Дзяўчына ў белым

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Гісторыя, якую хачу расказаць, здарылася з празаікам Багровым. Напачатку аповеду аўтары звычайна знаёмяць чытачоў з галоўнай дзейнай асобай. Пазнаёмлю і я. Вось ён, дарэчы. Сядзіць за кампутарам, ссунуўшы акуляры на самы канец гузаватага носа і падслепавата мружачыся на манітор. Дзейная асоба, як ужо чытачы зразумелі, немалады. Небарака даўно размяняў шосты дзясятак. Ягоныя калегі-аднагодкі, з якімі калісьці пачынаў урабляць літаратурныя пацяробы, гамузам закінулі пісьменніцкае рамяство, а Мікола Іванавіч — так завуць Багрова — і дагэтуль не выпускае празаічнага пяра, дакладней, не перастае лупіць пальцамі па «клаве». Вось і цяпер, павадзіўшы носам, празаік прачытаў кагадзе напісаны абзац, пачухаў нос і з палкай рашучасцю стаў набіраць тэкст.

Пісаў Мікола Іванавіч Багроў рамантычную аповесць з элементамі містыкі і з працоўнай назвай «Дзяўчына ў белым». Пра маладога пісьменніка, які, паводле аўтарскай задумы, сустрэў дзяўчыну ў апраметна-белай хустцы, шалёна, да поўнага ачмурэння, яе пакахаў, а насамрэч гэта была — страшна падумаць! — ягоная смерць. Да смерці, праўда, у аповесці было далёка. Напісаў толькі дзесяць старонак, і праца ішла ўсё цяжэй і цяжэй. Галоўнага героя ён спісваў з сябе, назваўшы таго мудрагелістым імем Стах. Спісваў не з сённяшняга, зразумела, а з маладога Каляна Багрова — высокага, з рэдкім пушком пад носам і з непаслухмянай чупрынай на лбе. І саму дзею перанёс у часы бурлівай маладосці. Якраз цяпер творца апісваў першую стрэчу Стаха з таямнічай дзяўчынай.

«Адхінуўшыся ад ветрыку, Стах пстрыкнуў запальнічкай, зацягнуўся пахкім „Мальбара“, з шумам выпусціў дым», — напісаўшы гэта, Мікола Іванавіч пачухаў скронь і задумаўся. Ненатуральна ўсё выглядала. Запальнічкі за часамі маладосці былі, але далёка не ў кожнага. І запраўляліся бензінам. Смурод ад той запраўкі стаяў на кіламетр. І «Мальбара» ніхто ў вочы не бачыў. Смалілі, у асноўным, «Прыму». Націснуўшы на delete, сцёр напісаны сказ, і вырашыў зайсці на фэйсбук, зірнуць — што надарылася ў краіне і каго за апошнія содні затрымалі.

Крыху прагнаў інфармстужку і адразу ж узбіўся на партрэт Ваські Маразевіча, калегі-літаратара і амаль аднагодка. Васька нешта там неабачліва рэпаставаў, і бедачыну ад самага ранку завезлі ў міліцыю.

— Божухна, калі гэта скончыцца? — са стогнам выдыхнуў Багроў, устаўбурыў рэшткі валасоў на галаве і ўгледзеў у правым верхнім куце манітору чырвоную адзінку. Нехта яму пісаў. Без асаблівай ахвоты ціскануў на клавішу «мышы» і гімора незадаволення вомігам зляцела з твару. Больш таго, праз хвілю твар пачырванеў, а шкельцы акуляраў злёгку запацелі і давялося іх выцерці ражком кашулі.

«Аліна Уншліхт» — мільганула ўваччу жаночае імя і нетутэйшае прозвішча.

