Часам панкі паміраюць

сучасная беларуская проза, аўтабіяграфічная, беларуская літаратура XXI стагодьдзя, беларуская мова, тарашкевіца

(урывак)

But I’m a creep
I’m a weirdo
What the hell am I doing here?
I don’t belong here
Radiohead, «Creep»

Ці не здаецца вам, што фактычна
кожны з нас — два чалавекі:
адзін левы, другі правы?
Адзін карысны, другі ні на што не прыдатны?
Хульё Картасар, «62. Мадэль для зборкі»

Уяўныя фігуры больш выразныя і праўдзівыя, чым рэальныя.
Фэрнанду Пэсоа, «Кніга неспакою»

0

Я не хачу пераяжджаць, да падарожжаў я гатовы, да часовага побыту, ня больш за месяц, — таксама, мне ня хочацца жыць у Эўропе, я ніколі не хацеў бы трапіць у Расею, у Штаты я б паехаў працаваць. Я мог бы жыць у Аўстраліі, каля пяці гадоў, і мог бы пажыць на пэнсіі ў Шатляндыі, калі б мне дазволіла мая пэнсія. Я адчуваю, што здольны на раман з краінай, на прыгожыя дачыненьні, а потым доўгае вяртаньне дадому, сваркі, нянавісьць, стрэс, бо ня хочацца з той, якую ты гэтак любіў, аднойчы зрабіцца адно аднаму не цікавымі, стомленымі. Толькі радзіма зможа цябе прыняць такім, які ты ёсьць, і любіць зь любым настроем і целаскладам.

Я шмат дзе жыў, дыхаў паветрам вольным і ня вельмі чыстым, назіраў за суседзямі і эмігрантамі, такімі чужымі і блізкімі, за мясцовымі і карэннымі, як мае расхістаныя зубы, жыхарамі. Мяне цягне дадому, у гэты горад, у гэтую вялікую вёску, на гэтыя расколатыя двары, і мне хочацца вяртацца да сваіх ужо родных бабак каля пад’езду, і сустракаць, хоць не заўсёды ў гуморы, сваіх суседзяў — музыкаў, міліцыянтаў, інжынэраў, прадаўцоў, кіроўцаў таксі — розных, дзіўных, шаблённых, ад нараджэньня вопытных, мудрых і бадзёрых, якія звычайна без парады ці пытаньня пра жыцьцё, так проста не прапусьцяць, хоць ты дакладна ведаеш пароль дамафона і маеш ключы ад усіх замкоў.

У сваім раёне, горадзе, краіне, можна напіцца і адседзець пятнаццаць сутак за яе свабоду. Тут усё маё: мая памяць, магчымасьці, расчараваньні ды немагчымасьці, каханьні і сьмерці родных. Гэты горад — яго зямля ўтрымлівае мае эмоцыі, пачуцьці, яна ўсмактала ў свае нетры мае сьлёзы, кроў і мачу.

У гэтым двары я адначасова вялікі і мужны, і нейкі дурны і нязграбны падлетак. Я сябе адчуваю адным вялікім цэлым, складзеным з разьбітага посуду, кавалкаў мабільнага тэлефона і раскіданага адзеньня, якога я ўжо ніколі ў жыцьці не надзену.

Я нарадзіўся тут, і, зразумела, мяне яшчэ будзе закідваць у розныя месцы зямнога шару, але я ведаю, што ў маім пакоі, які ўсе сэзоны году застаецца ў цені, ахінуты пасаджаным мною бэзам пад вакном, схаваная сярод кніжных паліцаў бутэлька купажнага віна, і гэтая бутэлька ведае, што і калі рабіць: каго клікаць на другі келіх, а пра каго варта забыцца, можа толькі часова, не назаўсёды. Алькаголь дапаможа ўзважыць стомленасьць, супраць мараў усяго жыцьця.

0/7

Людзі пераяжджаюць, перамяшчаюцца зь вёсак у гарады, спальныя раёны множацца, шматпавярховыя панэлькі дублююцца, размываецца сэнс жыцьця, усе драбняцца на маленькія сямейкі, гетэрасэксуальныя і гомапары, альбо абіраюць самоту і кампутарныя гульні, зьяўляюцца даўншыфтэры і гіпстэры, вэйпэры і хайпэры, нацболы і літрболы, раёны ператвараюцца ў клоны, хтосьці з блогераў вам скажа, што гэта ня так, бо кожны новы раён стварае своеасаблівы ўнёсак, адбітак праз жыхароў і новае пакаленьне, але рэальнасьць паказвае зусім іншы бок манэты.

