Цёмныя часы

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

І. Рэквіем

Цёмныя часы Dark Ages
гучыць як назва кампутарнай гульні ці сэрыялу

дзе нехта змарнаваў цэлае жыцьцё на пакрыёмае змаганьне з драконам
а нехта ахвяраваў у гэтым змаганьні жыцьцё адразу
пайшоў ва-банк і прайграў спадзеючыся што выйграюць іншыя

гісторыя кашмар зь якога немагчыма прачнуцца

барацьба за агонь

а яшчэ й пятніца трынаццатага

ІІ. Прамэтэй

Драўляная цэркаўка прастаяла дзьвесьце гадоў у Закарпацьці
і год не дажыла да стагодзьдзя ў Празе

прытуліла бяздомнага жабрака і паплацілася жыцьцём
за сваю дабрыню

за дабрыню на жабрату як тут кажуць

згарэла
можна сказаць на рабоце
пры выкананьні духоўнай місіі

ахвяравала сабою ў знак салідарнасьці
зь беларусам што скончыў самаспаленьнем у Смалявічах

цяпер мэдытацыя пахне гарам

а да чорных мошчаў спаленай цэркаўкі
ходзіць больш разявакаў чым хадзіла да жывой

ІІІ. Парк

Бары зачынілі і людзям засталася адна прырода
не найлепшая суразмоўца ў сваім несуцешым горы
але не пакідаць жа яе адную

зь сяброў засталіся адны сабакі
затое іх поўныя паркі

дрэва стаіць як аблітае жоўтай фарбай
і паныла маўчыць абсыхае
з галінаў падаюць цяжкія кроплі

Падумаць толькі што роўна год таму ў гэтае надвор’е
я завязваў вочы праскім скульптурам
нібыта перад расстрэлам

цяпер гэта так далёка
як у мінулым тысячагодзьдзі
ці як сказаў Пістон у мэзазоі

На даляглядзе гмахі бізнэсовага цэнтру
схаваўшыся ў тумане за сьпінай касьцёла
перадражніваюць яго вежы

IV. Сон

У маладосьці мы ўсе аматары цемры
яростные противники света
яна трапеча ў нашых жылах як допінг
цьвярозіць як электрашок у вар’ятні вакольнай рэчаіснасьці

цяпер падымаюся калі пачынае днець
штораз з надзеяй убачыць праз борхэсаўскую гляўкому хмараў сонечную зрэнку
але дзень настолькі цьмяны што нагадвае сон
той у параўнаньні зь ім нават ясьнейшы

Прыкладам пасьля затрыманьня Міколы Дзядка
я прысьніў што і сам затрыманы
сяджу ў невялічкай камэры зь пяцю-шасьцю чалавекамі
некаторыя зь іх ужо мёртвыя
як Захар Кудзін самагубца якога я бачыў толькі ў кіно
наглядчык адпраўляе мяне зь нейкім даручэньнем да начальства
і мне ўдаецца выбрацца з камэры
рэшта турмы нагадвае панскую сядзібу інтэр’ер з фільмаў Бэргмана
я пракрадаюся на страху і трапляю на карабель
які завозіць мяне ў прыгожы партовы горад
галяндзкі ці мо швэдзкі
да першай жонкі

гісторыя жыцьця ў адным бясконцым кадры

А сёньня ў сьне мы зь Ільлём Сінам абнаўлялі беларускую эканоміку
пасьля перамогі над лукашызмам
ператваралі яе ў буддысцкую
зьбіралі карэньчыкі шукалі чарвячкоў
вырошчвалі нейкія цьвёрдыя грыбныя дрэвы
і пры гэтым былі шчасьлівыя бо ведалі што ўсё робім правільна

Цемра як перадумова кінэматографа

V. Самадхі

Склаўшы рукі ў місачку
выпрошваю ў Будды
міласьціну прасьвятленьня

ці прынамсі яшчэ крыху
лістападаўскага сонца

Прасьвятленьне як госьця з будучыні
ў часах цемры

VІ. Антыутопія

А што калі прывіды будучыні
гэта ня мы
а якраз людзі ў чорных шлемах
жукі ў панцырах
цені будучага цёмнага часу дзе сьвет падзелены між дзьвюма-трыма
гіпэрдзяржавамі ці блёкамі
што вядуць вайну за апошнія рэсурсы
і дзе няма добрых і дрэнных ёсьць толькі галодныя й сытыя
ваўчыныя зграі
а мы тыя самыя воіны Сьветы воіны дабра
гэта архаізм
рэлікт
тупіковая галіна
нэандэртальцы

