Афрыканец

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Ноччу ўсхадзіўся вецер, бярэзіну разгоніста гайдала, камель натужна парыпваў, і Афрыканец кепска спаў. Толькі пад раніцу, калі ўсё аціхла, заснуў мулкім сном і прачнуўся позна. Пад камлём намяло гурбу снегу, і лапы навакольных хваін гнуліся пад снежным цяжарам. Было даволі цёпла, і ў паветры вісела шэрая смуга, якая размывала відарысы будынкаў, таксама шэрых, а таму амаль не бачных. Афрыканец пазяхнуў, шырока разявіўшы дзюбу, і прыслухаўся. Сініцы, што жылі паблізу, не ціўкалі. Паляцелі ласавацца салам. Афрыканец спехам вылез з дупла.

Чытачы, відаць, здагадаліся, што герой апавядання — дзяцел. Той самы, з чорным каптуром на макаўцы і з даўгім і надта пругкім хвастом. Жыў наш дзяўбун на ўскрайку лесу, побач з горадам: якраз непадалёку ад яго жытла грувасціўся будынак гарадской лазні. Хто ж даў яму такую дзіўную мянушку? Самая пара згадаць гэткую ж снежную, але марозную раніцу пачатку зімы. Галодная была часіна. Даводзілася сілкавацца аднымі яловымі семкамі. Ды паспрабуй, падсілкуйся... Трэба знайсці спелую шышку, запхнуць у маленькае дупло і выдзёўбваць тыя семкі, хапаючы языком. За шышкамі даводзілася лятаць на чужую тэрыторыю. У глыбіні лесу ёсць шырокая прасека — мяжа ягоных уладанняў. Далей гаспадарыў іншы дзяцел, з якім ён шмат разоў біўся. Таму, другому дзятлу, не падабалася, што нехта краў шышкі. Вось і лётаў ён ад ранку ўздоўж прасекі, выглядаючы выкрадальнікаў ляснога дабра.

Таго ранку наш герой падаўся на чужую дзялянку, знайшоў крамяную шышку і скіраваў дахаты. Але тут, па дарозе, угледзеў пацяруху пад кашлатай елкай. Гэта была суседская «кузня» — месца, дзе дзятлы дзяўбуць шышкі. Галадуха давалася ў знакі, таму наш дзяцел сеў на стаўбур, тыцнуў шышку ў дупло, пару разоў стукнуў дзюбай — і ў гэты момант лес скалануў пагрозлівы воклік: «Цык!» Праз імгненне яны сутыкнуліся ў паветры. Пры гэтым ён стукнуў суседу дзюбай у лабэшнік, а сусед балюча падзёр яму кіпцюром грудзіну. Так, хапіўшы пяршывае пёрка, бедачына кінуўся дадому і там, плюхнуўшыся на бярэзіну, пачуў ціліканне сініц. Сініцы таксама жылі ў дупле, якое ён летась выдзеўб. Дзяцел збольшага ведаў мову вяртлявых шалахвостак і зразумеў: сініцы наўзахваткі нахвальвалі кармушку, на якую ўзбіліся. Відаць, там было сала. Чаму менавіта сала? Бо шалахвосткі раз-пораз аціралі дзюбы аб асінавую кару.

Летась, гэткай жа парой, давялося пакаштаваць тае смакошы. Хтосьці прымацаваў кавалак сала да бярозавай галіны на ўскрайку гарадскога парка. Дзяўбсці пачастунак было надта нязручна: галінка задужа тонкая. Пад вечар зноўку прыляцеў у парк, але сала знікла. Скралі, відаць, вароны. І цяпер, пачуўшы задаволенае ціліканне, дзяцел увабраў голаў у тулава, пераляцеў на другое дрэва, бліжэй да сініц. Сініцы між тым добра падмацаваліся і не спяшаліся нікуды ляцець.

«Цікава, ці далёка сала?» — падумаў дзяцел, і ў чэраве ягоным забурчэла. «Можа, зноў у парку? А там жыве не адзін, а два дзятлы. Так што бойка забяспечана».

Сініцы яшчэ доўга круцілі хвастамі, нарэшце разам ціўкнулі: «Паляцелі!» Дзяцел размашыстымі зігзагамі паляцеў следам, рупячыся не губляць шалахвостак з віду. На шчасце, шалахвосткі скіравалі не ў лес, а ў бок гораду. Яны прамінулі шашу, якая бегла ўздоўж гарадской ускраіны, і падляцелі да шэрага дзевяціпавярховіка. Дзяцел прымасціўся на стаўбуры старой ліпы і заўважыў чародку сініц. Яны мітусіліся вакол гаўбца на трэцім паверсе. Там, падобна, і месцілася кармушка.

