(урывак)
“...магчыма нават, што ён уставіў у рот зубачыстку...”
Ф. Кафка, Дзёньнікі
Прадмовіна
Мне да сракі, ці прымеш ты дар каханьня ў выглядзе апавідла, што завецца, як ты сам гашыш:
“Птушынка ў чужым воку”.
-Шалавыдзеці! – сказала я ў Хіхоне, тым часам як у Хаэне тры чорныя чаплі перамянялі шалапу.
Затаі сваю задаволю перш чым голас забойчага страху зарытмуе гэтую прозу ў кірунку неспрыяльных адхонаў. А я зайду ў свой папяровы замачак у кампаніі сабакі з хомару.
-Сабак – гэта рэч або сутнасьць, якую кожны надвячорка адчувае ў самоце – пудзяліўся ён думкай.
(-It’s O.K.)
Сурочаная ведзьмай, вядзі нябожчыцу.
(Рэцыя, чэ.)
-Цемра – гэткая недарэч – сказаў ён.
Маленькі зьвярочак аленька ўздымае яшчэ меншыя сівярочкі. Толькі я падаю жывыя сыгналы. Апошняя ласка азарае рэчы.
(Гэта шалень!)
Але ці не паўскрушна быць у выніку адзінай ацалелай ад крушэньня пасярод гэтага цьвінтара, утворанага ваўчыным выцьцём і залюлянага ўлюлюканьнем Улялюму, чый цень блудуе каля вусьця, між жывёлін, што здаюцца статуямі?
(Працягвай, ня будзь маркізаю Серанэцці.)
-Бяда адна ня ходзіць, бо яна як бачыш прыйшла са сваёй хроснай маці. Чэ, Чу, токіё не хвалюйся.
У якіх канюшынах зашыліся дрыготкія тыгры? Ад сукуба – твая сракуба ці твой сукубел?
Чытатач чы чыматачка: маё адмаўленьне ад твайго ўхвалайна прымусіць цябе чытаць мяне поўным наперадам.
Паясьненьне, якое я раблю на просьбу В.
ПаясьнІчае: Адзін тут просіць, каб я растлумачыла дарагідным чытачам наступнае:
1 – Штораз, як імя пачынаецца з Пэ, яно непазьбежна азначае папугая Пэрыкла.
Прыклад: Пэрымпсі (гэта калі Пэрыкл ці Попка ці Пятруська баксіруе); Пэры Гўан (калі Пэрыклу нехта папугайнічае пра кітайскую эротыку); Попкалюб Нацыяналавіч (калі ён займаецца попкалюбствам, абапіраючыся на дадатковыя лапкі). І так паўсюль.
2 – Той жа мэтад стасуецца да Кульгарэчы Ўсабе. Яна – гэта ўсё, што пачынаецца з Ка.
3 – Idem наконт Флёра Эдыпа Чу. Усё, што пачынаецца з Чу – гэта ён, і наадварот.
Геліяглябал – 32
Сільвіне Окампо і Адольфо Бьёй Касарэсу
І
Сумны зачын пяра графа Фэрдынанда фон Цэпэліна* (*У 1900 г. граф фон Цэпэлін вынайшаў тое, што назвалі ягоным імем.)
Я ў якасьці першага прызнаю, што ты зрабіла вартую ня столькі павагі, колькі прызнаньня працу, нягледзячы на, а менавіта, пэўныя публічныя месцы ad квох, што выдаюць удзел лібэртынскіх ручанькаў начных вучаніц, як і плоскаступнёвасьць твайго шчырага сябра
П ффффф Шлёпа
Рыга пад Рыгай, 29 лютавіка 1984 г.
Зацемка Сысунсьё, кастрыжань 69-га: Хай сабе Карадо бяз дай-прычыны высьмейвае здагадку сваёй і тваёй хроснай маці, што твая кніга будзе вольнай ад таксы (то бок вольнай, як таксі), ці яшчэ лепей – шматразова перанявыдадзенай. Не зьніжайся да грамадзкага транспарту, дзе трыбухаюцца і пхаюцца, срака аб сраку: харашулерка, зьбіральніца быканоў, што сьпявае на ўвесь лантух пад дажджом, флянэлевая фэя, дзяўчынка з маніяй недзяржальна, прадавец папугаяў, раскаяны лабэшнік, гандлярка васьміногамі, Доктар Флёр Эдып Чу з сваёй жоўтай сярнічніцай, сваёй аднаслухмянай мысьлярніцай, што лякае чытача-цяльпука.
