З літаратурнага праекту “Апранутыя апавяданні”
Ганна да сарака гадоў жыла ў беларускім Белаазёрску і ні пра якія пераезды нават не думала, пакуль яе дачка, па традыцыі названая ў гонар бабулі, як уласна па традыцыі і маці, – Ганначка, не стала паўналетняй і не пазнаёмілася на сайце інтэрнэт-знаёмстваў з адным сімпатычным і адносна маладым немцам з тыповай нямецкай знешнасцю – светлавалосы, блакітнавокі, як, у прынцыпе, і сама Ганначка, але толькі ў Фрыца нос быў з вострай гарбінкай, а ў Ганначкі – бульбачкай. Фрыц быў перакананым дэмакратам і на Беларусь паглядаў з недаверам, бо чуў пра нейкія праблемы з уладай у гэтай краіне.
У немца было імя, як і ў яго бацькі і, па традыцыі, як і ў дзеда, – Фрыц, а прозвішча Райнер, калі па-славянску – Фрыц Фрыцавіч Райнер, і быў ён службоўцам Volkswagen motors у Берліне.
Фрыц закахаўся да непрытомнасці не ў знешнасць Ганначкі, бо фота на сайце было не з лепшых, а ў гарачыя словы, адрасаваныя яму на ламанай нямецкай. І так ён закахаўся ў Ганначчыны словы, што вырашыў аддаць ёй свае руку і сэрца, і зрабіць гэта неадкладна.
Трэба сказаць, што Ганначка горача пісала Фрыцу не ад вялікага кахання, хоць ён і быў прывабным мужчынам, але ад невыноснага паўвясковага жыцця ў Белаазёрску.
Райнер узяў законны адпачынак на месяц, атрымаў n тысяч еўра адпускных і на цягніку ICE дабраўся да Франкфурта, адтуль самалётам даляцеў да Менску, бо так яму было зручней і хутчэй, дзе яго на аўтавакзале “Маскоўскі” чакалі Ганначка, яе маці Ганна і бабка Ганна Францаўна, якая ставілася даволі скептычна да немцаў, бо яшчэ маладою разам з мужам Георгіем Мікалаевічам прайшла праз усю вайну і мела ўзнагароды.
Фрыц Райнер, вядома ж, не ведаў усіх фактаў пра бабулю Ганну Францаўну, не ведаў ён пра яе настрой і не ведаў пра дзедаў кіцель, абчэплены не толькі на грудзях, але нават і на спіне шматлікімі ўзнагародамі, бо дзед, Георгій Мікалаевіч Ваяводзін, прайшоў не толькі Другую сусветную, ён першым узняў савецкі сцяг замест фашысцкага на Ратушы ў вызваленым Гамбургу, у тыя часы ён быў адважны, малады і прыгожы, і такім нават памёр – ва ўзросце васьмідзесяці трох гадоў, даслужыўшыся да палкоўніка ў мірны час.
Кіцель Георгія Мікалаевіча пасля яго смерці ганарова, але самотна вісеў пад цэлафанавай накідкай у сцянной шафе-купэ, з яго былі зняты ўсе медалі, пагоны палкоўніка таксама адсутнічалі, і ўсё гэтае дабро з неабходнымі дакументамі захоўвала ягоная жонка Ганна Францаўна ў сваім камодзе каля ложка, начамі раскладваючы мужавы медалі на коўдры і праліваючы па сваім каханым васьмідзесяцігадовыя слёзы кахання і адзіноты.
І вось табе раніца, даволі халодная для восені, аўтавакзал, яны ўтрох, дзве ўдавы і адна маладая нявеста, стаялі, ціснуліся адна да адной, апранутыя не па надвор'і, затое прыгожа, і чакалі прыбыцця аўтобуса з аэрапорта.
Фрыц Райнер адразу адчуў, што ўжо прыехаў, па незразумелым хваляванні, якое працінала яго знутры, трымцела ў каленях і лакцях. Яго сустрэлі тры змерзлыя жанчыны: маладая, старэй, яшчэ старэй, і ён адразу трапіў у гарачыя абдымкі Ганначкі. Яна лапатала на “нямецка-ангельска-беларуска-рускай” мове і вяла яго на маршрутнае таксі да Белаазёрска, дзе была гатовая ежа, часткова прыхаваная ў лядоўні і на пліце. Ганначка планавала адправіцца з атрыманай – свежай! – шэнгенскай візай ужо праз дзень у Берлін, прыхапіўшы з сабой маці і бабку, якія, па добрым знаёмстве, таксама мелі візы.
Райнер па інерцыі, агаломшаны гарадской пустэчай і цалкам абыякавым выглядам беларусаў, дабраўся, нарэшце, да Белаазёрска ў карычнева-жоўтым бусе Volkswagen, у салоне якога ўсю дарогу не сціхаў шансон. На прыпынку яго падхапілі чатыры жаночыя рукі і, бледнага, стомленага небараку, прывялі ў хату карміць і паіць, бабка ж, Ганна Францаўна, плялася ззаду, не падзяляючы гэтых новых дэмакратычных поглядаў унучкі і дачкі.
Маці Ганначкі прыхавала дзедаў шэры кіцель глыбей у шафу, каб не здарылася якой неспадзяванкі, так бы мовіць, калісь то было, ды быллём парасло.
