(урывак з раману «Там, дзе нас няма»)
Частка трэцяя, разьдзел сёмы
Адным з найлепшых сродкаў супраць змоў ёсьць любоў насельніцтва, бо змоўца заўсёды лічыць, што, забіўшы ўладара, ён задаволіць народ; калі ж ён ведае, што гэтым толькі разьюшыць людзей, то ў яго ніколі ня хопіць мужнасьці зьдзейсьніць сваю задуму, таму што на шляху змоўцы паўстаюць незьлічоныя перашкоды. Як паказвае досьвед, з усяго мноства арганізаваных змоў вельмі нямногія дасягнулі мэты. Прычына ў тым, што змоўцу патрэбная дапамога іншых, і каб зьвярнуцца да іх, ён павінен быць упэўнены ў іхнай незадаволенасьці ўладаром. Аднак, раскрываючы свае намеры незадаволенаму сваім становішчам чалавеку, ён гэтым самым дае яму шанс тое становішча палепшыць: выдаўшы змоўцу, такі чалавек атрымае ўсё, што хоча мець. Бачачы, з аднога боку, несумненны шанс дамагчыся свайго даносам на вас, а з другога прапанаваную вамі вельмі небясьпечную й сумнеўную альтэрнатыву, такі чалавек, каб усё-ткі ўступіць з вамі ў змову, мусіць быць або сапраўды вашым нечувана адданым сябрам, або закаранелым і неўтаймоўным ворагам уладара. Карацей кажучы, на баку змоўцы няма нічога, апрача боязі, зайздрасьці й жудаснай пэрспэктывы пакараньня; на баку ўладара стаіць веліч улады, законы, магутныя сябры й дзяржава, якія яго бароняць. Калі дадаць да гэтага прыхільнасьць насельніцтва, тады ўжо немагчыма сабе ўявіць, каб хтосьці быў настолькі неабачлівы, каб арганізаваць змову.
Мак’явэлі, «Уладар»
З самай раніцы Геамэтрычна Правільная плошча рыхтавалася да сустрэчы з партыярхам Педафілам. У накірунку Плошчы Невызвольнасьці ўдоўж Рэтраградзкай шашы ўжо стаялі апранутыя ў кароткія, нягледзячы на мароз, спаднічкі два няроўныя шыхты тых самых дзяўчатак лёгкіх паводзінаў, якіх у начныя часы ільга было бачыць тут амаль у той самай вопратцы: адзіным істотным адрозьненьнем была цяперашняя адсутнасьць тлустага грыму на іхных тварах, якая зусім не ўпрыгожвала іхныя нясьвежыя абліччы. Толькі ўсьмешкі былі намаляваныя крыху больш выразна: здавалася нават, што ў некаторых зь іх куточкі вуснаў былі прымацаваныя матузкамі да вушэй.
Пасярэдзіне плошчы, пад самым помнікам Разваліцелям, буяў Фантан Вечных Сьлёз Радасьці, як быццам пралітых інфлянцкім народам з нагоды яго вызваленьня ад прыгнёту заходніх ордаў ордамі ўсходнімі. Муры будынкаў, якія ўтваралі ванітазападобны абрыс плошчы, былі высьцеленыя чырвонымі транспарантамі, за якімі было зусім не відаць вокнаў: дарма жыхары з плошчы цешыліся на дармовы выгляд на амфітэатар гісторыі. У сьнег вакол помніку Разваліцелям былі ўтыркнутыя штучныя кветкі, усюды быў панасыпаны пясок, каб партыярх Педафіл ня дай Божа не пасьлізнуўся й не разьбіў аб другарадзкі брук сваю сьветлую галаву, упрыгожаную трыма каронамі з пазалочаных церняў. Дзяржаўныя сьцягі Інфляччыны й Усярусіі, адрозныя між сабой толькі пасьлядоўнасьцю каляровых стужак і якасьцю матэрыяла, падштурхваліся даўгімі кіямі адмыслова прыстаўленых да іх жаўнераў, якія імітавалі вецер: сьцягі валтухаліся туды-сюды, быццам лялькі з анучаў, якіх спрабуюць прымусіць таньчыць ад радасьці, каб стварыць у гледачоў ілюзію сьвята.
