На прыёме ў Калгасенкі

сучасная беларуская проза па-беларуску, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

(урывак з раману «Там, дзе нас няма»)

Частка першая, разьдзел чацьвёрты

Кіраваў у нас адзін кароль, памяць аб якім мы захоўваем з асаблівай пашанай — ня дзеля нейкага забабону, а таму што ў ім, сьмяротным чалавеку, мы бачым прыладу боскай задумы. Імя ягонае было Соламона, і ён лічыцца заканадаўцам нашай краіны. Гаспадар гэты меў сэрца невычэрпнае дабрыні; і мэту свайго жыцьця бачыў адзіна ў тым, каб зрабіць нашую краіну й народ шчаснымі. Убачыўшы, наколькі багатая нашая зямля, і што яна здольная пракарміць наш народ без дапамогі чужынцаў, бо мае пяць тысячаў шэсьцьсот міляў узьбярэжжа й рэдкасна плённую глебу амаль усюды... і наколькі пануюць у нашай краіне шчасьце й дабрабыт; і колькі існуе шляхоў пагоршаньня гэтага становішча, тым часам як наўрад-ці ільга знайсьці хоць адзін спосаб ягонага паляпшэньня — вырашыў ён, што для зьдзяйсьненьня ягонай шляхотнай мэты... варта адно толькі зрабіць гэты стан дабрабыту вечным. Таму ў лік выданых ім асноўных законаў нашай дзяржавы ўлучыў ён забароны, датычныя наведваньня нашай краіны іншаземцамі... Падобны закон аб нядопуску чужынцаў спрадвеку й па сёньняшні дзень існуе ў Кітаі... Што датычыцца нашых падарожжаў у чужыя краіны, дык наш заканадаўца палічыў неабходным забараніць іх цалкам.

Бэйкан, «Новая Атлянтыда»

— Заходзь, заходзь... — сказаў шырачэзным, нібыта пастка прыкрытым вусамі ротам магутны чалавек у чорным сьпінжаку. Зьлёгку пачырванеўшы, ён узьняўся з-за таго канца стала й адразу ж працягнуў руку ва Ўладзевым накірунку. «Дык вось які ён, дзядзька!» — падумаў пляменьнік без захапленьня. «Адзін у адзін як бацька, толькі жывы.» Уладзя не сьпяшаўся ўхапіцца за валасатую руку свойскай падтрымкі, працягнутую яму ў знак ці то замірэньня, ці то спачуваньня, а замест гэтага ўважліва разглядаў самага блізкага цяпер для яго пасьля маці чалавека. Падобны да трэнера па барацьбе, дый яшчэ з выцягнутай наперад рукою, дзядзька рыхтык нагадваў уласны помнік, ня так даўно ўсталяваны яму ў роднай вёсцы, на якім было напісана «Прашу мяне падтрымаць», толькі што быў ня з бронзы, а хутчэй з воску, і ў пяць разоў меншы. Уладзі чамусьці раптам уявілася, што перад ім зусім ня дзядзька, а цень ягонага бацькі-нябожчыка, і ад гэтай думкі яму адразу зрабілася горача, боязна й ніякавата. Ягоны позірк упаў на два агромністыя партрэты за дзядзькавай сьпіной, якія адрозьніваліся між сабою толькі перацягнутай чорнай стужкай на тым зь іх, што быў бліжэй да вакна. Абодва браты-блізьняты бязьлітасна сьвідравалі сваймі аднолькава глыбокімі кардоннымі вачыма падсьвядомасьць злачынцаў, якія штодзённа ступалі на парог вялізнага консульскага габінэта. Але Ўладзю позірк на партрэце са стужкай падаўся цёплым, чулым, бацькоўскім — тым часам як позірк другога партрэта быў напружаны, халодны, разьлічаны на танны эфэкт. Пад гэтым позіркам упершыню ў жыцьці Ўладзя адчуў сябе сапраўдным сіратой. Заўважыўшы, што Ўладзя глядзіць на партрэт поўнымі сьлёз вачыма й пры гэтым інтэнсіўна сьціскае кулакі, дзядзька імгненна зьмяніўся ў твары, а ягоная ветлая ўсьмешка абвісла на краёх, як вусы. Ён наважыўся закашляць, прыкрываючы рот потнай даланёй, якая толькі што беспасьпяхова спрабавала намацаць у пустэчы перад сабою Ўладзеву руку з намерам выцягнуць яго зь бездані няёмкага маўчаньня.

— Мня, — сказаў дзядзька са ўздыхам, калі высокі хрыпаты струмень ягонага сапраўднага голасу прабіўся нарэшце скрозь кашаль. — Што зробіш...

Урачысты прыём, ужо здавалася, быў канчаткова сапсаваны, калі Ўладзя раптам кінуўся на дзядзьку з голасным крыкам галоднага канібала, ускочыў з нагамі на ягоны пісьмовы стол і адчайна сьціснуў ягоную шыю ў моцным мужчынскім абдымку. Дзядзька яшчэ пасьпеў інстынктыўна адскочыць назад, ад боязі напружыўшы ўсе свае цягліцы: — Ну, ну, — прахрыпеў ён. — Го... — Ён быў, дзякуй богу, дужэйшы-такі за свайго парывістага сваяка. — Годзе... — Пляменьнік, аднак, учапіўся ў яго бы клешч, не адпускаючы. — Ну, ну... — дзядзька паступова перамагаў, адрываючы ад сябе заплаканага дзецючыну. — Расчуліўся, бач... Як маленькі! Уладзька, ну ты што! Ты ж мяне задушыш!

— Заб’ю! — закрычала дзядзьку ў твар да непазнавальнасьці перакрыўленая і ўся мокрая ад сьлёз галава пляменьніка, якая памерам, выразам, зьместам, поўнай адсутнасьцю валасоў і частковай адсутнасьцю зубоў была падобная да галавы нованароджанага немаўлятка-мутанта з зоны агульнанацыянальнай катастрофы. — Я іх заб’ю, дзядзечка! Усіх, гадаў, пазабіваю! Усіх заб’ю!

— Ну, ня трэба ўжо так, ня трэба... — стагнаў дзядзька, нібыта спрабуючы паправіць з-пад Уладзевых рук гальштук, тым часам як ліхаманкава імкнуўся намацаць каленам пад сталом чырвоную кнопку для выкліканьня аховы. — Навошта аддавацца, браттымой, паніцы... — Нарэшце, у яго атрымалася скінуць са сваёй шыі дакучлівага пляменьніка, і ён уздыхнуў вальней. — Напалохаў ты мяне, Уладзька. Я ўжо думаў, у цябе прыступ які, дапамогу клікаць давядзецца... хуткую... Ну, дык раскажы: як твая вучоба?

— Ат, — Уладзя зьлез са стала й цяпер спрабаваў усьміхнуцца, выціраючы рукавамі сьлёзы. — Як заўсёды.