Уступ каваліхі
Дадатны старадатні звычай раіць і заіць ува ўступах дзячыць. Адсюль паходзіць маё несхаванае прызнаньне майму мінімэнтару за прадстаўленьне мяне, а таксама Літаратурнаму Таварыству Каралевы Мэнстры – Касільдыйскай – чыя стыпэндыя імя Хўаны Манўэлі Горрыці, такой карыснай у дажджы , надзяліла мяне дастатковым вольным часам, каб я магла малярмяяцца да ўсцыкачкі, гэтак жа як калі чалавек сраціць руку, на месцы яе адстутнасьці вырастае папяровая рукавіца, якая паводле ўласнага хаценьня герцага Гіза залатым ключыкам адмыкае ці замыкае тую прастору, дзе мы адзначаем сьвята маіх жывых словаў.
Хай чытач даруе мне мае абразы, непрыстойнасьці і ганьбаваньні, як і мае рэ-Маркі Аўрэплікі. Да гэтай просьбы аб памыйнасьці далучаецца суворае засувярэньне, сфармуляванае Сансэвэрынаю тады, калі ў сувязі з Агасвэрусам Картузія Пармская спытала:
-Існуе, чэ? (Est-ce qu’il existe, Tché?)
-Няма розьніцы, абы пакутавала. Але калі ты хочаш рабіць так, як усе гаўнайцы, то шухшуруй гуляць у шахі з Крыстынай і Картэзіюсам і агаласі славутую гаўнайскую кантылену.
-Што-што кажуць гаўнайцы? – сказала, сказіўшыся, Картузія Спэрмская.
-А што яны могуць сказаць? Ты хочаш, каб яны ня толькі былі гаўнайцамі, а яшчэ і выракалі крылатыя фразы?
Што тут дадаць, калі Пліні Малодшы і Арыстарх Настырны назаўжды вызначылі нябачны канец усякага саду? Бо я ў 1970-м шукаю тое ж, што яны ў 197-м. А што ты шукаеш, чэ?, спытаецца чытач. На што я кажу табе, чэ, што шукаю гіпапатама.
ІІ
Ненадзейныя асобсьнікі
Папугай Пэрыкл
Кульгарэч Усабе: Пэрыклава гаспадыня. Далёказрочніца. Ніхто не пацьвердзіць праўдзівасьць ейнага каханьня з Рамонам Дэль Вальле-Інклянам , аднарукім з магікан, якога Манко Капак з Мантэньі і Панчо Вільля частавалі чарапамі. “Беларучанька, аднаручанька, не забуду ніколі цябе” , перадаў яму з Касільды клан Крываногіх. На што землямер Брадамін адказаў: “То ў Монтэ-Карлё, заваёўваць аргентыначку”. Тады ён і страціў апошнюю руку, якою быў чухаўся, як ваўчуханя.
Боста Ўотсан: Біялягічная дачка Іянэска і Юнэска. Ненатуральная дачка Ваўкавыска .
Гнюста Чэстэрфілд: Дачка лорда Чэстэрфілда, бацькі Філіпа Морыса. Стрыечніца Босты Ўотсан. Выкшталцоная і зухаватая пісьменьніца, чыя трохстаронкавая тэатральная п’еса ў дваццаці дзеях адкрываецца пралёгам Грэгор’ё Мараньнёна і закрываецца пасьлялёгам Грэгара Замзы.
Нікамах: апакрыфічны гамадрыл. Навучыў Папею эратычным падсрачнікам, якія каштавалі ёй жыцьця (то бок Папеі, а не Спагеці). Гэткі плэй-пінг-понг з выспы Фэрнанду Поо (штат Наўсікая).