Калгасенка акурат прыехаў на месца правядзеньня ўрачыстасьцяў і зараз пільным вокам аглядаў арэну заплянаванай гістарычнай падзеі — афіцыйнай цырымоніі заключэньня Хуніі між Інфляччынай і Ўсярусіяй. На стрэхах захіленых транспарантамі вакольных будынкаў былі разьмешчаныя добра аплочаныя й яшчэ лепей адкормленыя снайпэры ў касьцюмах фантамасаў: у прыцэлы іхных даўгіх стрэльбаў ільга было разгледзець кожную больку на Калгасенкавым носе й кожную плямку на ягоным паліто. Калгасенка агледзеўся вакол, пералічыў снайпэраў і з палёгкай уздыхнуў: зь імі, што ні кажы, было спакайней. Ён зірнуў на гадзіньнік: незалежнай Інфляччыне заставалася яшчэ якая паўгадзіна жыцьця. Хутчэй бы ўжо, хутчэй! Як там, цікава, Мазгаўнюк? Пратрымаецца ці не? Ці здолее ўтаймаваць рэшту разьятраных дэманаў? Трэба, трэба было папрасіць Педзічку аб дапамозе — але ж гонар, спадарства, гонар...
Скантраляваўшы стан бясьпекі, Калгасенка акінуў вокам натоўп, каб ацаніць ступень урачыстасьці ягонага выгляду й меру ягонай падрыхтаванасьці да адказнай ролі неабходнага тэлевізійнага фону ў тым відовішчы, якое неўзабаве пачне трансьлявацца па ўсіх трох каналах абедзьвюх краін. Твары статыстаў яго здавальнялі: у першых шэрагах былі збольшага маладыя людзі з выразам беспадстаўнага шчасьця ў абліччах — верагодна, іх альбо калгасіла ад какі, як і самога Гаспадара, альбо іх толькі што вызвалілі ад нейкага надзвычай складанага й непрыемнага іспыту. Трапляліся, праўда, і залішне заспаныя, а таксама залішне разумныя твары: Калгасенка па чарзе тыцнуў пальцам у кожны зь іх і загадаў сваім ахоўнікам, каб яны арганізавалі букет ягоных прыхільнікаў крыху больш рацыянальна.
Пасьля гэтага другі консул зьвярнуў увагу на наяўную сымболіку: з гушчара інфлянцкіх нацыянальных сьцягоў і ўсярускіх сяміканцовых крыжоў сям-там выглядалі партрэты ягоныя й ягонага брата, якія ён пазнаваў паводле чорнай стужкі ў ніжнім рагу, а таксама абразы з выявай партыярха Педафіла; некаторыя зь іх, палічыў Калгасенка, былі яўна намаляваныя нейкім нецьвярозым мастаком-абстракцыяністам. Акрамя таго, на вочы яму трапілася колькі партрэтаў, на якіх наогул быў выяўлены невядома хто: інфлянцкі кіраўнік падумаў, што гэта павінны быць выявы нейкіх невядомых яму партыярхавых сваякоў. Але гэта было б яшчэ не бяды — горш было, што ў некаторых партрэтаў, як падалося Калгасенку, бракавала вачэй, і скрозь дзіркі на іхным месцы было відаць усю Рэтраградзкую шашу ажно да самай плошчы Невызвольнасьці: здавалася, пустыя вочы партрэтаў жывуць, варочаюцца, падміргваюць і пазіраюць на Калгасенку зь нянавісьцю й дакорам. На ўсякі выпадак Калгасенка перажагнаўся, аднак гэта не дапамагло: у наступны момант ён заўважыў, што на адных плякатах бракуе літараў, а на другіх літары хаця і ўсе, але зусім іншыя, чым трэба, і стаяць яны там, дзе зусім не павінны быць. Па-над галовамі шчасных ДАДУПаўцаў ён здолеў разабраць надпісы накшталт:
НЯХАЙ Ж... УСЯРУС... Я!
СЛАВА СРАЦЫ!
НАЗАЎЖДЫ РАКАМ!
і іншую падобную вульгаршчыну. «Штосьці тут ня так,» падумаў консул. Мала таго: убаку ад агульнай масы натоўпу, на ўскрайку ходніку, гурток бедна апранутых маладых людзей нездаровага выгляду трымаў плакат зь недарэчным і цалкам незразумелым яму надпісам
БУДЗЬЦЕ ЛАБУДЫСТАМІ — ПАТРАБУЙЦЕ НЕПАТРЭБНАГА!