VІІ. Бессон

Дарэчы пра кінэматограф
у часы рэвалюцыйнай маладосьці
нашымі ўлюбёнымі фільмамі былі
Палп Фікшан Бразіл Брэйвхарт
і Леон
жорсткі крывавы фільм
сярод іншага пра тое
што дзяржаўную машыну не перамагчы
можна толькі ахвяраваць жыцьцё ў змаганьні зь ёю
колькі б карнікаў ні забраў з сабою «на той сьвет»
усё адно давядзецца пайсьці за імі
як Сусанін наадварот

але мы не хацелі быць камікадзэ
мы хацелі жыць і лёгка перамагаць

мінула дваццаць гадоў
пакуль што нашая адзіная перамога
гэта тое што мы жывыя

VІІI. К’ёльчэ

Дзень аблупляе ад цемры зямное яйка
і соліць дробным дажджом

Дні і гады праведзеныя з бабуляй і зь дзедам
пакінулі ўва мне сьлед глыбейшы за мову

Я палюбіў іхны лад жыцьця
беспадзейны нерухомы амаль манаскі
местачковы

Таму і тут я выходжу раніцай па хлеб і малако
выношу сьмецьце аббіраю бульбу
герой фільмаў Бэлы Тара

па вечарах сьпяваю да Белай Тары
згадваючы імёны ўсіх хто пакутаваў і пакутуе

Квансэум Босаль

Кожны з твараў
толькі на імгненьне зьяўляецца перад маім унутраным зрокам
некаторыя вяртаюцца

Квансэум Босаль

ІХ. Рэўнасьць

Нехта катуе краіну
а краіна катуе мяне

адключаюць ваду
трымаюць за кратамі
б’юць дубінкамі
здымаюць на відэа
труцяць каронавірусам

краіна катуе мяне з дапамогай успамінаў і найноўшых кадраў
эмацыйна шантажуе да паўсьмерці

я казаў краіне што яна мяне больш не датычыць
што я прысьвяціў ёй палову жыцьця і гэтага ёй мусіць быць дастаткова
што ў нас зь ёю няма нічога супольнага ніякіх нашчадкаў і абавязкаў
але яна як каханая жонка пасьля разводу
па-ранейшаму раўнуе хаця здраджвае зь іншымі
і прымушае мяне штораз да яе вяртацца

я не хачу чуць пра катаваньні
мяне цікавяць каратысцкія ката
я стаміўся блытаць гэтыя словы

дайце мне маківару і разыдзіцеся

Х. Лазьня

Сёлета першы год
калі сапраўды тужу па калядным асьвятленьні
так як па ім нібыта мусяць тужыць дзеці
не магу дачакацца

пакуль тое хаджу бегаць у парк
ці на набярэжную

у масцы й спартовым касьцюме
неадрозны ад ціхушніка

вяртаюся ўспацелы
і разумею
што лазьня —
адзіны вынайдзены народам
аўтэнтычны
экалягічна чысты
прыродны
антыдэпрэсант
а зусім не афрадызіяк
хаця адно другога не выключае

толькі так можна сярод шэрасьці цёмных часоў
аджывіць на момант пахі й нават колеры вясны
намачыўшы венік у гарачую ваду
каб пераканаць сябе што вясна зноў настане

Юрась Бушлякоў гэта разумеў
а я не

я дажыў да рэвалюцыі
а ён не

ХІ. Ютуб

25 тысяч праглядаў відэа!
каб столькі людзей прачытала мой раман

25 тысяч гасьцей у маім пакоі
дзе я гэта пішу

запрашэньне ў сучасную паэзію з самой акадэміі навук

аказваецца народ — гэта вельмі шмат
а два народы — гэта ў два разы болей

мы былі не гатовыя да такіх маштабаў
нас вучылі што народ гэта ўяўленая супольнасьць
а аказалася што гэта супольнасьць неўявенная
ды яшчэ й цалкам рэальная
ня выключана нават
што рэальнасьць сама па сабе ёсьць народнай
у кожнай сваёй асобна ўзятай частцы

пасьля ста гадоў самоты
дзіўна адказваць на камэнтары незнаёмых
віртуальныя паляпваньні па плячы

што праўда ня ўсім я падабаюся
адзін ябацька назваў мяне «пархатай гнілушкай»

а яшчэ мяне паабяцалі расстраляць
як кожнага прыстойнага беларускага паэта
што гэта як не прызнаньне