Бэці Шылахвостка Бэціноці: сушвагерка Бэрты Каліграфіні. Апакрыфічна-гіпагрыфічная нявеста Гіпакрата.
Вэрнакулярыя Дракула: марганатычная жонка Гўадалюпэ Пасады, за якую выйшла на вуліцы Морг. Удава Гервасія Пасады. Эмэнтальная стайніца заезнага дому “Канёк на колах”. Нявеста манаршага дому Тукуман. На раду жонкі дарадніка Гётэ просім тут парады вынаходніка Дрыза фон Заўэрброн, які вынайшаў дрызіну, кшталт ровару, які мае замест сядла гусінае пяро (або гузны гармонік). Згаданым пяром адгуськалі Анімулю Бляндулю Вэрнакулярыю Дракулу, якая зьнікла пад вымовай на рыскі карнавал і, што самае галоўнае, спрычынілася да зьнікненьня знакамітай машыны званай Бібі-Дрызіна.
“...ён шукае гіпапатама...”
Л. Кэрал
-Тайм із Маці – сказаў Эдып Сфінктарысе.
Тады тая дурніца, якой бракавала лындаў, зьнікла, і ейная нехлямяжая храпа ніколі больш не азмрочвала разьвідненьня сьвітаньнікаў.
-Шах! – адмовіў Захарыюш (граючы на акардэоне) на цьвінтары Рэкалета , дзе Курылы ся парэшткі Гільды Паліграфіні, другой габаісткі ў “Шклянцы малака” і дэміжонкі ў Флянэлевым Таварыстве “Гуська Аргазмуська”.
-А яшчэ яна дала мне пэста , – прызнадумалася Гнюста ў атачэньні ўсяе круіны.
Папугай зарагатаў гіпатэтычным рогатам, як той, хто быдляецца і хамутаецца ў пошуках гіпапатама.
Чытач, мабыць, жа памятае, што не пасьпеў нарадзіцца Буда, як людзі ўбачылі, як Азіта, анахарэт нумар 122, дробнымі скачкамі спускаецца з Гімалаяў на адной назе, бо другой у яго не было. Азіта зайшоў да Буды ў буду і прачытаў на ягоным целе “32”.
-Чэ, чуеш, што за “32”, – сказала Крывазьбіральніца быканоў, падпальваючы цыгарэтку ад палымянага погляду фарсуна Пятруські.
-Кыш, далікалічная нявеста Міхаіла Строгава , бо я не дубцую цябе лупцом толькі таму, што не хачу шалудзівець. Наступным разам, як спатрэбіцца агонь, флянэлюйся перад статуяй таго невядомага салдата, што здольны ўстрымацца ад ванітаў, калі ты праходзіш міма – сказаў папугай зь пераважнасьцю.
-“32” гэта 69 знакаў Буды – сказаў Лі б’По (параўн. з “Гісторыяй д’О”).
-Чаго? – прачмякала Недарэка Пундарыка .
-А ты чаго лезеш баліконіць тут з майго аповеду, курва гемаройная? – абрахмапутрыўся на яе латухай зь перадражнасьцю.
Узброены мэгафонам, Чу ўсьсеў сься на бутафорскім кілі й сказаша:
-Зь першага погляду Азіта прасёк, што чувак – стукач. Таму й вучаць, што першая прыкмета – гэта ходнік, перапоўнены птушачкамі.
Зьмяніў ся славасёрбец у абліччы, вывачаючы студыёлупа, які, прыклаўшы палец да вуснаў, “ша!” прамаўляў.
Гнюста ўваліла яму пэсты:
-Сьвечкасыс! Гэта ж прывесьці цацачнага арцыбіскупа!
Каліграф Паліцвыркавіч дымам перакінуўся, і бываў.
(Сьмех Босты. Сьмех Гнюсты. Іншыя Сьмяхі.)
З пальцам-смактальцам напагатове, Чуда Дала:
-Рэальнае апісаньне жывой істоты, такой як Папучоны Чарапопка, змусіла б нас прызнаць, што падобных людзей не існуе.
-Я – мэнтальнасьць будучыні – хорам сказалі “32” папугаі.
