Ігруля

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

*

Настаўнік сьмярдзіць потам і адэкалёнам. Гэты пах застанецца ў Дзянісавай памяці надоўга. Яшчэ праз гады, перад самым выпускным, учуўшы яго на аўтобусным прыпынку, ён спытаецца ў сябра-аднаклясьніка: «Памятаеш, як мы хадзілі да Настаўніка?» Той пацісьне плячыма: «А то ж. Натуральна, памятаю. Столькі часу змарнавалі! Як доўга мы туды хадзілі?» «Недзе з другой па шостую клясу. Ці па сёмую?» «Па сёмую». «Калі падумаць, яшчэ зусім нядаўна». «Так, ажно ня верыцца...»

*

Настаўнік музыкі па клясе акардэона больш падобны да ваенрука, чым да музыкі. Гэта здаравенны мужык гадоў трыццаці пяці, каротка стрыжаны, з тоўстым каркам, тоўстым шчаціністым падбародзьдзем, тоўстымі губамі і тоўстым носам, паўнаваты — пачынае расьці жывот. Самае тоўстае ў Настаўніку — гэта ягоныя пальцы, для якіх клявіятура яўна зацесная. Прынамсі, калі Настаўнік грае, то часта зачапляе суседнія ноты. На адным з пальцаў у Настаўніка залатая пячатка, зь якою перагукаецца залаты ланцужок на потнай шыі ды пераміргваецца залаты зуб у роце. Голас у Настаўніка гучны, зычны, камандзірскі — мог бы працаваць опэрным сьпеваком, а не акардэаністам. Улюбёнае слова Настаўніка — «ігруля». Гэтак ён называе вучняў, якія яго ня слухаюцца і «лажаюць». У некаторыя дні Настаўнік асабліва любіць пакрычаць, ажно пацее і чырванее. У такіх выпадках зь ягонага рота заўжды сьмярдзіць перагарам.

*

Дзяніс трапіў да Настаўніка па ўласнай дурасьці. Неяк на шостыя ці сёмыя народзіны яму падаравалі маленькі акардэончык, і ён на сваю бяду сам навучыўся на ім граць. Сьпярша нейкую дзіцячую мэлёдыю накшталт «Кузьнечыка», пасьля нават нешта, што «прыдумаў сам» — прынамсі, гэтак ён з гонарам паведаміў маці. Тая зірнула на яго з падазрэньнем: каб у сыне драмаў будучы віртуоз? З таго часу да яе прычапілася думка аддаць сына ў музычную школу — для пачатку ў музычную студыю пры раённым Доме культуры, так званым «клюбе». Бо ўсё адно «чымсьці трэба займацца», сказала маці, «проста хадзіць у школу мала, туды і дурні ходзяць». «Займацца» азначала для яе рабіць штосьці пад чыімсьці наглядам і кіраўніцтвам, ні ў якім разе не самастойна, бо «так спакайней». То бок чытаньне кніжак за «занятак» не лічылася. Такім чынам маці пайшла і як заўжды ўпрасіла Настаўніка ўзяць Дзяніса да сябе, адначасова зарана і запозна: на год раней за звычайны век, і на месяц пазьней за пачатак заняткаў. Дзяніс сабою ганарыўся: цяпер ён ня просты вундэркінд, а будзе яшчэ і віртуозам! А ўсяго празь некалькі месяцаў яму купілі сапраўдны, дарагі «дарослы» акардэон.

*

Найбольш падабаецца Дзянісу сама дарога ў клюб. Гэта два аўтобусныя прыпынкі, якія Дзяніс заўжды праходзіць пешкі і ніколі не праяжджае аўтобусам. Аўтобус ходзіць ня так і часта, і пакуль ён яго дачакаецца, даўно ўжо дойдзе да клюбу сам. Дарога вядзе міма гандёвага цэнтру, душы жыцьця раёну, з бочкамі піва і квасу ўлетку і проста алкашамі ў астатні час, міма інтэрнатаў-маласямеек, міма некалькіх цахоў хімзаводу. Гэта зь левага боку асфальтавай дарогі-вуліцы, па якім і ідзе Дзяніс. З правага боку — рэдкія сосны і за імі дамы. Дзянісу хацелася б ісьці па правым баку, але гэта значыла б лішні раз пераходзіць дарогу, чаго ня раяць рабіць бацькі. Таму ён паслухмяна ходзіць па левым. Ідзе ён павольна, як мага павальней — гадзіньніка ў яго няма, але ён ведае, што пасьпявае. Замест гадзіньніка ў яго маці, якая ведае, калі яму трэба выходзіць. Пры гэтым, на жаль, часта здараецца, што Дзяніс па дарозе задумваецца і прыходзіць на занятак са спазьненьнем. Тады Настаўнік злуецца. Пра што Дзяніс задумваецца? Ды пра што заўгодна. Пра нядаўна прачытаную кнігу фантастыкі, пра гутаркі зь сябрамі, пра футбол. Толькі не пра музыку, натуральна.

