І. Г. Крхоўскі

І. Г. Крхоўскі

J. H. Krchovský (псэўданім, у вольным перакладзе “Цьвінтарскі”; сапраўднае імя – Іржы Гасэк) нарадзіўся ў 1960 г. у Празе. Пачаў пісаць пад уплывам Эгана Бонды й праскага андэрграўнду, з дваццаці гадоў публікаваўся ў самвыдаве. З 1989 г. выдаў зь дзясятак кніг вершаў, належыць да самых чытаных і любімых чэскім народам паэтаў. Адзін зь нешматлікіх сучасных аўтараў, якія трымаюцца традыцыйнай формы. Паэзія Крхоўскага вызначаецца саркастычным тонам, наўмысна ўскладнёнай вэрсыфікацыяй, шырокім выкарыстаньнем ненарматыўнай лексікі, “нэкрарамантычнай” тэматыкай, а ў апошні час усё часьцей – самастылізацыяй. 

Пераклад:

Звон загучаў пустым саборам —
я ўстаў і болей не засну.
Зірнуў на непрыкрыты сорам:
зноў пацучынам-візыторам
пашчасьціла ў маю труну
залезьці й мне абгрызьці косьці,
пакуль у сьне чакаў я дня...
Прадвесьцем страшнага чагосьці
слых скаланула мітусьня.