«Ня варта было ўсё-ткі перабіраць з какай», падумаў Калгасенка, «цяпер вось мроіцца ўсялякая дрэнь». Ён зірнуў на твар разумнейшага з сваіх ахоўнікаў, і заўважыў, што на ім таксама зьявіўся выраз недаверу й непаразуменьня. Цяпер Калгасенка зьвярнуў увагу на тое, што некаторыя студэнты ў першых шэрагах таксама цішком гігікаюць, і на іхных тварах квітнеюць нястрымныя ўсьмешкі. Усё гэта консулу зусім не спадабалася.
Разумнейшы, які ўмеў чытаць па-стараінфлянцку й адказваў за лагістычную падтрымку акцыі, неўзабаве ўцяміў, у чым прычына гэтага сьмеху, рэзкім крокам падыйшоў да Калгасенкі й зашаптаў яму штосьці на вуха. Толькі цяпер першы консул скеміў, што двухсэнсоўныя варыяцыі ў надпісах яму не прымроіліся.
—Гэй, вы! Далбаёлупні! — закрычаў ён у мікрафон, забыўшыся, што той ужо ўключаны. Цікуны ў ачапленьні, якое аддзяляла натоўп ад красавіта размаляванага памосту, месцы сустрэчы двух канцоў братняга ланцугу, інстынктыўна зрабілі паварот «кругом» і аддалі свайму гаўнакамандуючаму салют. — Я вам кажу, вам! — Калгасенка відавочна зьвяртаўся да сонных яшчэ студыёзусаў. — Што гэта? Ану, прыбярыце гэтыя плякаты! Гэта скандал! Хто адказвае за дэманстрацыю арганізацыі? Я маю на ўвазе, за арганізацыю дэманстрацыі? Капуцыновіч? Перадайце яму, што ён болей ні за што не адказвае! Зусім разбэсьціліся!.. І прыбярыце з ускрайку плошчы вунь тых дурняў — яны што, ня ў нашай пясочніцы лепленыя, ці што?
Аднак шукаць і караць вінаватых, уласна, ужо не было калі, бо тут якраз на плошчы з-за рогу вуліцы Безыменнай зьявіўся доўгачаканы картэж зь сяміканцовымі крыжамі на дзьверцах і капотах непрастрэльных аўтамабіляў, на касках жаўнераў і бáках матацыклаў: уся працэсія нагадвала матарызаваны крыжовы ход. Адным махам уключыліся ўсе тэлевізійныя камэры, пражэктары й мазгі снайпэраў на стрэхах, на адзін міг запынілася дыханьне й біцьцё сэрцаў усіх прысутных на плошчы.
—Пачынайце праграму! — шэптам закрычаў Калгасенка ў мікрафон, махаючы рукамі.
Знакаміты нязьменны дырыжор акадэмічнага аркестру тэатру Воперы й Батлейкі крылападобна ўзмахнуў рукамі, і натоўп перад сцэнай без дапамогі дынамікаў пачаў надзіва зладжана дэклямаваць інфлянцкі дзяржаўны гімн, у якім, як вядома, не было музыкі, затое былі пранікнёныя, палымяныя словы, якія зьляталі цяпер з задубелых вуснаў разам з парай:
«Інфляччына! Мая айчына!
Што сінявокая дзяўчына
Ляжыш ты на шляху стагодзьдзяў
З нагамі ўшыркі — хто ні пройдзе
Табе пашану аддае —
Мы дзеці любыя твае!»
Грымнулі фанфары: зь іхных пазалочаных жэрлаў палілася ў адмерзлыя вушы прысутных фанабэрыстая музыка ўсярускага гімну. Аўтакалёна спынілася каля сцэны: партыярх Педафіл (не бязь цяжкасьцяў, бо яму замінала нагадаванае за столькі год службы чэрава, на якім выпінаўся вялізны сяміканцовы крыж) вылез з машыны на чырвоную дывановую сьцежку, разасланую перад ім: тая вяла проста ў абдымкі да Калгасенкі. Інфлянцкі консул расхінуў рукі, нападабняючы голага чалавека на партыярхавым крыжы, і павольным крокам рушыў насустрач госьцю. Збоку магло падацца, што яны гуляюцца ў хованкі — першаму консулу не хапала толькі завязаных вачэй. Сутыкнуўшыся нарэшце пуп у нос з маленькім ад прыроды Педафілам, Калгасенка схіліўся і, як належыць, тройчы пацалаваў партыярха ў абодва вухі. Зазьзялі фотаполыскі, хтосьці працягнуў Калгасенку мікрафон, зь якім той адразу зрабіўся падобны да шоўмэна.
