Яна выйшла з клінікі, у якой працавала, і міжволі скасавурылася. З нізкага неба церусіў вераснёўскі дождж. Дагэтуль цэлы тыдзень красавала «бабіна лета», і вось надвор’е сапсавалася, і дождж падаўся, як ніколі, маркотным.
У сутонлівай каламуці нязграбнымі патарочамі паўставалі шэрыя будынкі, напаўзгалелыя дрэвы і размытыя постаці мінакоў пад змрочнымі, як крылы кажаноў, парасонамі. Звычайна, ідучы з працы, яна баялася сустрэць знаёмых, бо з імі трэба ад нечым гаманіць. А тут раптам захацелася перакінуцца словам хаця б з выпадковым мінаком.
Ад ранку не прыхапіла ні плашчу, ні парасону, таму вырашыла, каб не мокнуць на прыпынку, ехаць таксоўкай. Балазе адна з іх стаяла непадалёку, пыхкаючы шызым дымам.
Машына была новая і ў салоне прыемна пахла штучнай скурай. Кіроўца таксоўкі, мужчына сярэдняга веку, слізгануў позіркам па яе каленях, і яе рука машынальна абцягнула сукенку. Ногі былі прыгожыя. Яны вабілі калегаў і выклікалі рэўнасць каляжанак, таму звычайна хадзіла на працу ў мешкаватых джынсах. Аднак сёння, сама не ведаючы чаму, надзела чорную сукню.
Дажджавыя кроплі сцякалі па шыбе, перакручваючы відарысы дрэў, што плылі за вакном. Неўзабаве іх рух запаволіўся, а потым наогул спыніўся. Дарогу пераходзіла людская чарада.
— Дождж ідзе, а ім похер. Цягаюцца па вуліцах ад самай раніцы — ні прайсці, ні праехаць, — незадаволена выдыхнуў вадзіла.
Праваруч гучна заляпалі па мокрым асфальце падэшвамі чаравікаў. Гэта беглі, з гумовымі дручкамі ў руках, людзі ў чорным.
— Зараз дадуць прасрацца, — голас вадзілы злавесна здрыгануўся і пальцы сціснулі стырно.
«Мужлан», падумалася той хвіляй. Яна намацала ў сумачцы пляскаты пачак «Кенту». Пругкі струмок дыму затуманіў лабавое шкло. Машыны, якія стаялі ззаду, пачалі клаксоніць, і сярод гэтага аднастайнага гуду пачуўся дзявочы віскат і немая мужчынская лаянка. Тым часам міма, ужо ў адваротны бок, прабегла колькі маладзёнаў. Аднаго небараку, які бег са сцягам, дагнаў мацак у бейсболцы, схапіў за каршэнь, і яны абодва паваліліся на ходнік. Мацак усхапіўся першым, зламаў аб калена дзяржальна сцяга.
— Я б ім яшчэ не так даў, — азваўся кіроўца, выцягнуўшы шыю і з цікавасцю зыркаючы ў вакно.
Хвіліну яна сядзела, невідушча пазіраючы сабе пад ногі, пасля спытала: «Колькі з мяне?» — і, пакінуўшы на сядзенні тры жалезныя рублі, вылезла з таксоўкі.
Убіўшыся ў хату, нават не запаліўшы святла, скінула мокрую ад дажджу вопратку і пайшла ў душ. Тонкія струмені казытнулі смочкі грудзей, і тыя адразу пачырванелі і юрліва набраклі. Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне. Люстра хутка запацела і было падзелена напалам буйной кропляй, якая завілай сцяжынкай прабегла па шкле.
Казытлівыя струмені спарадзілі ў душы салодкае прадчуванне блізкай сустрэчы. Яна і сама не цяміла, з кім, уласна, сустрэнецца, — але прадчуванне не адпускала, лагодным дожджыкам кранаючыся душы. Зрэшты, пачуцці такія авалодвалі ёю кожны раз, калі яна стаяла пад лагоднымі струменямі, і душа кожным разам сціскалася, палітая цёплым дожджыкам надзеі.