Птушынка ў чужым воку
Буйныя птушкарні “чужое вока”.
-Жаўрукі заўжды на складзе.
Адчыненыя ўначы.
Катурны для калібры.
Вынаходлівасьць і выбітнасьць у мастацтве птушкагадаўства.
Птушкакорм “Ma mamelle” : усё для цыцак, нічога для загрыўку.
Лепш птушка ў руцэ, чым адна штучка ў срацы.
Вялікая птушкарня “Фэліпэ Дэрблэ” ажыцьцявіць вашую мару мець уласнага птаха.
У гальлі маёй птушкарні сядзіць птушаня, што чакае вас зь 1-га кастрычніка 1492 г.
Вазьміце свой чалёс у свае глюкі і ўведайце раз і назаўжды, што ў замкнёную птушку мухі не палезуць, а наадварот, яны зь яе павылезуць (вывылезуць мумухі).
З клясыкаў мы засвоілі, што
In culo volens loquendi chorlitus
Такім чынам, адсылаем вас да Сіпеву 13, дзе вас парадуюць касачы .
(У выпадку няшчаснага здарэньня прасіце птушак з пазнакай ПСЯ ВЕРН 69.)
Сябры: ніколі і ніхто не наважыўся адмаўляць найлепшую фактуру ані выкшталцоныя сыравіны нашых птушак. Тое самае тычыцца бездакорнай даты спажыцьця кожнага з нашых сьпеўных нунцыяў. Вядома, ёсьць у нашай птушкарні і падстава для сьмеху: гэта нашыя цэны, ніжэйшыя за голас Шаляпіна, за рост Напалеона, за подласьць майго жанішка. З нашым прэйскурантам у руцэ вы будзеце сьмяяцца так, як калі б вашая мачаха смажыла пакрытага зоркамі скАта.
Voici некаторыя прыклады цэнаў, што даюць поўнае права некаторым нашым калегам па галіне называць нас Узорнымі дзяўчаткамі.
Усяго за 22 $ ватэраў у клязэт вы можаце (павінны) купіць пару кулікоў, ці тузін з паловай гагараў, ці сына салаўя, ці вейку птушкі-вар’яткі, ці птушку-арыгамі, ці драча-ананіста, ці піжона хуятага, ці сьпіжжона, ці птушку-невідзімку, ці птушку-відзімку, ці птушку-ўваскрэску, ці кіляграм канарэек (плюс кіляграм прэзэрватываў з пап’е-машэ ў нагрузку).
Іншы прыклад: за 2.200 $ гадзін у кілямэтар вы маглі б (павінны) набыць птушку-прыдумку.
Кожны панядзелак кожнага высакоснага года мы распрадаем: адну птушку-мошку, аднаго пітухуя, аднаго нажніцадзяўбая (птушачка з кравецкага набору), аднаго дупадзяўбая (прызначанага для… музычная паўза), аднаго птаха-структураліста і аднаго чарнаскурага птаха (Псыхаптахі Піф і Паф).
Параўнайце наш прэйскурант зь іншымі. Вы ўслупянееце, калі ўбачыце, што нашыя птушкі найтаньнейшыя што да плошчы і мэбліроўкі.
Чувак-студыёзус: май заўжды птушонку пад рукой, птуй заўжды ручонку на машонцы.
Слухач: калі ў цябе пячэ ў касе , ужывай нашую слынную птушку-сьнягушку. А супраць бзікарукасьці – птушануй плейтыстаў і Фляўтаў, дакуль твой уласны габой ня стане больш эвырыганым, то бок эрэгаваным.
Мараль: Сіняму хлопчыку да спадобы чырвоны задронт, а вось чырвонай дзяўчынцы – сіні.
Пантофлікі ad лапкам, распрацаваныя эксклюзіўна для нас Бэрнардам Шоўляком.
Гэтыя пантофлікі змусяць тваю птушку вырабляць сальта-мартале ў працадні ад 8-мі да 19-ці, а ў ціхаходні ад 8-мі да 8-мі.
