(Урывак з раману «Там, дзе нас няма»)
Частка трэцяя, разьдзел шосты
«Клянуся, гэты краявід разрысаваны рыхтык як шахматная дошка!», прамовіла нарэшце Алеся. «Тут яшчэ не хапае фігурак, якія б рухаліся па ім — а вунь і яны!», дадала яна радасна, і ад узрушэньня яе сэрца забілася хутчэй. «Ідзе агромністая шахматная партыя — на ўвесь сьвет — калі толькі гэта сапраўды сьвет, зразумела. О, як вясёла! Як мне хацелася б быць адной зь іх! Я б пагадзілася быць нават пешкаю, абы толькі далучыцца да гульні, хоць вядома, што мне больш падабалася б роля каралевы!»
Кэрал, «На тым баку люстра»
Асьцярожна прачыніўшы дзьверы, Яна крадком выйшла з касьцёла. На двары ўжо зусім разьвіднела: яна запынілася на ганку і ўбачыла, што за час ейнай экскурсіі ў храме той пасьпеў патрапіць у даволі шчыльную аблогу невядома адкуль прышлых людзей са сьцягамі, плакатамі й іншымі атрыбутамі сімвалічнага, негвалтоўнага, так званага духоўнага супраціву. Яна не магла ўцяміць, як за такі кароткі час на плошчы перад касьцёлам мог узьнікнуць такі натоўп. Нейкі самазваны сьвятар невядомай веры зь вялізным крыжом на грудзях стаяў на касьцёльных прыступках, размахваў рукамі, маўляў дарожны рэгуліроўшчык альбо марак, і нешта гундосіў у відавочна малазразумелай астатнім стараінфлянцкай мове, ці то дабраслаўляючы, ці то праклінаючы іх. Не пасьпела Яна прыслухацца да ягоных словаў, як па-над ейнаю галавой грымнулі званы, нібыта ў памкненьні склікаць на тое відовішча, што рыхтавалася на плошчы, як мага больш людзей: раз, два, тры, чатыры, пяць... дзевяць.
Мяркуючы паводле раньняй гадзіны, на якую быў, як выглядала, прызначаны пачатак урачыстага згуртаваньня, яно было прызначанае для дзяцей і мусіла мець характар карнавальнага ранішніку. І насамрэч, пасярэдзіне плошчы, у якіх пяцідзесяці мэтрах ад касьцёлу, як быццам наўмысна з гэтай нагоды была загадзя ўсталяваная напалову абшчыпаная, маўляў курыца, высачэзная Навагодняя яліна, якая нібыта сама сабою вырасла тут за адну ноч, і якую з гэтай прычыны яшчэ не пасьпелі нічым аздобіць. І астатняе крыху нагадвала ці то маскарад, ці то ягоную генеральную рэпетыцыю: вакол яліны стаялі людзі з кавалкамі чырвонай, белай, чорнай і жоўтай тканіны, партрэты Павадыра, Байдуна Невязучага, харугвы «Маладога шпроту», «Белага хулігану», «Правага дэбошу», штандары Скапіталістычнай панібратыі й іншых арганізацыяў. Партрэты падскоквалі на месцы, быццам таньчылі разам зь людзьмі, якія спрабавалі гэтак сагрэцца ад холаду. Некаторыя з барацьбітоў, хочучы натхніць ня столькі сябе, колькі астатніх на нейкія гераічныя ўчынкі, нават сьпявалі фальшывымі галасамі невядомыя Яне народныя песьні.
Натуральна, у параўнаньні з бачанымі Янай летась сьвяткаваньнямі Дня Алкагольнай Залежнасьці, людзей на плошчы Невызвольнасьці было няшмат: тая была разьлічаная на нашмат больш масавыя маніфэстацыі. Гэтыя некалькі сотняў чалавек, што сышліся тут у такі раньні час, верагодна, згубілі ўсё, нават уласныя кайданы. Ня выключана, што прысутныя тут былі апошнімі ў сьвеце барацьбітамі за незалежную Інфляччыну, якія ўсё яшчэ не хацелі разьвітвацца са сваймі дзіцячымі марамі аб даросласьці й самастойнасьці. Такім чынам, у натоўпе былі ўсе сябры бадай што ўсіх палітычных арганізацыяў Інфляччыны, якія яшчэ не былі забароненыя Калгасенкаўскім рэжымам, а таксама сябры сяброў, сваякі сяброў, сваякі сваякоў сяброў, сябры сваякоў сяброў і сябры сяброў сваякоў сяброў гэтых арганізацыяў. У большасьці прысутных быў такі замучаны выгляд, што магло здацца, быццам яны правялі пад «ёлупкай» (як у народзе называлі яліну) цэлую ноч. Паводле іхных твараў яшчэ перад пачаткам мітынгу ільга было здагадацца, што ўсё для іх скончыцца трагічна.
Акрамя шматкоў тканіны й партрэтаў, у адмарожаных руках людзі трымалі плякаты з лёзунгамі, што нарадзіліся ў адмарожаных мазгах. Прынамсі, такое ўражаньне стваралі ў Яны надпісы кшталту:
ПЕДАФІЛ = ДЭБІЛ!
КАЛГАСЕНКУ — НА СЬМЕТНІК!
УСІМ ПА ЦЭГЛЕ!
ПЕДЗЯ + АБАКУЛА = ЛЮБОЎ!
ВЯДЗІ НАС, ПАВАДЫР!
ШТО РАБІЦЬ?
ХТО ВІНАВАТЫ?
ДЗЕ ВАДА?
і іншыя. Яна, якая пэрыядычна наведвала падобнага кшталту масавыя акцыі, адзначыла для сябе, што ў апошні час на плякатах пачалі ўсё часьцей зьяўляцца пытальнікі замест клічнікаў. Яшчэ яна адзначыла, што дагэтуль ніводная акцыя ня ладзілася ў такі раньні час, і што ўдзельнікі ніводнай зь іх не былі так рашуча настроеныя пры такой нязначнай для такога вялікага гораду колькасьці.
Убачыўшы на прыступках касьцёла самазванага сьвятара, натоўп адвярнуў сваю ўвагу ад яліны й народных песень і ў поўным складзе рынуўся атрымліваць дабраславеньне перад непазьбежнай сёньняшняй бітвай. Яна паспрабавала праціснуцца скрозь пагусьцелыя шыхты барацьбітоў і з жахам для сябе адзначыла, што цяпер яна заціснутая людзьмі з усіх бакоў: тыя туліліся ўсё бліжэй і бліжэй адзін да аднаго, каб сагрэцца. Здавалася, што ўсе яны згуртаваліся не вакол касьцёльнага ганку, а менавіта вакол Яны, быццам наўмысна пільнавалі, калі яна выйдзе з касьцёла — нібы тое, што яна бяз дай-прычыны вырашыла зайсьці ў касьцёл, асудзіла яе на агульную з гэтымі людзьмі долю. Ужо сама ўява такой фізычнай і духоўнай еднасьці зь імі была для Яны невыноснай. «Пусьціце мяне!», у думках крычала яна. «Я не жадаю ўдзельнічаць у вашым масавым самаглупстве!»
Сьвяточная карціна раніцы перад мітынгам была давершаная неабходнай для кожнай масавай акцыі наяўнасьцю ахоўнікаў парадку, рэпрэзэнтаваных шэрагам цікунскіх трактароў зь вясёлымі блакітнымі міргалкамі, якія пасьпелі ўжо зьехацца сюды й перагарадзіць усе ўезды й выезды з плошчы. Яна зразумела, што калі Калгасенка аддасьць загад скарыстаць супраць людзей гвалтоўныя сродкі ўтаймаваньня й разгону маніфэстацыі, яна непапраўна трапіць у агульны з астатнімі кацёл. У такім выпадку на сустрэчу з Бэйбасам, які павінен чакаць яе праз гадзіну ля антыкварыяту старога Нэпмана, яна не пасьпее.
Божухна, навошта яна пайшла ў гэты касьцёл? Як яна магла забыцца пра мітынг? Але ў апошні час мітынгі праводзіліся на плошчы Невызвольнасьці так рэдка, а Яна хадзіла празь яе так часта, што ў яе нават ня ўзьнікла думкі аб тым, што нешта можа стацца перашкодай на ейным шляху. Так ці йначай, аб адзінаццатай гадзіне павінен пачаць дзейнічаць план Б. А што калі Бэйбас, як звычайна, спалохаецца і ўсё сапсуе? Лепей бы ён тады наогул туды не прыходзіў... Хаця хто ведае, можа, ім яшчэ пашанцуе і мітынг скончыцца хутка й адносна малай крывёй, як гэта часам бывала пры жыцьці міралюбнага Ўладзевага бацькі Абалдуя Калгасенкі, хай за сьвятымі спачывае.