Згатаваўшы традыцыйны амлет з вяндлінаю, яна спехам павячэрала і падсела да кампутару. Займела завядзёнку: вечарамі праглядаць італійскія фільмы часоў неарэалізму. На мінулым тыдні глядзела фільмы Джэрмі, а сёння вырашыла засяродзіцца на Феліні. Яна паставіла манітор на край стала, а сама ўладкавалася на канапе. Накрыла ногі пледам і застыла незварушна, прымасціўшы патыліцу на спінку канапы.
На экране з’явілася маленькая, падобная на белую мыш кабета, якая стаяла на беразе ракі і матляла ў паветры сумачкай. Фільм, які паставіла, называўся «Ночы Кабірыі». Згадала, што ў далёкім юнацтве яна яго глядзела, і ён не спадабаўся. Хацела знайсці іншы, ды не было ахвоты спаўзаць з канапы, таму, пазяхнуўшы, стала безуважна глядзець, як гераіня Феліні боўтаецца ў рацэ і гарлае: «Дапамажыце!»
Карціна з першых сваіх кадраў падалася фальшывай. Імпульсіўныя рухі акцёраў, імітацыя пачуццяў. Павекі наліліся цяжарам, сплюшчыліся і толькі раз здрыгануліся — калі Кабірыя, гераіня фільму, грукала ў дзверы і некага клікала.
Усё кіно, лічы, праспала, і прахапілася ад ляманту знадворку. На экране мільгалі апошнія кадры: Кабірыя ішла па вуліцы ў атачэнні рымскіх маладзёнаў і ўсміхалася скрозь слёзы.
На двары зноў залямантавалі.
Яна выйшла на гаўбец. Па цёмных сценах дамоў слізгала фіялетавае святло міргалкі, крэслячы наваколле рухавымі ценямі людзей у чорным камуфляжы. Гарэза-ветрык падбіўся пад халат і яна вярнулася ў пакой, старанна, на дзве ручкі, прычыніўшы пластыкавыя дзверы.
Ужо паўтара месяца доўжыліся вулічныя пратэсты. Штовечар пад вокнамі тупалі цяжкія боты, гучалі мацюгі і лунаў, сціснуты вузкім дваром, немы жаночы лямант. За гэты час можна было з усім гэтым звыкнуцца і не звяртаць на тыя закалоты ўвагі, але ж — не... сэрца пасля кожнага крыку халаднела, і самлелыя рукі спехам прычынялі фортку. Такімі хвілінамі хацелася з’ехаць, хаця б на тыдзень, са сваёй двухпакаёўкі, з гэтага гораду, ад гэтых страшных людзей у камуфляжы. Атабарыцца дзе-небудзь у вёсцы ці ў маленькім мястэчку, прачынацца дасвеццем, выбягаць з хаты і, зірнуўшы на світальны, колеру жоўтай вохры, далягляд, захлынацца пахам прэлага лісця, позніх яблык, прывялых хрызантэм і такога ж прывялага, але яшчэ зялёнага бульбоўніку.
На шэрага колеру маніторы завіс надпіс «Fin». Яна збіралася выключыць кампутар, ды тут знадворку гракнулі «Стой, б..!», на лесвічнай пляцоўцы пачуліся гучныя крокі, а ў вітальні з патрабавальнай зацятасцю дзынкнуў званок. — Міліцыя! — выдыхнулі ўголас. Імгненне вагалася — ці варта адчыняць, — але потым рушыла да дзвярэй.
На парозе, сюд-туд круцячы галавой, стаяў хлопец у скураной куртцы.