Кіцель Георгія Мікалаевіча Ваяводзіна шэрай плямай вісеў за двума карычневымі кажухамі і сінім паліто, яго неміласэрна ела моль, тлусцеючы і размнажаючыся ў рукавах і пад клапанамі кішэняў па баках. Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі. Кіцель Георгія Мікалаевіча быў з грубай матэрыі, але вельмі добра даглядаўся, а па заканчэнні вайны апранаўся толькі па адмысловых днях, таму ўсе ягоныя заслужаныя медалі вандравалі ад шэрага кіцеля да яшчэ двух чорных пінжакоў з пагонамі палкоўніка.
Калі Ганна Францаўна даведалася пра тое, што адзіную рэч, якую яна так берагла, схавалі, яна моцна пакрыўдзілася на сваю дачку, і, дастаўшы гераічную апранаху з шафы, склала акурат пад медалі, якія ўжо ганарлівай купкай ляжалі ў паходнай чорнай валізцы "Samsonite", з ручкай і на колцах – падарунак Фрыца Райнера.
---
Так, уся жаночая частка – рэштка сям'і Ваяводзіных – дабіралася аўтобусам праз Польшчу ў Берлін. І ўсё было б выдатна, але вось на тэрміновым прыпынку ў Варшаве маці Ганначкі, Ганна, незнарок даведалася, што ў чорным бабуліным "Samsonite" едзе, апроч медалёў, дзедаў ваенны кіцель, і яе ледзь не хапіў удар. Яна з дзіўнага міфалагічнага страху раптам падумала, што такія рэчы ім на нямецкай мяжы не дадуць правезці, хоць гэта і былі дурныя забабоны і мяжы ў Еўразвязе амаль не існуе, аднак гэты жах быў мацнейшым, чым яе асоба. Дзіўна, што яна не падумала пра тое, што замест кіцеля могуць забараніць правоз медалёў, калі на іх няма патрэбных дакументаў. Таму, дачакаўшыся, пакуль Ганна Францаўна не пачне драмаць, Ганна дастала кіцель і, азірнуўшыся па баках, пабачыла пратэстанцкую царкву напрасткі праз дарогу. Ганна кінулася ў адчыненыя дзверы і, моўчкі працягнуўшы шэры кіцель першай жанчыне, якая патрапілася, дала зразумець, што гэта яна аддае дарма, адмаўляючыся ад кіцеля назаўсёды.
---
Пазней, калі ўсе Ваяводзіны і Райнер дабяруцца нарэшце да Берліна, Ганначка паспее тройчы палаяцца з Фрыцам з-за нейкіх дробязяў, яе маці Ганна – нагаласіцца настальгічнымі слязьмі па страчанай беларускай радзіме і па аддадзеным дзедавым кіцелі, а бабка Ганна Францаўна, выявіўшы страту кіцеля, праз тыдзень памрэ ад гора і нарэшце далучыцца да свайго каханага.
---
А кіцель дабраўся ў якасці гуманітарнай дапамогі на адзін з агульных складоў, у швейцарскі Берн, і адтуль быў пакладзены ў адну з трох купак адзежы, амаль роўных па вазе і змешчаных у адной фуры Man, якая адвязе гэтыя купкі ў тры розныя месцы: Прагу, Варшаву і Менск.
Калі фура перасякала нямецкія землі, яна спынілася на стаянцы дальнабойнікаў за пятнаццаць кіламетраў ад Дрэздэна. Кіроўцаў было двое і яны часта змянялі адзін аднаго, але адчувалі сябе стомленымі.
Абодва сябры-дальнабойнікі набылі на стаянцы ў невялікім шапіку па братвюрсту з хлебам і гарчыцай і па куфлю піва і, зручна размясціўшыся на лаўцы побач з фурай, пачалі есці. Але іх перапыніў валацуга, мужчына сярэдніх гадоў, з сіне-чырвоным прышчом на носе, бясколернымі вачамі і нечасанымі кудламі як на галаве, так і на падбароддзі. Валацуга ведаў, што каля фураў абавязкова будзе магчымасць чым-небудзь пажывіцца.
І якое было яго здзіўленне, калі абодва дальнабойнікі на яго жаласлівую просьбу аб ежы ці матэрыяльнай дапамозе замест таго, чаго ён ад іх чакаў, дасталі з нутра машыны шэры кіцель, месцамі паедзены моллю, але вельмі цёплы і надзейны. Дальнабойнікі былі ў добрым настроі і вырашылі, што гэтай ноччу ўжо будзе прахалодна…
Валацуга Станіс, так яго клікалі, закруціўся з галавой у завялікі ваенны кіцель Георгія Мікалаевіча, героя Другой сусветнай вайны, які першым усталяваў на гамбургскую Ратушу савецкі сцяг замест фашысцкага.
І кіцель Ваяводзіна саграваў Станісавы косткі гарачым агнём, грэў таго, чый бацька, Нікас Гімелерымс, быў у час вайны літоўскім эсэсаўцам, што славіўся сваёй жорсткасцю і даслужыўся да унтэр-афіцэра. І ў першую ноч у кіцелі Станісу сніўся непраходны лес, і балоты, і самалёты, і бамбёжкі, і ён нават у сне адчуваў пах пораху, які намёртва ўеўся ў шэрую, грубую матэрыю ваеннага паліто.