«Добры дзень, любы Мікола Іванавіч!» — было пазначана ў паведамленні і Мікола Іванавіч устрывожана заездзіў на азадку. «Так, менавіта любы, бо пасля прачытання вашага празаічнага зборніка „Нагбом“, які выпадкова набыла, вы сталі для мяне не проста ўлюбёным пісьменнікам, а каханым чалавекам. Скажу больш: прачытала на вокладцы Ваша прозвішча, і жыццё падзялілася, як у тым кіно, на дзве серыі. Там, у першай серыі, засталіся шэрая нуда, неўладкаваная бытавуха, сваркі, звадкі, нарэшце, выпадковыя любошчы. Але вось на адваротным баку вокладкі, як на зыркім экране, узнік абветраны, як скалы, але такі абаяльны і глыбакадумны твар Чалавека і Творцы, і з таго моманту пачалася другая серыя майго жыцця».

— Ліст Таццяны да Анегіна, — прашаптаў, змагаючыся з перарывістым дыханнем, Чалавек і Творца, і пабег на кухню — навярнуць шклянку мінеральнай вады, бо ў горле перасохла.

«А можа тая Аліна з мяне, старога ёлупня, пацвельвае? Цікава, колькі ёй гадоў?»

Творца сцярожка і няўпэўнена сеў на край крэсла, і, не дачытаўшы ліста, адкрыў старонку Аліны на фэйсбуку. Выглядала яна даволі дзіўна. Там не было ніякіх рэквізітаў і ніякіх ФБ-сяброў. Аддыхаўшыся, прыклаў далонь да таго месца, дзе грукала спавітае халоднымі сумневамі сэрца, і стаў дачытваць ліст.

«Вашы апавяданні — як навальніца пасля невыноснай спёкі, якая мяне мучыла. Я дыхнула ўратавальнага азону, ад якога закружылася галава, і якая кружыцца дагэтуль. І я зноў і зноў згадваю Вашых герояў, жыву з іх марамі і надзеямі, і сціскаю кулакі, калі згадваю, як старшыня прафкаму, гэты стары юрлівец, палез сваімі валасатымі і потнымі рукамі пад кашулю Надзейкі Смідовіч. І на кожнай старонцы ўсхліпвала разам з Надзейкай — светлай, празрыстай, як кавалак горнага крышталю, дзяўчынай. Раней маёй улюбёнай гераіняй была Ірэн з раману Голсуорсі „Уласнік“ (ці чыталі?) Прыгадваю тую Ірэн і вусны крывіць усмешка: ну куды рафінаванай ангельскай лэдзі да Вашай Надзейкі — простай матальшчыцы з ткацкай фабрыкі.

Мілы аўтар, так шмат хочацца сказаць, але, баюся, Вы не адкажаце на маё пасланне. Я разумею — у вас жонка, дзеці, у вас сваё жыццё і свае праблемы, і я, магчыма, буду Вам замінаць сваімі лістамі, аднак, паверце, нічога не магу з сабой парабіць, бо ні пра што ў свеце ўжо не думаю. Я думаю толькі пра Вас!

Наогул не люблю сацыяльных сетак, але адмыслова завяла акаўнт з мэтаю звязацца з улюбёным Пісьменнікам і Чалавекам. Калі ўсё ж такі вырашыце адказаць, дык просьба пісаць на паштовую скрынку, якую ніжэй падаю. Бо мне ўвесь час здаецца, што мае фэйсбучныя прызнанні могуць патрапіць на чужыя вочы. А я хачу, каб іх прачыталі толькі Вы, мой любы, любы, бясконца любы Пісьменнік.

Чакаю адказу. Аліна».

Празаік Багроў ці не трэцім разам працёр запацелыя акуляры, уважліва перачытаў ліст. У яго было такое адчуванне, што лядашчае цела стала бязважкім і завісла ў паветры. Ніхто і ніколі з чытачоў не надсылаў яму эпістоляў з падзякамі за літаратурны рупесак, а тут адразу такое!

Паволі, з неахвотаю цела набыло вагу і творца, як гэта ён рабіў пад час одуму, раскінуўся ў крэсле. Сядзеў, аднак, нядоўга.