—Вітаем нашага высокага госьця! — заякатаў Калгасенка так, што мікрафон ажно зафаніў, а Ўсярускі партыярх пачырванеў, як што ягоны сапраўдны рост наўрад-ці дазваляў стасаваць да яго прыметнік «высокі». Тэлевізійныя камэры адзінадушна зарэгістравалі ягоны твар у гэты момант — аднак пазьней гэты кадр быў выразаны з тэлевізійнага рэпартажу цэнзурай. — Мы вельмі ўдзячныя яму, што ён прыехаў да нас, каб падзяліць з намі нашую... — Калгасенка на момант задумаўся, што варта сказаць найперш: «радасьць» (ад падпісаньня Хуніі) альбо «жалобу» (з нагоды сьмерці першага консула), і вымушаны быў закашляцца.
—Краіну? — падказаў яму хтосьці зь першага шэрагу.
—Радасьць, — вырак Калгасенка, сувора азіраючыся навокал, каб вызначыць, хто гэта такі разумны. — Нам вядома, — працягваў ён як мага больш пагрозьлівым голасам, — што ворагі народа, прадстаўнікі якіх, як мы толькі што пераканаліся, прысутнічаюць і паміж намі... — тут ён зрабіў усеабдымны, неакрэсьлена шырокі жэст, які агарнуў усю плошчу, — а дакладней кажучы, паміж вамі... — рэха разносіла ягоныя знаёмыя ўсім вісклява-хрыпатыя інтанацыі на ўвесь горад, — плянавалі сарваць урачыстую цырымонію ўзьяднаньня нашых братніх народаў! Але іхныя планы, як заўсёды, праваліліся! Таму няхай цяпер ім будзе за гэта сорамна! Ганьба!
Паслухмяны натоўп закрычаў «ганьба» — некаторыя, мабыць, палічылі, што гэты выкрык павінен быць адрасаваны самому Калгасенку альбо партыярху Педафілу, таму крычалі шчыра, ад усёй душы, так што цікунам нават прыйшлося гасіць іхны імпэт вадою з загадзя падрыхтаваных цэбараў і вадамётаў. Пасьля такога халоднага душу ДАДУПаўцы канчаткова прачнуліся й паныла прыціхлі. Надыйшоў час прывітальнай прамовы кіраўніка дзяржавы.
—Дарагія суайчыньнікі! Суграмадзяне! Сябры! — зьвярнуўся да іх Калгасенка, але не пасьпеў ён пачаць, як яму зрабілася крыху мляўка, бо ў паветры выразна адчуўся амаль невыносны смурод: яму нёс яго цяпер проста ў твар вецер з боку плошчы Невызвольнасьці, дзе генерал Мазгаўнюк якраз пускаў у ход гаўнамёты. Аднак інфлянцкі консул аднекуль знайшоў у сабе сілу зрабіць выгляд, што нічога асаблівага не адбываецца. Усьміхнуўшыся партыярху Педафілу, ён супакоіў яго: «Не хвалюйцеся, Ваша Свацейшаства, у нас тут так заўсёды», — тым часам як студэнты, цікаўныя й ахова адчайна заціснулі сабе насы, і неўзабаве ўвесь натоўп пачаў кашляць, стагнаць, пляваць і ванітаваць, зусім не зьвяртаючы ўвагу на словы Калгасенкі, які, мужна сьцяўшы сківіцы, прамаўляў далей: — На працягу апошніх трох дзён у нашай краіне і ў нашай сталіцы адбыліся неверагодныя рэчы. Як станоўчага, так і ад... адваротнага пляну. Са станоўчых неверагодных рэчаў згадаю тое, што горад працуе: за гэты тыдзень ніхто яшчэ не памёр з голаду. Таксама ўдарылі маразы, з-за чаго на вуліцах нашай любімай сталіцы памерзла даволі шмат усялякіх нячысьцікаў і алкалакаў, што дапамагло пазбавіць наш родны горад гэтай набрыдзі, — Калгасенка зрабіў паўзу на аплядысмэнты, але ніхто не аплядаваў, акрамя партыярха Педафіла, які яго зусім ня слухаў і ня ведаў, чаму аплядуе. — Але ня ўсё так бязвоблачна, як здаецца шмат каму з вас. Пазаўчора, як вам усім вядома, самым ганебным чынам, невядома кім і пры якіх абставінах, быў забіты мой старэйшы брат і суўладар, першы консул Інфляччыны Абалдуй Гегемонавіч Калгасенка, сьветлая яму памяць, — пачуўшы імя нябожчыка, Педафіл перажагнаўся. — Ягоная справа не загіне й будзе вечна жыць у нашых сэрцах.