Аполец сала прывабна бялеў, прывязаны да парэнчаў дзвюма аборкамі. Разганяючы дакучлівых сініц, дзяцел плюхнуўся на парэнчы, з усяго маху дзеўбануў сала, ды так, што загуў гаўбец, і прымружыў вочы ад асалоды. Ніколі не каштаваў такой смакаты. Потым дзеўбануў яшчэ пару разоў, адарваў ладны шматок і з цяжкасцю праглынуў. Нават затросся, глытаючы. І толькі тады зазірнуў у вакно. У цёмным сутонні вымалёўвалася пахілая чалавечая постаць. Стары дзядзька з сівой барадой сядзеў, сагнуўшыся ў сук, ляпаў па нейкай дошцы пальцамі, і на твары ягоным ляжала сіняватае святло. Іншым разам, пабачыўшы зблізку чалавека, дзяцел бы вомігам адляцеў. Але як адляціш, калі пад дзюбай шматок сала — улюбёны птушыны ласунак.

Нечакана з шэрага заваконнага прыцемку выплыла жанчына і застыла ў нерухомасці.

— Глянь, хто прыляцеў! — адна шыба была прачыненая, і людскія галасы вырываліся вонкі.

Дзядзькаў твар кранула ўсмешка.

— Вялікі стракаты дзяцел. Самец. Бачыш, у яго чорны каптурок на галаве і чырвоная пляма на патыліцы. У саміцы плямы няма.

«Які каптурок?» — схамянуўся дзяцел. «Гэта ў людзей на галовах шапкі ды каптуры. А мы і без іх абыходзімся».

— Прыгожая афарбоўка: чорна-бела-чырвоная, — падала голас жанчына.

— Сцяг Буркіна-Фасо.

— Чаго сцяг? — перапытала жанчына.

— Краіна такая. У Афрыцы. Былая Верхняя Вольта.

— Толькі грудзіна надта брудная.

Дзяцел закінуў дзюбу ўгору, чакаючы, пакуль сала пройдзе ў страўнік, і абурана цыкнуў. «Паспрабавала б сама папоўзаць па мокрых стаўбурах, я б на цябе паглядзеў».

— Грукае так, што суседзі хутка прыбягуць, — не сунімалася жанчына.

— Трэба пад сала кардонку падкласці. Не так гучна будзе.

Дзяцел яшчэ раз цыкнуў і ўжо дзёўб сала, не слухаючы людской гаманы.

Праз паўгадзіны ён залез у дупло і перавёў дых. Даўно не пачувалася стракатаму дзяўбуну так лагодна ў сваім жытле. Звычайна даймаў голад, а тут, ці не ўпершыню ў жыцці, наеўся ў разорву. Нат горача стала і давялося вытыркнуць дзюбу вонкі.

Дупло ён зрабіў пад бярозавым грыбам. Гэтая стрэшка ратавала ад дажджу, і ў «кватэры» было суха. Адно што ўвесну на сценках праступаў салодкі бярозавік, і дзяцел злізваў яго даўгім языком. Якраз такой вясновай парой ён дупло і згламэздаў. Як дзёўб асіну, дык некалькі дзён хапіла. Вядома, асінавая драўніна крохкая. А бярозу пачаў дзяўбсці, калі яшчэ снег ляжаў, а скончыў, калі трава прабівалася. Рабіў новае жытло не ад добрага жыцця. Асіна, дзе было старое дупло, стаяла ля самай лазні. Улетку, памыўшыся, пад дрэвам часцяком збіраліся дзядзькі, якія цадзілі пенны напой з кухляў і за нешта спрачаліся. Напой прадавалі ў лазні, і яны любілі яго спажываць на свежым паветры. Але варта было стукнуць дзюбай, як дзядзькі гамузам уздымалі галовы, пачыналі штосьці гарлаць і свістаць у два пальцы. Пару разоў і камяні шпурнулі. Добра яшчэ, паспеў прыхавацца на другім баку стаўбура. Аднойчы нехта пакінуў на зямлі недапіты кухаль, і дзяцел пакаштаваў пітва. Зроду не піў такой гідоты. Ад яе нават свет уваччу забрыніў, і небарака, падлятаючы да свайго жытла, стукнуўся аб бярозавы грыб галавою. З той хвіліны ён незалюбіў людзей, таму і вырашыў атабарыцца далей ад лазні.

«Але вось дзіва. Знайшоўся добры чалавек, — падумаў дзяцел, аблізнуўшы дзюбу, — сала пачапіў». Ведае, як цяжка даводзіцца птушкам узімку, калі пад гнілой карой няма ні мурашоў, ні іншай жамяры.

Роўная, як туман, асалода апанавала птушыную душу. Дзяцел заплюшчыў павекі і, чаго раней ніколі ўдзень не рабіў, заснуў. Прачнуўся на змярканні і адразу ж вылецеў з дупла.

На сале сядзелі сініцы, і калі ён пляснуўся на парэнчы, абурана зацвыркалі.

«Жывуць у маіх дуплах, і яшчэ незадаволеныя», — з гэтаю думкай аматар сала зазірнуў у вакно. Сівы дзядзька па-ранейшаму сядзеў, скурчаны, і штосьці перабіраў пальцамі на стале.

— Глянь, твой Афрыканец прыляцеў! — прагучаў прыглушаны жаночы голас.

— Які Афрыканец?