«Няўжо сапраўды знайшлася дурніца, якой я спадабаўся?» — з такою думкаю Багроў падхапіўся на ногі, пачаў паволі хадзіць з кута ў кут, кожнага разу чапляючыся за край стала, потым дадаў тэмпу і стаў гойсаць, як тыгра ў клетцы. Нарэшце, збегаўшыся, пайшоў у калідор, спыніўся перад шафай-купэ, зірнуў у люстра на сваю азызлую, як пажаваную, фізію з прыліплым да вільготнага лба пасмай ссівелых валасоў. Уздыхнуў. Ну куды яму, сівому і бяззубаму, знаёміцца з дзяўчынамі? «Не буду адказваць. Усё ж я вядомы празаік, а таму варта прадэманстраваць сваю годнасць», — падумаў ён з пачуццём палёгкі на душы, але вярнуўся да кампутару ўжо з іншай думкай: «Напісаць... трэба напісаць кароткі адказ... і папрасіць фотаздымак». Ліхаманкава, блытаючы літары, напісаў два першых словы: «Паважаная Аліна!» Падумаўшы, выдаліў «паважаная» і напісаў «дарагая», урэшце прайшоўся па пакоі і напісаў слова «мілая». Што пісаць, Мікола Іванавіч рашуча не ведаў. Не пхаць жа ў ліст розныя баналы кшталту «вы мяне пераацэньваеце» ці «вы, відаць, не ведаеце, колькі мне гадоў». Урэшце вырашыў напісаць каротка, сціпла, амаль афіцыйна, папрасіўшы ў постскрыптуме надаслаць фотаздымак.

«Пяць хвілін таму атрымаў ваш ліст і...» — адбіліся на маніторы ўвішныя літары і на гэтым пісаніна скончылася. «І што далей?» — засвярбела дзесьці ў гіпофізе. Творца сашчапіў пальцы рук на патыліцы і ў гэты міг у калідоры непрыемна і зычна скрыгатнуў ключ. Жонка!

— Хоць бы раз у краму схадзіў! — з абурэннем выдала жонка, перадаючы мужу дзве цяжкія торбы. — Усё я харчы цягаю, а гэты адно дзевак глядзіць у кампутары.

— Якіх дзевак?! Я працую! — з панікай у голасе азваўся муж, кіруючы на кухню.

— Млосна ад тваёй працы і тваёй пісаніны. Хаця б якую капейчыну абабіў. Сядзіць на маім карку — і як ні лысы.

Настрой дарэшты сапсаваўся, і празаік вырашыў адкласці пісанне ліста на заўтра. Ды яно і добра. Тут нельга спяшацца. Трэба даць Аліне зразумець, што ён даўно не хлопчык, а сур’ёзны і разважлівы мужчына, які шмат чаго пабачыў, і шмат з якімі жанчынамі быў знаёмы.

Трое сутак, з ранку ночы, бедачына сядзеў у фэйсбуку, адначасова, праз кожныя пяць хвілін, зазіраючы ў паштовую скрынку. Адказу на ліст не было. На пачатку чацвёртых содняў, схадзіўшы сярод ночы ў прыбіральню — даймаў прастатыт — падышоў на дыбачках да кампутару, пстрыкнуў тумблерам і пачуў прыспаны жончын голас:

— Зусім ужо звар’яцеў са сваёй пісанінай? Спаць не даеш!

Муж выключыў кампутар, пералез цераз жонку — спалі яны на адным ложку, — нацягнуў да падбародка коўдру, закаханымі вачыма паглядзеў на манітор, які размытым квадратам вымалёўваўся ў цемры. Яму здалося, што там, у нетрах кампутару, яго чакае жаданы ліст.

Мікола Багроў быў чалавекам сціплым і наогул малапрыкметным. Спытай у сяброў пісьменніцкага звязу, у які калісьці з вялікімі цяжкасцямі ўбіўся: хто такі Багроў? — і многія задуменна прымружацца. І толькі потым згадаюць: сапраўды, быў такі — ці то празаік, ці то паэт, — і пры гэтым перапытаюць: «А ён яшчэ жывы?»