Але гэтай трагедыі камусьці было відавочна мала! На наступны дзень у выніку добра падрыхтаванага кімсьці выбуху вадаводнай трубы па ўсім месьце нечакана зьнікла гарачая вада. Амаль адразу пасьля вады нечакана зьнік сын майго дарагога нябожчыка-брата, мой любы пляменьнік, курсант-выдатнік нашай славутай Мядзьвежай акадэміі, доктар крымінальных навук, безь пяці хвілінаў акадэмік Уладзюган Абалдуевіч Калгасенка. У сувязі з гэтым Гаспадар і ягоная, то бок мая, канцылярыя атрымалі даволі дзівацкага зьместу ананімны ліст, у якім яшчэ не спайманыя, але ўжо вядомыя нам тэрарысты патрабуюць ад нашай дзяржавы два міліёны пандэмонскіх талераў у дробных купюрах! — Натоўпам прабег здушаны стогн зайздрасьці. — Гэта ж колькі новых школ, дзіцячых садкоў, публічных бібліятэк і дамоў ільга пабудаваць на гэтыя грошы, га! Як выглядае, тэрарысты хочуць абрабаваць ня столькі мяне, колькі вас, дарагія суайчыньнікі! Але гэта яшчэ ня ўсё! Акрамя грошай, яны патрабуюць перадачы ўсёй паўнаты ўлады нейкаму самазванаму інфлянцкаму прынцу, а ў сапраўднасьці пандэмонскаму шпіёну, дывэрсанту й тэрарысту Міколу Пацукевічу, ён жа Нік Нэйм! Яны, мабыць, спадзяюцца, што гэта пацягне за сабой ідэйнае банкруцтва нашай дзяржавы, выдачу насельніцтву замежных пашпартоў, завядзеньне свабоды слова ды іншых падобных непатрэбных нам рэчаў.
Як бачыце, у бальшыні сваёй патрабаваньні тэрарыстаў ёсьць такімі ж сама абсурднымі, як і іхныя дзеяньні. Узяць, прыкладам, узгаданае патрабаваньне свабоды слова. Навошта, скажыце, патрабаваць тое, што ў нас даўно ўжо ёсьць? Доказам поўнай свабоды слова ў нашай краіне можа быць надпіс на любым паблізным плоце! Навошта тады патрабаваць такую лухту? Але й гэта яшчэ ня ўсё, дарагія суграмадзяне! Хтосьці, як я бачу, насамрэч зацікаўлены ў тым, каб скалануць падмуркі нашай маладой дэмакратыі! Гэтак, сёньня, а дзявятай гадзіне раніцы, кучка ўжо неаднаразова асуджаных хуліганаў-рэцыдывістаў арганізавала штосьці накшталт мітынгу пратэста, але я б сказаў — хутчэй нешта накшталт вайскова-спартовага гульбішча на плошчы Невызвольнасьці, з мэтай цалкам паралізаваць цэнтар места й сарваць правядзеньне афіцыйных урачыстасьцяў. Вы думаеце, што ўсё гэта — супадзеньне? Злая воля нейкага вар’ята, імя якому — гісторыя? Не, не і не! Нельга ня бачыць за ўсімі гэтымі падзеямі глыбокай прычыннай сувязі. Ня можа быць сумневу, што ўсе гэтыя злачынствы ёсьць часткай аднаго пляну, які павінен быў перашкодзіць зьяднаньню нашых брацкіх народаў у адзін народ, а нашых дзьвюх вялікіх дзяржаваў — у адну вялікую, ды што там, папросту агромністую сусьветную супэргіпэрдзяржаву.