— Ну чаму як заўсёды? Мэдаль вунь, бачу, нейкі... Што ж ты не пахвалісься?

— Ды гэта ўсім давалі... Пасьля той дэманстрацыі...

— Якой дэманстрацыі?

— Ды гамадрылаўскай...

— А! Пасьля гей-параду? І ты там быў? От, малайчына! А я гляджу, што на ім срака намаляваная... І дубец у ёй гумовы тырчыць... Файна зрабілі, малайцы. Добра, Уладзік, добра ім трэба было ўлупіць, гэтым дэманам!

— Дык улупілі ж... Яны, між іншым, асабліва й не супраціўляліся...

Уладзя быў зусім ня ў тым гуморы, каб распавядаць зараз дзядзьку аб сваіх подзьвігах. Яго непасрэдна цікавіла толькі адно: калі ён зойме сваё месца ў бацькавым крэсьле, якое, паводле канстытуцыі, павінна зараз належаць яму. Аднак ён быў у дзядзькі ўпершыню й наогул ня ведаў, як пачаць аб гэтым гаворку. Дзядзька таксама, здаецца, ня ведаў, аб чым ільга размаўляць з пляменьнікам, курсантам Мядзьведжай акадэміі, які сядзеў перад ім на крэсьле, па-мужчынску шырока расставіўшы ногі, і маўкліва азіраўся навокал, разглядаючы габінэт.

Пах у габінэце нагадваў музей, аднак паколькі Ўладзя ў музеі ніколі ня быў, ён ня мог гэтага заўважыць. Фатэлі былі шырачэзныя, яўна не прызначаныя людзям з хударлявым целаскладам, але чамусьці ўсе розныя, як быццам іх хутка панацягалі з вакольных дамоў, антыкварных крамаў ці мэблявых сэканд-гэндаў. Гэта было, несумнеўна, вынікам дзядзькавай ашчаднасьці й нежаданьня марнаваць грошы падаткаплацельшчыкаў на ўсялякую там раскошу. Дый колькі яму ўжо там засталося прабыць на консульскай пасадзе! Трэба сілкаваць нядаўна адкрыты ананімны банкаўскі рахунак, зьбіраць сродкі на ўцёкі ў далёкія краіны, дзе ільга правесьці апошнія трыццаць-сорак гадоў жыцьця ні аб чым не турбуючыся, у штучным выраі багацеяў са ўсяго сьвету. Бацька, памятае Ўладзя, таксама калісьці казаў, што гэтая краіна для іх з братам — толькі гульнёвы аўтамат, штосьці накшталт трампліну куды-небудзь за акіян, гнуткай дошкі, ад якой ільга адштурхнуцца й скочыць у ціхі блакітны басэйн, ня робячы пырскаў ані шуму. Але дзеля таго, каб гэты скачок ня быў скачком у бездань, варта паклапаціцца яшчэ аб адным: аб сваім наступніку, які здолеў бы забясьпечыць дзядзьку надзейны тыл і бесклапотную старасьць. Дзяцей дзядзька ня меў, з жонкай ня жыў — дый нашто яму: у яго тут, пэўна, такі гарэм! — так што Ўладзя зь нецярплівасьцю чакаў свайго абвяшчэньня афіцыйным наступнікам і ўжо ўяўляў сабе, як добра будзе пачувацца на дзядзькавым месцы. Гэтае адчуваньне ўласнай значнасьці, якая нечакана ўзрасла з бацькавай сьмерцю, вельмі яму падабалася. Ён быў упэўнены, што дзядзька паклікаў яго зараз да сябе менавіта дзеля гэтай размовы. Не спачуваньні ж выклікаць ён яму зьбіраецца, канец канцоў! Хоча, відаць, каб падвучыўся, паглядзеў, як працаваць трэба, набраўся досьведу. Краінай кіраваць — гэта табе не хухры-мухры, як казаў бацька. Да бацькі яго ўжо сёньня вадзілі. Абалдуй Калгасенка ляжаў у труне й шчасьліва ўсьміхаўся, як быццам памерці было ягоным апошнім няспраўджаным у гэтым сьвеце жаданьнем, і вось цяпер гэтае жаданьне — якое наўрад-ці было толькі ягоным — нарэшце спраўдзілася. Перад гэтым Уладзя бачыў бацьку якія два гады таму, калі той, яшчэ жывы, заяжджаў у вёску наведаць маці, зь якой ужо доўгі час ня жыў. Тады бацька прывёз Уладзіку ў падарунак аўтамат, бранежылет і каску, каб сын не баяўся адзін хадзіць па вуліцах. Безумоўна, да такога шыкоўнага рыцарскага рыштунку быў патрэбны добры конь, і ў якасьці каня бацька падараваў сыну яшчэ й матацыкл, пасьля чаго Ўладзя пачаў адчуваць сябе сапраўдным рыцарам парадку. Чаму, спытаецеся вы, бацька не падараваў сыну лепей адразу машыну? Таму што гэта было б надзвычай неарыгінальна, як што машыну Ўладзя атрымліваў на дзень нараджэньня кожны год.

Трэба сказаць, што бацькава сьмерць сталася для Ўладзі нечаканасьцю й зусім зьбіла яго з панталыку. Упершыню за ўсё жыцьцё ён задаў сабе пытаньне, што цяпер будзе зь іхнай краінай. Удвух браты Калгасенкі былі неадольныя, іх баяўся ўвесь сьвет — асабліва калі яны былі нападпітку й пачыналі сварыцца між сабою, пагражаючы зноў падзяліць Інфляччыну на дзьве гістарычныя паловы, адна зь якіх адыйшла б да Падляччыны, а другая да Ўсярусіі, што азначала б нечуванае парушэньне геапалітычнай раўнавагі ўва ўсім рэгіёне. Таму ў сувязі з бацькавай сьмерцю кіраўнікі ўсіх дзяржаваў сьвету даслалі дзядзьку гурбу спачуваньняў на адрас інфлянцкага народу — хаця можа ўсё было й наадварот, і гурба спачуваньняў інфлянцкаму народу прыйшла на дзядзькаў адрас, але гэта ня так істотна. Спачуваньні ў асноўным тычыліся таго, што забілі толькі аднаго з братоў, а не абодвух — што яшчэ раз пацьвярджала варожае стаўленьне замежных дзяржаваў да маленькай, але ганарыстай Інфляччыны. Цяпер увесь цяжар дзяржаўнае ўлады лёг на аднаго дзядзьку, і невядома, ці вытрымае ён яго, ці ўправіцца. Дзядзькава шырокая сьпіна быццам угнулася ад невыноснай страты, пад вачыма ў яго, адзначыў Уладзя, зьявіліся чорныя мяхі. І гэта цяпер, калі айчына ў небясьпецы, хмары згусьціліся па-над ейнай сталіцай, з-за чаго яму патрэбна быць удвая больш пільным, удвая больш рашучым і энэргічным. «Ці змагу я ў такі крытычны момант замяніць яму бацьку? — думаў Уладзя. — І ці зможа ён замяніць мне бацьку? Але я веру, што разам мы адпомсьцім забойцам. Хай ведаюць: ад нас яны нікуды ня дзенуцца.»