Акрамя гаджэтаў і новай моды, у кожным раёне застаецца той асаблівы подых, які лунае, як Дух Божы пасьля стварэньня сьвету, іманэнтны прывід, створаны праз адмысловы рознакаляровы кантынгент насельніцтва, які часта бывае шаблённым, нават — архетыповым. Дух гэты складзены з густых пахаў згатаванага абеду і вячэры, з квашанай капусты і смажанай бульбы, з пахаў тытуню, траўкі і ацэтону, які выпарваецца падчас варэньня маку. Усё ёсьць, і было, і будзе, пакуль сьвеціць сонца.

Ад усіх гэтых гарадзкіх ваколіцаў і побыту немагчыма пазбавіцца, немагчыма перабудаваць раён, перастравіць яго, пакуль не адсячэш галавы ад гэтай гідры, якая завецца кожны раз па-рознаму, але заўсёды застаецца тым самым местачковым прывідам, якому пакланяюцца, — Сьвяты воблік мінулых шчасьлівых савецкіх гадоў і яго памагаты збраяносец, п’яны супрацоўнік ЖЭСу.

Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць — панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.

Гэта як быць Гі дэ Мапасанам і праз сваю нянавісьць да Эйфэлевай вежы есьці ў яе рэстарацыі, бо гэта адзінае месца, дзе вежы не відаць, гэтак і ў маім выпадку — я жыву сярод сваіх настолькі блізка і шчыльна, што мне іх не відаць, я проста застаюся сярод сваіх пэрсанажаў для новай кнігі, мяне пачынаюць цікавіць жыхары, што побач, адно дзеля наданьня новай рысы свайму герою.

Я не эгацэнтрык і не мізантроп, магу ненавідзець, але так, па-добраму. Я ніколі нікому не зычыў сьмерці, але... Можа быць, аднойчы, калі думаў, пра тое, як было б файна назіраць, як мазгі гэтага гопніка-суседа бягуць кроплямі, апярэджваючы адна адну, як адвальваюцца невялікімі кавалачкамі ад засранай, аблупленай і сьпісанай вільготнымі жаданьнямі кісла-зялёнай сьцяны, рэшткі чэрапа.

Я неяк сядзеў дома, на краі ложка, а трэцяй ночы, і ўяўляў, як міліцыя, якую я выклікаў на гук шансону ў суседняй кватэры, падчас супрацьстаяньня і пагрозаў акуратна, высокапрафэсійна, выносіць мазгі гэтаму курдупелю. Страляе знэрваваны малады сяржант роўна і проста вышэй левай вачніцы, і галава расколваецца, і фантаны крыві, і вока левае, такое зьдзіўленае, спаўзае на шчаку.

Літаральна як у фільмах Квэнтына Тарантына, як я люблю, каб зь перабольшаньнем, з надрывам і няёмкім адценьнем скрыўленьня.

4

Упершыню Амэрыку я ўбачыў здалёк і быў зачараваны. Я бачыў, як ён мудрагеліста пляваў скрозь зубы на адлегласьць дзесяць мэтраў (мэтры лічыліся вялікімі крокамі). Раніца, празь пяць хвілінаў усіх пачнуць запускаць у школу, а вакол Амэрыкі — натоўп хлопцаў, ён усьміхаецца і харкаецца, а ўсе назіраюць, і колькі пацаноў адразу кідаюцца лічыць крокі-мэтры.

Амэрыка быў сапраўдным героем школы. Ён насіў кепку ЗША з выяваю арла, у яго былі модныя скураныя фенечкі; дзе, хто і як яму іх сплёў, прадаў ці падараваў, — невядома; ён хадзіў у школу ў гарнітуры, зусім не падобным да нашых, якія нам набывалі бацькі ў «Гандлёвым доме на Нямізе», і ў замежных прыгожых красоўках, за якія яму часта даставалася ад дырэктара.

Ён усім распавядаў, што жыў у Штатах усё жыцьцё, а цяпер, калі здарылася перабудова, бацькі прыехалі сюды, бо вырашылі, што тут былым алімпійскім чэмпіёнам лягчэй. Амэрыка нас усіх заварожваў сваёй лёгкасьцю быць нахабным і прыцягальным, уважлівым да кожнага аднаклясьніка і хамам для настаўнікаў. Амэрыка мог лёгка пазнаёміцца зь дзяўчынаю і мог лёгка закінуць «трошку» за баскетбольнай лініяй любым мячом: футбольным, баскетбольным ці валейбольным. І ён мог лёгка пасварыцца з кожным мінаком і адразу даць у вока. Нашая школа такіх кадраў ніколі ня бачыла, і зразумела, абсалютна ніхто, акрамя саміх бацькоў Амэрыкі, не разумеў, навошта яны вярнуліся сюды, у Менск.