«Хто стаіць за гэтым плянам? Га?», пытаецеся вы ў Гаспадара? Калі так, Гаспадар вам адкажа шчыра: хто ж іншы, як не спэцслужбы нашага з Усярусіяй адвечнага ворага — Пандэмоніі? Хто скінуў цэглу на галаву нашага дарагога, любімага першага консула? Хто падтрымлівае тэрарыстычныя арганізацыі, такія як Лібэртынскае войска, чые сябры рэкрутуюцца з шэрагаў жапазіцыі? Хто пазбавіў нашае дарагое места вады, як у самыя горшыя часы вайны супраць гашыстаў, якіх я, дзякуй Богу, ня памятаю? Хто зрабіў так, што нашая краіна ледзь не апынулася на парозе хаосу й татальнага банкруцтва? Вы? Ці я? Ці, можа, генэрал Мазгаўнюк? Прабачце, але нават вожыку зразумела, што ўсе гэтыя падзеі былі толькі часткай арганізаванай пандэмонскімі спэцслужбамі змовы, мэтай якой было падарваць наш грамадзкі лад, нашую народна-дэмакратычную рэспубліку, наш Дуумвірат, а потым — аднавіць манархію!
Вы думаеце, Гаспадар жартуе? Дарма вы так думаеце! Пандэмонскія спэцслужбы зладзілі гэтую змову з намерам аднавіць Імпэрыю Заходзячага Сонца, якая на працягу стагодзьдзяў прыгнятала й эксплюатавала інфлянцкі народ! Аднак памяць аб пакутах нашага люду за прыгонам не зажыла яшчэ ў нашым сэрцы! Сонца Імпэрыі Заходзячага Сонца насамрэч зайшло, прычым вельмі даўно! Мы не дапусьцім аднаўленьня манархіі! Далоў тыранію! Жыве дэмакратыя!
Усе рашуча зааплядавалі, і толькі партыярх Педафіл паглядзеў на Калгасенку зь недаверам.
—Так, шаноўныя суграмадзяне! — працягваў Калгасенка. — На пасад адноўленай імпэрыі пандэмонскія спэцслужбы спадзяваліся пасадзіць унука ейнага апошняга імпэратара, Балабола Першага, які, як вядома, быў ворагам нашага народа й гашысцкім калабарантам! Аднак нашым мужным спэцслужбам на чале з генэралам Мазгаўнюком пашасьціла раскрыць гэтую змову й арыштаваць ейнага галоўнага героя — у двукосьсі, зразумела ж — пандэмонскага шпіёна Ніка Нэйма, ён жа Мікола Пацукевіч! Вы думаеце, я прыдумляю? Што я гэта ўсё прысьніў? Ну, тады зараз, у якасьці выключэньня, а таксама ў якасьці доказу поўнай свабоды слова ў нашай дэмакратычнай краіне, мы дамо гэтую свабоду самому арганізатару змовы, узурпатару інфлянцкага трону й пандэмонскаму шпіёну — Міколу Пацукевічу. Сустракайце!