— А як у вас тут? — сьмела пацікавіўся ён. — Знайшлі арганізатараў?

— Чаго?

— Ну — замаху.

— Шукаем, — няпэўна адказаў дзядзька, пераводзячы вочы з аднаго кута габінэта ў другі, пры гэтым не спыняючыся імі на Ўладзі. — Пакуль што знайшлі толькі крайняга. Павесілі на яго сьледзтва. Паабяцалі самога павесіць, калі ня знойдзе.

— А хто крайні? — пацікавіўся Ўладзя.

— У нас толькі адзін крайні: загадчык ягонай асабістай аховы, генэрал Мазгаўнюк. Цяпер ужо былы загадчык.

— Мазгаўнюк? — У міністра нутраных справаў Інфляччыны, Уладзевага найвышэйшага шэфа, таксама было такое прозьвішча. — А дзе ён зараз? — ня мог супакоіцца Ўладзя.

— А гэта мы вось зараз і высьветлім. Не хвалюйся, — дзядзька загадкава заўсьміхаўся і рушыў да стала, соваючы шыяй у розныя бакі, з-за чаго ягоныя косьці захрумсьцелі, як сьвежасмажаныя шкваркі. Ён падыйшоў да тэлефона, усунуў тоўсты палец у дзірку на дыску, якая была яму замалая, бы той шлюбны пярсьцёнак, які ён з гэтай прычыны не насіў, тры разы крутануў лічбай нуль, маўляў запускаючы нейкі старажытны прымітыўны мэханізм, дзіцячую забаўлянку, потым павярнуўся тварам да пляменьніка й бязвыразна ў яго ўтаропіўся — нават хутчэй не ў яго, а ў тое месца, дзе выпадкова знаходзіўся Ўладзя, якога дзядзька быццам наогул ня бачыў. Аксамітную цішыню габінэту працяў далёкі гудок. Пакуль у слухаўцы гуло, верашчала й трэскала, дзядзька так і стаяў, не міргаючы, і нерухома глядзеў Уладзю нават ня ў вочы, а скрозь вочы адразу ў мазгі, спрабуючы вычытаць у іх хоць адну вартую ўвагі думку. Пры гэтым выраз дзядзькавага твару быў амаль такі сама пагрозьлівы, як на партрэце за ягонай сьпіной, і быў адрасаваны ўсім — і нікому канкрэтна.

— Алё! — закрычаў ён у слухаўку. — Алё, птамаць! Мазгаўнюк! — свойская лаянка з вуснаў усемагутнага дзядзькі прыемна лашчыла Ўладзева вуха. — Чуеш? Зараз жа сюды! Гаспадар кліча! Куды-куды, да мяне, куды! У габінэт, куды ж яшчэ! У цябе што, іншы які гаспадар ёсьць? Быў! Быў, ды няма! Бач ты яго, двум панам сабака! Ану жвава мне! — дзядзька ізноў расчырванеўся й моцна націснуў двума пальцамі на ражкі тэлефону, быццам на горла сьмяротнага ворага. — Даўбаёлупень, — стрымана прашаптаў ён і тут жа зноў павярнуўся да Ўладзі, неяк змушана ўсьміхаючыся. Той насьцярожыўся.

— Зараз прыйдзе, — пракашляў дзядзька, выціраючы пот з ілба і вусоў вышыванай насоўкай.

Уладзя хітануў галавой у знак згоды. Дзядзька сеў на сваё звычайнае месца ўсенароднага кіраўніка нейкі надзвычай расхваляваны і ўсходжаны — здавалася, зараз ён мусіць задаць страшэннага пытля першаму, хто зьявіцца ў дзьвярох. Уладзю хацелася неяк падтрымаць яго, маўляў, так-так, увалі яму, як належыць — ды ён ня мог знайсьці адпаведных словаў, каб выказаць свае думкі ўслых. Дзядзька ўсё гойсаў у крэсьле, нэрвуючыся й раз-пораз спадылба пазіраючы на Ўладзю. «Спытаў бы ён што хаця», падумаў той. Аднак дзядзька быў, відаць, не зусім у гуморы, таму маўчаньне працягвалася. Уладзя пазіраў навокал, разглядаючы паперы, два шэрагі крэслаў, фіранкі на вялізных вокнах. «Не да мяне яму ўсё-ткі,» вырашыў Уладзя. «Трэба было сустрэцца дома, не на працы.»

Не пасьпеў ён гэтак падумаць, як дзьверы нарэшце адчыніліся і ў габінэт уляцеў успацелы мужычок сярэдняга росту ў генэральскім мундзіры і з папкай, якога Ўладзя дагэтуль ніколі ня бачыў: з усяго разгону ён шпурнуў папку проста дзядзьку на стол, і пакуль тая нібыта па барнай дошцы сьлізгала па доўгім паліраваным стале ў дзядзькавым кірунку, не вітаючыся пракамэнтаваў: — Бюджэт на наступны год. Падпішы, бо сёньня прыняць павінны.

Уладзя быў літаральна агаломшаны зьяўленьнем мужыка й ягонымі паводзінамі. Грэблівым поглядам, які доўжыўся значна меней сэкунды, мужык скоса зірнуў на Ўладзю ня толькі без павагі, але й без цікавасьці. Між тым дзядзька рахмана ўзьняў бровы й запытаўся ў мужыка ня вельмі ўпэўненым голасам: — Заробак узьнялі?

Мужык кіўнуў галавой, як падалося Ўладзю — раздражнёна: — Усё ўзьнялі. Падаткі, дадаткі, выдаткі на абарону, як ты казаў, кошты і ўсё такое. Падпісвай, няма там чаго чытаць.

— От ужо! — абурыўся дзядзька. — От, Мазгаўнюк, браттымой, от ужо мне дзе! Бач ты яго! — нарэшце дзядзька, здавалася, вырашыў-такі паказаць, хто тут хто, але Мазгаўнюк (як выявілася, былы загадчык бацькавай аховы і міністар нутраных справаў насамрэч былі адной і той самай асобай) не зьмяніў патрабавальнага выразу свайго ў іншым невыразнага твару, толькі крышку схіліў галаву наперад і апусьціў вочы, нібыта сьцінаючы ў жалезны кулак сваю бязьмежную цярплівасьць. Але хваля дзядзькавай незадаволенасьці хутка прайшла й ператварылася ў жарт: дзядзька быў адыходлівы.