6

Як гэта было з аўтобусам нумар 313? Мы, нашая кампанія падлеткаў, якія амаль ад нараджэння былі фанатамі менскага «Дынама», пілі «Крыжачок» і гулялі ў панкаўскія гульні кшталту «рамонка» альбо замыкаліся ў пакоі, выключалі сьвятло і харкаліся ў розныя бакі, потым уключалі сьвятло й лічылі пляўкі на сваім адзеньні й скуры, і той, хто быў больш запляваны, выйграваў. У нас не было кампутараў, мы не цікавіліся тэлевізарам, мы мала чыталі, але ў нас была нашая музыка, правілы вуліцы, уласныя законы анархіі й гісторыі.

Шмат гісторыяў, кожны з нас імкнуўся стаць майстрам аратарскай справы. Печань, так звалі аднаго з нашых, ён пераўзышоў у гісторыях усіх, распавёўшы, як п’яны гопнік піў піва й нават не заўважыў, што яму ў паўлітровую плястыкоўку па прыколе нахаркалі сопляў сябры, так ён амаль да канца й дапіў бы, але ж на апошнім глытку соплі зацягнула ў горла, і ён пачаў ванітаваць.

3

У першы дзень пасьля школьнага выпускнога я зьнік. Самым сапраўдным чынам зьнік.

Сышоў. І сышоў не абы-куды, падрыхтаваўся. Грошай, якія я назьбіраў, мусіла хапіць на доўгатэрміновае падарожжа, альбо каб дваццаць месяцаў аплачваць здымную кватэру.

Я чакаў гэтага дня. Я мог і раней зьбегчы, але мне не дазвалялі мае прынцыпы. Я быў упэўнены, што спачатку я мушу атрымаць мінімальную адукацыю, а ўжо потым уладкоўваць сваё жыцьцё.

Пачынаючы з шасьці гадоў я пракручваў у галаве плян зьнікненьня, марыў аб тым, як гэта будзе выглядаць для маці. Як яна будзе праз гэта пакутаваць, як пачне вінаваціць сябе, што кепска мяне гадавала, што не даглядала і не любіла як трэба, што я сышоў, і, можа, недзе ў падвале невядомага менскага дому ўжо нюхаю клей, ці мяне ўжо пасьпелі згвалціць і забіць.

Я ўсё разьлічыў, каб зьнікнуць: дзяцінства навучыла мяне жыць паводле ўласных правілаў і давяраць толькі сабе. Тое, што мяне забралі ў сталіцу і з шостай клясы я вучыўся і жыў прыстойней, ніж раней, ніякім чынам не адбілася на маім адчуваньні ўдзячнасьці або падсьвядомым. Мне хапіла моцы і розуму скончыць школу, сабраць заплечнік, грошы і дакумэнты, і мэтанакіравана выправіцца на чыгуначны вакзал.

Мой бліскуча пабудаваны плян зьнікненьня быў распрацаваны акурат да моманту, як я зьяўлюся на вакзале. Далей мне трэба было наважыцца на падарожжа. Я наўмысна не плянаваў месца свайго далейшага жыцьця: рамантычнасьць выпадковасьці цешыла мяне ня менш за думку пра помсту маці зьнікненьнем.

1

У кожнага пісьменьніка мусіць быць бар, свая кавярня, сваё гарадзкое месца, дзе ён будзе ствараць кнігі, разважаць і ператварацца ў мясцовы помнік, пэрсону, да якой можна дакрануцца, зь якой можна выпіць і проста пагутарыць пра надвор’е, і абавязкова, што зусім не ў традыцыях Менску, пасьля сьмерці пісьменьніка ягоны любімы бар павесіць шыльду і зробіць стол, за якім той любіў сядзець, месцам пакланеньня.

Але, яшчэ да сьмерці аўтара, гарадзкія ўлады пасьпеюць некалькі разоў зруйнаваць бар і дом з барам, і нават суседні дом-гістарычную-каштоўнасьць зьнесьці, так што ніякай памяці, акрамя гэтага тэксту, пра месца не застанецца.

Адна з сакральных роляў беларускай літаратуры — захаваньне, і гэта датычыць нават кнайпы і дому, у якім гэтая кнайпа ёсьць.