Штораніцы, калі купалі Люі XXV-га, той трымаў абедзьвюма рукамі клетку з 450-цю птушынкамі. Што нагадвае нам пра ровары, якія Клепатра замовіла для сваіх трохсот птахоцьцяў.
Аўдысты, ці ўмееце вы даць вызначэньне птушкі? Я вам дапамагу.
Птушка – штушка таемная.
Фрабэніюс карміў дзятла кабінэтнымі раялямі. Вынік: нуль.
У 1911 г., Плянк , увесь у саплях, здаў паліцыі сваю гагару, што не давала яму спакою дурнымі пытаньнямі пра неўміручасьць душы.
(Дзіцячая ўстаўка.)
-Мама, хто гэтая зладзейка марыянэтак, што сьпявае ў садзе?
Слухач: прамяняй сваю аўчарку на птушку-вартаўнюшку. Як “не хачу”? Для цябе зацяжарная мініятурнічая ўвабразьлівасьць? Ладна, ладна. Надзьмі птушку помпай для ровара. Ці хочаш яе лепш падвоіць? (Птушку, а ня помпу.) Пастаў люстэрка на парог – і будзь здароў. Натуральна, што варта надзяліць абедзьвюх птушак, рэальную і люстраную, асобнымі кінжаламі.
Рэкамэндуецца ў дадатак паставіць побач зь люстэркам каляровую кардонную фігурку птушкі-вар’ятушкі. І не забыць – а гэта важна – што і ёй, трэцяй, спатрэбіцца свой кінжал.
Пра ўтрыманьне гэтых трох птушкецёраў, як і пра бэстыярый ad ціп, мы раскажам якім іншым днём, з большым разьлётам.
(Музычная ўстаўка: “Арніторынг” безыменнага японскага кампазітара.)
Галубняцкая пошта з чужога вока; Заду Птушканскаму. – Нам забаронена, парахно вы пісучае, адказваць на запыты, што ўступаюць у канфлікт з маральлю, якая цяпер у модзе. Вядома, ня вы адзін абсікаецеся падчас сьненьня, але просьба: зайдзіце ў наш офіс і забярыце дасланую нам абмочаную вамі прасьціну. Мы не прадказваем будучыні на адлегласьці (sic); мы проста прадаем птушачак. Што да прычыннага месца, то вашая інкантынэнцыя не здаецца нам вынікам адной Наканаванасьці. Не чытайце вы столькі ананімных мэмуарыстак (княгінь расейскай, палацінскай, індакітайскай і г.д.), гэтых піянэрак рукаблуду, які хоць і прыносіць вам “радасьці школьніка” (як дыбарам стаіць у вашым лісьце), але ж капае магілу вашаму старому мачавіку, трасца.
Вы кажаце, што ў вас не было часу спазнаць жыцьцё. Што вам на гэта адказаць? Мы самі досыць занятыя.
Яшчэ вы пішаце, што ніколі ня бачылі нічога, апроч люстэрка, і што вы закаханы сам у сябе. О, плятанічны старызьнік! Вашае каханьне да сябе самога – не канец сьвету, бо верагоднасьць займець у гэтым суперніка роўная нулю.
Вы згадваеце даляры, ліры, анакалюфы , фунты. Урэшце цікавы канфлікт! Пазваніце па адрасе Драча 22 і дамоўце рандэву з Поткай Путанаўнай, вашай пакорнай гавар’яцкай сяброўкай.
Такім чынам, калі гэтыя фунты стэрлінгаў існуюць насамрэч у сабе і для астатніх, сьмела прыходзьце на спатканьне, пераапрануты ў Пунсовы Першацьвет . Пазнаць мяне будзе лёгка, бо ад мяне пахне дамай, што ў вольны час і дзеля здабыцьця дадатковых грошыкаў размалёўвае вочы лялькам.
(Музычная ўстаўка: “Стронга”.)