Стаць пісьменнікам малады Мікола марыў са школы. Тады ж, у дзявятым класе, напісаў сваё першае апавяданне, дакладней — абразок пра тое, як юннат згламэздаў шпакоўню, павесіў каля дому, і як удзячны шпак, які там пасяліўся, сеў яму, на знак падзякі, на брылёк кепкі. Хлапчына паказаў абразок настаўніцы мовы і літаратуры, і тая, употай ад яго, адаслала тыя старонкі са школьнага сшытка на літаратурны конкурс «Школа. Прырода. Радзіма». І тут надарылася неверагоднае: Мікола Багроў атрымаў трэцюю прэмію і яго ганаравалі каляровым альбомам «Птушкі нашага краю». Радасці не было межаў. Асабліва ўзрадавалася маці, якая цэлы тыдзень хадзіла па суседзях і паказвала альбом. Міколу, вядома ж, у двары і ў класе празвалі спачатку Пісарчуком, а потым Пісуном. Пасля такога ашаламляльнага поспеху хлопцу не заставалася нічога іншага, як познім вечарам, калі маці ўжо спала, засцілаць кухонны стол газетай «Правда» і ціхенька шамацець наліўной асадкай з чорным атрамантам, — шарыкавыя асадкі тады былі вялікай рэдкасцю. Там, у маркотным святле малагабарытнай кухні, Мікола і зазнаў першыя творчыя пакуты. Штовечар пісаў да двух гадзін ночы, а потым не даваў рады заснуць, у выніку чаго з маладых гадоў займеў хранічную бессань, а затым і гіпертанію.

Жонка храпянула, кульнулася носам да сцяны.

Пару хвілін муж ляжаў без дыху, а потым начной самнамбулай саслізнуў з ложку. Чамусьці быў перакананы, што Аліна такой апраметнай парой скінула паведамленне.

Кампутар з лёгкім шумам запрацаваў, слаба піскнуў, прымусіўшы палахлівага бяссонніка увабраць голаў у плечы і скрывіцца. Экран міргнуў, запаліўся, злавесным сінім святлом пазначыў жончыну спіну.

Прадчуванне не падманула. На ягоны электронны адрас прыйшоў ліст.

Сэрца глухімі ўдарамі скаланула вушныя перапонкі, бусліным клёкатам азвалася ў горле. Знямелы палец націснуў на «мышыну» і ў вочы ўдарылі вялікія літары «Гэта я».

Мікола Іванавіч глянуў на фотаздымак і падлога крохкай льдзінай паплыла пад нагамі.

На яго глядзела бялявая, з буйнымі кудзеркамі на плячах, дзяўчына ў белай сукні. Сукня нагадвала вясельную, з мноствам карункавых фальбонаў, і менавіта ў такім убранні Багроў уяўляў сваю гераіню. Паклаўшы далонь на правы, трохі ссунуты ўбок клуб, красуня ўпэўнена і, як здалося, з іроніяй паглядала кудысьці ў канец вуліцы, на якой яе сфатаграфавалі. Напачатку падалося, што Аліна падманула, змясціўшы фотку замежнай кінаакторкі, але, угледзеўшы за спінай прыгажуні па-расейску напісаную шыльду «Салон прыгажосці», бяссоннік змахнуў халодны пот са лба.

Вярнуўшыся на ложак, накрыўся з галавой, каб засяродзіцца на сваіх трывожна-салодкіх думках, і тут жа вылез са схову, адчуўшы, што бракуе паветра. Паветра не хапала і тады, калі скінуў коўдру на падлогу. Паляжаўшы хвіліну, падняўся і патэпаў адчыняць вакно. Панавала восень, і твар кранула халодная вільгаць, на момант ацверазіўшы хмельную галаву.

— Чаго цягаешся? — сонна прамармытала жонка.

— Сэрца прыхапіла, вакно прачыніў, — буркнуў муж, ляпаючы босымі нагамі па падлозе.

Зморана лёг, прыціснуў па старой завядзёнцы пяцярню да грудзіны. Сэрца хвалямі гнала гарачую кроў, і кожная хваля тупым болем адбівалася ў патыліцы. Гэта ўздымаўся ціск.

