацца.

Шапка нізка і цёплая хустачка –
нас пазнаць немагчыма.
Прывітанне, мая беларусачка!
Гэта вечар Айчыны.

2018

 

АНТОН РУДАК

* * *
вось дзе дзіва выйшаў з дому сёння
вуліца ў сцягах уся ад рання
восемдзесят год майму раёну
неўзабаве будзе святкаванне

восемдзесят год таму праклёну
вось сем вострых куляў у нагане
куля вылятае з барабана
значыць сёння некага не стане

вуліца мне родная з маленства
восемдзесят хатаў на той момант
з кожнае другой забраны нехта
ці па двое-трое з некаторых

восемдзесят год майму раёну
неўзабаве будзе святкаванне
будзе там згаданы той падонак
іменем чыім раён назвалі

восемдзесят год таму падпісваў
ён маім суседзям прыгаворы
а дзядоў маіх на гібель выслаў
ці забіў сваім галадаморам

дачынення ён зусім не мае
ні да менску ні да беларусі
пра яго напэўна там згадаюць
не ўзгадаюць тых хто не вярнуўся

19.3.2018.

 

АНДРЭЙ АДАМОВІЧ

Верлібр да стагоддзя БТР

Сёньня сьвята ў мяне,
Сёньня верш мне замовілі,
Так і сказалі, напішы, маўляў, Адамыч, мадрыгала,
Чы лі оду, яшчэ лепш, чы лі нават санэта нам падгані.

Я падумаў, ну хуйлі не напісаць та,
Нібыта яны ня ведаюць, як я пішу,
Што на замову, што ад душы.
Хаця на замову я раней і не пісаў,
Але ня бойцеся, будзе як ад душы.

Перш-найперш трэба было прыдумаць гісторыю,
Я сеў падумаў, пастаяў падумаў, паляжаў падумаў,
Пачытаў падумаў. Думаў шмат, карацей.

Гісторыі ў мяне не з’явілася, але вось вам метафара.
БНР – гэта як БТР не таму, што БНР вязе жаўнераў незалежнасьці,
Але таму, што ў мяне такая паэтыка.
Параўноваеш штосьці з чымсьці па невядомай чытачу прыкмеце
І чакаеш публікацыі ў замежным часопісе.

А вам гэта як хатняя праца, думайце, што супольнага
Паміж БНР і БТР.
Такая на вас цяпер эпітымія,
Такая ваша залежнасьць ад гэтага верша,
Так, я ў чарговы раз напісаў верлібр пра тое,
Што аўтар нашмат разумнейшы за чытачоў ва ўласных тэкстах.
Гэта нармальна.
Гэтак усе робяць.

21.03.2018

 

ДЗЬМІТРЫ ПЛАКС

 

 

АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ

* * *

Мы зьбіраем сяброў на Сьвята:
аднаго пужае сьняжок,
той баіцца – садзяць за краты,
гэты буркнуў – ня той сьцяжок.

Хтосьці кажа – нямашака згоды
і ўсё скончыцца, як заўсёды.
Хтось мудруе: а што, калі...
Але ўсё ж – прыйшлі.

Бо нагода – адна на сто,
бо калі не сябры, то хто?
Бо прыемна абняць сяброў:
Прывітаньне, стары! Здароў!

Імяніньнік – лічы, дзіця.
(Сто гадоў – малы юбілей.)
Мы яшчэ на ўзьлёце жыцьця.
І ўсе разам
ляцім
далей

25.3.2018.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
ЛітРАЖ

Як вистоїш, коли всі проти тебе— 
Упали духом і тебе кленуть, 
І як всупереч усім ти віриш в себе, 
А з їх невіри також візьмеш суть; 
Якщо чекати зможеш ти невтомно, 
Оббріханий — мовчати і пройти 
Під поглядом ненависті, притому 
Не грати цноти ані доброти...

Пераклад:
ЛітРАЖ

Гэй, спадару Тамбурыне, для мяне зайграй,
Мне ня сьпіцца і сьпяшацца мне няма куды.

Пераклад:
Макс Шчур

О, працоўны больш дурнем ня будзе,
Бо і ён мае працы арудзьдзе –
Серп, а болей дубец
Паўстае, каб агрэць
Тых, хто служыць фашысцкай паскудзе.

Спинися, брате, 
і послухай:
голосить київська луна,
хоч кручі та 
безодні духу
долає воля мовчазна.
Так непотрібно,
невмолимо,
живим лишаючи борги,
ідуть сини за сивим димом
і сіють попіл на сніги…