— Усё табе сьпех! — порсьценька падпісваючы бюджэт, надзіва спагадліва заўсьміхаўся ён скрозь вусы таму, каго пару хвілінаў таму назваў у ягоную адсутнасьць «даўбаёлупнем». — Вунь, між іншым, і пляменьнік мой тут, Уладзік, сын нябожчыка-брата, дарэчы, пазнаёмся... Вось, Уладзя: гэта мая правая рука, так бы мовіць, апірышча... Хаця я павінен быў бы казаць левая — я ж леварукі... Карацей, гэта выканаўца абавязкаў першага намесьніка, Мазгаўнюк. Мы зь ім разам Мядзьведжую акадэмію сканчалі. Першы быў пасьля бацькі твайго. Цяпер проста — першы.

Уладзя неахвотна прыўзьняўся з крэсла, каб паціснуць Мазгаўнюку руку, адылі паціснуў яе, мабыць, для ягонага курсанцкага рангу замоцна, яшчэ й зазіраючы партрэтным позіркам Мазгаўнюку ў вочы — той аж скрывіўся.

— Падобны да цябе, што сказаць, — зрабіў выснову генэрал, павярнуўшы галаву ў дзядзькаў бок яшчэ да таго, як патрапіў выдраць руку з Уладзевай клюшні. — Падпісаў канец канцоў?

— Я да бацькі свайго падобны, — скрозь зубы працадзіў Уладзя й зірнуў на Мазгаўнюковы залатыя пагоны: ягоныя вочы загарэліся зайздрасьцю. — Дарэчы, як там з забойцамі, кум генэрал-маёр?

— Забойцаў хапае, — двухсэнсоўна адказаў Мазгаўнюк, якому пытаньне відавочна спадабалася яшчэ меней за самога Ўладзю.

— Я маю на ўвазе забойцаў майго бацькі, — удакладніў Уладзя.

Мазгаўнюк крыва ўсьміхнуўся. — А хто табе наогул сказаў, што твой бацька быў забіты? — спытаўся ён амаль зьдзекліва. — Асабіста я прыхільнік вэрсіі няшчаснага здарэньня.

Кроў ударыла Ўладзю ў галаву ад гэтых словаў, і ўваччу ў яго пацямнела. Ды што ён тут вярзе? Ці не сказалі ўчора па тэлевізіі, што бацьку забілі тэрарысты, нанятыя агентамі замежных спэцслужбаў? Забілі ганебна — ударам цэглы, скінутай з даху суседняга дома, на самым пярэдадні выбараў, калі ўжо кожнаму было ясна: нехта з братоў Калгасенкаў павінен перамагчы. Канечне, паколькі кандыдатаў апроч бацькі й дзядзькі больш не было, Уладзя падтрымліваў, натуральна ж, бацьку, і нават паставіў на яго ўсю сваю акадэмічную стыпенсію за апошні месяц — але цяпер ужо было ўсё адно, ягоныя грошы незваротна прапалі, бо ўчора ўночы выбары былі скасаваныя, у краіне ўвялі ўзмоцненае надзвычайнае становішча, была абвешчаная нацыянальная жалоба й нават гамністыя парушальнікам правілаў вулічнага руху. Як усе гэтыя катастрафічныя рэчы маглі быць наступствамі ўсяго толькі няшчаснага здарэньня, уявіць было немагчыма. Таму пасьля словаў Мазгаўнюка Ўладзя адразу здагадаўся, што гэта ён сам стаіць на чале здрадніцкай змовы ў вышэйшых колах дзяржаўнай улады: Уладзю адразу захацелася выкрыць яго й арыштаваць, а потым судзіць і павесіць — не, нават лепш утапіць.

Сапраўды, хітрамудрую Мазгаўнюкову дэмагогію было агідна слухаць: — Няма чаго было твайму бацьку рабіць — проці ночы на будоўлю езьдзіць! Казаў я яму, што дах у яго не дароблены, хутка паедзе. Не паслухаўся...

Уладзевы вочы наліліся чырваньню. Заўважыўшы гэта, дзядзька шпаркім крокам наблізіўся да Мазгаўнюка, незаўважна ўшчыкнуў яго за локаць і голасна зашаптаў: — Ты што, Ахламонавіч? Пры дзіцяці? Пасаромся! Ён ужо не маленькі, яму можна й праўду ведаць...

— Праўду? — Мазгаўнюк зьдзіўлена вырачыў вочы на Калгасенку, і той незаўважна яму падміргнуў:

— Ты што яго, за дурня трымаеш? Гэта ж Калгасенка! Скажы ўжо лепей, што не злавілі пакуль паскуднікаў, дый годзе...

— Не злавілі! — перабіў яго Мазгаўнюк, які быў несхавана злосны. — Лёгка сказаць! А ты пайдзі злаві!

— Я злаўлю! — ледзь не са сьлязьмі ў голасе пракрычаў Уладзя. — Я іх злаўлю й во гэтымі во рукамі задушу! А чаго я ў цікуны пайшоў? У Акадэмію? Вы што думаеце? Я няздольны? Я да іх да ўсіх дабяруся, як бы высока яны не сядзелі! Хоць на даху, хоць яшчэ дзе!

— Ну, годзе, годзе, мужыкі, супакойцеся, ня варта з-за такой драбязы... з-за нейкіх там мярзотнікаў, я хацеў сказаць, сварыцца, — дзядзька выцягнуў аднекуль тры брудныя шклянкі й пачатую бутэльку пякучкі хатняга вырабу. — Давайце во, паводле звычаю, вып’ем за супакой братавай душы, за Ўладзікаў прыезд, за бюджэт...

— Нехта казаў, на працы больш ня п’ем, — пахмурна заўважыў Мазгаўнюк.

— Ат, ну вот што ты зноў, Ахламонавіч! Сірата да дзядзькі ў госьці прыехаў, а ты!...

— Ты не забывайся, Гегемонавіч, да цябе яшчэ сёньня друк прыйдзе.

— Бач ты яго, як мне сёньня шанцуе! А які друг?

— Ня друг, кажу, а друк. Прэса, значыцца.

— Прэса? А, то гэта зусім іншая справа! А я ўжо думаў, які друг...

— Друг? У цябе? Адкуль?

— Як адкуль? Адусюль... А то — прэса! Прэсы няма чаго баяцца.

— Але, можа, піць усё-ткі ня трэба?

— От! Што тут піць! Дый калі, ты мне скажы, я з прэсай цьвярозы размаўляў? Яны ж самі трубяць, як коні ваду... А якая хоць прэса? Замежная? Ці можа, самвыдаў?

— Ды не, нашая. Афіцыйная.

— Ат, афіцыйная! Знайшоў мне прэсу! Пачакае. Перанясём з такой нагоды на заўтра. Давай, Уладзя... Мазгаўнючокс! Па адной, і ўсё!

— Я ня п’ю, я за рулём.