*

Дзяніс не асабліва разумее, навошта ходзіць да Настаўніка. Але ходзіць ня толькі ён, ходзяць і іншыя з клясу. Адзін хлопчык і адна дзяўчынка, праўда, на піяніна. І з паралельнага клясу яшчэ адзін хлопчык. Таксама Дзяніс ходзіць туды таму, што так хоча маці. Маці, вядома, хоча яму дабра. Яна ведае, што ейны сын мае нейкі талент, а самы прыўкрасны талент — гэта, вядома, музычны, і маці вельмі хочацца, каб сын яго меў. Наагул, у клюб ходзіць шмат дзяцей, але яны ходзяць на нармалёвыя заняткі: гэта значыць, да Жоры. Жора — грузін і душа мікрараёну. Хлопцы ходзяць да яго на вольную барацьбу, а дзяўчаты на футбол. Дзяніс быў у яго на першым уроку па барацьбе, яму спадабалася, але расклад яму не пасаваў, бо заняткі адбываліся адначасова з музычнай студыяй. Такім чынам, Дзяніс мусіў застацца на акардэоне, бо ў яго ўжо ўбухалі грошы. Яшчэ старэйшыя хлопцы і дзяўчаты ходзяць на стральбу з луку. Навучыцца страляць з луку, як Робін Гуд! Быць як сапраўдны герой! Многія героі ў гісторыі стралялі з луку, або ўмелі барукацца, або гулялі ў футбол — але ніводнага героя, які граў на акардэоне, Дзяніс прыпомніць ня можа.

*

Да Настаўніка рэгулярна ходзяць вучні, а яшчэ незнаёмая маладая жанчына — калі адна, калі і з маленькім дзіцём, яшчэ немаўлём. Невядома, адкуль яна, і ці ёсьць у яе муж. Дзянісу чамусьці здаецца, што ёсьць. Натуральна, жанчына ходзіць да Настаўніка не вучыцца музыцы. Звычайна, калі заходзіць Дзяніс, яны сядзяць за сталом і нешта абмяркоўваюць. Але Дзяніс заходзіць не заўжды. Час ад часу яму даводзіцца чакаць на калідоры, пакуль іхнае сумоўе скончыцца. Часам нават ён прыходзіць і знаходзіць дзьверы ў кабінет замкнутымі — калі пагрукаць, то хвілін празь пяць адтуль выходзіць сьпярша крыху ўскудлачаная жанчына, гэтым разам безь дзіцяці, а за ёю крыху ўскудлачаны і злосны Настаўнік. Бывае так, што груканьне не дапамагае: дзьверы кабінэта так і застаюцца замкнёнымі, хаця Дзяніс ведае, што за дзьвярыма нехта ёсьць, і не адзін. Тады Дзяніс закідвае на плячо за матузок кардонную папку з нотамі і порсьценька шуруе дадому, баючыся, каб Настаўнік ня скончыў свае заняткі з жанчынай раней часу, не адамкнуў дзьверы і не паклікаў Дзяніса займацца.

*

З заняткаў у студыі Дзянісу падабаецца сальфэджа і музычная літаратура. На іх ён ніколі не спазьняецца і заўсёды да іх рыхтуецца. Іх вядзе не Настаўнік, а сымпатычная гжэчная пані гадоў сарака, кучаравая бляндынка з бародаўкай і ў акулярах. Цягам уроку Дзяніс зазірае пад парту і разглядае ейныя ногі ў высокіх адзіночных панчохах. Імкнецца дасягнуць позіркам ажно туды, дзе сканчаецца панчоха і пачынаецца загадкавае невядома што. Аднойчы настаўніца заўважыла гэтую ягоную цікаўнасьць і тут жа сьцяла ногі. Дзяніс счырванеў: ён быў упэўнены, што настаўніца яго зараз заб’е. Падняўшы вінаватыя вочы, ён убачыў, што настаўніца ўсьміхаецца. Ягонаму зьдзіўленьню не было межаў. Яна зразумела, што ён ня меў на ўвазе нічога благога! Дарослыя так рэдка разумеюць дзяцей. З таго часу Дзяніс яшчэ больш палюбіў настаўніцу. Яна грала яму на піяніна ўрыўкі з Моцарта і Вэрдзі, расказвала цікавыя гісторыі з жыцьця кампазытараў-рамантыкаў. Аднак пры ўсёй сваёй любові да яе і ейнага прадмету Дзяніс чытаць ноты так і не навучыўся — для гэтага ён залішне цікавіўся настаўніччынымі нагамі.

*

Апрача ўрокаў акардэону, Настаўнік зарабляе граньнем на вясельлях. Відавочна, яму гэтага не хапае, бо Настаўнік вечна незадаволены жыцьцём. Пры гэтым у настаўніка ёсьць машына, дом, жонка і дзеці, ён апрануты і абуты ў тое, што называюць «фірмой», у яго залаты зуб, залаты пярсьцёнак і залаты ланцужок на шыі, як у «крутога». Часам Настаўнік задуменна пазірае ў вакно або доўга размаўляе па «казённым» тэлефоне, не зважаючы на Дзянісаву прысутнасьць. Дзяніс для яго — пустое месца. Што ён можа разумець, гэты малы? Тым ня менш, Дзяніс слухае і разумее ня так і мала. Прынамсі, пра Настаўніка ён пасьля году заняткаў ведае яўна болей, чым думае сам Настаўнік.

*

«Ігруля!», крычыць на Дзяніса Настаўнік і б’е яго рукой па пальцах. Пальцы балюча ўдараюцца аб клявіятуру. Дзяніс маўчыць. Раней ён плакаў, бо любіў Настаўніка, але цяпер маўчыць, таму што яго ненавідзіць. «Ігруля» значыць, што Дзяніс недарэка і ня мае ніякага таленту. Што ён зноў дома не практыкаваўся, не вучыў п’есу. «Я забыўся», кажа Дзяніс. На гэты раз ён хлусіць. Раней ён сапраўды забываўся, але цяпер ня хоча развучваць п’есаў наўмысна. Маці наракае, што ён абляніўся. Дзяніс адчувае, што маці таксама баіцца Настаўніка, таму і выконвае ягоныя загады, каб яму спадабацца. Дзяніс маці не баіцца, але пабойваецца. Таму ўсё ж час ад часу прымушае сябе пайграць на акардэоне хоць паўгадзінкі, каб яе пацешыць. Калі маці радуецца, радуецца і Дзяніс. Натуральна, не ад саміх па сабе музычных п’есаў, якія яму не да спадобы. Яны здаюцца яму залішне складанымі і недастаткова прыгожымі. Адзіная п’еса для акардэону, якая Дзянісу (і маці) калі падабалася, быў вальс «Пад небам Парыжа», але той ён ужо некалькі гадоў ня йграе, бо вальс для Настаўніка «надта просты, для пачаткоўцаў». У сувязі з гэтым выказваньнем у Дзяніса ўпершыню зьявілася падазрэньне, што Настаўнік — ідыёт і не разумее ў музыцы ні халеры.

*

Самы шчасьлівы для Дзяніса момант — гэта калі заняткаў няма. Гэта значыць, што цягам наступнай гадзіны можна рабіць што заўгодна. Або вярнуцца дамоў і пасьпець паглядзець па тэлевізары сэрыял пра капітана Клоса, або застацца на вуліцы і пагуляць у «квадрат» з хлопцамі ці паскакаць у «клясыкі» зь дзяўчатамі. Пазьней у жыцьці гэты момант адмены чаканага пакараньня стане для Дзяніса архетыпам шчасьця, і ён заўжды будзе вышукваць гэтае адчуваньне ў выкананьні ўсіх сваіх далейшых абавязкаў — адчуваньне шчасьця ад пазбаўленьня абавязкаў. Ад раптоўнай зьмены прадвызначанага раскладу, калі ў ім зьяўляецца так званая «фортка», аддушына, пустэча ў часе, якую можна запоўніць чым падабаецца. Цэлая гадзіна! У жыцьці гарадзкога дзіцяці іх ня так і шмат. Гэта ж вам не на вёсцы ў бабулі ў летку, дзе часу — хоць адбаўляй. І, адпаведна, шчасьця.

