Гісторыя пра сьнег і пудынг

Пераклад: 
проза, беларуская мова, пераклад

У баці пад вокам хвінгал. Я на ўсе сто пэўны, што ўчора яго там шчэ не было. Баця сядзіць на табурэце й завязвае матузкі на ботах. Ён угнуты, кашуля між лапатак напятая ягоным гарбом. Ня тое каб баця быў гарбуном. Уласна, горб не такі ўжо й вялікі. Проста я заўважыў, што ён у яго там расьце. Пальцы, што завязваюць матузкі, худыя і крывыя. Баця ўсё худзее, а яшчэ перастаў галіцца. На шчоках і вакол рота ў яго чорна-сівое шчаціньне. Валасы спадаюць яму ў вочы. Баця адтапырвае ніжнюю губу й зьдзьмувае валасы. Пасмы валасоў на караценькае ймгненьне ўзьлятаюць, а потым зноў падаюць назад. Баця завязаў матузкі, абапёрся рукамі на калені й памалу ўстае. Ягоны твар крывіцца, ён ціха крэхча. Трымаецца ўжо не за калені, а за сьпіну. Пастаяўшы так скручаны, ён выпростваецца... і заўважае мяне. Я бачу цёмна-фіялетавы хвінгал пад ягоным левым вокам. Баця двойчы міргае, ягоны твар перакошваецца. Потым баця бярэцца за дужку. Завесы дзьвярэй рыпяць. Баця робіць крок, потым другі, пад ягонай падэшвай хрумсьціць сьнег. Баця зачыняе за сабой дзьверы.

Чую гукі з кухні. Мамця. Бягу да яе.
“Ведаеш, што здарылася?”

Мамця ля кухоннай стойкі намазвае сабе лусту хлеба. Яна паварочваецца сьпінай да мяне, але я заходжу сьпераду. У мамці здаравенны хвінгал. З-пад набухлага павека мамця ледзь бачыць. Іду да стала й сядаю. Чую, як баця на дварэ адграбае сьнег. Зараз трэба засяродзіцца, каб пра ўсё спакойна як сьлед падумаць. У мамці хвінгал пад левым вокам, у баці таксама. Мамця намазвае хлеб левай рукой. Значыць, мамця ляўша. З гэтага выплывае, што паставіць бацю хвінгал яна не магла. Калі б гэта мамця паставіла бацю хвінгал, той быў бы ў баці пад правым вокам. Спрабую згадаць, у якой руцэ баця трымае кубак кавы. Дакладна ў правай. Значыць, баця мог паставіць хвінгал мамці! Але ж хто паставіў хвінгал яму?

Мамця ставіць перад мною талерку з намазанай лустай хлеба. Побач зь ёю ставіць кубак з гарбатай. Бліжэй да маёй правай рукі. Я праўша. У бацю. Але ж я мамці хвінгалу ня ставіў. Калі я ўчора клаўся спаць, дык ні ў мамці, ні ў баці хвінгалаў шчэ не было. Я праспаў цэлую ноч і ні разу не ўставаў. Ці праўда гэта? Спрабую вярнуцца назад. Згадаць ноч і свой сон, але не магу. Хацеў бы я ведаць некага, хто памятае, як ён сьпіць.

“Ты памятаеш, як сьпіш?”, асьцярожна пытаюся ў мамці. Я яўна нэрвуюся. У асноўным праз свой голас. Ён раптоўна зрабіўся гэткі надтрэснуты й чужы. Гэта мой голас, але гучыць так, як калі гаворыш у трубу. Неяк так, мабыць, гавораць людзі, якія ўжо не жывуць.

“Я вось ня памятаю”, кажу ціха. Уласна, гэта я ўжо кажу ня мамці, бо калі ўздымаю галаву, бачу, што ў кухні я адзін. Я ня чуў, як мамця сышла. Ня ведаю, як ужо доўга яна ня тут. Можа, яна мяне зусім ня чула. Значыць, я тут размаўляю з пустым памяшканьнем. Потым да мяне даходзіць ,чаму мой голас такі надтрэснуты, і што ён мне ўласна зусім не чужы. Я ўяжджаю, што дакладна так мой голас гучыць, калі я разравуся. Недзе ззаду ў горле ў мяне гарачая клёцка. Шморгаю рукавом па вачах. На ім застаецца мокрая пісяга.