«190 на 130», — падумаў Мікалай Іванавіч, паклаўшы другую пяцярню на патыліцу. Ціск даймаў не першы год, і ён без танометра вызначаў яго верхнія і ніжнія значэнні. Трэба было ісці на кухню, шукаць пігулкі ад ціску, але ісці не хацелася, і ён ляжаў, заплюшчыўшы павекі і спрабаваў узгадаць усмешлівы дзявочы твар з фотаздымку — той самы твар, які яблыкам мядовага наліву свяціўся знутры, выклікаючы жаданне глядзець на яго бясконца.

Ветрык халадзіў голыя ногі, і давялося ўсё ж падхапіць з падлогі коўдру.

«Ну чаго я ўсхадзіўся?» — начны летуценнік перавёў дых. Ну, нашкрэбала гэтая Аліна Уншліхт прачулага ліста. Ну, спадабаліся ёй пару маіх опусаў. І што цяпер? На сценку лезці? Развесціся? Маладухі ва ўсе часы пісалі лісты паэтам і празаікам. Вунь, Галіна Беніслаўская... Тая ўвогуле застрэлілася на магіле паэта... Згадаўшы Беніслаўскую, летуценнік адчуў, што крыху перабраў — хто такі Ясенін, і хто ён, — і крутнуўся са спіны на левы бок. Лагодная ўсмешка, якая кагадзе таілася ў куточках вуснаў, нечакана збегла з твару. А можа, дзяўчына папраўдзе надумала пажартаваць? І ніякіх маіх апавяданняў не чытала. І фотку не сваю, а немаведама каго ўплішчыла. Ці мала тых фотак на фэйсбуку. Мікола Іванавіч крутнуўся на правы бок, намацаў жончыну нагу, і жонка ўбрыкнула пяткай у лабешнік — сужэнцы ляжалі галовамі ў розныя бакі:

— Ты спаць сёння дасі?

Муж ціхенька вылаяўся, падхапіў падушку з коўдрай, пасунуўся ў вялікі пакой, абрынуўся на прадушаную канапу, заплюшчыў павекі, збіраючыся выпетрыць з галавы дакучлівыя думкі. Аднак яны, думкі, назольнымі мухамі віравалі ў свядомасці.

«Не падобна, каб Аліна жартавала», — бяссоннік з палёгкай уздыхнуў. Бо навошта тады набыла кнігу? Няйначай, цягнецца душа да сур’ёзнай літаратуры.

— Думаю, чаго я мерзну? А гэта падлюка вакно расчыніў, — пачулася са спальні, і сужэнец, мацюкнуўшыся, пайшоў на кухню піць лізінапрыл.

* * *

«Спачатку ўбачыў белую сукню. Яна была такой бялюткай, што адбірала вочы. Потым, як бы з туману, на яго глянуў алебастрава-белы твар. Дзяўчына стаяла насупраць „Салону прыгажосці“, уваход у які быў аблямаваны чырвоным гранітам, і пазірала некуды ў дальні канец вуліцы. Відаць, некага чакала. Знянацку павярнула голаў у ягоны бок і Стах скалануўся ад халодных дрыжыкаў», — агораўшы абзац, Мікола Іванавіч задумаўся, сцёр фразу «скалануўся ад халодных дрыжыкаў» і замест яе напісаў «і Стаха як халадзёнкай аблілі». Пасля таго задзёр голаў, вывучаючы бруднаватую, сто гадоў не беленую столь, зноўку закляцаў пальцамі па «клаве», чарговым разам ціскануў на delete, і, сціснуўшы скроні, адчайдушна застагнаў — жонка пайшла ў краму, і ён даў волю пачуццям. Пісаніна не ішла. Трэці дзень намагаўся абмаляваць сустрэчу свайго героя з дзяўчынай у белым — і нічога не атрымлівалася. Ды і што магло атрымацца, калі свядомасць апанавала Аліна ў такім жа ўбранні. Ён адправіў два лісты, а адказу ўсё не было. У першым лісце напісаў пра тое, што ўспрымае кампліменты на свой адрас як своеасаблівы аванс, як заклік да штурму літаратурнага Алімпу. А вось у другім напісаў, што «я, Аліна, хаця і стары чалавек, і маю жонку з дарослым сынам, не ўяўляю без цябе жыцця». Навыдумляў іншай мілоснай лухты, ужываючы такія пікантныя выразы як «твой дзіўны задок», хоць той «задок» на фотаздымку не праглядаўся. Адправіўшы эпістоль па электроннай пошце, пісьменнік нават пашкадаваў, што напісаў такое і, выцершы халодны пот пад пахамі і змерыўшы ціск, зморана перавёў дыханне. І як усё там будзе?