Жаўтачцы Чорнай. – Хопіць. Няўжо ня знойдзецца нікога сьмелага духам, каб пераканаць вас, што хамячкі ня з нашай нівы? Усёй душой спачуваю вам, спадарыня, бо акурат сёньня вы сьвяткуеце васямнаццатыя ўгодкі сьмерці свайго незабыўнага Халасьцячка, але дурыць сабе галаву ўгодкамі ўсякіх ёлупаў – гэтай ружы ў нашым букеце няма ўжо з 1869 г., дзякуючы хітрыкам доктара Валасупа, пляменьніка Патладама з Касмаевай, “рэдкага Тцара”, што прызнаў апафэоз курдзкага дразда. Такім чынам, калі вы не набудзеце прынамсі 13-ці канарэек, то больш нам не пішыце. Не, я не забылася, што вам усяго 12 гадоў. Але ваш псэўданім і строгая жалоба, якую вы нібыта трымаеце па Халасьцячку, абрысоўваюць нам вашую досыць непрывабную статуэтку. Я не ўпярэджаная, хаця ганаруся прыдомкамі да, перад, экс, віцэ і пост. З другога боку, як я магла б з вамі спаць, прыкідваючыся Халасьцячком? Ці не перабольшваеце вы колькасьць паслугаў, якіх патрабуеце ў сваім лісьце? У тым самым лісьце, дзе вы робіце выгляд, што ня ведаеце пра памер майго ганарару ў падобных “адмысловых” выпадках. Адным словам, як толькі вам удасца ўкрасьці крыху грошай, напішыце імгненна.
Прыход Алфэя змушае гавар’ятку паправіць свой пэплум. Сатысфаканы пясьняр мацае яе і кажа:
-Потачка мая, ты вечнае відовішча Ідэалу!
Гавар’ятакая:
-У Фрыгіі нарадзілася я, але ў Элёдзе выхоўвалася.
Адылі ані ружа з параскага мармуру не магла б астудзіць гэтага сэрца, у якім жыў двайнік Таркемады , як і гэтага цела, распаленага ўсімі мурашнікамі Людэну.
-У цябе грып? – сказаў Агрыпа з Обінье, так раўніва прастуючы па дубец, што тая, самлелая, была вымушаная сесьці на вышэйзгадзіну.
-Ты мой лірычны летуцень, і я ахвярую сваёй нявіннасьцю ў імя тваёй мужнасьці. (Подпіс: Потка.)
-Ты вершавальніца, чыя ўпакоўка пераўзыходзіць Аталянту , – сказаў Шчасны Мацак у расшпіленым прарэху.
Тэафіль праз замковую шчылінку ў амузычных апартамэнтах убачыў, як ён і яна пакрываюць эмальлю камеі.
Гавар’ятка сказала:
-Птах-вар’ят – гэта ідэя-фікс. Птар’ят перасоўвае свой цень да самых прыцемкаў. Выліжы мне музычную скрынку. Чао.
-Пануе час-нябожчык, з уварваньнем ценяў – а ўчоры ж вы мае! а заўтры! – час, калі твой звар’яцелы птах яшчэ ня робіць зь цябе мастака-мазілу.
-Калі ня браць да ўвагі хлопчыка-музыку зь ягонай элегіяй на мальстрым, то іншыя – гэта гэта, гэта і гэта.
-О! – сказаў пугач-урутаў, будучы яшчэ вось такім маленькім.
-Сракі кагадзейных часоў! Архіўныя сракі 1492 г.! Сракі спаласаваныя крыжакамі!
У Хаэне тры чаплі сьпяць з паднятаю лапай. Штораз, як нехта скажа “шалава”, яны ў тым Хаэне, у стайні для драўляных канькоў, мяняюць лапу. Падыдзі бліжэй, мой чытач, і зірні на начовачкі, дзе купаецца птушанятка, якому нейкая кананічка прыгаворвае:
-Ня будзь герэтыком, Сьвяты Віце, як тая галаваломка, што, калі яе скласьці, выдае мянушку Спадарову.
-Ну і якая ў Яго мянушка? – сказаў Віт, ляпаючы па вадзе, як Шаляпін, пераапрануты ў Віта Дзюма.
-“Цыбаты” . Але ж Вітуся, ну зрабі ласку, вылезь з вадзічкі, а то мне яшчэ прастудзісься, не гуляйся са здароўем. Хадзі, Вітуська мой, бяры сваю чорную карусельку, тут цябе паталькуюць, папарфумуюць і шмат яшчэ чаго ўсенькага табе зробяць.