адным словам як піша Галя Сьвірына
уся надзея на астэроід

ХІІ. Навіны

З апошніх — ці ўсё ж найноўшых — паведамленьняў

Марадона памёр
Трамп праляцеў
вайна скончылася ў Карабаху
і пачалася на поўначы Этыёпіі
сябры з Extinction Rebellion
начуюць пад міністэрствам
Марыну Глазаву перавялі з арыштанцкай «хаты» на хатні арышт

а галяктыка Млечны шлях
як спраўдзілі ў Эдынбургу
сутыкнулася сямсот мільёнаў гадоў таму
з галяктыкай Магелянавага воблака ў штанах
і з таго часу крыху дэфармуецца разам з намі
пра што мы ўвесь гэты час нават не падазравалі

затое цяпер мы можам з захапленьнем
назіраць за іхным разыходам які адбываецца з хуткасьцю
370 кілямэтраў за сэкунду
прыблізна як сяляне назіралі зь бясьпечнай адлегласьці
за полем бітвы трох імпэратараў
і нават цішком рабіць стаўкі

Мне здаецца што пры такіх шалёных маштабах
задавацца пытаньнем ці сапраўды гэтымі гіганцкімі войскамі хтосьці кіруе
нейкая найвышэйшая форма розуму
ці гэта проста так пацешныя
сфармаваныя з энэргіі й матэрыі палкі
з нашага гледзішча крышачку бессэнсоўна
мы павінны не раўнаючы тыя сяляне
ціха радавацца
што нас не зачапіла шалёная куля-плянэта
ці выбух звышновай
і займацца тым чым адвеку займаліся нашыя продкі —
сваёй Зямлёю
толькі гэтым разам зь вялікай літары

ХІІІ. Дао

Цемра таксама сьвятло
сьвятло цемрашалаў
неабходнае ім каб жыць і пакутаваць
праз уласнае цемрашальства
а таксама прымушаць да пакутаў іншых
помсьцячы ім за сваю сьлепату

Іх цяжка не ненавідзець
але да гэтага трэба імкнуцца
каб ня быць аднымі зь іх

ХІV. Ноч

Апошнім часам пачынаю есьці з надыходам цемры
мой прыватны Рамадан

ноч як шанс пабыць аднаму
сам-насам
без абавязкаў
пабыць безыдэйным целам

наведаць чорна-белую кінаЯпонію
сябе самога ў мінулым жыцьці

краіну якая міласэрна пяройдзе ў анэстэзію сну

дзе я прысьню што дыхаю пад вадой

ХV. Адасабленьне

Цікава прачнуцца на досьвітку
каб засьпець сваю мысьль у стане да нараджэньня
пабыць у ейным таварыстве
навучыцца цаніць тое што ўспрымаеш як дадзенасьць —
Цела
адчуць прыемны смак у роце пустэчу ў цягліцах

Будынак суду за вакном як кляштар
кляштар як будынак Суду

Сапраўды «сядзець» у буддызьме
і «сядзець» у Беларусі — розныя рэчы

У кампутары ціхі вулей сяброў
кожны вызірае з сваёй ячэйкі

у пакоі толькі бзыкае муха
зь ёю неяк нават весялей

таксама ўстала каб дасягнуць прасьвятленьня
у мінулым жыцьці магчыма была сьледчым НКВД
цяпер шалёна фэхтуе вакол мяне «шые справу»

Калі я перастаю пра яе думаць — яна сьціхае

XVІ. Эпілёг

Гадзіна сонечнага дня ў лістападзе
не карацейшая за гадзіну сонечнага дня ўлетку
яе мусіць быць дастаткова

Ня варта залішне прывязвацца
ні да дня ні да ночы
ні да цяпла ні да холаду
ні да ўнутранага ні да зьнешняга
ні да айчыны ні да чужыны

Званіца драўлянай цэркаўкі згарэла
і ператварылася ў рыштаваньне
вакол яшчэ адной нябачнай сіняй унутранай вежы
што памалу але няўхільна ўздымаецца ў неба

13-28.11.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Раней пісаў так, як хацеў бы ўмець перакладаць
паэзію кагосьці іншага: нязмушана, амаль сынхронна
патрэбныя словы самі прыцягваліся неадольным магнітам рыфмы
выстройваліся ў радкі ўдоўж сілавых ліній загадзя дадзенага сэнсу
падрыхтаваныя мускулістыя мэтафары чакалі свайго часу ўступіць у сутычку з рытмікай
усё гэта было чароўна як Glassperlenspiel за шклянкай віна з цыгарэтай

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

Так льга нязмушана і спрытна,
бяздумна рыфмаваць далей,
але навошта.

Павіс лапкамі
дагары павук: кінуў
якар у нябыт