Рука пацягнулася да «мышы» — праверыць (на сёння ўжо дзясятым разам) электронную пошту, і сэрца сціснулі шчымёты. Ёсць! У куце экрана жаўцела выява капэрты. Дрогкі палец здолеў намацаць клавішу, і перад вачыма паўстала выява пыласмоку. Гэта была рэкламная рассылка.

— Сволачы, — прамармытаў Мікола Багроў і з грукатам зачыніў фортку. Апошнім часам раздражняла не толькі жончына звяга, але і дзіцячая гамана знадворку.

Глынуў пігулак ад ціску — адна з іх упала пад ногі, — прысеў за кухонны стол і абхапіў рукамі ўчадзелую галаву. Адчуў, што ціск, дакладней, свавольніца Аліна, яго хутка даканае. Ужо і сон зляцеў з павек, і снатворнае не дапамагала. Галава каторы дзень гула, як цэбар, і падлога ходырам хадзіла пад нагамі.

— Белая сукня! — прашапталі сасмяглыя вусны. Смерць у аповедзе, над якім працаваў, таксама, па сюжэце, мусіла быць у такім убранні. Багроў, як сур’ёзны творца, заўсёды ўспрымаў містыку са з’едлівай ухмылкай, а тут раптам сцепануўся.

«Штосьці ж мяне стукнула пісаць аповед пра дзеўчыну ў белым? Хтосьці ж нашаптаў на вуха гэты сюжэт? Пачаў пісаць пра сустрэчу з дзяўчынай у белым, і нечакана яна з’явілася. Маладзіца ў бялюткім строі. І павольна, але ўпэўнена пачала зводзіць са свету. Ужо і рукі трасуцца — не даю рады пігулкі ў рот закінуць».

Аліна адгукнулася раніцай наступнага дня.

«Мой любы Пісьменнік! — пісала гарэзніца, — цяжка апісаць эмоцыі, якія апанавалі мяне, калі чытала ваш дзіўны ліст, але скажу, не тоячыся: у тым месцы, дзе вы згадалі мой задок, я лашчыла сябе гарачымі рукамі. Набіраю тэкст, а шчокі гараць як апаленыя. Прашу вас, пішыце... пішыце — як вы будзеце цалаваць і лашчыць сваю Аліну. Загадзя дрыжу ў прадчуванні палкіх слоў.

Дзякуй вам, мой мілы Пісьменнік, што вы ёсць, і што ёсць кнігі, якія вы напісалі! Пакуль прачытала адну, але мару прачытаць усе. Усе, ад першай да апошняй старонкі! Сёння ж пайду ў бібліятэку і папрашу... не, запатрабую, каб мне іх выдалі. А не выдадуць — набуду ў інтэрнэт-краме.

„Зусім ашалела“, — падумаеце Вы. Так, мілы, ашалела. Ашалела ад шчасця, што такі вялікі Пісьменнік, як Вы... так-так... у маім уяўленні Вы сапраўды вялікі, піша мне прачулыя і ўадначас дурманліва-салодкія лісты».

— Вялікі пісьменнік... Тут ты дала лішку, — з робленым дакорам прашаптаў Мікола Іванавіч, і запалая грудзіна ягоная падалася наперад.

«Ці чыталі раман Булгакава «Майстар і Маргарыта»?

«Хто ж той раман не чытаў?» — амаль уголас падумаў Мікола Іванавіч, яшчэ больш выставіўшы грудзіну.

«Дык ведайце — вы той самы Майстар, а я ваша Маргарыта».