Неўзабаве нават самыя пабожныя з дэманаў зразумелі, што самазваны сьвятар — гэта нейкі вулічны вар’ят, і той неадкладна стаў ахвярай баявога імпэту дабраславёных ім змагароў: пад радасныя крыкі яго скінулі ўніз з прыступак, якія насамрэч крыху нагадвалі рытуальны аброчнік ацтэкаў, і прагналі вясёлымі падсрачнікамі прэч, каб ён болей тут не сьмярдзеў. Замест яго на прыступках невядома адкуль зьявіўся яшчэ адзін нячысьцік, якому спачатку таксама хацелі ўваліць пудзялей, але адразу адпусьцілі, як толькі ён дастаў аднекуль з-пад палітону рупар і захрыпеў у яго:
—Шаноўныя сябры! Браты і сёстры! Павадыр павінен зьявіцца сярод нас кожную хвіліну! А пакуль Яго няма, давайце дамо слова Ягонаму намесьніку на зямлі, нашаму Віцэ-Павадыру — Асталопу Гугневічу!
«Ура-а-а!», без асаблівага энтузіязму закрычала частка мітынгоўцаў — тым часам як другая частка зь вялікім энтузіязмам зараўла «Га-а-аньба-а-а!»: выглядала, што асоба Віцэ-Павадыра не была ў народзе такой папулярнай і хутчэй падзяляла натоўп, чым яднала яго. Аднак Віцэ-Павадыр, відавочна, быў звыклы да такога прывітаньня, а таму не сумеўся, рассунуў вусы, паказаў сваім зацятым непрыхільнікам язык і пачаў, зьвяртаючыся ў асноўным да прыхільнікаў:
—Сябры мае! Надышоў апошні — не пабаюся гэтага страшнага слова — апошні дзень існаваньня антычалавечага рэжыму братоў Калгасенкаў! Пазаўчора кара божая ўпала на галаву старэйшага зь іх у выглядзе цэглы! А сёньня, паводле ўсіх прыкметаў, настаў час і малодшага брата! Ён сам казаў, што брат заўжды быў ягоным прыкладам! Прыйшла пара пасьледаваць гэтаму прыкладу!
Трэба сказаць, што з гэтым заклікам Віцэ-Павадыр патрапіў у самае тое: усе прысутныя, за выключэньнем Яны, зараўлі ў натхненьні, а некаторыя нават зааплядавалі, зацяўшы між ног чаранкі сьцягоў і партрэтаў. Колішняй падзеленасьці як і не было.
—Нішто не стрымае нашую магутную сілу! — працягваў Віцэ-Павадыр. — Адзіная надзея Калгасенкі-малодшага — гэта падтрымка з Усходу, ад Усярускага партыярха, адно імя якога ўжо гаворыць само за сябе: Підафіл! — тут прамоўца быў вымушаны зрабіць паўзу, бо хтосьці ў натоўпе пачаў крычаць «Дэбіл-Педафіл», і ўсе астатнія не маглі яго не падтрымаць. — Менавіта дзеля гэтага ён прыехаў сюды: каб прысвойтаць нашую краіну! Пры гэтым мы ведаем, што ў Калгасенкі няма ніякага права падпісваць дамову з Усярусіяй ад імя Дуумвірату, як што Дуумвірату болей не існуе! Ягоны брат памёр! Такім чынам, усе падпісаныя Калгасенкам дамовы будуць лічыцца негільятымнымі!
«Ура-а-а-а!», яшчэ больш радасна зароў натоўп, быццам даведаўся штосьці прынцыпова новае, што давала яму надзею на хуткую перамогу. Але й гэтая хваля беспадстаўнага агульнага натхненьня даволі хутка сыйшла, зноў агаліўшы бруднае дно пэсымістычнага настрою змагароў: без Павадыра яны былі паралізаваныя нерашучасьцю й ні да чаго няздольныя.
—Дзе ж той Павадыр? — пачалі пытацца некаторыя. — І ў колькі там пачатак на Геамэтрычна Правільнай? Трэба было б пайсьці туды, сарваць цырымонію...
—Без Павадыра мы нікуды ня пойдзем! — закрычаў Віцэ-Павадыр, учуўшы гэтыя прапановы зь першых шэрагаў. — Лепш памерці стоячы, чым жыць без Павадыра! Той, хто заклікае да самастойных, неабдуманых крокаў — правакатар! Плюньце яму ў жарало, а яшчэ лепей — выкіньце яго з нашых шэрагаў! Яму тут ня месца!
—А што тады рабіць — стаяць? — абурыўся хтосьці.
—Ды дай паслухаць, паразіт! — зашыкалі на яго. — Паслугач! Прыстасаванец! Правакатар! Сябра рэжыму! Гамадрыл пракляты!
—Шаноўныя сябры! Цішыня! Не сварыцеся! Хвілінку ўвагі! Зараз перад вамі выступіць наш славуты народны паэт, жывы мярцьвяк... я хацеў сказаць, жывы класік, герой супраціву, легенда нашага руху — Байдун Невязучы, якога толькі ўчора выпусьцілі з астрогу за добрыя паводзіны! Сустракайце!
Натоўп ізноў апантана зааплядаваў, хаця большасьць прысутных была перакананая, што зараз не пара для вершаў, аднак для Байдуна вырашылі зрабіць выключэньне — ён быў свой хлопец, дый яго ўсе ведалі з астрогу, бо кожны ўжо прынамсі раз патрапіў пасядзець зь ім у адной камэры. Таксама Яна, убачыўшы Байдуна, згадала, што дзесьці ўжо яго бачыла, але не магла прыгадаць, дзе.
Паэт устаў у позу змагара, сьцяў у адной руцэ падобны да пісталета мэгафон — адзіную зброю, якую ён, як пацыфіст, трымаў у сваім жыцьці — вольную руку сьціснуў у кулак і, наносячы ёю ўдары па нябачнай храпе ворага ў паветры перад сабою, хрыпатым, натужлівым голасам задэклямаваў:
—Калгасенкаў
рэжым
сыфілітычны
ня зломіць
супраціў наш
гераічны!
Грымнулі магутныя авацыі й аплядысмэнты. Паэт расьціснуў кулак, каб паказаць, што ён яшчэ ня скончыў, але толькі ён раскрыў рот, каб дачытаць свой несьмяротны твор, як зразумеў, што аплядуюць зусім не яму. Хтосьці штурхнуў яго ў бок, патрабуючы вярнуць мэгафон у прэзыдыюм. Па натоўпе пранеслася—ПАВАДЫР! Гэтае слова прабегла па людзкой масе, як хваля электрычнага току, выклікаўшы ў шэрагах змагароў штосьці накшталт сутаргі асалоды, млосьці, а ў нешматлікіх прысутных бабулек — нават успаміны аб аргазму. Усе закрычалі ад радасьці, як дзеці, убачыўшы Павадыра: той узьнік на прыступках касьцёла ў атачэньні сваіх целаахоўнікаў і памахаў сваім адданым прыхільнікам рукой у скураной пальчатцы.
Як толькі Павадыру падалося, што гучнасьць воплескаў менее, ён вырашыў іх перапыніць уладным жэстам рукі — тым жа, які толькі што скарыстаў Байдун Невязучы, той несумненна запазычыў яго ў Павадыра. Настала імгненная ціша, якая цягнулася крыху даўжэй за чаканьні большасьці прысутных: Павадыр абдумваў першую фразу сваёй прамовы.
Нарэшце, сказаўшы яе пра сябе ня менш за чатыры разы, ён наважыўся паўтарыць яе ўголас:
—Бграты й сёстгры! — загракаў Павадыр з характэрным для яго вымаўленьнем. — Вы ведаеце, што ў вас — то бок, у нас — няма вады?
«Ведаем», зладжана, як адзін чалавек, выкрыкнуў народ.
—А вы ведаеце, чаму ў вас няма вады?—запытаўся Павадыр, азіраючы натоўп сваім арліным позіркам.
«Ведаем», гэтаксама зладжана выдыхнуў народ.
—Не, вы ня ведаеце, чаму, — зьдзівіў іх Павадыр сваёй глыбокадумнасьцю. — А я вам скажу, чаму: таму што ўжо тгрыста гадоў...
Хтосьці з натоўпу паправіў яго, не падумаўшы: «Дзьвесьце пяцьдзясят!» — і быў імгненна выкрыты як правакатар, зьбіты з ног і ледзь не затаптаны.
—Таму што ўжо тгрыста гадоў, — зноў паўтарыў Павадыр, каб паказаць, хто тут лепей ведае нацыянальную гісторыю, — намі кігруе злачынны антыпсэўдапгротагашысцкі тутэйшафобны грэжым! Таму што грастаптаная мова, грастаптаная культугра, грастаптаная нацыя!
Растаптанага правакатара забірала хуткая.
—Грастаптаныя каштоўнасьці пгродкаў!! Пасьля стагодзьдзяў зьдзеку, генацыду й катаваньняў нас выграшылі зусім зжыць са сьвету й замагрозіць ва ўласных кватэргах! З гэтай мэтай нам адключылі ваду!!