— Ну які... з Буркіна-Фасо.

Сівы дзядзька крутнуў галавой.

— Вельмі карысная птушка для лясной гаспадаркі. Знішчае шкоднікаў.

Пасля такіх слоў Афрыканец стаў яшчэ больш паважаць гэтага добрага чалавека.

Для дзятла пачалося ўежнае жыццё. Па два, а то і тры разы на дзень лётаў ён на гаўбец сілкавацца сытным салам, — ужо і кінуў шышкі дзяўбсці. І штораз жанчына, жонка сівога дабрадзея, сустракала яго воклічам «Афрыканец прыляцеў!» Хто такія гэтыя афрыканцы, дзяцел не ведаў. Але меркаваў, што яны таксама карысныя для лясной гаспадаркі, а таму і не крыўдаваў на мянушку.

Аднойчы чарговым разам паляцеў пакаштаваць смакошы і здалёк убачыў, што балконныя дзверы адчыненыя, а на гаўбцы стаіць сівы дабрадзей і мацуе да парэнчаў палку з начэпленай белай і чырвонай матэрыяй. Афрыканец сеў, зачапіўшыся кіпцюрамі за шурпатую сценку дома.

З расчыненых дзвярэй вытыркнулася жончына галава.

— Ну што ты робіш? Ты хочаш, каб цябе за той сцяг пабілі? Ці пятнаццаць сутак далі?

Муж маўчаў, мацуючы палку алюмініевым дротам, і дзяцел, зразумеўшы, што прыляцеў не да часу, падаўся ўпрочкі.

Шарай гадзінай завітаў у птушыную сталоўку і ажно дзюбу разявіў ад уражання. Вакно зацягнулі жоўтымі шторамі, а на самім гаўбцы панаваў вэрхал. На цэментавай падлозе ляжаў разбіты слоік з салёнымі гуркамі, стары зэдлік стаяў дагары нагамі, а сцяг быў сарваны і вецер раз’юшана шкуматаў абрыўкі чырвонай і белай матэрыі.

Пасядзеўшы троху, Афрыканец дзеўбануў без усякай ахвоты сала, але тут балконныя дзверы расчыніліся і ў пройме ўзнік заплаканы жаночы твар.

— Толькі цябе не хапала! — ужо ў паветры пачуў Афрыканец.

Потым ён прылятаў штодня, хаця есці на гаўбцы не было чаго: ад сала засталася адна каляная скурка. Кожнага разу зычна цыкаў у спадзеўцы, што сівы дзядзька выйдзе на гаўбец, ды той не выходзіў, і шторы на вокнах увесь час былі зашморгнутыя.

«Як яно ўсё павярнулася», — думаў Афрыканец даўгімі вечарамі. Яму нават не сала было шкада, а таго сівога дзядзьку, які невылазна сядзеў за сталом, і раптам знік. А можа, яго сапраўды пабілі? Але хто? Ці не тыя распараныя апівуды, што пілі гідоту каля лазні і шпурлялі камяні?

Пацягнуліся халодныя, спавітыя калючым туманам дні. Афрыканец ізноў стаў лётаць на суседскую дзялянку, краў спелыя шышкі і два разы пабіўся з дзятлам, які там гаспадарыў. Але кожнай раніцы, перш, чым выправіцца па шышкі, сядаў на бярозавую губу і з надзеяй паглядаў на шэры дзевяціпавярховік. І вось адным ранкам, забраўшыся на грыб, Афрыканец сцепануўся ад звонкага цвыркання сініц. Дагэтуль суседкі паводзілі сябе ціха, а тут раптам усхадзіліся, замітусіліся, сюд-туд аціраючы дзюбы аб кару. Дзяцел з такой рашучасцю сарваўся з месца, што пакінуў на грыбе глыбокія драпіны.

Гэтым разам шторы былі рассунутыя і ў кволым святле краталася постаць сівога дзядзькі. Той, як і раней, сядзеў за сталом, і з нервовым імпэтам стукаў пальцамі на чорнай дошцы.

«Прывітанне!» — узрадавана крыкнуў дзяцел на сваёй мове.

Сівы дзядзька павярнуў голаў. Хоць у пакоі і панаваў змрок, але было бачна, што пад ягоным вокам расплыўся вялікі сіняк. Дзядзька задаволена ўсміхнуўся і штосьці сказаў. Дзяцел нічога не чуў, бо вакно прычынілі. Але ён і так ведаў, што сябар, якога пабілі лазенныя апівуды, прамовіў:

— Прывітанне, Афрыканец!

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Скажу больш: прачытала на вокладцы Ваша прозвішча, і жыццё падзялілася, як у тым кіно, на дзве серыі. Там, у першай серыі, засталіся шэрая нуда, неўладкаваная бытавуха, сваркі, звадкі, нарэшце, выпадковыя любошчы. Але вось на адваротным баку вокладкі, як на зыркім экране, узнік абветраны, як скалы, але такі абаяльны і глыбакадумны твар Чалавека і Творцы, і з таго моманту пачалася другая серыя майго жыцця.

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.
Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.