Хаця і карцела забегчы ў прыбіральню, але, прачытаўшы ліст, адразу ж узяўся пісаць адказ, і такога там панапісваў, што самому стала сорамна.

Пакуль хадзіў адліваць, прыляцела новая вестка:

«Нам неабходна сустрэцца. Вы прыедзеце ў мой горад, уладкуецеся ў гасцініцы, і я да вас прыйду. На ўсю ноч! Напішыце, ці згодныя. І не цягніце з адказам ні хвіліны. Ваша Аліна».

Сэрца парывіста білася, а вушы напоўніліся хваравітым шумам. Мікола Іванавіч прайшоўся ад канапы да дзвярэй на гаўбец, пастаяў хвіліну, схапіўся за дзвярную ручку. У твар дыхнула золкая імжа. Хоць і выйшаў у адной саколцы, але не адчуваў холаду. Стаяў, абапёршыся рукамі на балконныя парэнчы, глядзеў на мокрыя, напаўзгалелыя дрэвы, і маракаваў — што яму рабіць?

Напачатку хацеў зараз жа, у адной саколцы, бегчы да Аліны і ўладкоўвацца ў гасцініцу. Ды згадаў, што нат не ведае — у якім горадзе дзяўчына жыве. Імжака раптам ператварылася ў дробны восеньскі дождж, невясёлымі думкамі напоўніўшы глузды.

«І чым яе сустрэну? Устойлівым пахам мачы?» — празаік памацаў тое месца на доле жывата, дзе ныла прастата. «Добры, аднак, з мяне каханак атрымаецца... лысы, зубы павыпадалі, ціск 190 на 120. І з начыннем дрэнь справы, — Багроў памацаў прыкладна тое ж месца, — вісіць як аслізлая сасіска. Ды гэтая Аліна, пабачыўшы такога кабальера, вомігам збяжыць, магчыма, нават праз вакно», — Мікола Іванавіч выцер твар, заўважыўшы што халодная імжа на шчоках была цёплай, нават гарачай. «Ну чаму ты не азвалася дзесяць, пятнаццаць, дваццаць гадоў таму?» — уголас прастагнаў бедачына, забыўшыся, што Аліна дваццаць гадоў таму яшчэ не нарадзілася.

Увечары пісьменніку стала млосна. Ён лёг на канапу, ціхенька заенчыў. Жонка дала жменю пігулак, але яго званітавала, пасля чаго «другая палова» выклікала «хуткую». Сівая кабета з круглымі акулярамі на глюгастым носе, абцягнула руку чорным манжэтам, змерыла ціск, зрабіла ўкол, наляпіла на грудзіну празрыстых прысмочак.

— Вы знаходзіцеся ў перманентным стрэсавым стане, — прамовіла лекарка, — як не стане лягчэй, змесцім на стацыянар.

«Трэба завязваць з гэтай Уншліхт, а то і папраўдзе скапычуся», — рашуча падумаў Мікола Іванавіч, калі за брыгадай «хуткай дапамогі» зачыніліся дзверы. Але наступным ранкам, нават не памыўшыся, спрытна падсеў да кампутара.

— Я ведаю, адкуль у цябе стрэс, — гракнула жонка і муж спалохана сцяўся, — гэта ўсё ад кампутара! Зараз жа не выключыш, разаб’ю малатком!

Вялікага тэксту пісаць не выпадала, таму напісаў толькі тры словы: «Аліна, я захварэў». Затым доўга ляжаў, накрыўшыся з макаўкай, раз-пораз вынырваючы з-пад коўдры глынуць паветра, а калі жонка выправілася ў краму, зноў падбег да кампа.

Ад Аліны прыйшоў ліст.

Адразу яго не адкрыў. Хацеў адцягнуць тое імгненне, калі пабачыць тры галавакружных і такіх жаданых словы: «Мой любы Пісьменнік». Хвілін пяць блукаў па пакоі, раздумваючы — што там выдала маладая гарэзніца? — і вырашыў: у лісце будзе спачуванне і пажаданне хутчэй пазбыцца хваробы.