Баця сядзіць у сьвіране. Побач стаіць абаперты аб сьцяну шуфель. Я памалу валакуся да баці. Ён нахіліў галаву, разглядае мыскі сваіх ботаў. На іх сьнег. Ягоныя крывыя пальцы счэпленыя, рукі трымцяць. У мяне на руках рукавіцы. Чырвона-белыя, зь зігзагавым арнамэнтам. Пытаюся ў баці, ці можна мне адграбаць сьнег. Бо баця нешта няшмат награбаў. Сьцежка да дарогі па-ранейшаму пад сьнегам, толькі ля ўваходу і вакол хаты крыху расчышчана. Баця ківае. Хапаю шуфель і бяруся за працу. Сьнег цяжкі і яго да халеры. Я так шчырую, што амаль не заўважаю, як на дарозе спыняецца машына. Азіраюся на сьвіран, але баці там ужо няма. Бачу ў сьнезе сьляды. Тыя вядуць да дарогі. Каля машыны незнаёмы мужык. Ён абапіраецца на капот, перад ім стаіць згорблены баця. Мужык яму нешта кажа, але яны надта далёка, і я не разумею ні слова. На мужыку доўгае паліто. З кішэні ён дастае пачак цыгарэт. Частуе бацю. Той круціць галавой. Мужык паціскае плячыма й суе ў рот цыгарэту. Закурвае. Рукой з цыгарэтай паказвае на хату. Я напружваю слых, як магу, але марна. Нібы мужык насамрэч не гаворыць, а толькі бязгучна разяўляе рот. Вось калі б яны насамрэч не размаўлялі, а проста так разяўлялі раты. Гэтая думка мяне няслаба палохае. Раптам мужык пачынае махаць рукамі, выглядае раззлавана. Ягоныя рухі ўсё хутчэйшыя. Ён нахіляецца да баці, выцягвае палец і тыкае гэтым пальцам бацю ў грудзі. Пры гэтым працягвае гаварыць. За маёй сьпінай бразгаюць дзьверы. Абарочваюся і бачу мамцю. З коўдрай на плячах. Мамця ў гумавых ботах, бяжыць да тых двух. Убачыўшы мамцю, мужык супакойваецца й больш ня тыкае ў бацю пальцам. Мамця ўкліньваецца паміж іх. Зьвяртаецца да мужыка. Той курыць і глядзіць на мамцю. Баця стаіць за мамцінай сьпінай. Горбіцца яшчэ больш, чым дагэтуль. Потым на момант паварочвае галаву і глядзіць проста на мяне. Я адчуваю, як у мяне слабеюць ногі. Балазе, гэта цягнецца нядоўга, і баця зноў зарываецца поглядам у мамціну сьпіну. Мужык курыць, слухае мамцю й раз-пораз ківае галавой. Адкідае й затоптвае цыгарэту. Робіць крок наперад. Паказвае спачатку на бацява вока, потым на мамціна. А потым зноў тыкае бацю ў грудзі пальцам. Мамця кладзе мужыку руку на плячо. Той яе слухае. Урэшце, рашуча ківае галавой і сядае ў машыну. Заводзіцца матор. Мужык махае мамці з бацям рукой. Але яны яму ў адказ не махаюць. Потым мужык кідае погляд на мяне й махае таксама мне. Мяне абдае гарачынёй, і я з усяе моцы сьціскаю тронак шуфля. Мамця з бацям саступаюць, даючы мужыку дарогу. Машына кранаецца зь месца.

Дома мяне пачынае калаціць, і я мушу залезьці пад ложак. Там я ляжу на сьпіне з хлямастэрам у руцэ і размалёўваю зьнізу драўляную дошку. На дошцы поўна ўсякіх хвігурак з доўгімі нагамі і рукамі. У гэтых стварэньняў надзьмутыя жываты й гарбатыя сьпіны. Нядаўна я бачыў, як баця вылазіў з купальні. На ім віселі сінія плаўкі. Пад запалымі грудзямі ў яго тырчаў надзьмуты жывот. Вось такія хвігуркі я малюю пад ложкам. Калі-некалі я дамалёўваю да іх зубастых цюцькаў, часта большых за самі хвігуркі. Цюцькі на іх гурчаць і разжоўваюць ім галовы.