—Уэээўўууууу!!!, — гістэрычна заякатаў натоўп, нібы маленькае тыграня, патрабуючы даць яму каго-небудзь на разадраньне, пажадана, гумавую цацку: магло падацца, што ў гэтых людзей пасьля трохсотгадовага маўчаньня пачалі нарэшце праразацца зубкі. Яна пачынала ўжо глухнуць ад іхнага натхнёнага крыку.
—І сёньня мы, інфлянцкі нагрод, сабграліся на гэтай плошчы, каб сказаць сёньня грэжыму: нам не патгрэбная вашая вада! — пасьля гэтых словаў плошчу на некалькі сэкундаў апанавала маўчаньне, а потым людзі зноў зараўлі, як толькі прыгадалі, што разумець Павадыра — не галоўнае, бо ім усё адно не раскусіць ягоных складаных думак: галоўнае яго падтрымліваць. — Нам патгрэбная незалежнасьць!
«Жыве незалежная Інфляччына!», пачалі скандаваць найбольш актыўныя й натхнёныя дэманстранты. «Жыве Павадыр!»
—Паглядзіце, хто сядзіць у дзягржаўным кіграўніцтве! Ці вы знойдзеце там хоць аднаго чалавека тутэйшага паходжаньня? Не, не і не! Ня знойдзеце! Вы думаеце, што слова кіграўніцтва паходзіць ад слова «кіграваць»? Не! Яно паходзіць ад слова «кіграць»! — загучаў агульны кароткачасовы сьмех. — Тыя людзі нават ня ведаюць, што такое Нацыянальная Катастгрофа! Пакажыце, дзе іхныя зьмененыя гены? Дзе іхныя дзеці-мутанты? Дзе іхныя шчэлепы за вушамі й нос на патыліцы? Іх няма, хаця кожнаму вядома, што сапграўдны тутэйшы жыхарг — гэта той, чые пгродкі жывуць на тэгрыторгіі Інфляччыны больш за тысячу гадоў, і чые пграпграшчугры пацягрпелі ад Нацыянальнай Катастгрофы! Бо кожны сапграўды кагрэнны тутэйшы чалавек пацягрпеў ад Нацыянальнай Катастгрофы! І ніводны пгрыхадзень ад яе не пацягрпеў! У іх былі адмысловыя касьцюмы, каторгія ім пгрыслалі іхныя гаспадагры з Усягрусіі, і ў іх яны ўсе былі апгранутыя ў той дзень — як ня людзі! Ім патгрэбнае ўсё лепшае..!
—Павадыр! — сказаў хтосьці зь ягонага атачэньня. — Скажы, каб людзі йшлі на Геамэтрычна Правільную плошчу!
—Усё я скажу, — супакоіў яго Павадыр, адстаўляючы мэгафон. — Таму мы зьвягртаемся да дэмакгратычных кграінаў сьвету,—працягваў ён. — Хай ведаюць, што нагрод — гэта мы! І ніхто іншы! Ніхто, чуеце, акграмя нас, ня мае пграва называцца тутэйшым нагродам! Толькі мы, пгрысутная тут духоўная яліта нацыі, гэтага вагртыя! Наогул, нечага вагртыя! Мы заслугоўваем, каб улада належала нам, таму што мы—яліта! Гэта азначае, што мы — грозум, гонарг і сумленьне нашага нагроду! А цяперг мы пакажам Калгасенку і ўсяму сьвету, што мы — цывілізаваны натоўп! Што намі ня так пгроста кіграваць, як здаецца! Таму мы заграз усе гразам, агрганізавана, пойдзем на плошчу... Бандэрглогаў!
Гэты нечаканы заклік цалкам агаломшыў мітынгоўцаў і не сустрэў у іх, насуперак чаканьням Павадыра, зусім ніякага станоўчага водгуку, таму што нават самыя імбэцыльныя ў натоўпу, якіх была безумоўная бальшыня, разумелі, што ісьці на плошчу Бандэрлогаў няма цяпер ніякага сэнсу, дый магчымасьці, бо на другім канцы плошчы дзесяць хвілінаў таму паказаліся замаскаваныя трапічнай лістотай танкі: паводле іхнай маркіроўкі ільга было пазнаць, што яны належаць адмысловаму аддзелу па барацьбе з дэманамі пры спартовым клубе «Моладзі за Дуумвірат». Цяпер адзін канец плошчы быў загароджаны трактарамі зь мігалкамі, а другі — танкамі, прычым баявая сіла абодвух кшталтаў зброі, як дэманстранты ведалі з практыкі, была прыблізна аднолькавай.
Тым часам па суседніх з плошчай вуліцах праязджалі ў тралейбусах людзі з рабочых ускраінаў, раз-пораз пазіраючы ў вокны: некаторыя ў знак прывітаньня альбо жартам махалі рукамі, некаторыя, наадварот, рабілі непрыстойныя ці пагрозьлівыя жэсты. Гэты быў той кшталт другарадцаў, які Яна папросту не трывала: баязьліўцы, што рабілі выгляд, быццам у месьце нічога асаблівага не адбываецца. У адрозьненьне ад іх, Яна ніколі не баялася выйсьці на плошчу — аднак выйсьці сюды сёньня насамрэч было роўнае самагубству. Выглядала, што для свайго жарту з ананімным лістом яна абрала вельмі няўдалы час.
—Шаноўная грамада! — прагучаў невядома адкуль, як быццам з самага неба хрыпаты, востры голас, які падаўся Яне аднекуль знаёмым. — Да вас гаворыць намесьнік старшыні міністра па барацьбе з вамі Мазгаўнюк! Дык вось: раю вам хуценька разысьціся, пакуль у вас не пачаліся сур’ёзныя праблемы! Рукі — ўгару! Партрэты й сымболіку — на сьнег! Хто здасца самастойна, таму будзе даравана! Я не жартую! Усьвядомце, што вы псуяце сьвяточную атмасфэру нашай сталіцы!
—Гэта ты псуеш атмасфэру сваёй бздой, разам са сваймі бройлерамі! — закрычалі з натоўпу.—Ідзі к альмамацеры!
—Як хочаце, — сказаў у мэгафон Мазгаўнюк і залез назад у танк.
—Ці-ку-ны — сцы-ку-ны!! Ці-ку-ны — сцы-ку-ны!! — пачаў скандаваць натоўп.
—Ня тгрэба пгравакацыяў! — заверашчаў Павадыр. — Навошта вы іх пгравакуеце? Ану выйдзіце вон з нашых геграічных шэграгаў, ціхагры пграклятыя!
Ціхары праклятыя, аднак, не хацелі выходзіць з шэрагаў: якраз наадварот, яны толькі шчыльней сьціснулі шыхты, і ў дадатак пачалі хутка ўзбройвацца. Яна патлумачыла такую рашучасьць тым, што за апошнія дзесяць гадоў дэманы былі настолькі звыклыя атрымліваць ад бройлераў лупня, што ўрэшце ім гэта пачало амаль падабацца, таму цяпер яны ўспрымалі бойкі зь імі як народную забаву, спартовую гульню, сьвяточны рытуал: сваймі паводзінамі яны крыху нагадвалі заўзятараў на футбольным матчы. З сабой удзельнікі мітынгу прынесьлі, як выявілася, надзвычай разнастайны рыштунак: кухонны, спартовы, цясьлярскі, сельскагаспадарчы й касмэтычны, а адзін былы шахцёр прынёс нават адбойны малаток. Большасьць ваяроў апранула хакейныя шлемы й прымацавала да ног накаленьнікі; у іншых былі фэхтавальныя маскі, а ў некаторых нават рапіры. Павадыр пазіраў на гэтыя зборы вылупіўшы вочы й адвесіўшы сківіцу, бо мову ў яго заняло: аб тым, што рыхтуецца нешта падобнае, ён нават не падазраваў. З апошніх высілкаў свайго горла ён паспрабаваў спыніць натоўп і суняць ягоны баявы імпэт, але безвынікова: той выглядаў усё больш і больш рашуча й надалей скандаваў надзвычай папулярныя сярод змагароў лозунгі «Цікуны — сцыкуны!» й «Мазгаўнюк, ты гаўнюк!».
—Здграднікі! — гістэрычна крычаў Павадыр, відавочна перапалоханы да ўсёру. — Пгравакатагры! Ня слухайце іх! — але ніхто болей ня слухаў яго самога. — Што вы гробіце! Вам што, бойка патгрэбная? Вы хочаце гвалту, так? Вы хочаце гвалту? Ану супакойцеся мне! Хто пачаў кгрычаць «гаўнюк»?
—Што, горача будзе сёньня? — занепакоена спыталася Яна ў аднаго з хлапцоў, які стаяў на прыступках касьцёлу побач зь ёю, апрануўшы на галаву бляшаны кубел з прарэзанымі ў ім дзіркамі для вачэй.
—Ды не. Перадавалі — зноў мінус дзесяць, — прабубніў той з-пад вядра.
На другім канцы плошчы генэрал Мазгаўнюк, высунуўшыся з танкавага люку, дэтальна аглядаў шэрагі паўстанцаў у марскі бінокаль. Пасьля кароткай экспэртызы ён прыйшоў да высновы, што тым відавочна бракуе зброі, якая б дзейнічала на дыстанцыі. Галоўным дальнабойным узбраеньнем інсургентаў былі дзіцячыя лукі, бамбукавыя трубкі з курарэ, сюрыкены й камні. Сёй-той мог паспрабаваць шпурнуць сякеру альбо бумеранг.
Рыхтаваліся вулічныя беспарадкі.
Крыху ўзбуджаны чаканьнем няўхільнай бойкі, Мазгаўнюк схапіў рацыю й зашыпеў у яе:
—Кум, а кум! Прышлі гаўнамётаў! Толькі не зацягвай, а то нам цяжка будзе! — пасьля чаго яшчэ раз нанядоўга прыклаўся да біноклю й паляпаў па плячы аднаго са сваіх паплечнікаў, капітана Самагуба: — А ты, Самагуб, зайдзі ў бліжэйшую школу й вазьмі адтуль якіх дзяцей для жывога шчыта. Самых маленькіх ня трэба, за імі хавацца блага. Падлеткаў і старэйшых таксама не бяры, бо яны, крый бог, далучацца да гэтых афэлкаў. Сама тое было б — пятая-сёмая клясы, добра? Ну, давай. Скажы дырэктару, што я прасіў.
Самагуб без асаблівай ахвоты зьлез з танку й пабег у адзначаным накірунку.
Між тым натоўп паўстанцаў зашчыкатаў нажніцамі й сталовымі прыборамі, загрукатаў хакейнымі клюшкамі, забразгаў рыдлёўкамі й граблямі, замахаў швабрамі. Аднекуль зьявіўся забаронены ўладамі сьцяг Інфлянцкага народнага супраціву, Вершнік без Галавы на жоўтым фоне (дакладней, некалі фон быў чырвоным, аднак колер сьцягу за доўгі час карыстаньня ім крыху выцьвіў). Паўстанцы чакалі толькі загаду рынуцца ў наступ, аднак не было нікога, хто мог бы гэты загад аддаць, ды так, каб яны яго пры гэтым яшчэ й паслухаліся. Усё, натуральна, вырашала слова Павадыра. Таму адзін са змагароў, узброены кандытарскім шпрыцом з гарачай смалой, падбег да яго: Павадыр сядзеў на прыступках касьцёлу, нага за нагу, склаўшы рукі, быццам тое, што адбывалася ўнізе, яго не датычылася.
—Бацька родны! Пачынаць трэба! Не маўчы! — заенчыў вястун.
—Ага, да мяне цяперг пгрыбеглі! — вызьверыўся на яго Павадыр. — А чаму мяне ніхто не папягрэдзіў, што грэвалюцыю грабіць будзем? Што, самі ўсё? Гразумныя такія! Я на сябе адказнасьць за вас бграць ня буду! Пгрынамсі, падземны ход для адступленьня выкапаць пасьпелі б, а то што цяперг! Каб мяне пасадзілі? Я ў такія несугр’ёзныя гульні не гуляюся! Граней тгрэба думаць было!
—Але што ўжо зробіш,—пачухаў патыліцу парлямэнцёр.—Усё адно на вас скажуць, што вашых рук справа...
—Так? Тады я пайшоў здавацца. Дзе белы сьцяг? У каго мой асабісты белы сьцяг? Я вас пытаюся!
—Мы яго ўзялі на перавязку, бацюхна, — сумна адказаў перамоўца.
—На пеграшто? Вы што, зусім мазгі стграцілі? Ды я вам заграз яечнікі папегравязваю! Ды пад гэтым сьцягам апошні Вялікі князь Інфлянцкі асабіста з поля бітвы ўцякаў! Гэта ж гістагрычная грэліквія! Пгродкаў славутых выграшылі ганьбай пакгрыць? Ну, бграткі! Гэта ўжо занадта!..
Пакуль доўжылася гэтая гутарка, плошчу ачапілі два шэрагі цікуноў у адгазьніках, са шчытамі й дубцамі. Пабачыўшы ўрэшце, што народнае войска ў пастцы, няўзброеная частка ягоных байцоў імгненна аддзялілася ад натоўпу, павыцягваўшы з торбаў фотаапараты, відэакамэры, мікрафоны й журналісцкія пасьведчаньні. Гэтага Яна й баялася: палова мітынгоўцаў прыйшла сюды ў якасьці назіральнікаў. Журналістаў цікуны чапаць ня мелі права, нават у самых крытычных абставінах. Канечне, гэтае правіла даволі часта парушалася, аднак быць журналістам усё адно было нашмат выгадней, чым быць дэманам: журналісцкае пасьведчаньне забясьпечвала ўдзельніка непарадкаў прынамсі нейкім алібі й адначасова давала яму магчымасьць задарма прысутнічаць пры крывавым відовішчы, назіраючы на адлегласьці, як цікуны лупцуюць вяршкі нацыі.
Мазгаўнюк задаволена паціраў рукі.
—Пакуль што выглядае, што шалі схіляюцца ў наш бок, — радасна працытаваў ён кагосьці зь вялікіх палкаводцаў. — Гэй, агітацыя! — махнуў ён рукой. — Давай сюды Траецкага Каня!
На ягоны загад з-за шэрагу танкаў заднім ходам зьявілася машына з двума агромністымі рэпрадуктарамі ў кузаве. Яна аддзялілася ад шэрагу ўладных войскаў і выехала амаль што на сярэдзіну плошчы, апынуўшыся на небясьпечнай адлегласьці ад натоўпу ваяроў. Празь якую хвіліну з рэпрадуктараў нешта зашыпела, і неўзабаве зь іх пачуліся знаёмыя бацькоўскія інтанацыі зарумзанага голасу Абакулы Калгасенкі:
—Дзеці мае! Ну што ж вы робіце? Будзе вам гарачая вада, яшчэ сёньня! Гаспадар дае вам сваё слова! Разыдзіцеся, няма чаго тут стаяць! А як не, то кіпень пальецца ня ў ванны, а на вашыя галовы, абяцаю! Не жартуйце з Гаспадаром, гэта вам дорага абыдзецца! А гораду яшчэ даражэй: вы ж раскрадаеце дзяржаўную касу! У нас і так пасьля выплаты заробку дзяржаўным службоўцам ані грошыку не застаецца, а вы! Саромцеся!
Пасьля гэтых словаў натоўп ня вытрымаў. Усе пачалі крычаць «ганьба, ганьба!», заглушаючы рэпрадуктары, і неўзабаве ў іх паляцелі камні, бумерангі, стрэлы з лукаў і арбалетаў. За тры хвіліны ад дынамікаў засталіся толькі вялізныя драўляныя шафы, а вантробы, зь якіх далятаў голас другога консула, былі ператвораныя ў сьмецьце. Мазгаўнюк назіраў за зьнішчэньнем рэпрадуктараў у марскі бінокаль і паблажліва ўсьміхаўся.
—Вымесьцілі нянавісьць, — сказаў ён з уздыхам. — Цяжка іх не зразумець. Каб яны яшчэ заробак чалавечы плацілі — далібог, да іх пайшоў бы... Адно што мне гэты іхны Павадыр не падабаецца ні халеры. Калгасенка — які-ніякі, а свой чалавек. А той — мурло ынтэлігенцкае — цьху! Нават лаяцца ня ўмее, як сьлед. Дый яшчэ кагртавіць. Які зь яго камандзір? Сьмех адзін.
З гэтымі словамі Мазгаўнюк выняў рацыю й загукаў у яе:
—Самагуб! Дзе дзеці? Пашыхтаваць ня можаш? Што за лухта! Скажы настаўніцы, што я яе зараз звольню, як міністар адукацыі! Давай хутчэй, бо зараз яны ў наступ пойдуць, зноў танкі будуць пераварочваць! А ў мяне снарадаў няма ні халеры, усё за мяжу прадалі! Варушыся там! Горача будзе, — пакруціў галавой Мазгаўнюк, надзяваючы на галаву звычайную жаўнерскую каску з зубрынымі рагамі. — Пакуль тыя гаўнамёты прыедуць...
Народнае войска шыхтавалася, каб ісьці ў наступ. Зьнішчэньне дынамікаў прыўзьняло баявы дух. Між тым прадстаўнік народа ўсё яшчэ ўгаворваў Павадыра аддаць загад аб поўным і бязьлітасным зьнішчэньні ворага — той вагаўся ў крэсьле-гушкалцы, сьцяўшы вусны, і валасы на ягонай лысіне паўсталі дыбарам, бы наэлектрызаваныя. Ён нэрвова азіраўся вакол, пераводзячы позірк з танкаў на Мазгаўнюка, з Мазгаўнюка на трактары, з трактароў на снайпэраў на прыгорку, са снайпэраў на неба. Ён быў амаль што ўпэнены ў тым, што ўся гэтая так званая рэвалюцыя арганізаваная спэцслужбамі з мэтай ува ўсім яго абвінаваціць, арыштаваць і фізічна зьнішчыць. «Нікому нельга давяргаць,» падумаў Павадыр. «Зноў я адзін супграць усіх, як і ў часы кухоннага дысідэнцтва. Нічога не зьмянілася ў гэтай кграіне. Гэтыя людзі ніколі не пагразумнеюць. Здаецца, надыходзіць час эмірграваць.»
І каб паспрабаваць хоць неяк выправіць сытуацыю, ён схапіў мэгафон і закрычаў з усяе моцы:
—Людцы! Падумайце, што вы гробіце! Дзеці мае! Мы ж цывілізаваная нацыя, нам непатгрэбныя гвалт і бандытызм! Нам патгрэбнае пакаяньне! — аднак гэтых словаў ніхто не пачуў, бо мэгафон быў адключаны, а сам Павадыр ня ўмеў яго ўключыць. — Уключыце мне групарг! — закрычаў ён на чалавека з кандытарскім шпрыцом, які марна чакаў ад яго каманды йсьці ў наступ. Той узрадаваўся, падумаўшы, што Павадыр нарэшце наважыўся, і націснуў на чырвоную кнопку.
Не пасьпеў Павадыр сказаць «граз два, граз два» — як адразу ж, пачуўшы ягоны голас, да яго нараз скіраваліся ўсе тыя, хто перайшоў у журналісты: да яго пацягнуліся мікрафоны, на яго вырачыліся відэакамэры, зашчыкалі фотаапараты. У натоўпу заапладавалі, зноў пачуліся крыкі «Жыве Павадыр!» — Павадыр зусім разгубіўся, ня ведаючы, што рабіць: ён баяўся, што калі ён будзе зараз заклікаць натоўп да рахманасьці й законапаслушэнства, то яго, напэўна, разьдзяруць на шматкі. Таму, добра падумаўшы, ён сказаў наступнае:
—Сябгры па баграцьбе! Памятайце, што ўсе мы ходзім пад Богам! І бяз Бога ў сэгрцы нельга пачынаць ніводнае спгравы! Ці памаліліся вы пеград тым, як ісьці на гэтую сьвятую спграву? Ці чыстыя вашыя сэгрцы? Вушы... э-э... душы? Грукі? Ногі? Памкненьні? Памятайце аб тым, што нашыя славутыя пгродкі, пеград тым як грушыць у бой, заўжды сьпявалі «Агагродніцу»! І каб не губляць повязь зь іхнымі славутымі баявымі тградыцыямі, мы павінны заграз таксама засьпяваць «Агагродніцу»! Тэкст, спадзяюся, усе ведаюць?
Натоўп завагаўся. Пра «Агародніцу», выглядала, большасьць ваяроў чула ўпершыню.
—Вось і выдатна, — сказаў Павадыр. — Я пачну, а вы падцягвайце, — і ён рашуча сьцяў у кулаку рупар, набраў у грудзі паветра й закрычаў сваім лірычным замагільным голасам: «А—А—А—гАА—грОО—днІІІІ—цАААААААА!»
Яна заціснула вушы. «Якая ж скаціна гэты Павадыр!» падумала яна. «Ад такіх сьпеваў зараз усе разьбягуцца!»
Аднак яна памылялася: «Агародніца» ў выкананьні Павадыра магічна падзейнічала на ўладныя кардоны. Бройлеры паскідалі адгазьнікі, пашпурлялі на зямлю шчыты й дубцы й рынуліся ўцякаць з плошчы. Сам Мазгаўнюк быў вымушаны нырнуць у танк і шчыльна задраіць за сабой люк, каб дасягнуць поўнай гукаізаляцыі. Аднак, як толькі ён гэта зрабіў, Павадыр амаль адразу ж чамусьці перастаў сьпяваць — ці то таму, што натоўп не хацеў яму падцягваць, ці то таму, што сам ня ведаў рэшты словаў.
—Ну што ж вы, падлы, не сьпяваеце?—адчайна закрычаў ён, перакрыкваючы недарэчныя ў такі адказны момант аплядысмэнты.—Дзе ж вашая генэтычная памяць? У сграцы? Толькі ў ладкі пляскаць і ўмееце!..
Мазгаўнюк усяго гэтага ня чуў. У пэрыскоп ён назіраў, як народнае апалчэньне рыхтуецца да атакі на ўладныя пазыцыі: наперад змагарных шыхтоў выйшлі шахцёр з адбойным малатком на плячы й лясьнік з бензапілой пад пахай, за імі — рабочы з молатам і калгасьніца зь сярпом, пад жоўтым сьцягам шчэрыліся граблямі, клюшкамі й швабрамі дзіданосцы, яшчэ далей зь сярпамі, скальпелямі й кухоннымі нажамі чакалі бліжняга бою цяжкія пехацінцы, а зусім ззаду стаялі дальнабойшчыкі, узброеныя лукамі, бумерангамі й прашчамі. Перад шыхтамі з падручнікам у руках езьдзіў на ровары беспрацоўны настаўнік гісторыі, які дабраахвотна ўзяўся кіраваць рэканструкцыяй адной з найславуцейшых бітваў мінуўшчыны. Мазгаўнюку гэтыя манэўры зусім не падабаліся.
—Дзе той чортаў Самагуб! Дзяцей ужо нельга вывесьці на пляц! Звольню яго к чортавай матары, хай толькі прыйдзе!
Тут да яго зьвярнуўся радыст:
—Кум Мазгаўнюк! Па радыё перадалі, што на вуліцы імя Невядомага Жаўнера банк рабуюць!
—Хай рабуюць, не да іх зараз! Грошай сабе мы заўжды надрукуем, — адмахнуўся Мазгаўнюк. — Якія яшчэ навіны?
—Калгасенка на провадзе.
—Што, павесіўся? Ну, нарэшце...
—Ды не, здаецца — гаварыць з вамі хоча...
—А-а, птамаць! — зароў Мазгаўнюк. — Давай сюды! Што, Гегемонавіч?
У слухаўцы пачуўся голас Калгасенкі:
—Ахламонавіч, чаму акцыя яшчэ ня скончаная?
—Дык толькі ж пачалася!
—Што вы цягнеце? Няўжо ж іх нельга разагнаць?
—Каб яны нас не разагналі, — прашаптаў Мазгаўнюк.
—Што ты там шэпчаш? Чаму вы іх не пастраляеце?
—Чым я іх табе пастраляю!? — ня вытрымаў Мазгаўнюк. — Ядрышкамі ад вішняў?!
—То танкамі разьедзь!
—Якімі, птамаць, танкамі! Гэта ж ня танкі, а драўляныя макеты з палігону! Усе танкі даўно ў Пюру! Ты думаеш, дзеля чаго я іх лістотай папрыкрываў?
—Лістотай? Сярод зімы? Ну, глядзі ў мяне, Мазгаўно! Я цябе здыму, я табе абяцаў! Мне твае жартачкі ўжо абрыдлі!
—Ну й здымай, тваю маць! Здымай, чаго ты не здымаеш! Што ты безь мяне рабіць будзеш? Ды каб ня я!.. Як хочаш: я больш пальцам не паварухну, — рашуча сказаў Мазгаўнюк. — Хай скідаюць цябе. Усё, на іхны бок пераходжу! Жыве рэвалюцыя! — крыкнуў Мазгаўнюк на ўвесь танк, які, на шчасьце, быў гукаізаляваны.
Са слухаўкі пачуліся енк і румзаньне.
—Мазгаўнючок, — заблагаў Калгасенка. — Не кідай ты мяне ў цяжкую хвіліну, малю цябе! Чым хочаш аддзячу! Толькі прыбяры іх з плошчы, геніялісімусам зраблю! Не крыўдуй, родненькі! Ты ж ведаеш, калі мяне судзіць будуць, я ж не прамаўчу, усё скажу — у адно электрычнае крэсла сядзем...
—Не раві, — перарваў яго Мазгаўнюк. — Што-небудзь прыдумаем. Дакладней, ужо прыдумалі. Галоўнае, каб кум гаўнавозы своечасова падагнаў. Ня енч, усё будзе добра.
—Дзякуй табе, залаценькі, — узрадаваўся Калгасенка. — Праз паўгадзінкі яшчэ ператэлефаную, добра?
Мазгаўнюк не адказаў, аддаў рацыю радысту й зазірнуў у пэрыскоп. Здаецца, «Агародніцу» інсургенты ўжо дасьпявалі й цяпер вельмі павольна, крок за крокам пасоўваліся ў накірунку Мазгаўнюковага танку, рухаючыся асьцярожна, быццам па лёдзе. Мазгаўнюк дастаў з кабуры пісталет.
—Пяць ім, адзін сабе, — прамармытаў ён сабе пад нос.
—А мне? — запытаўся радыст.
—Ну добра, тады ім чатыры, адзін мне, адзін табе. Адзін на вэлясыпэдыста, адзін на бэнзапілу, адзін на шахцёра, адзін на Павадыра. Бачыш, адным пісталетам ільга цэлае войска разагнаць! Паспрабуем?
Тут у пэрыскопе замільгалі дзіцячыя галоўкі.
—Самагуб вярнуўся! — закрычаў радасна Мазгаўнюк. — Дзетачкі ж вы мае залатыя! — з гэтымі словамі ён высунуўся зь люку, схапіў рупар і пачаў крычаць: — Дзеці, дзеці! Не шуміце, а то нічога не чуваць! Слухайце сюды! Зараз будзем гуляць у вясёлую ваенна-спартовую гульню! Пераможцы атрымліваюць п... ды — я хацеў сказаць, прызы! Хочаце атрымаць прызы?
—Тааак! — закрычала настаўніца, падтрыманая нешматлікімі галасамі выдатнікаў.
Дзеці абступілі Мазгаўнюкоў танк, паселі на яго, пачалі абшкрабаць зь яго фарбу, якая аддзіралася падазрона лёгка, і пісаць на ім розныя непрыстойнасьці. Словы настаўніцы слухалі толькі выдатнікі, збольшага дзяўчынкі, затое ўважліва й ледзь не замілавана, тым часам як хлопцы строілі з усяго кепікі й голасна рагаталі: іхны гоман перакрываў цяпер усе астатнія гукі плошчы.
—Настаўніца! Пашыхтуйце сваіх дзяцей! — зароў у рупар Мазгаўнюк. — Іначай мы пазбавім вас гадавой прэміі!
Маладзенькая настаўніца ўся зачырванелася й ледзь не заплакала. Мужны капітан Самагуб кінуўся яе суцяшаць:
—Ну што вы, спадарычна, кум генерал толькі так жартуе! Не хвалюйцеся, калі нехта ня будзе вас слухацца, — сказаў ён, крытычна ўзвысіўшы голас, — толькі мне яго пакажыце: я яго на месцы застрэлю!
—Дзякуй,—сказала настаўніца.
Настала абсалютная ціша, а некалькі дзяўчатак заплакала.
—Дзеці, ня плачце, ну што вы, мы ж не гашысты, — сказаў у рупар як мага больш ласкавым голасам Мазгаўнюк, і натоўп паўстанцаў адразу ж пачаў скандаваць: «Га-шыс-ты, га-шыс-ты!» Дзеці разгублена пазіралі то ў адзін бок, то ў другі. — А зараз, дзеці, возьмемся за рукі й станем вакол тых дзядзяў і цёцяў зь венікамі! — дырыгаваў крыжовым паходам дзяцей Мазгаўнюк. — Так, выдатна! Ня бойцеся, яны вас чапаць ня будуць! Ну й што, што яны крычаць — хай крычаць! Мы іх не баімся, праўда ж?
У гэты момант па-над натоўпам рэвалюцыянэраў залунаў узмоцнены мэгафонам голас Павадыра:
—Дзетачкі! Вам даграгая вашая Бацькаўшчына? Вашая будучыня? Вашая мінуўшчына? Няўжо вы не гразумееце, што вамі маніпулюе антыпсэўдапгротагашысцкі тутэйшафобны дыктатаргскі грэжым? Вы што, ніколі пгра яго ня чулі? Ён вас падманвае! Ніякіх падагрункаў вам не дадуць!
—Не дадуць?—хітравата прымружыўся Мазгаўнюк, выцягваючы зь люку загадзя падрыхтаваны мех з цукеркамі, які належаў радысту. — Зараз пабачым, дзеці, хто з нас кажа праўду: я ці гэты лысы дзядзя з мэгафонам! Вось, зірніце! Вось падарункі! Хочаце цукерак, дзеткі?
—Тааак! — зноў зараўла настаўніца, выціраючы сьлёзы. Дзеці зацята маўчалі, нежартоўна напалоханыя.
—Давайце, дзеткі, бярыцеся за ручкі! — крычаў у рупар Мазгаўнюк, перакрыкваючы Павадыра: яны нагадвалі двух кінарэжысэраў на пляцы, якія ня могуць між сабою дамовіцца, хто зь іх галоўны. — Як толькі ўсё скончыцца, адразу пойдзеце дадому, і заняткаў у школе больш ня будзе! А можа й да канца тыдня! Та-ак, вельмі добра! Давайце, давайце! Ня слухайце таго дзядзю, дзядзя вар’ят! Дзяўчынка, куды ты пайшла? О-ох, цяжка з вамі, — прастагнаў Мазгаўнюк, здымаючы рагатую каску й выціраючы зь ілба пот. — Як гэтыя настаўніцы ім рады даюць? Гэта, брат ты мой, не ваякамі камандваць — з тымі лягчэй. Тых, як што, дык адразу пад трыбунал — а з гэтымі што ты зробіш? Толькі дабром... Куды, птамаць! — зноў зароў ён у рупар на настаўніцу. — Куды ты, курва, іх павяла? Станавіцеся вакол, па ўсёй даўжыні плошчы, давайце, давайце!
Так ці йначай, дзякуючы дзецям наступ інсургентаў захлынуўся. Шахцёр з адбойным малатком і лясьнік з бэнзапілой запыніліся перад шэрагам шасьцікласьнікаў і шасьцікласьніцаў, якія, калоцячыся ад страху, трымаліся за потныя ручкі й скрозь сьлёзы пазіралі на іх зьнізу.
Шахцёр і лясьнік пераглянуліся.
—Што рабіць будзем?—спытаўся шахцёр.
Лясьнік паціснуў плячыма:
—Можа, спачатку ты паспрабуй? А то ў мяне бэнзіну мала...
Дзеці яшчэ больш напалохаліся, некаторыя абсікаліся, іншыя пачалі крычаць «Мама, я хачу дадому!»
Мазгаўнюк зароў:
—Ніхто нікуды без дазволу ня пойдзе! Ня слухайце гэтых дзядзькаў, яны ж не зьвяры! Нічога яны вам ня зробяць! Слухайцеся мяне, а то не дамо вам цукерак!
Настаўніца падбегла да дзіцячага авангарду, што сутыкнуўся з шахцёрам і лясьніком, і кінулася бараніць дзяцей.
—Пашкадуйце дзетак! — закрычала яна ў гістэрыцы. — Калі зь імі што здарыцца, мяне са школы выганяць! Куды я пайду? — з гэтымі словамі яна ўкленчыла перад паўстанцамі й працягнула да неба рукі.
З натоўпу пачалі крычаць:
—У прастытуткі пойдзеш, як мая!..
—Курва прарэжымная!
—Паслугачка!
З задніх шэрагаў нейкі мужчына крыкнуў:
—Антось! Ты што тут робіш! Чаму ня ў школе?
Маленькі Антось пазнаў бацькаў голас і памахаў яму ручкай.
—Тата, тата! Вас таксама з працы адпусьцілі?
—Ану пайшоў мне дахаты, хуценька! Няма чаго табе тут рабіць!
—Але нашая настаўніца сказала...
—Пайшла яна ў сраку, вашая настаўніца! Марш дамоў!
—Ну вось. Усе дзеці атрымаюць цукеркі, а я як заўжды...
—Пайшоў сын на бацьку, — прамовіў хтосьці ў натоўпе. — Дабра ня будзе. Ня йначай, як грамадзянская вайна пачынаецца.
Мазгаўнюк быў устрывожаны блізкім кантактам дэманстрантаў зь дзецьмі. Таму, пасьля кароткага роздуму, ён схапіў рупар і зноў закамандваў:
—Дзеткі, хуценька бяромся за ручкі й пачынаем вадзіць карагод! Ня стойма на месцы, ня стойма! Хораша, за настаўніцай, усе разам — каравай, каравай, каго хочаш вы-ы-бірай!.. Каравай... — у Мазгаўнюка канчаткова сеў голас. Ён адчуваў, што найвялікшая вулічная бітва ў Другарадзкай гісторыі паступова выходзіць з-пад ягонага кантролю.
—Пакуль, тата! — крыкнуў Антось, аддаляючыся ў ланцугу дзяцей і нават не пасьпеўшы памахаць бацьку ручкай, якую моцна заціснула ў сваіх заільдзянелых клюшнях курва-настаўніца.
Тым часам Павадыр, пабачыўшы, што дзеці бяруць іх у аблогу, пачаў верашчаць немым крыкам:
—Ну што вы на іх глядзіце! Вам што дагражэй: Бацькаўшчына альбо гэтыя маленькія выградкі? Не шкадуйце іх — зь іх усё адно выграстуць паслугачы грэжыму! Вы хочаце, каб нас тут усіх паклалі? Ня біце цікуноў, яны ж на пграцы! Гэта ж нашыя хлопцы, пашкадуйце іх! Мачыце дзяцей!
Паўстанцы былі насамрэч дэмаралізаваныя занадта доўгім чаканьнем. Нарэшце, трое адважных маладых людзей зь іхных шэрагаў (а гэта былі Рамштайн, Мацюкевіч і Нацык, узброеныя адпаведна швабрай, патэльняй і зубной шчоткай) паспрабавалі адасобіцца ад агульнай масы й пайсьці на прарыў скрозь дзіцячы ланцуг. Усе трое адначасова прыйшлі да высновы, што галоўнай перашкодай нацыянальнай рэвалюцыі ў дадзены момант зьяўляецца настаўніца, якая кіравала дзецьмі спрактыкавана, як Карабас Барабас. Калі яна, перакрываючы баявыя крыкі натоўпу, паспрабавала засьпяваць разам з малымі нейкую тужлівую й манатонную песеньку на матыў рыгарыянскага харалу, тры героі асьцярожна падабраліся да яе, і пакуль там Нацык адцягваў ейную ўвагу пры дапамозе простага пытаньня «Выбачайце, калі ласка, гэта ня вашая зубная шчотка?», Мацюкевіч узьняў патэльню так высока, як толькі дазваляў яму ягоны мала не двухмэтровы рост, і мякка апусьціў яе на новую й крыху ўскудлачаную настаўніччыну фрызуру, пасьля чаго Рамштайн зьвярнуўся да дзяцей сваім пяшчотным галаском прыхільніка гурта «Дэтанатар»: «Не перажывайце, дзеці, цёця настаўніца проста страціла сумленьне й прытомнасьць! Зараз яна ачуняе! А мы тым часам хуценька разьбяжымся па хатах, пакуль яна не ачуняла, згода?»
Убачыўшы, які трагічны лёс спасьцігнуў іхную настаўніцу, дзеці гістэрычна заверашчалі й разьбегліся хто куды. Шлях да свабоды быў вольны.
«Ай-яй-яй,» падумаў устрывожаны Мазгаўнюк, пазіраючы на гэта ў бінокаль. «Што ж яны, сукі, робяць! А я думаў, хоць сёньня без ахвяраў абыдзецца... Ну ды нічога, я таго бамбізу запамятаў. І таго валасатага таксама. А хто там зь імі трэці? Не відаць, халера, шкло запацела...»
Як толькі паўстанцы ўбачылі, як грымнулася на сьнег прарэжымная курва-настаўніца, у іх уваскрос іхны баявы дух, і яны хто гурточкамі, хто паасобку рынуліся прабівацца з абкружэньня скрозь шчыльны двайны шыхт цікуноў вакол плошчы. Да Рамштайна, Мацюкевіча й Ксенамана між тым падкаціла гурба журналістаў і журналістак, яны пачалі іх фатаграфаваць, браць у іх інтэрф’ю, аўтографы й адрасы. Цяпер амаль па ўсім пэрымэтры плошчы йшла зацятая бойка зь цікунамі, падчас якой нават абазнаны ў такіх рэчах Мазгаўнюк увесь пасівеў на грудзях, пад пахамі й паміж ног. Барацьбіты ці то не наважваліся, ці то ня ўмелі як сьлед ужываць сваю зброю: замест гэтага яны штурхаліся, нібыта старшаклясьнікі на перапынку, спрабуючы літаральна прапхнуць сілаю зладжанага штуршка драўляны мур цікунскіх шчытоў. Калі шыхты распадаліся, з боку паўстанцаў ішлі ў працу кулакі, з боку бройлераў — гумавыя дубцы. Узьнікалі агмяні бязьлітасных рукапашных баёў. Журналісты разьбегліся па ўсёй плошчы, паўключаўшы камэры й дыктафоны, і кожны прыдаўся да аднаго з такіх агмянёў каб магчы зрабіць жывы камэнтар падзеяў у эфіры, на капыл спартовага: «Паўстанец з нажніцамі спрабуе ўтыркнуць іх у вочыцікунуўдар — шлем! Яшчэ ўдар — зноў шлем! Не шанцуе сёньня прыхільнікам незалежнасьці!.. Наадварот, іхныя супернікі, здаецца, маюць лепшую фізічную падрыхтоўку, дый іхная тэхніка выглядае сёньня больш прыстойна. Вось спартовага целаскладу мужчына з більярдным кіем наносіць цяжкі ўдаааа»: гэтым разам цяжкі ўдар патрапіў па камэры й цалкам вырубіў жывы эфір.
Насамрэч, журналістам трапляла ад усіх: ад сваіх і чужых, тым больш што самі яны, па праўдзе кажучы, ня ведалі, на якім баку ў іх свае, а на якім чужыя. Староньняму назіральніку бойка магла нагадаць гульню бэйсбольнай каманды, якую ўвасаблялі бройлеры, супраць каманды па футболе, якую рэпрэзэнтавалі паўстанцы. Узброеным гумавымі дубцамі й драўлянымі шчытамі жаўнерам збольшага ўдавалася стрымліваць націск разьюшанага натоўпу, нягледзячы на град камянёў і сьняжкоў, які сыпаўся ім на каскі.
Яна ва ўсім гэтым ня ўдзельнічала, бо біцца ёй не было чым і не было за што. Да таго ж, ёй трэба было абавязкова пасьпець зайсьці да сустрэчы з Бэйбасам у рэдакцыю якой-небудзь жапазыцыйнай газэты, але яна ня ведала, як праціснуцца скрозь натоўп, каб зьнікнуць з плошчы й ня быць пры гэтым арыштаванай альбо зьбітай разам з астатнімі. Гэтак яна стаяла ў роспачы й няведаньні, у які бок бегчы, як тут да ейных ног падляцела, нібы няўдала выбіты футбольны мяч, баявая цікунская каска з рагамі, у якой, дзякуй богу, не было галавы — таму замест таго, каб адфутболіць яе ў самую гушчу, гульні Яна схапіла яе й тут жа надзела. Разагнаўшыся як сьлед, яна, ня доўга думаючы, рынулася ў накірунку цікунскага шэрагу й з разьбегу кінулася на шыю першаму здаравеннаму бройлеру, які замахнуўся на яе дубцом.
—Свае!! — закрычала Яна з усяе моцы. — Сьляпы, ня бачыш?
Бамбіза заўважыў ейную каску й пачырванеў:
—Даруй, кума... Ты адкуль?
—З палону ўцякла!! Можа, прапусьціш, не?! О дзе доўбня...
Бамбіза паслухмяна распіхаў сваіх таварышаў і дапамог Яне праціснуцца скрозь іхнае кола, якое ўсё больш няўмольна сьціскалася вакол паўстанцаў.
—У цябе набоі хоць ёсьць? — запыталася ў бамбізы Яна, якая ўбачыла ў яго на поясе такі самы пісталет, як ува Ўладзі, і ўпершыню пашкадавала, што дазволіла Бэйбасу зьнесьці яго з сабой.
Той адмоўна пакруціў галавой.
—Шкада, — сказала Яна. — Трэба было б грохнуць таго крыкуна зь мэгафонам.
—Каторага з двух? — пацікавіўся бамбіза.
—Найлепей абодвух, — уздыхнула Яна. — Ну давай, я пайшла. Жыве Калгас, — не чакаючы адказу, яна на злом галавы пабегла ў накірунку невялічкага пагорку, які дамінаваў полю бітвы й на схіле якога прымасьціліся журналісты, фотарэпарцёры, тэлеапэратары ды проста цікаўнікі.
Неўзабаве за сьпіной у цікунскіх аддзелаў пачуўся гук матораў, падобны да рыканьня рокерскіх матацыклаў, і з усіх бакоў плошчы да касьцёла насунуўся акуратны, ледзь не парадны шыхт даволі дзіўных машынаў. Кожная зь іх удавала сабой удалае спалучэньне рэактыўнага мінамёту з гаўнавозам: ад рэзэрвуару йшоў таўсьценны гумавы шланг, што ўздымаўся ўгару высока па-над машынай і разяўляў там сваё жарало, падобнае да рулі гарматы проціпаветранай абароны. Не даязджаючы якіх мэтраў трох да задняга шэрагу цікуноў, грозныя машыны спыніліся, выключылі маторы й пачалі тарахцець зусім іначай — цяпер іхны гук нагадваў рокат пральнай машыны.
—Што гэта за тэхніка? — запыталася Яна ў некага з тых, што стаялі на схіле ў чаканьні далейшага разьвіцьця падзей.
—Гэта з гаўнапампушкі, — патлумачыў дасьведчаны журналіст, які назіраў за бойкай у аб’ектыў свайго фотаапарату.
—Падобныя да вялікіх пыласосаў... — заўважыла Яна. — А што яны тут робяць?
—Яны? Як што? Фактычна, гэта галоўныя ўдзельнікі ўсяго гэтага спэктаклю. Гаўнамёты. Замяняюць вадамёты й сьлезацечны газ адначасова. Бязь іх не абыйшлося б ні ў якім разе.