— От, будзеш за рулём, дык за рулём і вып’еш! А пакуль ты не за рулём, то давай. За рулём! А я што — не за рулём? Я, можна сказаць, у руля! Краінай кіраваць — гэта табе не хухры-мухры! Правільна я кажу, Уладзік?

— Правільна.

— Ну, то каб ня ўмёрлі.

Каўтанулі. Уладзіку гарэлка чамусьці не пайшла. Толькі пачалі маўчаць у гонар нябожчыка, як заверашчаў тэлефон.

— От што ты там, як рэзаны! — дзядзька пабег да апарату. — Пачакаць ужо ня могуць... Алё! Хто? Ну здароў, здароў. Што здарылася? А божа ж мой! Ну ўсё. Капцы. Га? Яшчэ не капцы? Як не капцы? Табе, я кажу, капцы. Га? Не, не жартую. Я табе казаў, яшчэ адно няшчаснае здарэньне — бывай кумандатура. Казаў? Ну, то ўсё. Пад суд пойдзеш, як міленькі. Запяку. Га? Эмігруй, эмігруй! Ідзі ў сраку наогул са сваёй эміграцыяй! Эмігрант! Крацін! — дзядзька бразнуў слухаўкай. — Зусім жартаў не разумеюць, во людзі!

— Хто, Гегемонавіч? — пацікавіўся змрочны Мазгаўнюк.

— А хто ж яшчэ можа быць? Кум твой прыпісчаны, называецца кумандант горада! Трубу ў іх прарвала!

— Ізноў усё гаўном заплыве, — уздыхнуў Мазгаўнюк.

— Ды не — гэтым разам з вадою, птамаць... Ва ўсім горадзе вады ня будзе да панядзелку. Ні гарачай, ні халоднай. Балазе хоць сьнегу нападала.

— На тэрарыстаў сьпішам, — прапанаваў Мазгаўнюк.

— А што ж тут яшчэ зробіш? Каб ён ужо дзе, той твой кум, задушыўся! То ў яго трубу прарве, то ў яго вязьні па мэтро разьбягуцца, то яшчэ што, ну ці ты такое дзе чуў? Судзіць трэба кума твайго, далібог, судзіць!

— Калі ўсіх судзіць, не зь яго пачынаць трэба, — адзначыў Мазгаўнюк.

Дзядзьку гэтая фраза яўна не спадабалася.

— Дык зь цябе тады й пачнём, як будзеш мне тут шмат трыньдзець! — паабяцаў ён Мазгаўнюку. — Давай, Уладзік, вып’ем з табою, дабра ня будзе... Эмігрую, кажа! Ты чуў, га? Бач! Эмігруе ён! А пазыкі дзяржаве вяртаць хто будзе? Сусед па камэры? Не, ня будзе ў гэтай краіне дабра...

Трэба адзначыць, што ў гэты момант Уладзя мімаволі стаў сьведкам унікальнага выпадку, калі ягоны дзядзька, незаўважна для самога сябе, сказаў праўду, бо дабра ў выніку дзесяцігадовага гаспадараньня братоў-Калгасенкаў засталося ў краіне сапраўды вельмі мала: большасьць дабра была пераведзеная на іхнае ймя на ўжо ўзгаданы ананімны банкаўскі рахунак у адной яўропскай краіне. Таму прадказаньне Абакулы Калгасенкі наконт таго, што пад канец ягонага кіраваньня дабра ў краіне ня будзе зусім, як ніколі дагэтуль мела пад сабою важкае абгрунтаваньне.

— А бацька, дарэчы, запавет напісаў? — пацікавіўся Ўладзя, прынюхваючыся да гарэлкі.

— А то не! — ажывіўся дзядзька. — Канечне, напісаў. Вялікі быў чалавек, твой бацька, скажу я табе: усё дзяржаве пакінуў. Гэта значыцца, мне, — пры гэтых словах дзядзька неяк нядобра зарагатаў і каўтануў гарэлку рэзка, ледзьве не праглынуўшы шклянку, а потым гэтаксама ж рэзка занюхаў яе вусамі.

— «Уся-А зямля-А прЫ-ня-лАААА...» — засьпяваў ён раптам чыста пастаўленым воперным барытонам нястарную ўсенародную песьню. — Пойдзеш з намі сёньня на воперу, Уладзя?

— На апэрацыю, у сэньсе? — пераспытаў Уладзя.

— На воперу, кажу! Усё табе апэрацыя... Як, ты яшчэ ня выпіў? — абурыўся дзядзька. — Не зразумеў, што за дзятлы такія! Давай, давай, Уладзічак, не глядзі! А то хіба закадзіраваўся? Паедзеце во зараз зь дзядзькам Мазгаўнявічусам на месца здарэньня, сяго-таго арыштуеце для парадку, складзяце пратакол. Пісаць жа ўмееш?

— У Акадэміі сказалі навучаць. Пакуль яшчэ не дайшлі...

— Ну, усё адно, паглядзіш, як пратакол пішацца. Паедзь, на горад паглядзіш... Гатоў?

— Яссссна! — цьвёрда пагадзіўся Ўладзя, у другі раз пазбаўляючы шклянку ейнага пякучага зьмесьціва. — Заўсссёды гатоў.

— То й згода! І за гэта трэба, я лічу... Давай з табой яшчэ, Уладзік, на брудэршафт, ды паедзеце...

Уладзя быў ня ў стане адмовіцца. Узяўшы зь дзядзькавых пальцаў шклянку, ён у трэці раз паднёс брыдкае рэчыва да носу. Нутро ягонае аж скаланула ад смуроду. Яны счапіліся рукамі, нібы два танцоры, вадкасьць палілася ў іх, роўнамерна зьнікаючы ў аднолькава зьмястоўных целах. Мазгаўнюк ня мог на іх налюбавацца з-пад насупленых броваў. Ізноў яны абняліся: дзядзька моцна прыціснуў да сябе Ўладзіка й тройчы пацалаваў. Аддыхаўшыся, дадаў:

— Можаш зваць мяне цяпер проста татам, — адылі заўважыўшы, што ва Ўладзі ўваччу зьявіўся цень сумневу, выправіўся: — Альбо лепш будзе дзядзя тата. Татка ўсё-ткі ў цябе быў адзін... — дзядзька прыкінуўся, што стрымлівае сьлёзы. — Трэба, я вось думаю, аддаць цябе, Уладзя, дзядзьку Мазгаўнявічусу ў дзядзькаваньне. Традыцыя ў нас ёсьць такая нацыянальная. Часовы асабісты дагляд, іначай кажучы. Пяроймеш у яго крыху працоўнага досьведу, ён цябе якім прафэсійным штукам навучыць... Га, Мазгаўнюк? Ты ня супраць?

— Ды куды ён мне! У мяне часу няма! Прыдумаў ты, Гегемонавіч!

— А што? Уладзік во згаджаецца, ты яму спадабаўся, бачу... Разам будзеце змагацца з тэрарыстамі — праўда ж, Уладзя? Так што ты, Мазгаўнюк, павінен зрабіць зь яго сам ведаеш каго, — дзядзька сьціснуў узьнятую руку ў кулак і патрос ім у паветры. — Каб хлапец пайшоў па сьлядах ягонага бацькі!

Мазгаўнюк уздыхнуў, паціснуўшы плячыма: — Ну, калі гэта загад...

— Гэта — не загад! — паправіў яго дзядзька, уздымаючы палец угару. — Гэта чыста чалавечая просьба. Пільнуй мне хлапца. Мала нас засталося ўсё-ткі, Калгасенкаў... — дзядзька замаркоціўся, адсунуў крэсла, прысеў на яго й выкалупаў з куточка вока сьлязу — хаця, магчыма, гэта была й каза з носа, Уладзя нядобра разгледзеў.

— А яшчэ я вырашыў, Уладзік, новы тытул прыняць, — з уздыхам сказаў дзядзька Абакула, як быццам хтосьці сілком прымушаў яго прыняць новы тытул. — Бацька твой быў Вялікі Комтур, і паводле закону я павінен быў бы зараз пераняць ягоныя паўнамоцтвы. Але не хачу, з павагі да нябожчыка, адразу сядаць на ягонае цёплае месца. Ну ды разумееш. Усе мы, так бы мовіць, людзі. Таму я вырашыў узяць сабе новы тытул: Гаспадар. А? Як табе? Гучыць, га? О то ж і я кажу — гучыць. І адпавядае гістарычным традыцыям.

— А чаму бацьку маўзалей не паставілі? — крыху пакрыўджана запытаўся пасьмялелы пасьля гарэлкі Ўладзя.

— Га? — быццам падскочыў Калгасенка. — Маўзалей? Грошай няма, Уладзічак. Апошняе прадаем, каб з пазыкамі з-за мяжы разьлічыцца. У-у, скапіталісты клятыя! Зь імі тут ужо хутка й жывому ня будзе дзе голаў прыхіліць, ня тое што — нябожчыку... Бацьку твайму ўжо, бадай, усё адно. Яго ўжо чакае толькі адзін суд — апошні. А вось у нас з Мазгаўном, можа, яшчэ колькі перадапошніх будзе... Але ня меней страшных. Га, Мазгаўнючок? Ды што зробіш... Пашанцавала чалавеку. У сьвятыя яго залічым, дзень сьмерці сьвятам абвясьцім — думаю, гэтага дастаткова. Хаваць будзем за грошы вернікаў. Лепш за ўсё дома, у нашай вёсцы — згодна зь ягонай апошняй воляй. Тут не хачу рабіць, бо столькі людзей на хаўтуры прыйдзе — Мазгаўнюк во з бройлерамі рады ня дадуць... Дый нашто нам масавыя маніфэстацыі, мы людзі сьціплыя. Лепей паломніцтвы да ягонай магілы адразу потым арганізуем — пабачыш як турысты папруць! Дабрабыт роднай вёскі уздымаць неяк трэба ж?

— Угу, — прамыкаў сумны Ўладзя: яму ўсё-ткі хацелася, каб бацьку пахавалі ў сталіцы.

— Во дык і я ж кажу. Што ўжо зробіш... Быў чалавек — няма чалавека. Во жыцьцё... — памаўчалі. — Ну, то што, па апошняй? Па апошняй! — дзядзька разьліў паліва сваёй думкі па брудных шклянках. — Дый дапіваць трэба.

Уладзя зноў зірнуў на бацькаў партрэт і яму здалося, што бацька яму падміргнуў. Уладзя сьцяў у кулаку шклянку й мужна зашпурнуў ейнае зьмесьціва сабе ў горла.

— А калі мы паедзем забойцаў шукаць? — спытаўся ён, не пасьпеўшы яшчэ як сьлед аддыхацца.

— Чаго іх шукаць, — буркатнуў сабе пад нос Мазгаўнюк. — Іх усюды поўна. Дарэчы, Гегемонавіч, што рабіць з Пацукевічам?

— Ты яго на канфідэнцыйную размову са мной запрашаў?

— Запрашаў.

— А ён што?

— Адмовіўся.

— От, паразіт! Гаспадар яго на канфідэнцыйную размову запрашае, а ён адмаўляецца! — дзядзька пачухаў патыліцу, але нядоўга, бо мыўся толькі пазаўчора. — Значыць, застаецца толькі адно: прывезьці сілком.

— А хто такі Пацукевіч? — запытаўся Ўладзя, каб не маўчаць.

— Ат, турыст адзін... З Пандэмоніі...

— А што такое Пандэмонія? — запытаўся Ўладзя.

Дзядзька строга на яго зірнуў.

— У цябе што па агеаграфіі? Га?

— Агеаграфію ў акадэміях адмянілі, — паведаміў Мазгаўнюк. — Спэцыялістаў няма. Дый часу шмат займае.

— Пандэмонія, Уладзік, — пачаў цярпліва тлумачыць пляменьніку дзядзька, — гэта такая краіна за акіянам. Наш сьмяротны вораг. Ведаеш, колькі ў іх грошай? У-ў! У іх там рабочы ў месяц столькі зарабляе, колькі ў нас дарожны інспэктар за тыдзень! Скажы — хіба гэта справядліва? Скапіталісты! Гэта азначае, што ў іх там усё за грошы.

Як толькі Ўладзя пачуў аб тым, што Пандэмонія — сьмяротны вораг Інфляччыны, у галаву яму прыйшла цікавая думка:

— А можа, гэта ён?

— Хто — ён?

— Ну, той турыст... Замах на бацьку арганізаваў.

Мазгаўнюк ледзь здолеў стрымаць усьмешку. Дзядзька задуменна паглядзеў на Ўладзіка, зрабіў колькі крокаў, як быццам адмерваў дыстанцыю зь якой будзе лепей ва Ўладзю стрэліць. Пры гэтым ягоны рот быў прыкрыты ягонай валасатай рукой.

— Цікавая вэрсія, — нарэшце сказаў ён. — Такой у нас яшчэ не было. З гэтага магло б атрымацца неблагое алібі...

— Дзядзя Абакула, а што такое алібі?

— Ат, Уладзік, адчапіся, якая табе розьніца... Не, але сапраўды! Я б сказаў нават, цудоўная вэрсія! Як ты лічыш, Мазгаўняўскас? — з гэтымі словамі Калгасенка зноў падміргнуў свайму падначаленаму.

— Доказаў няма, — абыякава сказаў Мазгаўнюк, якога відочна не крануў дзядзькаў імпэт.

— А калі ў нас былі доказы? — зьдзівіўся дзядзька. — Я што, хіба, катаваньне адмяняў? Здаецца, яшчэ ад часоў геніялісімуса Кобальта адзіным вартым даверу доказам лічыцца добраахвотнае прызнаньне — так ці не? Так. А як спатрэбіцца, будуць і доказы. І наогул, я ж не казаў «судзіць», я ж казаў «арыштаваць». Не судзіце, дый не судзімы будзеце — ці як там, Уладзік? Правільна я кажу? Гэта якраз тое, што нам трэба. Не хапала яшчэ, каб нас судзілі! У нас і бяз гэтага праблемаў хапае. Ну, то давайце вып’ем за гэтую справу...

— Ды мне ўсё адно, толькі каб вайны з Пандэмоніяй не было, — заўважыў Мазгаўнюк.

— Гляньце вы на яго! — пакпіў дзядзька. — О дзе мне ўжо міратворца! А яшчэ міністар абароны! А вось нам вайна ня страшная, праўда Ўладзька?

— А чым ты зь імі ваяваць будзеш, Аляксандар ты Вялікі? — пакрыўдзіўся на дзядзьку Мазгаўнюк. — Амаль усю зброю ж распрадалі! Нават у гэтым во пісталеце толькі дзьве кулі засталося. — А чаму толькі дзьве? — ня ўцяміў дзядзька.

— Ну, як — адна табе, другая сабе...

Калгасенка зірнуў на Мазгаўнюка позіркам, у якім выразна чыталася сур’ёзная вымова.

— Мне — ня трэба. Можаш во Ўладзіку пакінуць.

— У мяне свой! — ганарыста крыкнуў Уладзя, дастаючы пісталет. — Поўны! У мяне на ўсіх хопіць! Нават на таго, Пацукевіча!

Пасьля гэтых словаў дзядзька крыху адсунуўся ад Уладзі й зрабіў нейкі знак Мазгаўнюку.

— Ну, то хопіць бавіцца, — гучна вымавіў той і неласкава падштурхнуў Уладзю да дзьвярэй. — Пайшлі давай. Сьпяшаемся, працы шмат. Ну, Гегемонавіч, бывай здаровы. Месца сустрэчы зьмяніць нельга: у дзевяць на «Вясельлі Підароў».

— На вясельлі підароў? — не зразумеў Уладзя: ісьці на вясельле да підароў яму не хацелася.

— Ат, хлопча, гэта вопера так называецца, — махнуў дзядзька рукой, усьміхаючыся. — Малы ты яшчэ, шмат чаго ня ведаеш... Ну, шчасьліва! Бывайце здаровенькія!

Дзьверы нарэшце зачыніліся. Некаторы час дзядзька сядзеў нерухома, быццам у ім скончыліся батарэйкі, потым рэзка ачуняў, нібы хто яму штосьці крыкнуў на самае вуха, і нецярпліва палез у ніжнюю скрыню стала, дзе ў яго былі асабістыя назапашваньні какі. Узяўшы крышку белага пылу на лязо свайго кішэннага сьцізорыку, ён раўненька разьмеркаваў яго ў дзьве сьцяжынкі на паліраваным як шкло стале, потым скруціў зь нейкага дзяржаўнага акту дудачку, прыставіў яе да адной наздры, жух, потым да другой, тое самае. Пасьля гэтага ён рэзка адкінуўся ў фатэлі на колцах, які крануўся й паехаў у накірунку вакна.

— аааа — АААА... — прастагнаў ён. — Нектар і амброзія. Страва багоў. Проста «Тарас на Парашы».

Пакуль дзядзька такім чынам фіксаваўся, Уладзя з Мазгаўнюком выйшлі ў даўгі калідор і даволі шпарка рушылі па ім направа, моўчкі. Праз колькі крокаў Мазгаўнюк раптам спыніўся, на момант нібы задумаўся, потым зьвярнуўся да Ўладзі: — Ты тут пастой хвілінку, я зараз прыду, — і накіраваўся да шырокіх белых дзьвярэй зь літарай М, за якімі зьнік. Уладзя агледзеўся: калідор быў цёмны, даўгі й вузкі, сям-там асьветлены цьмяным жоўтым сьвятлом. Падлога была схаваная пад дарагім чырвоным дываном: хацелася ўпасьці на яго й паслухаць, што ў ім чуваць, чые крокі. На сьцяне якраз насупраць Уладзі вісела вялізная мапа Другарада. Ва Ўладзі заняло дух: сталіца. Сваймі абрысамі й колерам Другарад нагадваў зараз Уладзю размазаны па мапе магутны каравяк: калі ў яго выпадкова ўлезеш, ён наляпляецца табе на падэшву й потым крочыць з табой па жыцьці, між тым як ты пакідаеш у ім свой незабыўны сьлед. Менавіта такі сьлед спадзяваўся пакінуць у Другарадзе і Ўладзя.

Тым часам Мазгаўнюк, скарыстаўшы патаемныя дзьверы ў апошняй кабінцы прыбіральні, ізноў апынуўся ў Калгасенкавым габінэце. Босс чакаў яго сьпіной да дзьвярэй, счапіўшы ззаду рукі, нерухома ўзіраючыся паміж фіранак у вакно — ён заўжды так стаяў, нібыта рыхтаваўся да таго, што яго ў любы момант могуць прыйсьці арыштоўваць. Мазгаўнюк пачаў надзвычай занепакоеным голасам:

— Гегемонавіч! Ты гэта сур’ёзна? Што мне рабіць з малым? Га? Як гэта — па сьлядох бацькі? Яму ж яшчэ толькі васямнаццаць! Пабаяўся б ты Бога...

— Паслухай Мазгаўнюк, — сказаў дзядзька нейкім пацяжэлым, амаль бацькавым голасам, якога Ўладзя, на шчасьце, ня чуў, робячы націск на другой частцы Мазгаўнюкова прозьвішча. — Я ня дзеля таго зрабіў цябе першым намесьнікам, каб ты задаваў мне такія пытаньні.

Ён рэзка павярнуўся ад вакна: у яго былі вялізныя й страшныя вочы чалавека, які ці то назаўсёды згубіў здольнасьць да сну, ці то прадаў д’яблу душу, і Калгасенка ведаў, што гэтага ягонага позірку Мазгаўнюк вельмі баіцца. Бровы колішняга другога консула, а цяпер Гаспадара былі ўзьнятыя на крытычную вышыню й знаходзіліся цяпер там, дзе японскія жанчыны малююць сабе штучныя бровы пасьля таго, як вышчыпваюць натуральныя. Між тым вочы ягоныя літаральна лезьлі на лоб у прыпадку ці то зьдзіву, ці то гневу — карацей кажучы, зь яго ільга было маляваць партрэт.

— Што рабіць? Хіба я сказаў табе нешта зь ім рабіць? Зь ім нічога ня трэба рабіць, я сказаў — даглядай. Зь ягонай галавы не павінен упасьці ніводны волас, чуеш?

— Дык ён жа ж лысы, — заўважыў Мазгаўнюк.

— Не прыкідвайся ідзіотам! — разьюшыўся дзядзька. — Калі што здарыцца, адказваць перад ягонай маці будзеш ты асабіста. Зразумеў?

— Зразумеў, — сказаў Мазгаўнюк, які ні халеры не зразумеў, а сам падумаў: «Нічога, там пабачым.»

— Ну, ідзі. Бо трэба нешта думаць з трубою, — Калгасенка глыбока ўздыхнуў і раптам зрабіў рэзкі скачок ад вакна да стала. — О калгасіць, о дзе калгасіць! Выключная штука! — пракрычаў ён, пасьля чаго ўсё-ткі знайшоў у сабе моц зноўку авалодаць сабой і дадаў: — Карацей, не пакідай малога аднаго, каб што калі... Ведаеш, як ён у мяне ўчапіўся, калі прыйшоў? Думаў — задушыць...

— А каб ты перадазнуўся! Усё яму мроіцца што яго нехта задушыць, параноік хрэнаў, — прамармытаў Мазгаўнюк, калі ўжо выйшаў з прыбіральні, спусьціўшы дзеля канспірацыі ваду. — Каб цябе хто ўжо дзе сапраўды задушыў... Тут, — тыркнуў ён пальцам у мапу Другарада перад самым Уладзевым носам. — Сюды трэба ехаць. Пайшлі, — непрыязна паляпаў ён па плячы нецьвярозага сірату. — Што мне з табой рабіць, каралевіч, няма ведама. Часам, ведаеш, паслухаеш твайго дзядзьку — ну дурань з дурняў, а часам дык наадварот, сам сябе дурнем адчуваеш...

Уладзя крочыў побач з Мазгаўнюком, ледзьве пасьпяваючы, і ніяк ня мог зразумець, як ільга так казаць пра кіраўніка дзяржавы. Увесь час ён хацеў аб гэтым спытацца Мазгаўнюка, але ўсё ніяк не наважваўся. Яны спусьціліся ў ліфце на першы паверх, выйшлі на двор, так нікога й не сустрэўшы па дарозе, і селі ў машыну. Уладзеў новапрызначаны выхавацель сеў за руль і пачаў заводзіцца — чакаючы, пакуль прагрэецца матор, запаліў, не пачаставаўшы. Уладзя скоса пазіраў на яго, насьцярожаны. Мазгаўнюк выглядаў на той самы век, што й дзядзька, ягоны твар таксама быў пакамячаны неспаччу, цяжкая, кепска паголеная ськівіца совалася ўперад і ўзад — цыгарэту ён трымаў у зубах з залатымі пломбамі. Нос у Мазгаўнюка быў аблезлы й канапаты, як маладая бульбіна, вочкі маленькія — бадай, адзінай насамрэч асабістай прыкметай Мазгаўнюка былі куртатыя бровы. Пальцы, што пераймалі ў вуснаў цыгарку, былі грубыя, жоўтыя ад тытуню й бэзавыя ад татуіровак: карацей, ад сэрыйнага забойцы Мазгаўнюка адрозьнівалі хіба толькі залатыя генэральскія пагоны.

Раптам Мазгаўнюк рэзка адвярнуў профіль ад Калгасенкі-малодшага, і пачаў прыслухоўвацца да гуку рухавіка — нешта яму відочна не спадабалася, бо неўзабаве генерал рэзка выскачыў з машыны, рвануў угару капот і пачаў голасна лаяцца, корпаючыся ў машынных трыбухах, прычым лаяўся ён так шчыра, што ажно выплюнуў цыгарэту на сьнег. Уладзя занепакоена высунуў з машыны галаву, зірнуў угару й заўважыў у вакне на восьмым паверсе дзядзьку, які назіраў за імі ў бінокаль. Той, убачыўшы, што Ўладзя глядзіць на яго, памахаў яму рукой. Мазгаўнюк таксама ўгледзеў дзядзьку й патрос на яго кулаком, пасьля чаго дзядзька зьнік. Мазгаўнюк нарэшце зачыніў капот, ізноў сеў у машыну, у другі раз у жыцьці зірнуў на свайго небясьпечнага пасажыра, прычым гэтак жа хутка, як і ў першы, незадаволена пакруціў галавой, ірвануў перапіхач на сябе й са словамі «Ну, акадэмік Калгасенка, далёка мы з табой з тваім дзядзькам даедзем» зухавата крутануў рулём, выязджаючы з двара ў вузкі праезд пад брамай. Ахоўнік з усьмешкай адсалютаваў ім па-вайсковаму, шлягбаўм узьняўся, быццам стракатая дошчачка-зебра перад чарговым кінадублем, на іржавай жалезнай браме мільгануў надпіс: «Выезд у Другарад», да якога было нязграбнай рукой ужо гадоў якіх пяць таму прымалявана: «Увага! Надзвычайны стан. На ўсёй тэрыторыі горада ўведзеная куманданцкая гадзіна».

1999-2004

(У 2004 годзе рукапіс раману быў уганараваны прэміяй Янкі Юхнаўца.)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

—І што ж мне цяпер рабіць? Што ж я цяпер партыярху Педафілу перад усім народам падару, ціамат? — Гаспадар прыкінуўся задуменным. — Так ён мне душу з гэтаю кнігай даставаў...

—Сраку яму цяпер пацалуй, свайму Педафілу, — прабуркатаў сабе пад нос незадаволены Мазгаўнюк.

—Сраку, кажаш? — зірнуў на яго другі консул. — Гэта думка. Хаця гэта лепей адкласьці на неафіцыйную частку, я лічу...

—Хай рабуюць, не да іх зараз! Грошай сабе мы заўжды надрукуем, — адмахнуўся Мазгаўнюк. — Якія яшчэ навіны?
—Калгасенка на провадзе.
—Што, павесіўся? Ну, нарэшце...
—Ды не, здаецца — гаварыць з вамі хоча...
—А-а, птамаць! — зароў Мазгаўнюк. — Давай сюды!

У якасьці падарунку дарагія ўсярускія браты далі нам вялізны крэдыт у выглядзе двух батальёнаў спэцыяльных вайсковых аддзелаў! Неўзабаве яны белымі анёламі спусьцяцца на засьнежаныя стрэхі нашага гораду... Радуймася, сябры мае! Людзі ў белых халатах канчаткова вылечаць нас ад пачуцьця нацыянальнай фанабэрыі й надуманай адметнасьці! Братняя акупацыя назаўсёды вызваліць нас ад доўгіх стагодзьдзяў ганебнага існаваньня ў якасьці марыянэткавага дзяржаўнага ўтварэньня! Ура-а-а-а!

На адным з пальцаў у Настаўніка залатая пячатка, зь якою перагукаецца залаты ланцужок на потнай шыі ды пераміргваецца залаты зуб у роце.