— Можна... у вас... прыхавацца? — задыхана прамовіў госць і, не даючы ачомацца, праслізнуў у вітальню. На доле ўжо капытліва тупалі. Гаспадыня крутнула ключ, прыціснула вуха да халоднага дэрмаціну, якім былі абабітыя дзверы. Тупалі ўжо на іхнай пляцоўцы, і гаспадыня патрэсла ўзнятым угару пальцам. Маўляў, стаім ціха.
Пазванілі да суседзяў. Суседка, звяглівая цётка, якая працавала прыбіральшчыцай у цырульні і ў свае 60 гадоў адчайна маладзілася, загарлала: «Ратуйце, злодзеі лезуць!», і лесвічную клетку напоўнілі брахлівыя галасы.
— Я ім не адчыню, — прашаптала гаспадыня, і выключыла святло: на выпадак, калі хто зірне са двара, дык убачыць цёмныя вокны.
Яны стаялі ў цямрэчы: гаспадыня — прытуліўшы скронь да дэрмаціну, а госць — абапёршыся локцем на сценку і з хваляваннем пераступаючы з нагі на нагу. Светлая пляма хлапечага твару, на якую яна скоса пазірала, напоўніла кроў трывожнай радасцю, якую гнала па венах устрывожанае сэрца. Прычым — парывіста, напаўстуку, нібыта баючыся, што стук той пачуюць людзі ў чорным.
Неўзабаве тупат суняўся, шумавой гранатай бухнулі пад’ездныя дзверы, і ўсё аціхла. — Ну... я пайду? — няўпэўнена прамовіў госць, і жанчына пстрыкнула ўключальнікам. Дзіўны твар зірнуў на яе. Нават падалося, што хлопец падобны на індзейца, бо меў даўгія, сабраныя ззаду ў пучок валасы. Пры гэтым адна пасма выбіваліся на лоб.
— Куды вы пойдзеце. Амапаўцы, відаць, перад пад’ездам стаяць ды цікуюць, — гаспадыня захінула халат, рашуча скіравала на кухню. — Давайце я вас лепш кавай пачастую.
«Індзеец» сцярожкай хадою зайшоў на кухню, памружыўся на кандэлябру, што квола свяціла трыма энергаашчаднымі лямпачкамі, пры гэтым адвёў назад рукі, быццам збіраючыся ўзляцець.
У паветры нарадзіўся прыемны пах — такі самы, які панаваў у таксоўцы. Гаспадыня павяла носам і зразумела: гэта пахне скураная куртка, якая была на хлопцы.
Гулка чыркнула запалка.
— А чаму за вамі гналіся? — Заехаў аднаму ў пысу. Дзяўчыну, паскуда, біў, а я не вытрымаў.
Хлопец выцягнуў дрыжачую руку. Скура на костках пальцаў была здзёртая і рана злёгку крывавіла.
— Я зараз перабінтую, — гаспадыня памкнулася выйсці з кухні, але госць затрымаў. — Не варта. Пабачаць забінтаваную руку, вомільгам уцямяць — хто ўдарыў, — хлопец злёгку страсянуў пальцамі. — Ды і крыві амаль няма. Смыліць толькі.
Паволі, як бы з неахвотаю, засіпеў чайнік.
— Схапілі б — тры гады ўлітавалі, а то і болей. Так што дзякуй вам, уратавалі, — госць прысеў на крэсла, на самы край, і зноў падняўся. — Пакарыстацца вашым мабільнікам можна? А то я свой на дэманстрацыі не бяру. Кажуць, па ім запеленгаваць могуць.
Начны візіцёр размаўляў па мабільніку на калідоры, кідаючы кароткія фразы: — Не хвалюйся... Я ў надзейным месцы... Прыйду пазней...
«З маці размаўляе», падумала гаспадыня і па няўважлівасці сыпанула ў свой кубак лішнюю лыжку кавы.
Госць сеў насупраць, змахнуў з высокага лба пасму русявых валасоў. Колькі часу сядзелі моўчкі і гаспадыня, каб перарваць напятае маўчанне, спытала: — А вы бачылі «Ночы Кабірыі»?