-Я сын шэйха, – сказаў Вітуська.
-І глёба – сказаў пугач-урутаў.
-І піфа – сказаў верабейка безь цюбецейкі.
-І пафа – сказаў гулец-людыст, які да нашага тэксту ня мае ніякага дачыненьня.
-Ану бягом скажэце – сказала кананіч.
А Вітуська:
-Ты ня бачыш, што ты ня ў тым аповедзе? Ішла б ты лепш пірандэліць сваёй сястры ў лагунду!
1970
Заўвагі
“Чэ” – тыповы аргентынскі зварот да земляка.
“…Флёра Эдыпа Чу”: поўнае імя аўтаркі – Флёра Алехандра Пісарнік.
“…імя Хўаны Манўэлі Горрыці, такой карыснай у дажджы”… – gorra (гішп.) – шапка; Хўана Манўэля Горрыці (1818-1896), аргентынская пісьменьніца, прыхільніца жаночай эмансіпацыі.
“рэ-Маркі Аўрэплікі” – намінка на Марка Аўрэлія (121-180), рымскага імпэратара і філёзафа.
Крыстына – каралева Швэцыі (1626-1689), сябравала з Дэкартам (Картэзіюсам).
“…шукаю гіпапатама” – адсыл да Л. Кэрала (“На тым баку люстэрка”).
Рамон дэль Вальле-Інклян (1866-1936) – гішпанскі пісьменьнік.
Манко Капак – заснавальнік імпэрыі Інкаў; manco (гішп.) – аднарукі.
Панчо Вільля (1878-1923) – герой мэксіканскай рэвалюцыі.
“Беларучанька, аднаручанька…” – у арыгінале намінка на радок з танго: “Hoy tu palabra es como un manto”.
“…землямер Брадамін” – маецца на ўвазе маркіз дэ Брадамін, пэрсанаж “Санатаў” Вальле-Інкляна. “Землямер”, Грэгар Замза – пэрсанажы Кафкі.
“Ненатуральная дачка Ваўкавыска” – у арыгінале Lupasco.
Грэгор’ё Мараньнён (1887-1960) – гішпанскі медык, навуковец.
“Анімуля Бляндуля Вэрнакулярыя…” – адсыл да Хульё Картасара.
Рэкалета – цьвінтар у Бўэнас-Айрэсе.
Пэста – італьянская прыправа.
Міхаіл Строгаў – пэрсанаж раману Жуля Вэрна “Мішэль Строгофф, царскі кур’ер” (1876).
Пундарык (Пундалік) – пэрсанаж індуісцкіх легендаў.
“Ma mamelle” – “Мой смочак” (фр.)
1492 – год адкрыцьця Амэрыкі Калюмбам.
“In culo volens loquendi chorlitus” – “З дупы самахоць прамаўляе кулік”. (псэўда-лац.)
Каса – селязёнка. (гішп. pajarilla, літаральна “птушніца”); адсюль – “касачы”.
“…птушануй плейтыстаў і Фляўтаў” – Пляўт, Тыт Макцый (254-184 да н.э.), рымскі камэдыёграф.
“Фрабэніюс карміў…” – няясна, каторы з Фрабэніюсаў (друкар, матэматык ці хімік) маецца на ўвазе.
Макс Плянк (1858-1947), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы.
Анакалюф – непасьлядоўнасьць, неграматычнае будаваньне фразы (стылістычны прыём).
Пунсовы Першацьвет – The Scarlet Pimpernel, герой аднайменнага гістарычнага раману баранэсы Орцы (1905 г.)
“У Фрыгіі нарадзілася я, але ў Элёдзе выхоўвалася” – двайны намёк на фрыгіднасьць.
Таркемада (Тарквэмада) – гішпанскі інквізітар (1420-1498).
“Упакоўка Аталянты” – дзявоцкая балёна.
“…мянушку Спадарову… Цыбаты” – у арыг. Lungo (іт.), “доўгі”. Цікава, што “Цыбаты” (Largázar) была мянушка Картасара.