Натоўп выбухнуў натхнёнымі крыкамі — усе ўдзельнікі мітынгу насамрэч узрадаваліся магчымасьці ўбачыць жывога замежнага турыста, а тым больш шпіёна. Шэрагі Калгасенкавых ахоўнікаў на імгненьне рассунуліся, і на сцэну быў выштурхнуты Нік: ён выглядаў яшчэ больш змучана, чымся дзьве з паловай гадзіны таму і бадай зусім не разумеў нічога з таго, што адбывалася навокал. Магчыма, яму ўсё яшчэ здавалася, што ён сьпіць, таму што эсэсаўцы мусілі ўвесь час трымаць пандэмонскага супэрмэна пад рукі й тры разы даволі моцна штурхануць яго ў бок, пакуль дамагліся ад яго нейкай рэакцыі. Нарэшце да ягонага рота паднесьлі мікрафон, і інфлянцкі прынц з намогай пачаў паўтараць усё тое, што шаптаў яму на вуха агент СС, які стаяў за ягонай сьпінай:
—Шаноўныя інфлянцкія людзі... Хачу папрасіць у вас прабачэньня за тое, што я плянаваў перашкодзіць вам... зьяднацца з братнім усярускім народам... і марыў зноў накінуць на вашыя працавітыя каркі... хамут імпэрскага прыгнёту... Абяцаю, што больш так ня буду... Прызнаюся ўва ўсіх зьдзейсьненых і нязьдзейсьненых мною злачынствах... Гэта я забіў кума другога консула... Гэта я падклаў пад трубу з вадой дынаміт... Гэта я аддаў загад узяць у закладнікі Ўладзюгана Калгасенку... Яшчэ ў раньнім дзяцінстве я загарэўся нянавісьцю да вашай краіны... Праз маё інфлянцкае паходжаньня ў Пандэмоніі ў мяне разьвіўся комплекс непаўнавартасьці... Дзеці ў дзіцячым садку кпілі зь мяне й паказвалі на мяне пальцамі... Таму я быў вымушаны перавесьціся ў спэцыяльную школу для разумова адсталых хуліганаў... дзе адбылося маё канчатковае фармаваньне як асобы... Усё сваё сьвядомае жыцьцё я хацеў сьцерці Інфляччыну з мапы сьвету... Спэцслужбы нашай краіны прапанавалі мне стаць іхным агентам у вашай краіне... З гэтай нагоды я пачаў ствараць сабе алібі навукоўца... Дзеля мяне пры Нюйсбурскім хунівярзіцеце была нават створаная ілжэнавука... аб імаверах, якіх насамрэч ніколі не існавала... Дастаткова зазірнуць у любую тутэйшую бібліятэку, каб у гэтым пераканацца... Пачала распрацоўвацца штучная стараінфлянцкая мова... Нашая катэдра стала адмысловым парніком, дзе буяла... нянавісьць да вас і да вашага законна абранага кіраўніцтва... Потым нашыя спэцслужбы забясьпечылі мяне фальшывымі... грашыма й дакумэнтамі... і я быў скінуты ў вашую краіну з самалёта... Парашут пры падзеньні не раскрыўся... таму адказнасьць за ўсе зьдзейсьненыя мной злачынствы... ільга прыпісаць мазгатрусу, які я перажыў... У прысутнасьці прадстаўнікоў інфлянцкага народу, кума першага консула й кума партыярха... хачу ўрачыста адрачыся ад усялякіх прэтэнзіяў на інфлянцкі пасад... Заяўляю гэта добраахвотна і з усёй... адказнасьцю, усьведамляючы непаўторнасьць гэтага гістарычнага моманту... Заклікаю вас... падтрымаць дамову аб Хуніі паміж Інфляччынай і Ўсярусіяй... Віншую кума першага консула й кума партыярха... з гістарычным узьяднаньнем іхных дзяржаў... Мне ўсё адно, што будзе далей... Я ведаю, што павінен памерці... Мне сказалі, што мяне павесяць... на добра бачным месцы... Толькі навошта было склікаць столькі людзей... Дзе шыбеніца? Нешта я яе ня бачу... Хіба мяне памілавалі... Навошта?
—Прыбярыце яго! Выключце мікрафон! — засыкаў Калгасенка на ахову: апошніх словаў у напісаным Квазімоўскім тэксьце не было. Ніка зараз жа схапілі за рукі й пацягнулі кудысьці ўглыб памосту. Некаторыя ў натоўпе нерашуча зааплядавалі, іншыя пачалі дапытвацца ў цікуноў, калі будуць вешаць шпіёна. Цырымонія на некалькі сэкунд перапынілася. —Выбачайце, Ваша Свацейшаства, — усьміхнуўся Калгасенка партыярху Педафілу. — Накладачка атрымалася.
—Колькі яшчэ будзе працягвацца гэтая камэдыя? — незадаволена прагугнявіў партыярх Педафіл.
—Колькі трэба, столькі й будзе працягвацца,—прабуркатаў сам сабе пад нос Калгасенка, а ўголас сказаў: — Усё павінна быць у адпаведнасьці з рэглямэнтам, самі ж разумееце... Вы думаеце, так проста стварыць ілюзію легітымнасьці?