Лыжка з ціхім бразгатам стукнула па кубку.
— Здаецца, нейкі італійскі фільм. — Так, Феліні.
Госць, звёўшы вочы да пераносся, сёрбнуў гарачай кавы.
— А як вы ставіцеся да Феліні і неарэалізму? — гаспадыня таксама прыклалася да кубку. — Ніяк. Мне падабаецца французская «новая хваля».
Крой гарачай хваляй ударыла ў шчокі. Гаспадыні ўсё больш і больш падабаўся гэты хлопец з непаслухмянай пасмай на лбе і прыгожымі, як намаляванымі, бровамі, якія кідалі на твар цень залішняй сур’ёзнасці.
Паволі, шорхаючы разношанымі пантофлямі, яна падышла да адчыненай форткі і прыслухалася. Пад’ездныя дзверы не рыпалі і, падобна, з іх ніхто не выходзіў. Пару хвілін пастаяла, наструненая, і нечакана сцепанулася. А раптам Андрэй — так звалі госця — баіцца выйсці і туліцца на цёмнай лесвіцы, прыслухоўваючыся, як і яна, да начных гукаў? Яна рушыла ў калідор, асцярожна, амаль бязгучна, выслізнула з кватэры і наструнена-кашэчай хадою спусцілася па сходах. На лесвіцы нікога не было. Давялося вярнуцца ў кватэру. Яна паслала пасцель, лягла, заплюшчыла павекі, і зноў усхапілася. «А можа, ён узбег на верхні паверх, вылез праз люк на дах, перабег да другога люку і спакойна выйшаў з іншага пад’езду, дзе яго ніхто не чакаў?» Басанож, накінуўшы на плечы халат, выбегла з кватэры, узляцела на дзявяты паверх і ў мёртвым святле калідорнай лямпачкі ўбачыла замок на паддашкавым лазе.
Потым доўга ляжала без сну, супакойваючы сябе думкай пра тое, што хлопец вышмыгнуў з пад’езду і хуценька, прыхаваны кустамі, пашыбаваў ля самай сцяны, не выходзячы на ходнік.
Сыходзячы, Андрэй паабяцаў пазваніць, і яе ахапіла трапяткое і шчаслівае хваляванне. Нумар адбіўся ў матчыным тэлефоне, так што, магчыма, і патэлефануе. А можа, проста прыйдзе і прынясе пушачку цукерак гомельскай фабрыкі «Спартак»? Госць быў на сямнаццаць гадоў маладзейшы, нежанаты, насіў абутак сорак пятага памеру (паведаміў жартам) і працаваў кампутаршчыкам. Па ўзросце мог быць яе сынам. Нараджаюць жа на Ўсходзе непаўналеткі. Яна паспрабавала ўявіць аблічча начнога госця, і ўваччу паўстаў абрыдлы твар былога мужа. Спрабуючы адбіцца ад цяжкіх успамінаў, павярнулася да сценкі, але муж не знікаў, і яна, сама таго не жадаючы, пачала поркацца ў сваім былым жыцці, як у жмутку нямытай бялізны, які надоечы запхнула ў пралку. За тры гады пасля разводу ў жыцці не было аніводнага светлага моманту, і вось, здалося, святло дакранулася сэрца. Яна чарговым разам паднялася з ложку, пацягнулася да «мабілы», якая ляжала на століку і, тыцнуўшыся носам у экран, з трэцяй спробы спраўдзіла — ці ёсць грошы на рахунку. Хлопец мог патэлефанаваць сярод ночы, каб паведаміць, што ў яго ўсё добра. Грошай на рахунку было з каптуром.
— Божухна, што са мной! — малітоўна прашапталі вусны і пальцы пацерлі занямелыя скроні.