*

Здараецца, што ў Настаўніка бывае добры настрой, і тады ён не крычыць, як рэзаны, і не злуецца на Дзяніса за памылкі ў ягонай ігры. Тады ён нагадвае таго ўсьмешлівага Настаўніка, якога Дзяніс убачыў упершыню. Ён выслухвае Дзяніса, не перапыняючы яго пасьля кожнага такту і не б’ючы яго па пальцах, круціць галавой, крыху ўшчувае яго за недакладнасьці, і нават хваліць яго, маўляў «відаць, што ты займаўся». Калі Настаўнік зусім у гуморы, ён здольны нават сам узяць акардэон і «збацаць» для Дзяніса некалькі падкрэсьлена складаных нумароў, кшталту «Палёта чмяля» Рымскага-Корсакава ці «Вугорскага танцу» Брамса. У такія моманты Дзяніс разумее, што Настаўнік, нават калі ён не заўжды трапляе па клявішах — гэта недасяжны бог, і вельмі спадзяецца, што наступным разам, праз тыдзень ці праз два дні, Настаўнік зноў будзе такім жа мілым і ветлым, як сёньня, і што зноў на акардэоне будзе граць ён, а не Дзяніс. Але так, на жаль, не бывае ніколі.

*

Да Настаўніка Дзяніс вытрымаў хадзіць усяго тры гады. То бок, сышоў з музычнай студыі на год раней, чым меркавалася. Фактычна, уцёк. Сказаў маці, што нізавошта ў жыцьці больш да гэтага прыдурка ня пойдзе. Маці гаравала. Яна хацела, каб сын атрымаў сярэднюю музычную адукацыю. Праз год, пасьля таго, як Настаўніка звольнілі, Дзяніс вярнуўся, згадаў сёе-тое з ігры на акардэон і атрымаў-такі «корачку» — пасьведчаньне аб заканчэньні музычнай студыі. Аддаў яго маці і больш на яго ня глянуў. На выніковым канцэрце не выступаў, акардэону дома не адкрываў. Калі аднойчы на матчыну просьбу (да іх прыйшлі госьці) ён усё ж такі яго адкрыў, то выявілася, што з усяго рэпэртуару музычнай школы памятае толькі вальс «Пад небам Парыжа» — ягоны і матчын улюбёны. «Корачка», дарэчы, таксама недзе згубілася, да вялікага Дзянісавага задавальненьня і матчынага няшчасьця. Неўзабаве пасьля гэтага Дзяніс сяк-так навучыўся граць на гітары — пагана, але прынамсі сам, — і стварыў з аднаклясьнікамі свой першы рок-гурт.

31.10.2020

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

— Хто, Гегемонавіч? — пацікавіўся змрочны Мазгаўнюк.
— А хто ж яшчэ можа быць? Кум твой прыпісчаны, называецца кумандант горада! Трубу ў іх прарвала!
— Ізноў усё гаўном заплыве, — уздыхнуў Мазгаўнюк.
— Ды не — гэтым разам з вадою, птамаць... Ва ўсім горадзе вады ня будзе да панядзелку. Ні гарачай, ні халоднай. Балазе хоць сьнегу нападала.
— На тэрарыстаў сьпішам, — прапанаваў Мазгаўнюк.

—І што ж мне цяпер рабіць? Што ж я цяпер партыярху Педафілу перад усім народам падару, ціамат? — Гаспадар прыкінуўся задуменным. — Так ён мне душу з гэтаю кнігай даставаў...

—Сраку яму цяпер пацалуй, свайму Педафілу, — прабуркатаў сабе пад нос незадаволены Мазгаўнюк.

—Сраку, кажаш? — зірнуў на яго другі консул. — Гэта думка. Хаця гэта лепей адкласьці на неафіцыйную частку, я лічу...

—Хай рабуюць, не да іх зараз! Грошай сабе мы заўжды надрукуем, — адмахнуўся Мазгаўнюк. — Якія яшчэ навіны?
—Калгасенка на провадзе.
—Што, павесіўся? Ну, нарэшце...
—Ды не, здаецца — гаварыць з вамі хоча...
—А-а, птамаць! — зароў Мазгаўнюк. — Давай сюды!

У якасьці падарунку дарагія ўсярускія браты далі нам вялізны крэдыт у выглядзе двух батальёнаў спэцыяльных вайсковых аддзелаў! Неўзабаве яны белымі анёламі спусьцяцца на засьнежаныя стрэхі нашага гораду... Радуймася, сябры мае! Людзі ў белых халатах канчаткова вылечаць нас ад пачуцьця нацыянальнай фанабэрыі й надуманай адметнасьці! Братняя акупацыя назаўсёды вызваліць нас ад доўгіх стагодзьдзяў ганебнага існаваньня ў якасьці марыянэткавага дзяржаўнага ўтварэньня! Ура-а-а-а!