Перш, чым глянуць на экран, заплюшчыў вочы, а расплюшчыўшы — міжволі адхінуўся ад манітора. Ліст пачынаўся са звароту «Прывітанне, Лорка!»

«Ну і недарэка, — Багроў наблізіў нос да экрану, — напісала, відаць, лісты мне і сяброўцы, і пераблытала, як адпраўляла». У яго і ў самога так пару разоў бывала. Цікава, ці паведаміла сяброўцы пра сваё каханне да літаратара?

«Нешта ад цябе ні слыху, ні дыху. Ты ўжо адгукайся, не забывай старых сябровак. У мяне ніякіх навінаў. Па-ранейшаму працую асістэнткай у платнай клініцы. Дапамагаю сваёй доктарцы змагацца з карыесам.

Надарылася, праўда, адна прыгода. Не хвалюйся — не з мужчынамі... Аднак пачну спачатку. Прыйшоў надоечы адзін, у капелюшы, зуб дзерці. Лекарка занятая была, таму сеў у калідоры і стаў кніжку чытаць. Каб утаймаваць хваляванне. Нарэшце плюхнуўся ў крэсла, лекарка яму зуб так тузанула, што той выбег, за сківіцу схапіўшыся, і кніжку з капелюшом не забраў. Валька, дыспетчарка, якая замовы прымае, тэлефанавала дахаты, але ніхто не адгукнуўся. Карацей, валялася тая кніжка — „Нагбом“ называецца (не ведаю нават, што гэта такое) — на крэсле цэлы тыдзень. Валька нарэшце ў сметніцу выкінула, а я выцягнула. Захацелася чытануць — што сучасныя аўтары пішуць. Прабегла вачыма тры старонкі і ведаеш, Лорка, ледзь не самлела. Такой лухты пісьменнікі яшчэ не стваралі! Там нейкая матальшчыца перавыконвала зменнае заданне і яе запрасілі ў мясцкам, каб уручыць каштоўны падарунак. А замест таго прафсаюзны старшыня палез ёй пад спадніцу. Як табе такія жарсці? Паглядзела ў фэйсбуку — ці ёсць там гэты залётнік? Высветлілася, ёсць! Піша на старонцы розныя глупствы ды на здароўе наракае. Вырашыла яму напісаць дзеля хохмы. Маўляў, месяц таму прачытала ягоную кніжку, і да гэтай пары не магу ачомацца. Так яна спадабалася. Паведаміла таксама, што і аўтара пакахала з першых жа прачытаных радкоў. І фотку паслала. Не сваю, а стрыечнай сястры, якая ў Піцеры мадэлькай працуе. Вясельныя строі дэманстравала, яе і сфоткалі. Нядаўна падчапіла нейкага шведа і, піша, праз месяц з’язджае ў Гётэборг. Лорка, калі б ты ведала — што мне той пісарчук накрамзоліў! Зараз збяру тыя трызненні да кучы і вышлю. Сцыкнеш ад смеху, як будзеш чытаць. Гарантую!..»

Усё паплыло ўваччу Багрова і свядомасць апаліла думка аб самагубстве. Ён яшчэ паспеў кінуць мутны позірк на нацягнутыя ўздоўж гаўбца вяроўкі, падхапіў танометр, які ляжаў на стале. Пальцы сутаргава сціснулі гумовую грушу, і абмяклае цела, тузануўшыся раз астатні, нахілілася ўбок і паволі спаўзло на падлогу.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Базылю б пачакаць, калі пасудзіна напоўніцца пеністай смакошай, але чакаць не выпадае. Ён торкаецца пад струмень, і малако ліецца на голаў. Кот лыкае смакошу на паўсагнутых лапах, трасучы вушамі, і, толькі выжлукціўшы палову чаропкі, прысядае, абхапіўшы хвастом правы бок.

Афрыканец пазяхнуў, шырока разявіўшы дзюбу, і прыслухаўся. Сініцы, што жылі паблізу, не ціўкалі. Паляцелі ласавацца салам. Афрыканец спехам вылез з дупла.

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.
Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам.