Пенсія

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Ніна Захараўна, кабета сталага веку, сядзела ў мяккім фатэлі і глядзела тэлевізар. Паказвалі кіеўскі майдан. І хаця на тэлеэкране людзі ў чорных шаломах стралялі па натоўпе, пасярод пляцу гарэлі кінутыя ў кучу скаты, а ў нетрах злавеснага куродыму нейкі маладзён махаў жоўта-блакітным сцягам, твар Ніны Захараўны быў абыякава-нерухомым. І толькі калі з’явілася белая машына з чырвоным крыжам і з яе выбеглі людзі з насілкамі, вакол вачэй зварухнуліся маршчакі. Яно і зразумела: дваццаць гадоў адпрацавала Ніна Захараўна медсястрой на «хуткай дапамозе». І цяпер, пабачыўшы «мерс» з чырвоным пасам уздоўж борта, прымружыла вочы, без патрэбы пацерла сухія, кранутыя старэчым рэўматызмам пальцы. Неўзабаве паказалі мужчыну, які ляжаў на асфальце, і Ніна Захараўна, уздыхнуўшы, стала пераключаць каналы. На экране адзін за адным мільганулі гумарыст Задорнаў, скандаліст Жырыноўскі і спявак Майсееў. Атачоны напаўаголенымі дзеўкамі, спявак бязгучна, як тая рыбіна, хапаў ротам паветра, выставіўшы наперад пукатае чэрава.

Тэлевізар працаваў без гуку, бо за сценкай спаў муж. Усю прамінулую ноч небараку балела сэрца. Давялося нават два разы калоць мілдранат. Толькі раніцой і заснуў. Таму жонка сядзела ціхенька, баючыся нават кашлянуць, безуважна пазіраючы то на маўклівы кіеўскі майдан, то на такога ж маўклівага, спавітага ў шэры фрэнч, вядоўцу ток-шоў, то на сівога як лунь спевака, які зяпаў нафарбаванымі вуснамі і пры гэтым двайны падбародак ягоны прыкметна дрыжэў.

Рот перакрывіў даўкі позех, пасля якога Ніна Захараўна спехам перахрысцілася. Мінулай ночы таксама кепска спала, ад чаго кружылася галава і злёгку нудзіла. Размінаючы самлелую шыю, кранулася патыліцай сценкі. Позірк слізгануў па шэрай, пазначанай плямкамі забітых камароў столі, па бляклых, упрыгожаных нетутэйшымі кветкамі шпалерах, урэшце засяродзіўся на здымку, што стаяў за шклом кніжнай шафы. Здымак быў савецкага часу, а таму размыты і невыразны. На ім, тулячыся адно да аднаго скронямі, сядзелі сын і нявестка з вясельным вянком на галаве. Яны даўно разышліся і завялі новыя сем’і, і лепш было б запіхнуць той здымак куды далей, але Ніна Захараўна вельмі яго любіла, і прыхоўвала толькі тады, як у бацькоўскую хату, раз на год, прыязджаў на пагасціны сын з новай нявесткай і ўнукамі.

Поруч, на тле выцвілых карэньчыкаў збору твораў Шамякіна, туліўся яшчэ адзін здымак. На ім былі сфатаграфаваныя маладая Ніна Захараўна і яе муж Іван Пятровіч — тады проста Ваня. Хтосьці з сяброў, сорак пяць гадоў таму, шчоўкнуў затворам ФЭДа. І не дзе-небудзь, а на вечарыне ў медвучэльні, якраз таго вечара калі яны пазнаёміліся.

Над сівагаловым спеваком завіс народжаны спецэфектам маладзік. Маладзік гарэў блакітным агнём, пераліваўся, сінюшным водценем пазначаў спявацкі нос-бульбіну, і Ніна Захараўна на імгненне дадала гуку. «Голуб-бая!» — пракураным голасам выдыхнуў спявак і палец ліхаманкава націснуў кнопку на пульце. На канале ОРТ, як заўсёды такой парой, ішоў серыял. Кінагероі — мужчына з голена-бліскучай галавой і зусім маладая дзеўка са спаленымі пергідролем валасамі — сядзелі за столікам у рэстарацыі і пра штосьці гаманілі. Затым, мяркуючы па выразу твараў, пачалі спрачацца, нечакана «пергідроль» выцягнула з сумачкі пісталет і, трымаючы аберуч, наставіла на лысага мужчыну. Ніна Захараўна са здушаным крахтаннем паднялася з фатэлю. Трэба будзіць мужа. А то што ж... выспіцца за дзень, а ноччу зноў не засне.

Перш, чым ісці ў спальню, зірнула ў вакно.

Дагараў жаўталістам кастрычнік, і краявід за вакном выглядаў пахмурным і невясёлым. Макрэў пад ленай імжой асфальт; нядошлы, брудна-малочнага колеру сабака грыз надоечы пасаджаныя кусты, а каля дваровых кантэйнераў стаяла кабета яе гадоў і поркалася ў смецці, раз-пораз пазіраючы вакол. Ніна Захараўна не першы раз ужо бачыла гэтую гаротніцу. У шэрым, савецкага крою, плашчы, яна была падобная да старой настаўніцы і зусім не выглядала алкагалічкай ці жабрачкай.

— Бедныя людзі, — прамармытала Ніна Захараўна, мелькам зірнуўшы на насценны гадзіннік.

Сёння павінны прынесці мужаву пенсію, ды паштарка чамусьці не прыходзіла.

— Ну дык будзеш уставаць? Абед даўно астыў, — прамовіла Ніна Захараўна, ляпаючы па падлозе заднікамі зношаных пантофляў.

— Іван! — выдыхнула ўжо з рашучасцю ў голасе, бо муж не адклікаўся, а ўвайшоўшы ў спальню, ледзь чутна пралепятала: — Ваня!

Муж ляжаў, задзёршы галаву. Левая рука ягоная ляжала на прыслоне канапы, а правая звісала да падлогі. Стваралася ўражанне, што той збіраўся ўстаць на ногі, ды так і знерухомеў — з шырока разяўленым ротам і заплюшчанымі вачыма.

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.

Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам. Укленчыўшы перад канапай, Ніна Захараўна прафесійным рухам паспрабавала намацаць пульс, прыпала вухам да мужавай грудзіны, прыўзняла павекі. Яна схапіла кардонку з уколамі, якія ляжалі на ўслоне, і некалькі ампул бразнулі аб падлогу. Уколы былі не патрэбныя. Смерць ужо кранулася твару, сцягнуўшы скуру на лбе і завастрыўшы і без таго востры нос.

— Ваня... чаму ж ты мяне не паклікаў? — пралепятала, жаласліва і горка, жанчына.

Ніна Захараўна тыцнулася носам у падушку і здушана, як падбіты цюцька, заенчыла. Ёй карцела дыхнуць на поўныя грудзі і на поўныя грудзі залямантаваць. Аднак стрымала сябе. «Не цяпер», — з дзіўным для такой хвілі спакоем прашаптала Ніна Захараўна, прыўзняўшы голаў і крануўшы пальцамі ссівелую Іванаву скронь. Не хацела, каб лямант пачулі суседзі, а галоўнае — паштарка, якая, магчыма, ужо падымалася па лесвіцы.

Чорнымі імгненнямі ў памяці звычайна ажывае штосьці далёкае і шчымлівае. Вось і Ніна Захараўна міжволі прыгадала іх першую сустрэчу — там, на навагодняй вечарыне. Іван запрасіў на танец, нясмела прытуліў да грудзей, шапатнуў на вуха, што ніколі не бачыў такой прыгожай кофты. А кофта была звычайная. Яна сама яе звязала. Маці, праўда, дапамагла прышыць гузікі. Успамін напоўніў грудзіну невыноснай тугой, якая здушаным лямантам вырвалася з грудзіны, здзьмухнуўшы парушынку з пасінелых Іванавых вуснаў і абудзіўшы званок у калідоры. Ніна Захараўна з дзікаватым непаразуменнем прыслухалася, а калі бомкнула ўдругарадзь, ліхаманкава, з апошніх сіл, упраўляючыся не толькі рукамі, але і каленам, кульнула мёртвае цела тварам да сцяны, накрыла мужа коўдрай па самыя плечы — так, што быў бачны адно змярцвела-белы плех у атачэнні сівых валасоў, — і толькі тады рушыла да дзвярэй.