—А на чыім яны баку? — запытаўся нейкі цікаўнік, які лічыў усе падзеі на плошчы нейкай дэманстрацыйнай вайскова-спартовай гульнёй.
—А якая розьніца? — не зразумеў дасьведчаны журналіст. — Гэта ж зброя масавага зьнішчэньня — ад яе ўсім аднолькава трапляе. Галоўнае ейнае адрозьненьне ад іншых кшталтаў зброі палягае ў тым, што зь ейнай дапамогай дасягаецца не перамога, а мір. Адказваючы на вашае пытаньне: у прынцыпе, на ўладным. Хаця я размаўляў аднойчы зь кіроўцам аднаго з гаўнамётаў, дык ён кажа — мы страляем ня гледзячы. Куды трапіць, куды трапіць. У іх, маўляў, сваякоў на абодвух бакох шмат, так што ім палітычна вызначыцца цяжка. Але наогул, трэба аддаць уладам належнае: гэта геніяльная прыдумка з гаўнамётамі. Па-першае, паводле смуроду ільга заўсёды потым вызначыць удзельніка маніфэстацыі, нават сабакі не патрэбна — гэта й без сабакі кожны ўнюхае. Па-другое, эканомія баепрыпасаў і вады: гаўно ж нічога не каштуе — прынамсі, пакуль што. Па-трэцяе, калі будуць ахвяры, то іх ціхенька потым прыбяруць разам з гаўном, ня робячы вялікага шуму, так што ўсе яны апынуцца на дне Другарадзкай гаўнапампушкі. Зручна, лёгка, проста ў карыстаньні. Нездарма кажуць, што мы — краіна рацыяналізатараў і вынаходцаў...
—Не разумею, куды глядзяць экалягістыя, — зацеміў іншы журналіст, які паходзіў, відаць, з адной з краінаў так званага блізкага замежжа.
—Экалягістыя ў пераважнай большасьці глядзяць у столь камэры, — патлумачыў яму ягоны інфлянцкі калега. — Партыя зялёных у нас забароненая, гэтаксама як і партыі іншых колераў.
—Гэта немагчыма! — абурыўся замежны журналіст. — І як вы ў такім гаўне жывяцё!?
—Гэта яшчэ што! — усьміхнуўся інфлянт. — Глядзіце, што зараз будзе.
Убачыўшы гаўнамёты, натоўп разгубіўся й пачаў распадацца. Большасьць дэманаў бязь лішніх размоваў пакідала на брук баявыя прылады і ўзьняла рукі ўгару. Цікуны адразу ж пачалі хапаць іх пад рукі й адцягваць убок, расьпіхваючы па сваіх машынах і трактарах. Павадыр знайшоў пад нагамі натоўпу свой белы сьцяг і пачаў адчайна ім махаць — аднак сьцяг, на жаль, быў ужо ня зусім белы, а напалову чорны ад бруду, напалову — чырвоны ад крыві.
—Анархіст чортаў! — прашаптаў Мазгаўнюк. — Зараз табе будзе! Рых—туууй!!! — закрычаў ён у рупар, зьвяртаючыся да гаўнамётнай батарэі.
Усіх журналістаў, капітулянтаў і цяжка параненых у той момант як ветрам зьдзьмула: толькі пасярэдзіне пляцу вакол Павадыра згуртаваліся якія дзясяткі тры нязломных барацьбітоў. Сам Павадыр бегаў па прыступках касьцёла, якія яшчэ гадзіну таму былі ягонай трыбунай, а цяпер памалу ператвараліся ў эшафот, і, зацяўшы пальцамі нос, крычаў у мэгафон:
—Мазгаўнюг! Збынідзе гэды гэнадзыд!
—Не спыню, — сказаў Мазгаўнюк. — АА—ГОНЬ! — заверашчаў ён немым крыкам, і ўсе пяцьдзясят гаўнамётаў разам пачалі паліваць рэшту вызвольнага войска цёплай як травеньскі лівень жыжкай.
Гаўно шчодра вырывалася з руляў гумавых шлангаў таўшчэзным струменем, які, аднак, біў ня вельмі далёка, ня больш як на пяць мэтраў, і да ўзятых у аблогу дэманстрантаў (сярод якіх з нашых знаёмых заставаўся адзін толькі Нацык, бо Рамштайн палічыў за неабходнае асабіста здаць сваю шпагу, то бок швабру, цікунскаму капітану, каб пазьбегнуць ганьбы) даляталі адзіна пырскі. Тым ня менш, гаўна было шмат, і пляцоўка вакол Павадыровай трыбуны паступова залівалася экскрэмэнтамі, ператвараючыся ў калюжыну. Шкада, што сіла мастацкага слова не распаўсюджваецца на перадачу паху — смуроду дык пагатоў. Скажу толькі, што ён быў невыносны. Некаторыя з герояў адразу ж страцілі прытомнасьць, іншыя ванітавалі, некаторыя пачалі задыхацца. Тыя, што яшчэ маглі стаяць на нагах, пачалі караскацца на прыступкі да Павадыра, але той, ня хочучы пэцкацца, бегаў па ўзвышэньні, затыркнуўшы пальцамі нос, і сьпіхваў іх уніз нагамі, адчаўліваючы ім пальцы абцасамі.
«От, паскуда,» падумаў Мазгаўнюк, «пачакай, народны гнеў ужо да цябе дабярэцца!»
Аднак ягоным словам не наканавана было спраўдзіцца. За рокатам гаўнамётаў і крыкамі інхых ахвяраў, за сьляпучым сонцам і мігценьнем сьнегу ніхто не пачуў стракатаньня і не заўважыў абрысаў міні-шрубалёту, які зьявіўся невядома адкуль, быццам зьляцеў з суседняга даху. Адным паветраным скачком ён апынуўся ў некалькіх мэтрах па-над Павадыром: перад ягоным носам заматлялася вяровачная лесьвіца. Павадыр як быццам толькі гэтага й чакаў: схапіўшыся за яе адной рукой, нібы спрактыкаваны каскадэр, другой рукой ён махнуў пілёту «паехалі» і ўзьнёсься ў вышыню. Шрубалёт бясшумна ўзьляцеў па-над плошчай. У плыні гаўна, што ліло на змагароў зь нябёсаў, ніхто зь іх не заўважыў, як купінка таго ж самага рэчыва выпала з Павадыровых нагавіцаў: фатаздымак гэтае купінкі назаўтра абляцеў афіцыйныя інфлянцкія газэты з подпісам «Ад Павадыра застаўся толькі кавалак лайна!» Незаўважаны, Павадыр улез у кабіну, загадаў пілоту ў адгазьніку «ў Нюйсбург», абцёр са сьпінжаку і з ботаў кропелькі гною падабраным ля касьцёла жоўтым сьцягам зь Вершнікам без Галавы ды пусьціў яго лунаць у паветры. Тыя з інсургентаў, у якіх хапіла мужнасьці й сілаў ускараскацца нейкім чынам на Навагоднюю ёлупку, пачалі махаць Павадыру рукамі, патрабуючы ўзяць іх з сабой, аднак той зрабіў у іхным кірунку непрыстойны жэст і растаяў, як аблачынка ў чыстым блакітным небе. Больш ніхто зь ягоных падначаленых пра ягоныя ўцёкі не даведаўся, таму ў асяродзьдзі рэвалюцыянэраў доўгі час лічылася, што Павадыр гераічна патануў у гаўне, цяжка паранены, спрабуючы вынесьці жоўты сьцяг з поля бою.
З усяго гурта змагароў на гэты час засталося стаяць на нагах толькі чалавек дваццаць — гаўно ўжо даходзіла ім па калені. Яны паспрабавалі зноў сьпяваць «Агародніцу,» аднак у такім смуродзе гэта было даволі нялёгкай задачай. Некаторыя зь іх у непрытомнасьці пападалі ўніз, у калюжыну, адкуль іх неўзабаве пачаў выцягваць спэцыяльны аддзел цікуноў-гаўналазаў. Мазгаўнюк з задавальненьнем назіраў у бінокаль за канчатковай здачай ворага. Калі Калгасенка зьвязаўся зь ім праз хвіліну, ён дакладаў яму, што паўстанцкае войска цалкам зьнішчанае, усе ўдзельнікі масавых беспарадкаў затрыманыя, уцячы ніхто, апроч Павадыра, ня здолеў.
У гэты самы момант нядобра замацаваная, дый залішне вялікая для такога сьціплага места як Другарад Навагодняя яліна нечакана пахіснулася пад цяжарам тых прыхільнікаў Павадыра, якія імкнуліся на ёй схавацца ад справядлівага суду гісторыі, нахілілася і ў наступнае ймгненьне імкліва паляцела ўніз, накрыўшы сабою чалавек дзесяць цікуноў, а зь імі й самога пераможцу гэтай вялікай гістарычнай бітвы — небараку Мазгаўнюка.
1999-2004
(У 2004 годзе рукапіс раману быў уганараваны прэміяй Янкі Юхнаўца.)