—Дзе мая кніга? — змрочна пацікавіўся партыярх, не зьвяртаючы ўвагі на Калгасенкавы словы. Калгасенка зрабіў выгляд, што не пачуў ягонага пытаньня, і зноўку павярнуўся да мікрафону:
—Шаноўная грамада! — узвысіў ён голас, жэстам заклікаючы натоўп да цярплівасьці й паслухмянасьці. — Надыходзіць гістарычны момант! Нашымі хаўрускімі ўсярусьнікамі... от, птамаць... усярускімі хаўрусьнікамі й намі... адначасова й незалежна адзін ад аднаго было прынятае гістарычнае рашэньне аб юрыдычнай ліквідацыі нашай краіны! Сёньня паміж мной і партыярхам Педафілам будзе падпісаная чарговая ў нашай гісторыі Хунія, але гэтым разам ужо, мля буду, апошняя! Сёньня, другога сьнежня гэтага года, Інфляччына як палітычнае ўтварэньне канчаткова перастае існаваць і сыходзіць на заслужаны вечны адпачынак! Гэты дзень, мае дарагія суайчыньнікі, увойдзе ў гісторыю нашай дарагой бацькаўшчыны як найвялікшае сьвята! Такое рашэньне, як вы разумееце, ёсьць у цяперашнім крытычным становішчы неабходным. Іншага выйсьця папросту няма!
У якасьці падарунку дарагія ўсярускія браты далі нам вялізны крэдыт у выглядзе двух батальёнаў спэцыяльных вайсковых аддзелаў! Неўзабаве яны белымі анёламі спусьцяцца на засьнежаныя стрэхі нашага гораду... Радуймася, сябры мае! Людзі ў белых халатах канчаткова вылечаць нас ад пачуцьця нацыянальнай фанабэрыі й надуманай адметнасьці! Больш ня будзе марных дэманстрацыяў і праліцьця крыві на вуліцах: дэманстрацыі ня будуць мець найменшага сэнсу! Больш ня будзе бясконцых і бясплённых нарадаў аб патрэбе стварэньня музыкі для дзяржаўнага гімну! Ня будзе дарагаёмістых і пакутлівых псэўдавыбараў псэўдакіраўніка псэўдадзяржавы! Братняя акупацыя назаўсёды вызваліць нас ад доўгіх стагодзьдзяў ганебнага існаваньня ў якасьці марыянэткавага дзяржаўнага ўтварэньня! Ура-а-а-а!
Натоўп, дзіўным чынам, чамусьці ніяк не адрэагаваў на ягоны заклік. Клянучы ў думках кума Капуцыновіча й ягоную поўную няздольнасьць арганізаваць сваіх людзей, Калгасенка працягваў чытаць з падрыхтаванай Квазімоўскім паперкі:
—З нагоды падпісаньня інфлянцка-ўсярускай Хуніі і ў сувязі з надыходам Новага году абвяшчаецца ўсеагульная гамністыя! Усе вязьні нашых астрогаў нястрогага рэжыму й лягероў працоўнага адпачынку атрымаюць у падарунак яшчэ адзін год адсідкі! — пачуўшы гэтыя словы, усе цікуны энэргічна зааплядавалі. — А цяпер, Ваша Свацейшаства, — працягваў вішчаць хрыпатым і ўжо сарваным голасам Калгасенка, які столькі не крычаў яшчэ ніколі ў жыцьці, нават на Мазгаўнюка, — вып’ем на брудэршафт! У якасьці праявы салідарнасьці з намі прысутны тут квет нашай моладзі зьпячатае гэты гістарычны акт пячаткай найбольш масавага ў гісторыі сьвету пацалунку, пасьля чаго будзе ўрачысты банкет, а ўвечары — салют і танцы! Жыве Хунія! Ура-а-а!..
На большае Калгасенку ўжо не хапіла: ён пахіліўся, схапіўся за сэрца, абапёрся аб хісткі мікрафон, матлянуўся зь ім у адзін бок, у другі — і грымнуўся ўніз са сцэны на аздобленыя рагамі каскі ахоўнікаў. Агульны крык жаху, цяпер ужо апошні, узьняўся па-над местам і разьдзёр, быццам рытуальны нож, вантробы зімовага дня: хмары разышліся, і зь іх на шчасны натоўп лінула няшчырае зімовае сонца.
1999-2004
(У 2004 годзе рукапіс раману быў уганараваны прэміяй Янкі Юхнаўца.)