— Выбачайце, прыпазнілася. Столькі людзей сёння абышла! — даляцеў з прыцемку звінючы галасок і ў калідор зайшла маладзенькая паштарка.

Маладзіца прыязна ўсміхнулася, але ўсмешка тут жа збегла з кірпатага твару.

— У вас штосьці здарылася?

— Сястра памерла, — Ніна Захараўна панурыла вочы, прыціснула сагнутым пальцам ніжнюю губу, якая пачала нервова трымцець.

— Спачуваю, — прамовіла паштарка і злёгку прыўзняла падбародак.

— Спіць, — з інтанацыяй абарванага плачу прамовіла Ніна Захараўна, не падымаючы вачэй. — Усенькую ноч не спаў — сэрца балела. Цяпер вось адлягло.

Ніна Захараўна прайшлася на дыбачках у спальню, падчапіла па дарозе згубленую пантофлю. Паштарка зазірнула ў прахон разнасцежаных дзвярэй.

— Дык можа заўтра зайду? — спытала маладзіца, да шэпту сцішыўшы голас.

— Чаго ж вам другім разам бегаць? Давайце я распішуся.

Дзяўчына хітнула галавой, няпэўным рухам панурыла руку ў кайстру, што вісела на плячы.

— Фінансавы дакумент. Уласнаручны подпіс патрэбны. У нас тут, ведаеце, розныя выпадкі бываюць. Зменшчыца мая прыйшла на мінулым тыдні да адных. Мужа няма, а жонка кажа: «Давайце за яго распішуся. Ён у ваннай мыецца». І праўда, у ваннай святло гарэла і вада лілася. А потым высветлілася, што муж у моргу ляжаў. За мёртвага хацела пенсію атрымаць.

— Ды ён і распісацца не можа. Пальцы не слухаюцца. Я за яго распісваюся, — паведаміла Ніна Захараўна, і паштарка, павагаўшыся, дастала ведамасць.

— Не хварэйце, — ужо вясёлым голасам выдала праз хвіліну дзяўчына, прычыніла дзверы, і Ніна Захараўна падсела да тэлефону.

Доўга не магла набраць кароткі нумар — раз за разам націскала не тыя кнопкі. Нарэшце пачула ў слухаўцы кароткае: «„Хуткая“ слухае», — і назвала свой адрас. Падняла вочы і ўбачыла, што не выключыла тэлевізар. Цяпер там ішлі «навіны». Паказвалі, як па нязвыкла пустэльным праспекце ехала кавалькада даражэзных матацыклаў. Галава кавалькады якраз заязджала на Круглы пляц, поўнячы прастору шызай смугой.

Паволі, выставіўшы, як тая самнамбула, рукі, Ніна Захараўна прайшла ў пакой, намацала пульт, выключыла абрыдлы тэлевізар. Затым падышла да вакна. За вакном сутоньвалася. Там, у двары, дзве маленькіх дзеўчынёхі шоргалі пластмасавымі рыдлёвачкамі па мокрым асфальце; іх маці паволі хадзілі па ходніку і гаманілі па мабільніках, а ў кантэйнеры для смецця поркалася скурчаная, апраненая ў чорную кацавейку бабуля. Ніна Захараўна прыціснулася лбом да халоднай шыбы і толькі тады дала волю пачуццям: спачатку затрымцела прыдушаным плачам, а потым зараўла — адчайдушна, па-бабску надрыўна, — сціскаючы ў кулаку мужаву пенсію: два мільёны дзевяцьсот тысяч цупкімі, кагадзе надрукаванымі купюрамі.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Афрыканец пазяхнуў, шырока разявіўшы дзюбу, і прыслухаўся. Сініцы, што жылі паблізу, не ціўкалі. Паляцелі ласавацца салам. Афрыканец спехам вылез з дупла.

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.

Скажу больш: прачытала на вокладцы Ваша прозвішча, і жыццё падзялілася, як у тым кіно, на дзве серыі. Там, у першай серыі, засталіся шэрая нуда, неўладкаваная бытавуха, сваркі, звадкі, нарэшце, выпадковыя любошчы. Але вось на адваротным баку вокладкі, як на зыркім экране, узнік абветраны, як скалы, але такі абаяльны і глыбакадумны твар Чалавека і Творцы, і з таго моманту пачалася другая серыя майго жыцця.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.