Я выбраў бар «Рукі Мадонны», абсалютна выпадкова, кіруючыся толькі блізкасьцю да дому, каб, калі ўжо так напрацуесься, што будзе складана перасоўваць ногі, ня ехаць паўвечара праз горад на таксі, але акуратна і прыгожа дапаўзьці да сваёй нары за дзесяць хвілінаў.

У першы дзень працы ў «Руках Мадонны» я выпіў два кубкі кавы, астылай і шэрай, як танны пуэр, нічога ня еў, і ўвогуле саромеўся свайго перабываньня ў гэтым месцы на працягу пяці гадзінаў, бо цадзіў каву і нічога не замаўляў, нават двухрублёвую манэту ўмудрыўся закаціць пад барную стойку, калі даваў барыста гасьцінца.

Няўклюдны і спужаны, я выйшаў у халодны горад зь вялікай, велічэзнай цеплынёй унутры ад напісаных трох няшчасных старонак кнігі.

Няшчасных, але доўгачаканых і вартых таго, каб яшчэ раз адчуць усю няёмкасьць замоваў кавы ў «Руках М.».

2

Я быў малым падшыванцам, і цягаў пад сталом котку за хвост, калі мая бабуля, сабраўшы ў садзе вялікія букеты ружаў і прывёзшы з гораду пэрсікаў, стаяла на кухні й рыхтавалася варыць з гэтага каляровага багацьця сочыва. Яна брала сваімі старымі, лядашчымі рукамі маладыя бутоны белых цнатлівых ружаў, камячыла іх скручанымі пальцамі й кідала ў вялікі рондаль, потым брала чырвоныя ружы, трушчыла й дадавала да белых скамечаных пялёсткаў, далей у кулачках сьціскала жоўтыя ружы, і таксама дадавала да астатніх, ціхенька напяваючы сабе пад нос, наразала сакавітыя пэрсікі, якія расьціскаліся пад пальцамі, як плястылін, і запаўнялі прастору салодкім пахам.

Бабуля засыпала наскрыляныя пэрсікі ў рондаль з ружамі, дадавала цукар, запальвала агонь на нямецкай газавай пліце й сядала, з абмазанай смакатой драўлянаю лыжкаю ў руцэ, на скасабочаны зэдлік. У гэты час чаканьня пакой пакрысе насычаўся пахам і чорна-белымі малюнкамі, фотаздымкамі ды стужкамі. Пра што разважала альбо марыла мая бабка? Можа быць, пра мужа, які маладым сышоў з гэтага сьвету? Можа быць, пра першы дарослы ровар, на якім яна, перакінуўшы праз раму левую нагу, круціла пэдалі ў лес. А можа быць яна, паглядаючы на мяне, думала, кім я зраблюся, калі вырасту, і ці будзе мая маці калі-небудзь мяне гадаваць, альбо гэта цяпер яе, старой жанчыны, лёс. Невядома. Адзінае можна сказаць дакладна: у гэты момант, варэньня сочыва, я пачуваўся Дома, як ніколі больш нідзе.

5

Як гэта, адкатаць дзесяць гадоў на машыне і ніводнага разу ня быць спыненым даішнікам?

Атрымаць за дзесяць гадоў толькі некалькі штрафаў ад відэарэгістрацыі за перавышэньне, і ўсё?!

Зразумела, за стырном лёгка разьнявольваесься і пачынаеш лічыць сябе калі ня Богам, то хаця б Ягоным сынам.

З такім шчасьцем варта было б у казыно хадзіць і зрываць вялікі куш. Нахабна выйграваць, але я чалавек азартны, мяне лёгка можа зацягнуць.

Калі мінае шмат гадоў беспакаранасьці, становісься сьмелым і дзёрзкім кіроўцам, якому выдалі ці ня самыя шчасьлівыя правы, ліцэнзавана дазволілі праяжджаць праз даішныя кардоны непрыкметным. Кранутым ласкаю Ўсявышняга.

І за два месяцы да заканчэньня тэрміну дзеяньня правоў, калі трэба было паклапаціцца аб іх замене на новыя, адной жнівеньскай раніцай захацелася паехаць на працу незвычайным шляхам, ня так, як заўжды, бо не вядома чаму, але так было трэба.

7

З маім суседам змагацца за цішыню немагчыма. У яго заўсёды знойдуцца два аргумэнты супраць майго пытаньня: маю права да адзінаццатай слухаць музыку любой гучнасьці, бо інакш можна лёгка атрымаць у вока.