Андрэй пазваніў праз два дні. Яна была на працы, ён некуды спяшаўся, і размова атрымалася кароткай. Проста спытаў: ці можна завітаць а восьмай вечара? Потым яна ўвесь час паглядала на гадзіннік, які вісеў у кабінеце, ліхаманкава разважаючы: якую сукенку надзене — белую, ці чорную? — і за тымі развагамі выпусціла і разбіла круглае хірургічнае люстэрка.
Прыбегла дахаты задыханая і, не распрануўшыся, уключыла ваду ў ваннай. Амаль гадзіну ляжала ў цёплай вадзе, як тая Афрадыта — выліла бутэльку французскай пены «Флёр д’Аранж», — чвэрць гадзіны сушыла валасы фенам і, нарэшце, стала перад шафай з вопраткай.
Ёй пасавала белае. Таму надзела белыя панчохі, крутнулася перад люстрам. Пастава ў яе была ідэальная. Нездарма наведніцы клінікі акідвалі яе, з пятак да галавы, халоднымі позіркамі. Гэта ў яе спадчыннае, ад маці. Тая да самай старасці выглядала фігурыстай.
Сукня спаўзла долу, напалову прыкрыўшы калені. Строй быў ладным, прыгожа абмалёўваў грудзі і сцёгны, але падаўся задужа манерным. Похапкам, не раўнуючы спазнялася на нейкае важнае мерапрыемства, скінула белую сукенку, надзела сваю ўлюбёную чорную, і ў гэты момант у суседнім пакоі абудзілася «мабіла», прымусіўшы сцяцца змарнелае сэрца.
— Я ад Андрэя, — без прэамбул загаварыла жанчына, мяркуючы па голасе — даволі маладая. — Ён не прыйдзе.
— А што здарылася? — голас непрыемна клекатаў.
— Яго толькі што затрымалі, — маладая жанчына ўсхліпнула. — Збіраліся сёння да вас зайсці.
— А вы хто? — вырвалася з грудзіны.
— Яго нявеста, — выгукнулі ў адказ і канец апошняга слова перарвалі гудкі.
Яна хацела спытаць, ці за «старую» справу забралі Андрэя, ці за новую, і прыклала палец да экрану айфону, але перадумала званіць і зморана перавяла дых.
Разгалісты ясень пад вакном амаль згалеў — гэтае дрэва першым пачынае скідваць лісце, — і голыя, асвечаныя блакітнай яснасцю галіны здаліся жалезнымі прутамі, за якімі на кароткі міг узнік хлопец з русявымі валасамі.
Акурат пад дрэвам той хвіляй збіраліся кабеты, каб ісці на марш.
На двары было халаднавата. Не надзеўшы плашчу, яна выбегла з дому як была, у сваёй чорнай сукенцы.
Ля пад’езду, як заўсёды такой парой, сядзелі старыя пенсіянеркі, незадаволена зыркалі на кабет, якія стаялі пад ясенем, і без ахвоты, — відаць, не першым разам, — слухалі прыбіральшчыцу з цырульні. Тая распавядала, як да яе ўваліліся амапаўцы, забралі мужа, які пачаў на іх лаяцца, але ўночы адпусцілі дахаты.
Дзяўчаты той парой сшыхтаваліся, рушылі ў бок праспекту, і яна таксама пайшла — апошняй у калоне. Яны завярнулі на праспект і далучыліся яшчэ да адной калоны, куды больш гаманкой і шматлікай. Хтосьці тыцнуў ёй у руку маленькі сцяжок. — Пераймаюць ужо! — крыкнулі наперадзе.
Там, наперадзе, упоперак праспекту, стаяў шыхт людзей у чорным. Усе навокал запаволілі крок, а яна пайшла шпарчэй, прыціскаючы сцяжок да грудзей і няўцямна ўсміхаючыся скрозь слёзы — зусім як Кабірыя ў даўнім фільме Федэрыка Феліні.