Я дастаю з чамаданчыку акварэлі і пэндзаль. У шклянцы ў мяне вада з-пад крана. Мачаю ў яе пэндзаль, каб шчацінкі троху памякчэлі. Большасьць хварбаў раскрышаныя, а напрыклад аранжавай і карычневай зусім няма. На кавалку паперы я малюю доўгія рысы. Рысы паступова ператвараюцца ў кругі, квадраты й ромбы. З кругоў узьнікаюць галовы альбо жываты, як і з ромбаў, тады як квадрат застаецца квадратам. Я кладу на столік аскепак люстэрка. Нахіляюся над ім так, каб бачыць палову свайго твару. Гэта левая палова майго твару. Я малюю сабе пад вока фіялетавы хвінгал. Калі ўсё гатова, я адкладаю пэндзаль на ватман і лягаю на падлогу. Хай фарба засохне.

Іду за бацям. Ён сядзіць у фатэлі і глядзіць тэлік. Я праходжу міма яго і сядаю на канапу. Па тэліку паказваюць чорна-белае кіно. Такія кіны я не люблю. Яны старыя і нудныя. Калі я іх гляджу, дык штораз засынаю. У гэтых кінах людзі вельмі дзіўна гавораць і выглядаюць сьмешна. Я рады, што ня мушу жыць у тыя часы. Усё тады было чорна-белае. Баці езьдзілі на конях, прышпорвалі іх астрагамі і ўсьміхаліся чорна-белым мамцям. Пазіраю на бацю. Здаецца, у яго заплюшчаныя вочы. Асьцярожна кантралюю вобмацкам засохлую фарбу пад вокам. Гляджу на пальцы. На іх фіялетавая пляма.

Прыходзіць мамця, і баця з намогай устае з фатэля. Мамця нясе тры талеркі. Спыняецца перад бацям. Мамця большая за яго, а калі ён цяпер яшчэ гэтак горбіцца, дык выглядае хутчэй як ейны сын. Вось толькі як для сына ў яго зашмат сівых валасоў і шчацін. Абое страшэнна сур'ёзныя. Я чакаю, чым усё скончыцца. Мамця выпроствае да баці руку. Баця глядзіць на талерку, якую яму падае мамця. Тая чакае, што баця возьме талерку. Баця ўздымае рукі далонямі ўгору, мамця кладзе яму ў іх талерку. Другую мамця падае мне. Мы сядзім і ямо ванільны пудынг. Ванільны самы смачны. Я крыху расчараваны. Здаецца, што яны не заўважылі майго хвінгалу. Як па мне, дык гэта несправядліва, таму што я іхныя хвінгалы заўважыў адразу.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Пішу Паўліне, каб яна пачала хадзіць на транажоры і круціць пядалямі на ратапедзе, тамушто ў яе тлустыя сьцёгны, а язда на ратапедзе ёй дапаможа і яна будзе болей мне падабацца, а таксама будзе для мяне больш сэксапільнейшай. Пішу ёй, каб яна ня езьдзіла на транажоры грамацкім транспартам, а хадзіла пяхатой, тамушто і пяхата карысная яе тлустым сьцёгнам. Хутка твае сьцёгны пачнуць церціся адно-аб-адно, у цябе запрэе пахвіна і ты пярастанеш мяне сэксуальна прыцягаць, пішу. Спадзяюся, зразумее.

Надвячоркам чатырнаццатага дня вясновага месяца нісана таёты ў прыёмную канцылярыю галоўнай рэдакцыі найбуйнейшага партыйнага выданьня «Фолькішэ Бэобахтэр» роўным вайсковым крокам увайшоў ня так даўно йменаваны обэрштурмфюрэрам СС Макс Ота фон Ш. Сакратарка, русявая нацыстачка ў самым апагеі рэпрадукцыйнага веку, з амаль фізычным намаганьнем узьняла доўгія нафарбаваныя вейкі...

Пераклад:
Макс Шчур

«Твой парык дык сядзіць як трэба», прамармытаў Шэршань, пазіраючы на дзяўчынку з выразам захапленьня: «і ўсё таму, што ў цябе правільная галава. Праўда, сківіцы ў цябе абы-што — табе зь імі, відаць, ня надта добра кусаецца?»

Пераклад:
Макс Шчур

Спалучыць у сабе паэта з каханкам і рэвалюцыянэрам, як хацелі сюррэалісты? Я дакладна не рэвалюцыянэр; што да паэта й каханка, то яны – толькі супрацоўнікі прыватнага агенцтва, якое мае – баюся – адзіную мэту: застацца прыватным.