Сваё права маёмасьці і «даць у вока» ён гэтак дбайна ахоўвае, што падыходзіць блізка да яго кватэры немагчыма, ён успрымае гэта як напад. Ён можа проста адчыніць дзьверы і кінуцца ў бойку. Суседзі-мужчыны да яго ўжо ня ходзяць. На агульных тамбурных дзьвярах — засохлыя адбіткі крыві, напамін пра тое, што лепш гэтага гопніка не чапаць нават на нэўтральнай тэрыторыі.

Цяпер да суседа пачалі хадзіць толькі суседкі, бо мужыкоў шкада. З жанчынамі ён ня б’ецца, толькі лаецца і крычыць, каб не чапалі яго і не заходзілі за межы ягонай законнай нерухомасьці.

8

Вечар, усе, каго ты ведаеш, сёньня п’юць.

П’юць у рэстарацыях, барах і на здымных кватэрах, у гасьцях і дома, у машынах і грамадзкім транспарце.

А я сяджу на зэдліку, на кухні, мяне пачынае ціха калаціць:

«Можа, схадзіць купіць выпіць?
Вельмі хочацца.
Ажно скулы зводзіць.
Альбо ня піць?
Так.
Не, ня буду сёньня піць.
Альбо буду?
Усё-ткі — не, і кропка.
Пайду павешуся!
А можа, лепей раней спаць пакласьціся.
Гэта называецца ўнутраны гандаль.
Блядзкі гандаль!
Трэба заняцца чымсьці цікавым!
Але трэба быць яшчэ і моцным, і хаця б раз на месяц ня піць!
Порна паглядзець?
Адцягнуць увагу ад думак?
Ці?..
Не!
Альбо адцягнуць увагу ад думак?!
Ня буду сёньня піць!
Вырашана!
А ў мяне, дарэчы, і міні-сэрыял з Ўудзі Аленам ёсьць.
Але калі я гляджу кіно — я п’ю. І як так, паглядзець фільм і не нажэрціся?
Трэба дачакацца дзесяці вечара... калі зачыніцца крама!
Але я бачыў, што ў майго суседа па кватэры ў лядоўні дзьве бутэлькі гарэлкі!
Пачытаць?!
Не, не атрымаецца, калі галава так пульсуе ад іншай думкі!
Зьесьці чаго смачнага?
Але я паеў гадзіну таму.
Заварыць гарбату?
Але літаральна трыццаць хвілін мінула, як я выпіў два вялікія кубкі зялёнай гарбаты!
Альбо ўсё-ткі схадзіць у краму і не ябаць сабе мозг?!
А можа, выпіць снатворнага?
Паболей!
Альбо яшчэ пасьпець схадзіць у вінны аддзел?
Жыцьцё — боль».

Прыйшоў ліст: адзін пісьменьнік прапаноўвае перакласьці пару маіх тэкстаў на адну з эўрапейскіх моваў.

Дзякуй Богу, ёсьць нагода! Я адразу пішу Тэрэзе, каб кідала ўсе справы і ехала па мяне на сваёй машыне, альбо на таксі, ня важна, тэрмінова трэба ў начнік!

Няма часу тлумачыць, усё распавяду па дарозе.

Тэрэза адказвае мне адразу.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Аднойчы мы моцна паспрачаліся пра тое, у каго даўжэйшы пісюн — у Караткевіча ці ў Быкава. Я набраў Уладзя: той назваў нейкую астранамічную лічбу і адразу ж, зразумеўшы, што мы хораша сядзім, сказаў: «Хлопцы, не разбягайцеся, бяру пляшку і лячу да вас».

Парыскі тлум мяне хутка стамляў. І тады я вяртаўся ў кватэрку на вуліцы Gravilliers, у якой другі тыдзень жыў парыскім жыцьцём, і, грымнуўшы на канапу, чытаў кнігі, балазе на паліцах іх было ўдосталь. І, што самае каштоўнае, гэта былі пераважна беларускамоўныя кнігі.

Гэты літаратурна-крытычны інструмэнт, — змаганьне з графаманамі, — быў прыдуманы, відавочна, для ўнутрывідавай барацьбы. У выніку гэтай «заточкі» мы жывём зь дзесяцьцю клясыкамі, а ўсё астатняе пайшло на сьметніцу.

Пераклад:
Макс Шчур

У сапраўднасьці ворагаў няма. Праблема менавіта ў гэтым: у гэтай гісторыі няма ворагаў: у Вэронікі няма ворагаў, у Фэрнандо няма ворагаў, ані ў Даньелі, калі не лічыць таго хлопчыка, які ў жыцьці апроч грымасаў больш нічога ня робіць.